Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
Ну, а што Абд аль-Кадзір? Каланізатары баяліся яго гвалтоўна забіць. Гэта ж быў не толькі былы валадар Алжыра, але і чалавек, якім захапляліся адукаваныя і прагрэсіўна настроеныя людзі ў Еўропе і нават у далёкай Паўночнай Амерыцы. Каланізатары вырашылі яго нейтралізаваць. Спадзяваліся таксама ж і прыручыць. Эміра прывезлі ў Францыю, далі яму прыгожы замак, грошы, дазволілі трымаць прыдворных. Меркавалі: прыжывецца і нікуды не дзенецца — стане французам. Не ён — дык яго дзеці, будучая вярхушка алжырскай арыстакратыі, знаці. Хіба ж так не было ўжо? Прыём, якім карысталіся яшчэ ў старажытнай Рымскай імперыі. Эмір разумеў небяспеку для сваіх нашчадкаў, як разумеў і тое, што яны павінны асвоіць усё лепшае з еўрапейскай культуры, каб быць добрымі кіраўнікамі краіны, калі прыйдзе іх час.
— Зараз будзе Эль-Аснам, здаецца? — каля Добыша стаяў хударлявы мужчына з коратка пастрыжанымі светлымі валасамі і ветліва ўсміхаўся. Поезд у гэты момант якраз ішоў па крутой дузе, аб'язджаў чарговую гару, і мужчына міжволі падаўся да Добыша, нібы раптам іх пацягнула адзін да аднаго. — Вельмі пазніўся, не паспеў узяць з сабой ніякай яды. У Эль-Аснаме хачу выскачыць на перон, што-небудзь куплю з латка. Бываюць вельмі смачныя піражкі з ліверам. Толькі перцу кладуць многа. Вы ж, здаецца, таксама еўрапеец? І скажу больш таго: вы — славянін. Чую па вымаўленню французскіх слоў. Так? І я ж усходнееўрапейскага паходжання, таму адразу чую акцэнт «сваіх».
Вось як здарылася, што яны пачалі размаўляць. І калі Добыш сказаў, адкуль ён родам, незнаёмы мужчына па-жаночы пляснуў далонямі:
— І сапраўды, свет цесны! Дзе земляка сустрэў — у Паўночнай Афрыцы, у глыбіні чужаземнай краіны! Не паверыце — але ж я таксама з Беларусі. З-пад Маладзечна. Ад Мінска сто вёрст і ад Вільні сто, так? Бачыце, і гэта помню. Дзе сустрэў, га? Нас жа, беларусаў, не так і многа на белым свеце. Таму асабліва павінны трымацца адзін аднаго. Нас і дзесяць мільёнаў не набярэцца. Ну, можа, крыху болей — з канадскімі і амерыканскімі.
— Ну, што з воза ўпала… — Добыш адчуў сябе ніякавата. — Вы толькі не крыўдуйце, але я лічу, што ў Канадзе жывуць канадцы, а ў Злучаных Штатах Амерыкі — амерыканцы, адкуль бы яны туды ні з'явіліся. Не гавораць жа ў Амерыцы на тых, хто перабраўся туды з Англіі — англічане? Бо тады трэба было б амерыканцамі называць адных індзейцаў.
— Ну чаго вы так на мяне з падазронасцю пачалі глядзець? — зноў пляснуў далонямі «зямляк». — Вы хоць сесці мне дазволіце?
— Ды калі ласка! — Добыш адчуў сябе няёмка. — Ваша сям'я, відаць, даўно з Беларусі?
— Якая сям'я? — усклікнуў субяседнік. — Адзін я тут… Толькі не падумайце чаго такога! Мне ж у вайну, у пачатку сорак чацвёртага, ведаеце, колькі было? Няпоўныя трынаццаць гадоў. Хочаце, пакажу дакументы?
— Не трэба! — яшчэ больш збянтэжыўся Добыш. — І так відаць, што ў вайну былі хлапчуком.
— Во, во! — падхапіў субяседнік. — Зусім жа яшчэ дурненькі, хлапчанё. Ні паліцай, ні сын паліцая, ні пляменнік… А на германца клятага працаваў… Вось вы і насцярожыліся зноў!
— Ды не, гэта вам падалося. Проста цікава.
— Так, працаваў. Ці ж я вінаваты, што была вайна? Ці ў тым вінаваты, што мяне, смаркача, як дзесяткі тысяч іншых беларусаў, украінцаў і яшчэ шмат каго, загналі сілком у вагон і адвезлі ў Германію, працаваць на баўэра, кулака іхняга, і пакрыху анямечвацца.
— Ды ясна ж — невінаватыя! — згадзіўся Добыш. — Але ж потым была перамога. Людзі вярталіся… Хто застаўся жывы, хто не быў здраднікам, хто не хацеў стаць эмігрантам.
— Эмігрант? — субяседнік нявесела пасмяяўся. — Хачу нарэшце, як гэта гаворыцца, прадставіцца. Вільнаў. Такое маё зараз прозвішча. Нічога не гаворыць?
— Гаворыць, — кіўнуў Добыш. — Француз вы, значыць.
