Quo Vadis
Шрифт:
— Што мне за справа да гэтага! Кажы, што бачыў у доме малітвы?
— Табе не справа, спадару, але мне справа, і то скурная справа. Бо хачу, каб навука мая мяне перажыла, дык лепш адракуся абяцанае праз цябе заплаты, чым жыццё змарную дзеля марнае мамоны, без якое, як боскі філязоф, і так патраплю жыць ды шукаць божай праўды.
Вініць, злосны й нахмураны, збліжыўся да яго і кінуў панурае пытанне: — А хто цябе запэўніў, што з Глаўкавых рук смерць хутчэй цябе спаткае, чым з маіх? Скуль, сабача, ведаеш, што не загорнуць цябе зараз зямлёю ў маім агародзе?
Хілон, трусліва глянуўшы на Вініція, адразу скеміў, што тут яшчэ адно лішняе слова можа давесці да гібелі.
— Буду шукаць яе, спадару, і знайду! — адманваецца паспешна.
Замоўклі, у цішы чутны толькі зяханне ўзбуранага
Тут замоўк ды пачаў выціраць слёзы, пасля гаворыць далей: — А пакуль Глаўк жыве, як жа мне яе шукаць, магу знячэўку нарвацца на таго злыдня і згіну, а разам са мною скончацца й пошукі.
— Да чаго ты дагаворваешся? Дай раду! Што думаеш пачаць?
— Арыстотэлес нас вучыць, спадару, што меншыя рэчы трэ пасвячаць дзеля большых, а кір Прыам казаў часта: старасць не радасць. Вось жа ярмо старасці й гора гныбіць Глаўка так даўно ўжо і цяжка, што смерць была б для яго вызваленнем. Так кажа і Сэнэка… — Блазнуй з Пятроніем, не са мною, кажы, чаго хочаш?
— Калі цнота ёсць блазнотай, хай дазволяць багі назаўсёды застацца мне блазнам. Манюся, спадару, спратаць Глаўка, бо пакуль ён жыве, і жыццё маё і пошукі заўсёды будуць у небяспецы.
— Дык наймі людзей, якія кіямі затаўкуць яго, я ім заплачу.
— Здзяруць з цябе, спадару, дый магчымуць парушыць сакрэт. Абармотаў у Рыме ёсць столькі, колькі пяску на арэне; каб ты ведаў, аднак, як даражацца, калі сумленны чалавек патрабуе іхняга разбойніцтва. Не, дастойны трыбуне! Ануж бы вігілы спаймалі? Дый прызналіся, хто іх наняў? А мяне не выявяць, імя бо маё не ведацімуць. Чаму б не даверыць мне, бо, не кажучы ўжо аб маёй сумленнасці, памятай, расходзіцца тут пра дзве іншыя рэчы: пра маю ўласную скуру ды пра абяцаную мне заплату.
— Колькі ж хочаш?
— Патрэбна мне тысяча сэстэрцыяў, падумай бо, спадару, сам: мушу знайсці сумленных абармотаў, такіх, якія б, узяўшы задатак, не прапалі б з ім разам без вестак. За добрую работу — добрая заплата! Прыдалося б таксама і мне што-небудзь на абмыццё слёз па Глаўку… Перад багамі клянуся, як мне дораг ён! Калі сяння дастану тысячу сэстэрцыяў, за два дні душа яго будзе ў Гадэсе, і там толькі (калі душы наагул маюць памяць і дар мыслі) пазнае, як спагадаў я яму. Людзі знайдуцца хоць бы й сяння, загадаю ім, што ад заўтрашняга вечара за кожны дзень жыцця Глаўка здымаю ім па сто сэстэрцыяў. Маю таксама адзін помысел, які выдаецца мне беспахібным.
Вініць яшчэ раз прыабяцаў яму жаданую суму, але забараніў далей гаварыць аб Глаўку, а замест таго спытаў, якія больш прыносіць навіны, дзе праз апошні час быў, што бачыў ды што выследзіў. Але Хілон не шмат новага мог яму сказаць. Быў яшчэ ў двух дамох малітвы і зважаў рупна на ўсіх, асабліва на жанчынаў, але не прыкмеціў ніводнай падобнай да Лігіі. Хрысціяне, аднак, быццам уважаюць яго за свайго, а пасля выкуплення Эўрыцыя ганаруюць яго, як наслядоўніка Хрыста. Даведаўся таксама ад іх, што адзін іхні вялікі заканадаўца, нейкі Павал з Тарсу, ёсць у Рыме, у вязніцы, з прычыны жыдоўскага на яго даносу, дык задумаў пазнаёміцца з ім. Але найбольш усцешыла яго іншая вестка, менавіта: найвышэйшы святар цэлае сэкты, вучань і намеснік Хрыстовы, якому Хрыстус паверыў кіравецтва хрысціянства, маецца таксама хутка прыехаць у Рым. Усе хрысціяне, ведама, старацімуцца пабачыць яго ды паслухаць навучання. Маюцца быць вялікія зборышчы,
Тут Хілон пачаў расказваць з пэўным подзівам, што ніколі не бачыў між імі распусты, атручвання студняў і вадаліваў, не даследзіў, каб былі непрыяцелямі роду людскога, каб аддавалі шанаванне аслу ці елі мяса дзяцей. Не, гэтага не бачыў. Пэўне знайдзе між імі й такіх, якія за грошы спратаюць Глаўка, але іхняя навука, наколькі яму вядома, не заахвочвае да ніякага злачынства, наадварот, наказвае дараваць вінаватаму.
