Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч
Шрифт:
Вельмі важна, што Я. Тышкевіч стаяў ля вытокаў статыстычнага метаду параўнання, які даў яму магчымасць падлічыць багатыя і бедныя курганныя пахаванні. Ён зрабіў вывад аб сацыяльнай няроўнасці ў старажытным грамадстве. Багатыя курганы належалі «знатнаму роду, бо знойдзеныя намі ўпрыгожанні ў старажытныя часы вельмі дорага каштавалі, асабліва пацеркі…» Тады яшчэ Яўстах не мог ведаць, адкуль паходзілі ўсе гэтыя каштоўнасці, асабліва пацеркі. Ды і цяпер на гэта няма яшчэ канчатковага адказу.
Вывучаючы пахавальны і іншыя абрады славян і іх суседзяў — летувісаў, латышоў, Я. Тышкевіч прыйшоў да высновы пра іх блізкасць. Усе яны, напрыклад, пакланяліся вялікім камяням, вужакам, магутным старым дрэвам. У тых і другіх пры пахаванні ставілі нябожчыку посуд і клалі прылады працы. Доўга захоўваўся язычніцкі абрад спальвання. Вучоны лічыў, што па лагойскіх курганах можна прасачыць падабенства славян з балтамі,
Практыка раскопак курганоў вельмі шмат дала вучонаму для правільных тэарэтычных вывадаў. Назву «гарадзішча» ён лічыў славянскай, бо на Жамойці такіх назваў не сустракаў. Там ёсць другое слова «pilcalnis», якое абазначае «насыпаная гара». Як адзначае даследчык, на тэрыторыі «губерняў Беларусі Менскай, частцы Гарадзенскай, Віленскай іх было мноства… а назвы вёсак і ўрочышчаў пачынаюцца словамі Гарадок, Гарадзішча, Гародна і г.д.» {26} Я. Тышкевіч, як і З. Даленга-Хадакоўскі, лічыў, што гарадзішчы не з'яўляюцца абарончымі ўмацаваннямі, а толькі абрадавымі. Сучасныя археолагі схільныя лічыць іх як, абароннымі (найперш!), так і абрадавымі. Услед за Р. Друцкім-Падбярэскім Я. Тышкевіч тут жа звярнуў увагу на замкі як на ўмацаваныя аб'екты, абведзеныя каналамі і валамі. Такія старажытныя замкі ён упамянуў у Менску, Слуцку, Друцку, Заслаўі, Лагойску і іншых месцах. Коратка расказаў пра кожны з іх. Тлумачыў паходжанне слова «замак» ад «замыкаць». Найбольш познімі, на яго думку, былі замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры, якія па сваёй будове блізкія да замкаў Заходняй Эўропы. Вучоны меркаваў, што іх маглі будаваць рамеснікі з Германіі або суседняй Польшчы, але мясцовыя ўмельцы і самі маглі, валодаючы традыцыйным майстэрствам, пераняць эўрапейскае замкавае дойлідства. Не так проста было даць адказ на такое складанае пытанне ў той час. Сёння, дзякуючы сучасным метадам даследавання, гэтым паспяхова займаецца М. Ткачоў {27} .
