Quo Vadis
Шрифт:
— Як гэта: не будзеш? Мусіш быць! — паставіўся Вініць.
— Ведаю, што мушу, але пайду добра закаптураны і вам тое самае раю, інакш можам спалохаць птушку.
І неўзабаве пачалі збірацца, пачынала бо ўжо змяркацца. Узялі галійскія вопраткі з каптурамі, узялі лятарні. Вініць апрача таго ўзброіў сябе й таварышаў у кароткія крукаватыя нажы, Хілон жа ўздзеў маску, якую здабыў, варочаючыся ад Эўрыцыя, і выйшлі спешна, каб да адлеглае Намэнтанскае брамы паспець перад яе замкненнем.
XX
Ішлі праз вуліцу Патрыцыяў, уздоўж Віміналу, да даўнейшае Вімінальскае брамы, каля пляцу, на якім пазней Дыаклецыян пабудаваў раскошныя лазні. Мінулі астанкі муру Сэрвія Тулія і праз больш адлюдныя ўжо ходы дайшлі да Намэнтанскае
Трапныя ваяцкія вочы Вініція адрознівалі па паходцы малодшых ад старцаў, дыбаючых з кіёчкам, ды ад жанчын, закутаных у доўгія столы. Рэдка спатыканыя тутака прахожыя і сяляне, выязджаючыя з гораду, уважалі, мабыць, тых начных вандроўнікаў за рабочых, спяшаючых да арэнарыяў, або за хаўтурныя брацтвы, сябры якіх ладзілі сабе часамі ўначы абрадавыя агапы.
Чым далей малады патрыцый з таварышамі йшлі, тым часцей мігалі лятаранькі ды больш спатыкалі асоб. Некаторыя з іх пяялі прыцішным голасам песні, якія выдаваліся Вініцію вельмі тужлівымі. Час ад часу вушы ягоныя лавілі словы або сказы песні, як, напрыклад, «Устань сонны» або «Згробуўстань!», часамі зноў імя Хрыстовае выходзіла з вуснаў мужчын і жанок. Але Вініць не надта зважаў на словы, бо ў галаве таўклася думка: можа, каторая з тых асобаў ёсць Лігія. Некаторыя, праходзячы міма, гаварылі: «Pax vobis!»
або «Пахвалёны Езус!» — і падыходзіла да яго трывога, трапятала сэрца, бо выдавалася яму, што чуе голас Лігіі. Хутка, аднак, пераканаўся, што рухі і галасы гэныя зводзілі яго, дык перастаў верыць вачам.
Дарога вельмі яму доўжылася. Ваколіцы ведаў добра, але поцемку не мог арыентавацца. На кожным амаль кроку спатыкаў то нейкія вузкія затулкі, то румовішчы, то нейкія нябачаныя будынкі. Урэшце з-за хмар паказаўся беражок месяца, які лепш асвятляў ваколіцу, чым жухлыя лятарні. І вось нешта паказалася ўдалечыні, ці то вогнішча, ці то полымя светача. Вініць нахіліўся да Хілона і спытаў, ці гэта Острыянум?
Хілон, на якога ноч, адлегласць ад гораду й гэныя ведзьмаватыя постаці, відаць, рабілі ўражанне, адказаў крыху няпэўным голасам: — Не ведаю, спадару, не быў ні разу ў Острыянуме. Але маглі б славіць Хрыста дзе-небудзь бліжэй.
А потым, чуючы патрэбу гутаркі і падмацавання адвагі, дадаў: — Сходзяцца бы разбойнікі, адыж не можна ім забіваць, хіба мяне той ліг звёў.
Вініція, думаючага аб Лігіі, таксама задзіўляла тая асцярожнасць і таемнасць, з якою сувернікі ейныя збіраліся на слуханне найвышэйшага духоўніка, дык адазваўся: — Як усе рэлігіі, так і гэта мае між намі сваіх адгерэнтаў, але хрысціяне таксама сэкта жыдоўская. Чаму ж збіраюцца тутака, калі на Затыбры стаяць жыдоўскія святыні, у якіх жыды публічна складаюць ахвяры?
— Не, спадару, жыды менавіта найзацятшыя іхнія непрыяцелі. Расказвалі мне, што ўжо перад сянняшнім цэзарам даходзіла амаль да вайны між імі й жыдамі. Цззару Клаўдыю так абрыдлі гэныя закалоты, што выгнаў усіх жыдоў; сяння, аднак, той эдыкт скасаваны. Але хрысціяне хаваюцца ад жыдоў ды ад народу, які, як табе ведама, называе іх злыднямі й ненавідзіць.
Хвілін некалькі йшлі моўчкі, пасля Хілон, страх якога магутнеў у меру аддалення ад брамаў, адазваўся: — Вяртаючыся ад Эўрыцыя, пазычыў я ад аднаго бальмайстра парык і ў ноздры ўсадзіў сабе дзве калівы бобу. Не павінны мяне пазнаць. А каб і пазналі, дык не заб’юць. Людзі гэта не благія, люблю іх і цаню.
— Не хвалі іх перадчасна, — адказвае Вініць.
