Quo Vadis
Шрифт:
— Мо дзе агледжу цела Кратона, — казаў сабе. — О, багі! Гэны ж ліг, калі ёсць чалавекам, мог бы за год зарабіць мільёны сэстэрцыяў, калі бо ўдушыў Кратона, як шчанё, дык хто ж яго падолее?
За кожны выступ на арэне далі б яму столькі золата, колькі важыць сам.
Лепей ён сцеражэ гэнае дзеўкі, чым Цэрбер пекла. Дык хай яго тое пекла глыне! Не хачу з ім заводзіцца. Занадта касцісты. Але што ж тут рабіць? Сталася рэч страшэнная. Калі ён таму Кратону паламаў косці, дык і душа Вініціева скігліць ужо там недзе над гэным домам, чакаючы хаўтураў. На Кастара! Адыж гэта патрыцый, прыяцель цэзара, Пятроніеў сваяк, уладар
Тут замоўк і пачаў надумоўвацца, а па хвіліне кажа: — Гора мне! Хто ўвёў яго ў гэны дом, калі не я?.. Ягоныя нявольнікі і вызвольнікі ведаюць, што я да яго прыходзіў, а некаторыя нат ведаюць, з якою мэтай. Што будзе, як западозраць мяне, быццам я наўмысна паказаў яму той дом, дзе спаткала яго смерць? Хоць бы паказалася потым у судзе, што яе не хацеў, усё роўна скажуць, што я яе спрычыніў… Адыж гэта патрыцый, не, не выкручуся ад кары. Ну а каб моўчкі ўцёк з Рыму недзе далёка — будзе шчэ большае падазрэнне.
І так і гэтак было дрэнна. Расходзілася ўжо толькі пра тое, каб выбраць меншае ліха. Рым быў вялікім горадам, аднак Хілон кеміў, што можа быць яму ў ім цесна. Кожны бо іншы мог бы проста пайсці да прэфекту вігілаў, расказаць, што сталася, і, хоць бы пала на яго падазрэнне, чакаць спакойна следства. Але цэлая мінуўшчына Хілона была такая, што ўсякае бліжэйшае знаёмства будзь з прэфектам гарадскім, будзь з прэфектам вігілаў мусіла б ублытаць яго ў паважныя турботы ды адначасна апраўдаць усялякія падазрэнні, якія маглі б толькі ўлезці ў голаў урадаўцам.
З другога боку, уцячы — гэта значыць уцвярдзіць Пятронія ў перакананні, што Вініція здрадзілі й замардавалі патайною змоваю. Адыж Пятроні быў чалавек магутны, на загад якога гатова была паліцыя цэлай дзяржавы і які бессумніўна пастараўся б знайсці вінаватых хоць бы на краі свету. Аднак жа прыйшло ў голаў, ці не паспяшацца проста да яго ды ці б не звясціць яму, што сталася. Так!
Гэта быў найлепшы спосаб. Пятроні быў чалавекам апанованым, і Хілон прынамсь мог мець надзею, што хоць выслухае яго да канца. Пятроні, які ведаў справу ад пачатку, хутчэй уверыў бы ў нявіннасць Хілона, чым прэфекты.
Але перш чым ісці да яго, трэба было б даведацца напэўна, што сталася з Вініціем. Хілон жа гэтага не ведаў. Бачыў, праўда, ліга, скрадаючагася да рэчкі з целам Кратона, але і ўсяго толькі. Вініць мог быць забітым, але мог быць і раненым або схопленым. Цяпер вось толькі прыйшло ў голаў Хілону, мо хрысціяне пэўна не адважыліся б забіць так дастойнага чалавека, аўгустыяніна і высокага ўрадаўца вайсковага, бо такі праступак мог бы выклікаць на іх пераслед. Было праўдападобнейшым, што яны затрымалі яго гвалтам, каб даць час Лігіі зноў схавацца ў новым мейсцы.
Думка гэта крыху ўліла Хілону ў душу льгі.