Працуючы шмат са сваімі знаходкамі, археолаг упершыню зрабіў дэталёвае апісанне каменных прылад працы: сякер, молатаў, кліноў, даў іх характарыстыку. У дадатку да кнігі «Археалагічныя даследаванні» змешчаны малюнкі найкаштоўнейшых прадметаў, знойдзеных у асноўным пры раскопках, што стала вельмі важным аргументам у методыцы даследаванняў, якая ў той час толькі зараджалася. Я. Тышкевіч задумаўся і над прызначэннем археалогіі, якая мае справу са старажытнымі рэчамі і «…тлумачыць мінулае па помніках, якія засталіся ад яго… яна паказвае поступ мастацтва розных эпох, здзіўляе цудоўнай архітэктурай, адчыняе таямніцы хатняга жыцця». Археалогію ён падзяляў на чатыры часткі: уласна археалогію, нумізматыку, гліптыку, палеаграфію. Гэтае чляненне, як прызнаваў сам Я. Тышкевіч, не ім прыдумана, яно ідзе ад агульнаэўрапейскага. Цяжка сёння пагадзіцца з такім падзелам, паколькі ў прадмет археалогіі як навукі ён уключыў, напрыклад, вывучэнне летапісаў. У асноўным жа гэта сфера археаграфіі. Тышкевічава дзяленне археалогіі па такім прынцыпе польскі археолаг А. Абрамовіч лічыць банальным і канвенцыянальным. Аднак Я. Тышкевіч мае рацыю ў тым, канстатуе А. Абрамовіч, што магчымасці археалогіі ў тлумачэнні старажытнай гісторыі вялікія. «…Няма другой навукі, - піша Я. Тышкевіч, — якая была б ёй роўная па шырыні і разнастайнасці. З дапамогай археалогіі, абапіраючыся на довады, у якіх няма сумнення, можна аб'ектыўна пацвердзіць гістарычныя факты». Ён меркаваў, што археалагічныя даследаванні могуць даць адказ на складаныя пытанні пра капішчы, замчышчы, «сыпныя горы», гарадзішчы і г.д. Беларускі вучоны бачыў у пашырэнні археалагічных даследаванняў унікальную перспектыву адкрыццяў, вялікую будучыню навукі, хаця пакуль што яна не мае такой доказнасці, як іншыя дысцыпліны, паколькі многае тут будуецца на здагадках і гіпотэзах. У археалогіі гэта толькі першыя крокі. У «вывучэнні… Русі і Русі Літоўскай», як зазначыў Я. Тышкевіч, яшчэ мала зроблена і мы «павінны самі сабе прабіваць дарогу».
Навуковая дзейнасць патрабавала ад Я. Тышкевіча трымаць у полі зроку даследаванні археолагаў і краязнаўцаў суседніх народаў. Ён адзіны з беларускіх археолагаў першай паловы XIX стагоддзя, хто адправіўся за мяжу да сваіх калег пераймаць вопыт, пабываў у музеях розных краін. Асаблівую цікавасць у яго выклікалі аўтэнтычныя матэрыялы Капенгагенскага музея старажытнасцей,
Вывучаючы скандынаўскую археалогію, Я. Тышкевіч шукаў у ёй падабенства са славянскай. Так, адносна прылад працы ў паўночных плямён ён беспамылкова заўважыў, што спачатку выкарыстоўвалася бронза, а пазней жалеза, так жа сама, як і ў славян. Захапіўшыся аналізам падабенства прадметаў, Я. Тышкевіч вельмі мала сказаў пра іх адрозненні.
На першым этапе знаёмства з новай навукай усіх даследчыкаў захапляе падабенства археалагічных знаходак. Гэтую хваробу «пачаткоўцаў» перажыў і Я. Тышкевіч, і яна трымалася да таго часу, пакуль ён не набыў адпаведны запас ведаў па старажытнасцях не толькі Беларусі, а і ўсёй Эўропы. Нават да сваёй паездкі ў Швецыю беларускі археолаг быў дастаткова падрыхтаваным спецыялістам, а знаёмства з навукай эўрапейскіх калег значна пашырыла яго кругагляд. Можа, гэтая акалічнасць паўплывала на тое, што Я. Тышкевіч смялей браўся за вывучэнне нумізматыкі, геральдыкі, сфрагістыкі, археаграфіі і нават помнікаў архітэктуры, старадаўніх аўтографаў XVI–XVIII стагоддзяў.
Даследчык беларускай археалогіі стаў ініцыятарам выдання «Гадавіка для польскіх археолагаў, нумізматаў і бібліёграфаў», у якім павінны былі ўдзельнічаць многія спецыялісты. Тут ён змясціў сваю працу «Археалогія ў Літве» {29} , дзе акрэсліў даволі шырокі абсяг помнікаў Беларусі, якія належыць вывучыць не столькі яму, колькі яго спадкаемцам.