Увайшлі цяпер у вузкі роў, замкнуты з абодвух бакоў як бы акопамі, цераз якія перакінуты быў у адным мейсцы аквадукт. Месяц тым часам выглядаў з-за хмар, і ў канцы перавалу ўбачылі мур, густа аплецены зеллем. Гэта быў Острыянум.
Заскакала сэрца Вініціева.
Пры браме два фосары правяралі меты. Неўзабаўкі Вініць і ягоныя спадручнікі знайшліся ў месцы даволі прасторным, зачыненым з усіх бакоў
Але вось пры крыпце запалілі некалькі смаловых светачаў, уложаных у малы касцёр. Сталася відней. Грамада пачала пяяць, спачатку прыцішна, пасля мацней, нейкі дзіўны гімн. Вініць ніколі ў жыцці не чуў такое песні. Тая самая туга, якую чуў ад паўгалосна пяючых, ідучы на магільнік, адазвалася і ў гэным гімне, толькі мацней і выразней, а ў канцы сталася так праймаючай і магутнай, што, здавалася, разам з людзьмі пачаў тужыць і ўвесь гэты магільнік, і акалічныя прыгоркі й даліны. Магло здавацца, бы што ўночы галосіць, прызывае ратунку заплаканы ў цемры. Галовы, паднятыя ўгару, быццам бачылі некага там у высі, а рукі малілі, каб сыйшоў. Але песня ўціхала, наставала хвіліна быццам чакання, так праймаючая, што Вініць і ягоныя таварышы мімаволі падымалі жахлівыя вочы да зораў, як бы сапраўды нехта адтуль мог зыйсці. Вініць бачыў шмат розных святынь і ў Малой Азіі, і ў Егіпце, і ў самым Рыме, пазнаў шмат вер і чуў шмат песень, тут, аднак, упершыню спаткаў людзей, узываючых песняй боства не дзеля рытуальнае фармальнасці, але з-пад сэрца, з такое праўдзівае да яго тугі, якую могуць мець толькі дзеці да маці. Сляпы толькі хіба не мог дагледзець, што гэтыя людзі не толькі аддавалі Богу шанаванне, але з цэлае душы яго мілавалі, таго Вініць не бачыў дагэтуль у ніякім краі, у ніякіх абрадах, у ніякай святыні, бо ў Рыме ды Грэцыі тыя, хто аддаваў яшчэ багом шанаванне, рабілі гэта дзеля вымалення помачы або з боязі, але нікому ў голаў не прыходзіла, каб іх мілаваць, любіць.
Хоць меў думкі занятыя Лігіяй, выглядаў яе між грамадою, не мог не бачыць тых дзіўных і незвычайных рэчаў, якія дзеяліся навакол яго. Падкінулі тым часам смалякоў у вогнішча, якое абліло чырвоным святлом магільнік, прыцьмяваючы бляск лятарняў, і ў той жа хвіліне з гіпагеўма выйшаў старац, апрануты ў доўгую сярмягу з каптуром, але з адслоненаю галавою, і стаў на калені тут жа, ля вогнішча.
Грамада захвалявалася. Вобак Вініція пачалі адзывацца галасы: «Петрусь! Петрусь!»… Адны кленчылі, другія выцягалі да яго рукі. Настала так глыбокая цішыня, што чуцён быў кожны ападаючы ў агні вугалёк, барашчанне колаў на далёкай Намэнтанскай дарозе ды шорах ветру ў суседніх пініях.
Хілон нахіліўся да Вініція й шапнуў: — Гэта ён! Той першы вучань Хрыста, рыбак!
Старац падняў руку ўгару і крыжам перажагнаў кленчачых прысутных.
Вініціевы таварышы ды ён сам, каб не здрадзіцца, укленчылі таксама. Наш юнак спершку не мог валодаць сваімі ўражаннямі, выдавалася бо яму, што тая постаць, якую бачыў перад сабою, ёсць і прастачай адначасна і незвычайнай, а тым дзіўнейшай, што незвычайнасць выплывала іменна з ягонай прастачай шчырасці. Старац не меў ані мітры на галаве, ані дубовага вянка, ані пальмы ў руцэ, ані залатое табліцы на грудзях, ані шатаў зарыстых ці белых, адным словам — ніякіх такіх адзнакаў, якія насілі ўсходнія святары, егіпскія, грэцкія або рымскія фламіны. І зноў ударыла Вініція тая самая адметнасць, якую адчуваў ужо ў песнях хрысціянскіх, бо і гэты вось рыбак выдаваўся яму не архісвятаром нейкім, арбітрам цэрэмоніяў, але простым і вельмі дастойным сведкам, прыйшоўшым здалёк, прыносячы з сабою нейкую праўду, якую сам аглядаў, дасягаў рукою, у якую ўверыў так, як у рэчаіснасць, і мілаваў іменна дзеля таго, што ўверыў. З ягонага вобліку біла такая сіла пераканання, якую можа мець толькі сама праўда. Адыж Вініць, хоць скептык, а ўсё ж такі загарэўся цікавасцяй: што скажа гэны таварыш таемнага Хрыста, і што там за навука, у якую верыць Лігія і Пампонія Грэцына.