— Калі той лігійскі смок не раздзёр яго ў першым парыве, тады жыве, а калі жыве, тады сам пасведчыць, што не было ніякае здрады, а тады нічагусенька мне не пагражае, толькі — о, Гермесе, спадзявайся зноў дзвёх ялавіц! — адкрываецца перада мною новае поле… Магу даць знаць аднаму з вызвольнікаў, дзе мае шукаць гаспадара, а ці ён пойдзе да прэфекту, ці не, гэта ўжо ягоная справа, каб толькі мне не трэ было да яго йсці… Магу таксама пайсці да Пятронія і спадзявацца ўзнагароды… Шукаў Лігію, цяпер шукаціму Вініція, а пасля зноў Лігію. Трэба,
Тут прыйшло яму ў голаў, што ён жа ўначы мог бы пайсці да Дэмаса, пекара, і спытаць пра гэта Урсуса. Але думку гэту як бач адагнаў. Лепей быць далей ад Урсуса. Мог слушна думаць, калі Урсус не забіў Глаўка, дык, відаць, перасцераглі яго хрысціянскія старшыны, якім выявіў свой намер, што гэна справа нячыстая і што маніўся яго набухторыць да гэтага які-небудзь здраднік. Дый самы ўспамін аб Урсусе выклікаў дрыготы ў Хілона. Пастанавіў вечарам падаслаць туды Эўрыцыя, дзе здарыўся гэны выпадак. Тым часам трэ было пажывіцца, выкупацца й адпачыць. Бяссонная ноч, дарога да Острыянума і ўцёкі з Затыбра стурбавалі яго сапраўды.
Адна рэч пацяшала яго ўвесь час: менавіта, два тыя капшукі ад Вініція, што дастаў у ягоным доме і ў дарозе з магільніка. Дык з увагі на гэную пацяшаючую акалічнасць ды на нядаўнія перажыванні пастанавіў болей пад’есці і выпіць лепшага віна, чым заўсёды.
І дачакаўшыся ўрэшце пары адчынення вінярняў, выканаў пастанову так акуратна, што забыўся й пра ванну. Больш за ўсё хацелася яму спаць, і сон змарыў яго да таго, што ледзь валокся да свайго памешкання на Субуры, дзе чакала яго купленая на Вініціевы грошы нявольніца. Там, увайшоўшы да цёмнага, бы лісава нара, кубікулюма, рынуўся на пасцель і заснуў адразу як камень.
Прачнуўся аж толькі вечарам, а вярней, збудзіла яго нявольніца, клічучы, каб уставаў, нехта бо яго шукае і хоча з ім бачыцца ў неадкладнай справе.
Чуйны Хілон апрытамнеў у адной хвіліне, накінуў хутка сярмягу з каптуром і, загадаўшы нявольніцы ўстараніцца, вызірнуў перш асцярожна навонкі.
І аслупянеў! Бо праз дзверы кубікулюма ўгледзеў вялігура Урсуса. На гэта гледзячы, чуе, ногі й галава ягоныя робяцца як лёд, сэрца млее ў грудзях, а за скураю бегае рой мурашак… Праз момант не мог слова вымавіць, пачакаўшы, аднак, выенчыў, звонячы зубамі: — Сыра! Няма мяне… не ведаю таго… добрага чалавека… — Я сказала яму, што ты дома, спадару, што спіш, — патлумачыла дзяўчына, — а ён прасіў цябе збудзіць… — О, богі!.. Бадай цябе!..
А Урсус, як бы не могучы чакаць, падыйшоў да дзвярэй кубікулюма і, нагнуўшыся, усадзіў усярэдзіну голаў.
— Хілон Хіланід! — адазваўся. — Pax tecum! Pax, pax! [39] — адказвае Хілон. — О, найлепшы мой хрысціяніне! Так, я Хілон, але гэта абмылка… Не ведаю цябе!
— Хілон Хіланідзе! — паўтарыў Урсус. — Твой спадар, Вініць, кліча цябе, каб ішоў да яго разам са мною.
XXIII
Вініція разбудзіў дакучны боль. У першай хвіліне не мог зразумець, дзе ён ды што з ім дзеецца. У галаве шум, уваччу туман. Паволі, аднак, вярталася прытомнасць, і ўрэшце праз той туман бачыць над сабою трое людзей. Двух пазнаў: Урсуса і таго старца, якога паваліў, выносячы Лігію. Трэці, незнаёмы, трымаў ягоную левую руку і, абмацваючы яе ўздоўж локця аж да плечука, выклікаў такі страшны боль, што Вініцію здалося, быццам робяць над ім якую мсту, дык выцадзіў праз заціснутыя зубы: — Даб’еце мяне?
39
Мір з табою! (лац.).