Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
У апавяданні расказваецца пра гэта «ашуканства», сутнасць якога няцяжка зразумець кожнаму камандзіру ўзвода, нават не франтавіку. I ўсё тут ёсць, у гэтым кароценькім апавяданні: кемлівасць, хітрасць, храбрасць, апроч аднаго — праўды.
Аднак, як гэта ні дзіўна, ствараецца такое ўражанне, што аўтарам большасці рэцэнзій, напісаных на падобныя творы, няма ніякай справы да відавочнай падмены праўды вымыслам, да спрошчанасці і шапказакідальніцкага бахвальства — відаць, меркаванні злабадзённасці затуляюць ад вачэй рэцэнзентаў і алагічнасць сітуацый і фальш характараў. Вось так і паяўляюцца падробкі, якія выдаюцца непатрабавальнымі рэдактарамі і крытыкамі за «летапісы» народнай барацьбы.
Нямала кніг пра вайну стваралася пісьменнікамі або журналістамі, якія не мелі, у сілу іх абмежаванага ўдзелу ў баявых дзеяннях, ведаў і ўражанняў, неабходных для напісання добрага твора. Гэтым у значнай ступені тлумачацца многія з няўдач ваеннай літаратуры, бо вядома, што ні вывучэнне матэрыялаў, ні апавяданні іншых асоб не могуць даць таго, што не
Але вось прайшоў час, вярнуліся з вайны яе радавыя ўдзельнікі. Гэта былі людзі, якія многа пабачылі і многа перажылі. Версіфікатарства і літаратурныя рэмінісцэнцыі ўжо не маглі іх спакусіць. (Гэтыя людзі не маглі напісаць: «над галавой свісталі кулі», бо франтавік ведае, што палёт кулі з сучаснай зброі зусім не падобны на свіст.) I з’явіліся кнігі, якія ўнеслі нешта новае ў адлюстраванне вайны, паказалі яе ў іншых фарбах і вобразах. Я маю на ўвазе аповесці Ю. Бондарава, Р. Бакланава, невялічкую кніжачку М. Пархомава і некаторыя іншыя. Я не хачу тут сказаць, што цяпер трэба пісаць пра вайну толькі так, як піша Ю. Бондараў, або так, як піша Р. Бакланаў, і ніяк інакш! Але творчая манера, ды і сам матэрыял, напрыклад, Р. Бакланава, мне зразумелыя і блізкія, і таму хочацца падкрэсліць тое лепшае, што адкрыў ён і падобныя да яго па творчай манеры пісьменнікі. На мой погляд, у ягоных аповесцях чытач убачыў вайну, якую бачылі франтавікі, і цяпер сілай аўтарскага таленту яны нібыта пераносяцца на поле бою і зноў адчуваюць сябе ўдзельнікамі былой барацьбы. Мноства дакладна і жыва выхапленых дэталей, падрабязнасці бою і франтавога быту, эмацыянальная паўната і праўдзівасць перажыванняў — усё гэта стварала яркую праўду вайны.
Прызнаючы заслужаны поспех такіх твораў, як «На поўдзень ад галоўнага ўдару» Р. Бакланава, «Батальёны просяць агню» Ю. Бондарава і асабліва іх жа «Пядзі зямлі» і «Апошніх залпаў», крытыка спачатку апынулася ў недаўменні: дзе ж герой? Знік герой у звыклым яго разуменні. Новікаў пры ўсёй яго сабранасці і мужнасці гіне пад залпам сваіх жа «кацюш», лейтэнант Матавілаў схільны да рэфлексіі і адчувае вайну як салдат, пазбаўлены ў яе аналізе маштабаў, уласцівых па меншай меры начальніку штаба фронту. Аказалася таксама, што на вайне можа спалохацца і савецкі салдат, і што бывае яму вельмі цяжка, і, здараецца, гіне ён у самых недарэчных сітуацыях і нават без патрыятычных воклічаў (успомніце смерць камбата Бабіна), і што побач з доблесцю і мужнасцю на фронце ўжываюцца таксама і кар’ерызм (Яцэнка), трусасць і нізкасць (Мезенцаў, Ішчанка). Усё гэта не траплялася ў многіх ранейшых творах і таму выклікала розныя крыватолкі нават пасля прызнання аўтарскіх удач у гэтых кнігах. Паявіліся разважанні аб вузкасці бакланаўскага