Вініць прыгадаў сабе, што казала яму ў Актэ Пампонія Грэцына, і наагул гутаркі Хілона слухаў з радасцяй. Хаця пачуццё яго да Лігіі выглядала бы нянавісць, рабілася яму, аднак, лягчэй, як пачуў, што навука, якую і яна і Пампонія вызнавалі, не была ані злачыннаю, ані плюгаваю. Радзілася, аднак, у ім нейкае пачуцце, што менавіта яна — тая таемная нязнаная чэсць для Хрыстуса — стварыла пропасць між ім і Лігіяй, дык пачаў адначасна і баяцца тае навукі, і ненавідзець яе.
XVII
Хілон сапраўды маніўся з свету звесці Глаўка, чалавека хоць ужо ў гадох, але яшчэ цепяткога. У тым, што казаў Вініцію, была крошка праўды. Ведаў ён у сваім часе Глаўка, здрадзіў яго, прадаў разбойнікам, пазбавіў сям’і, маёмасці і выдаў на морд. Згадваў, аднак, пра гэта з лёгкаю душою, бо кінуў яго канаючага не ў гасподзе, але ў полі пад Мінтурнэ, не спадзеючыся таго, што Глаўк выліжацца з ран і прыйдзе ў Рым. Дык сапраўды, спаткаўшы яго ў доме малітвы, спалохаўся і ў першай хвіліне хацеў зрачыся ўсякіх пошукаў Лігіі. Але з другога боку, баяўся шчэ больш Вініція ды Пятронія. Дык хутка на ўспамін аб гэтых магутных патрыцыях паканаў у сабе хіслівасць. Думаў: лепш мець малых ворагаў, як вялікіх, і, хоць труслівая натура ягоная ўздрыгалася перад крывавымі спосабамі, пастанавіў замардаваць Глаўка пры дапамозе трэціх рук.
Цяпер расходзілася толькі пра падбор людзей, аб іх іменна і талкаваў перад хвілінай Вініцію. Начуючы часта ў вінярнях між людзьмі без даху, без сумлення й веры, лёгка мог знайсці спадручнікаў, гатовых на ўсё, але йшчэ лягчэй такіх, каторыя, знюхаўшы ў яго грошы, пачалі б работу ад яго самога або ўзяўшы з яго ўсю суму пагрозаю выдачы вігілам. Дый ад пэўнага часу чуў нейкую ў сабе абрыду да галіты, да плюгавых страхотных тыпаў, якія гняздзіліся ў спелюнках на Субуры ці Затыбры. Мераючы ўсё сваёю меркай дый не ведаючы дастаткова хрысціян, ані іхняе навукі, думаў, што і між імі знойдзе паслухмянае знадоб’е, маючыся выкрывіць у свой бок іхнюю безінтэрасоўную шчырасць.
Вось жа таго самага вечара пайшоў з тою мэтай да Эўрыцыя, які быццам адданы яму быў цэлаю душою і не адкажа ніякае помачы. Будучы, аднак, з натуры асцярожным, ані думаў яму адкрываць сапраўдных сваіх намераў, бо ж працівіліся яны веры й багабойнасці старца. Істыя замыслы свае меўся адкрыць толькі сапраўдным завушнікам і выканаўцам, якія з увагі на сваю бяспечнасць мусіцімуць датрымаць тайніцу.
Стары Эўрыцы, выкупіўшы сына, наняў адну з такіх малых крамак, ад якіх раілася пры Цыркус Максімус, прадаваў у ёй боб, аліўкі, пернікі, мядовую ваду цыркавым глядзельнікам. Хілон застаў яго дома, ладзіў крамку, і, прывітаўшы па-хрысціянску, адразу прызнаўся, з чым прыйшоў. Аддаўшы моў ім прыслугу, спадзяецца ўдзячнае помачы ад іх. Трэба яму двух або трох людзей, дужых і адважных, дзеля адхілення небяспекі, пагражаючай не толькі яму, але і ўсім хрысціянам. Праўда, ён бедны, бадай бо ўсё, што меў, аддаў Эўрыцыю, а ўсё ж людзям тым заплаціў бы за іхнюю паслугу, калі будуць яму вернымі й паслухмянымі. Пачцівы Эўрыцы з сынам сваім Квартусам слухалі свайго дабрадзея амаль на каленях. Абодва самі былі гатовы споўніць жаданні ягоныя, верачы, што так святы муж, як ён, не жадаціме ад іх прыслугі, нязгоднае з Хрыстоваю навукаю. Хілон запэўніў іх аб гэтым і, падняўшы вочы ўгару, нібыта маліўся, а сапраўды надумоўваўся, ці б не прыняць ад іх паслугі, ашчадзіўшы тысячу сэстэрцыяў. Але па хвіліне адкінуў гэную думку. Эўрыцы быў усё ж такі слабым ужо старцам, прыгнобленым горам і хваробай.