«Абавязак улюбёнага ў свой край чалавека»
Уражлівая душа Яўстаха Тышкевіча з самага маленства ўбірала ў сябе ўсё тое, што пакінулі на Лагойшчыне мінулыя часы. Яшчэ на пачатку навуковай дзейнасці асноўнай крыніцай, дзе ён чэрпаў веды пра свой край, а галоўнае, само натхненне, былі не толькі бацькава бібліятэка, але і ўнікальныя помнікі старажытнасці, пра якія ён чуў столькі розных легендаў і паданняў. На Лагойшчыне Я. Тышкевіч рабіў «нарыхтоўкі» для будучай кнігі пра гэтую мясцовасць. Тут ужо ён звяртаўся не толькі да археалагічных матэрыялаў. Аўтар паставіў перад сабой задачу сабраць шырокае кола першакрыніц з галіны гісторыі, геаграфіі, тапанімікі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтва, археаграфіі, запісваў вусную народную творчасць.
Задуманая праца аказалася такой ёмістай, што прадбачлівы Яўстах, вандруючы па павеце, не толькі збіраў першакрыніцы, а і шукаў аднадумцаў, сааўтараў, тых, хто змог бы дапамагчы яму ў стварэнні задуманай кнігі. І такіх актывістаў-краязнаўцаў адшукалася нямала. Гэта былі людзі розных інтарэсаў і схільнасцей. Я. Тышкевіч даваў заданне сваім памочнікам адшукваць новыя звесткі пра старажытны замак ці даўнейшы абрад, пра гісторыю мястэчка ці мастацкія палотны. Над будучай кнігай працавалі К. Адамовіч, П. Чачот, М. Чарноцкі, Ф. Чаховіч, В. Твардоўскі, Я. Ваньковіч, К. Тышынскі, Ю. Тышкевіч, В. Гарноўскі, а таксама брат Канстанцін Тышкевіч.
Галоўная роля ў падрыхтоўцы кнігі, вядома, адводзілася Яўстаху Тышкевічу, які аб'ядноўваў вопыт і веды сваіх супольнікаў. Ён сабраў увесь чарнавы матэрыял, зрабіў яго сегрэгацыю, апрацаваў, склаў навукова-даведкавы апарат і такім чынам стварыў комплекснае апісанне Барысава і Барысаўскага павета.
Для работы над архіўнымі матэрыяламі Я. Тышкевіч не раз выязджаў у Менск, Вільню, Пецярбург, Маскву. Ён жа думаў і пра тое, да якога выдаўца звярнуцца, каб кніга не проста выйшла ў свет, але і каб яна стала падзеяй у краі. Канстанцін Тышкевіч у пісьме да Плацыда Янкоўскага даволі канкрэтна ўказвае, хто быў асноўным аўтарам «Апісання Барысаўскага павета»: «Брат Яўстах напісаў для статыстычнага камітэта гісторыю горада і цэлага Барысаўскага павета, якая хутка павінна з'явіцца ў друку» {30} .
Прайшло дзесяць гадоў нялёгкай працы. За гэты час некаторыя памочнікі Я. Тышкевіча знялі з сябе ўсялякі клопат, адышлі ўбок. І толькі самыя адданыя засталіся ў аўтарскім актыве. Усё ж трэба сказаць, што найбольш спрыялі выхаду ў свет новай кнігі брат Канстанцін, а таксама бацька і маці. Яўстах Тышкевіч удзячны быў Антону Марціноўскаму (1781–1856), вядомаму ў той час рэдактару і публіцысту, Язэпу Азямблоўскаму (1804–1878), літографу і ілюстратару, Льву Пятроўскаму (1792–1856), грамадскаму дзеячу і археолагу, які склаў статыстычнае апісанне павета, а таксама найбольш актыўным аўтарам Канстанціну Булічу, Язэпу Багдановічу, Язэпу Бяліцкаму.