плацдарма ў тым сэнсе, што цяжкасці баёў, якія Р. Бакланаў з геаграфічнай дакладнасцю «прывязаў» да днястроўскіх плацдармаў Трэцяга Украінскага фронту ў 1944 годзе, не былі ўласцівы для ўсіх франтоў у цэлым. Аўтара «Пядзі зямлі» папракалі ў згушчэнні фарбаў, у прыземленасці герояў. Але мне здаецца, што некаторая прыземленасць, якая сапраўды ўласціва аповесці Р. Бакланава і выклікала незадавальненне крытыкаў, не так ужо і пашкодзіла ёй, як гэта, на першы погляд, здаецца. Яна канкрэтызавала малюнкі баёў і вобразы салдат і афіцэраў, напоўніла іх плоццю і пачуццямі, не выдуманымі, а рэальнымі. За кожным з герояў аповесці стаіць сапраўды жывы чалавек, ва ўсёй ягонай складанасці, мы бачым яго і верым яму, бо ён пазбаўлены і намёку на позу, жэст, ён без фальшывага пафасу і ўвесь складзены з праўды, падмечанай мастаком-сведкам. I ад гэтага не стаў меншы яго патрыятызм, яго вернасць воінскаму абавязку, ён не замкнуўся ў сваю шкарлупіну, хаця і не вымаўляе напышлівых фраз пра абавязак і подзвіг, але ён разважае зусім не вузка. Галоўны герой аповесці Матавілаў так думае аб сабе і сваіх аднагодках: «Дзе-небудзь у той жа Аўстраліі вярнуўся зараз мой аднагодак з работы, мой аднагодак вячэрае ў сябе дома. Вайна там, у Расіі, за неагляднай далеччу, за снягамі. Аб ёй ён ведае па газетах, а свае клопаты блізка, непакояць кожны дзень. Можа, не такія вялікія гэтыя клопаты, але ж свае.
Ці разумееш ты, мой равеснік, што гэта і за цябе вайна ідзе, за будучых тваіх дзяцей? Бывалі і раней войны, канчаліся — і ўсё рабілася па-ранейшаму. Гэта вайна не паміж дзяржавамі. Гэта ідзе вайна з фашызмам за жыццё на зямлі, каб не быць тысячагадоваму рабству, названаму тысячагадовым рэйхам».
Здаецца, не адмовіш Матавілаву ў разуменні гістарычнай ролі яго і ягоных аднагодкаў у нашай вялікай барацьбе. Ды і вузкасць плацдарма — паняцце ўмоўнае. Хіба важна, з якога НП (батарэі або камандарма) глядзіць на вайну герой? Куды важней, як ён глядзіць, што бачыць і што адчувае пры гэтым. Мы ж памятаем, што плацдарм батарэі Тушына ў «Вайне і міры» — гэта ўся ваюючая Расія, плацдарм усенароднай героікі, мужнасці, стойкасці. Хіба справа, нарэшце, у тым, паказаны ў баі аддзяленне ці полк, баец ці камандзір — справа ж у асэнсаванні сябе і блізкіх, барацьбы народа. Мы ведаем нямала прыкладаў, калі ў адным герою-байцу (напрыклад,
Праўда вайны патрабавала пакончыць з сачыніцельскай прыгажосцю, эфектнасцю, бесканфліктнасцю. У літаратуры, як і ў чытачы, абудзілася прагная патрэба ў паказе шырокіх дыяпазонаў чалавечай душы, паказе без прыкрас, без пустога выхваляння, без лакіроўкі. Нам няма чаго саромецца, няма чаго ўтойваць, наша гісторыя і наша рэчаіснасць, як сказаў на XXII з’ездзе КПСС А. Твардоўскі, «дастаткова высокая і велічная з усімі сваімі цяжкасцямі і недасканаласцямі», а салдат «ганарыцца не толькі сваімі подзвігамі ў баі, але і тымі пакутамі, якія ён перанёс у паходзе». I таму галоўная вартасць кніг Ю. Бондарава, Р. Бакланава, аповесці В. Раслякова, апавядання У. Багамолава «Іван» — у іх сучаснасці, абумоўленай грамадзянскай сумленнасцю, праўдай і талентам іх аўтараў. Праўда, сказаная імі да канца, атмасфера баёў і настрой, перададзеныя праз мноства розных, часам вельмі шматзначных падрабязнасцей, робяць цяпер, як мне здаецца, проста немагчымым зварот да дурнога, хаця і эфектнага сачыніцельства, уласцівага нейкай частцы літаратуры пра вайну.
Вайна была часам небывала аголеных адчуванняў — рэзкіх кантрастаў ва ўзаемаадносінах людзей. Нідзе і ніколі не праяўлялася з такой відавочнасцю чалавечая сутнасць, як на вайне. Сотні тысяч людзей у мірны час пражылі б жыццё, так і не праявіўшы сябе з іншага боку, лічыліся б пасрэднымі работнікамі вытворчасці, калгаснікамі, членамі прафсаюза; мала хто адкрыў бы ў сабе смельчака ці баяку, тым больш праявіў бы сябе ворагам або нягоднікам.
Герой цудоўнага апавядання Э. Казакевіча «Пры святле дня» Віталій Мікалаевіч Нячаеў ціха жыў у Маскве, баяўся скразнякоў, прастуджваўся і сарамліва-добра ўсміхаўся людзям, быў трохі няўважлівы, ціхманы, пабойваўся інстытуцкага начальства. Ніхто з ягоных знаёмых, нават жонка, не маглі разгледзець у ім незвычайную асобу, чалавечнасць і мужнасць воіна, які выстаяў у самых жорсткіх абставінах перад тварам смерці. З глыбокім пранікненнем у псіхалогію людзей пісьменнік гаворыць аб тым, як недаравальна няўвага да бліжняга, і тонка, па-чэхаўску разумна засцерагае людзей ад самага згубнага — ад раўнадушша да чалавека.
Сапраўдны гуманізм, высакароднае пачуццё таварыскасці, абвостраная чалавечнасць і самаадданасць ва ўсіх яе праяўленнях пакінулі вельмі прыкметны след у нашай ваеннай літаратуры, след, які будуць спасцігаць і на якім будуць выхоўвацца яшчэ многія наступныя пакаленні. Як гераічныя прыклады, так і прыклады чалавечай нізкасці, асветленыя сілай сапраўдных талентаў, не пакінуць чытача безуважным. Успомнім мітуслівую разгубленасць далёка не баязлівага лейтэнанта Аўчыннікава з «Апошніх залпаў», якая ў цяжкую хвіліну выклікае ў капітане Новікаве не жаль, а суровую цвёрдасць. Хоць Новікаў і малады, але ён многае спасціг на вайне, і — калі трэба — ён бязлітасны і да сябе, і да іншых. «Жыццё чалавека на вайне было для яго тады большай каштоўнасцю, калі гэтае жыццё не шукала выратаваныя за кошт іншых, не хітрыла, не ўвільвала». У гэтай фразе заключана маральная сутнасць калектывісцкага светапогляду Новікава — сутнасць чалавека глыбока прынцыповага, пазбаўленага «гуманізму наогул». Гэтая сутнасць праяўляецца ў многім — у адносінах да падначаленых (Аўчыннікаў, Калакольчыкаў, Рамяшкоў) у такой жа меры — да самога сябе. Паслаўшы ў агонь маладзенькага салдата Калакольчыкава, ён сам праз некаторы час на чале групы салдат ідзе той самай дарогай, каб выратаваць трох параненых.
Вельмі праўдзівы прыклад франтавога братэрства знаходзім у «Пядзі зямлі» Р. Бакланава. Лейтэнант Матавілаў у разгар бою выпадкова сустракаецца з незнаёмым сяржантам, разам з якім яны адбіваюць танкавую атаку ворага. I калі праз некалькі хвілін немцы знаходзяць іх і разбіваюць танк, Матавілаў, рызыкуючы сваім жыццём, выносіць параненага сяржанта і ратуе яму жыццё. Фармальна лейтэнант не адказваў за яго перад начальствам, у танку не было сведкаў, ён мог бы пакінуць параненага, апраўдваючы сябе тым, што ў яго былі свае нялёгкія абавязкі ў баі. Але Матавілаў выратоўвае таго, хто ў цяжкі час стаў для яго даражэй за яго самога. У гэтым зноў жа праяўляецца той самы высокі дух братэрства, калі жыццё таварыша даражэй за ўласнае, тое самае свяшчэннае братэрства, якое ў душы савецкага байца асабліва выразна бачыцца пад штохвіліннай пагрозай смерці і якое ў выніку мацней за смерць.
Пры гэтым зразумела, што дух братэрства, узаемадапамогі, выручкі, уласцівы савецкаму воінскаму калектыву, якасна іншы, чым дух славутага «акопнага братэрства», якое так любілі апяваць некаторыя пісьменнікі Захаду. Ім было выгадна згладжваць з дапамогай прыкладаў гэтага братэрства, салдацкага зямляцтва супярэчнасці паміж людзьмі розных сацыяльных пластоў. Братэрства ж нашых салдат мацнела на прынцыпова іншай аснове: сапраўдным адзінстве іх палітычных і маральных пазіцый, вернасці Радзіме, высокім ідэалам яе будучыні.