— Гэ-эх! Не, лічу сябе, як і раней, беларусам. Нават мову сваю помню. Гляджу я на
— Не ўгадалі,— усміхнуўся Добыш. — Якраз я без бацькоў вырас. Сірата. Так што не пра тое вы, пане Вільнаў.
— Ага, сірата. Не, я пра тое, — Вільнаў пакруціў галавою, быццам нешта ці некага шкадуючы. — Але шчыра прызнайцеся: няўжо ў пятнаццаць гадоў вы добра разумелі, што такое «эмігрант»? Не падумайце, што хачу, каб вы мяне пашкадавалі ці даравалі мне. — Вільнаў закінуў нага на нагу і нейкую хвіліну пазіраў у акно, бы нешта заўважыў там надзвычай цікавае. Потым са спакойнай усмешкай павярнуўся да Добыша: — Ведаеце, дзе я знаходзіўся, калі скончылася вайна? Адтуль было кіламетраў трыццаць да Францыі. І ніякіх, здавалася, граніц больш не будзе, зніклі разам з вайной, і людзі могуць разлятацца, куды хочуць, — як птушкі! І вось нас некалькі такіх сабралася, я самы малодшы, і захацелі мы паглядзець на Францыю. Цікаўнасць дзікуноў, ведаеце… Ніколі нельга было, а тут раптам можна. І пайшлі. Каго затрымаў французскі патруль, а хто і прайшоў. Ведаеце, у кожным з нас жыве гэты самы Сіндбад-Мараход… Ну дык уявіце сабе пятнаццацігадовае хлапчанё ў пасляваенным хаосе Заходняй Еўропы. Халодны, галодны, у чужой краіне, мовы не ведаю, хлеба не магу папрасіць. А тут яшчэ малярыя… І мяне, хлопчыка, здзічэлага, хворага, прытулілі адзінокія людзі… А калі я падрос і пачаў тое-сёе разумець, пачаўся той самы перыяд, які завецца «халодная вайна». Усе баяліся, што вось-вось пачнецца сапраўдная вайна, ды яшчэ з гэтым клятым атамам. Нават гаварыць пра тое, адкуль ты, было небяспечна.
— Ну, а потым? — Добыш ужо шкадаваў гэтага чалавека.
— А потым прывычка. Спачатку вучыўся. Ведаеце, якая ў мяне спецыяльнасць? Музеі. Шукаю і вывучаю старажытнасці… Ажаніўся. А вось з дзецьмі размаўляю па-беларуску.
— Навошта? — здзівіўся Добыш. — Яны ж у вас французы. Ці хто?
— Самі вырашаць, — сказаў субяседнік. — Думаю, яны проста будуць свабоднымі зямлянамі… А дзеці ў мяне прыгожыя. — Вільнаў раптам уздыхнуў.— Эх, малады чалавек, бачу, вы яшчэ зусім не ведаеце жыцця. Не ведаеце, якою вялікаю можа быць радасць. І якім бывае вялікі страх. Ого, які ён бывае! Князь-страх! Так што яшчэ невядома, як бы вы сябе паводзілі ў складанай сітуацыі, калі рукі, ногі, галаву, бы абцугамі, сціскае Вялікі страх. Жах яго называюць беларусы, так? Вы тут будзьце асцярожныя. Гэта я вам як зямляк кажу. Асабліва нікуды не совайцеся… Ну, а калі будзеце ў горадзе Аране, заходзьце да мяне. Вось вам адрас. — Вільнаў выняў з кішэні самапіску, блакнот. — Заходзьце абавязкова, — гаварыў ён, чыркаючы па блакітнаму лістку. — Вось. Я пакажу вам музеі. Тут не цэняць пакуль сапраўднага мастацтва, асабліва калі яно еўрапейскага паходжання. А рэчы трапляюцца выдатныя. За іх у Еўропе сотні тысяч долараў даюць.
Яны развіталіся на чыгуначнай станцыі Мастаганэм, каб сустрэцца там, дзе ніхто з іх другога ўбачыць і не думаў ніколі.
15. КРАХ «ФІРМЫ»
Калі Янычар сказаў Селіму, што паліцэйскі павёў Шакала да следчага, той яшчэ не верыў пра небяспеку для сваёй «фірмы». Ці мала давялося Шакалу бываць у паліцыі? То некага паб'юць, то нехта нешта сцягне — распытваюць Шакала: ён жа заўсёды побач круціцца. І выкручваецца. Селім спытаў:
— А што казаў паліцэйскі? Янычар наморшчыў лоб:
— Ды так вось, здаецца, сказаў: «Пойдзем, сынок, да нас, пагаворым».
— І ўсё? — не паверыў Селім.
— Дык я ж кажу, — боўтнуў галавой Янычар, якому прасцей было пусціць у ход кулакі, чым мазгі.
— А вобыск? У яго шукалі што-небудзь?
— Дык што ў яго знойдзеш? — здзівіўся Янычар такому пытанню. — Калі ў яго што было, у скнары.
Селім супакоена згадзіўся: праўда, у Шакала нічога не знойдзеш. Але, на ўсякі выпадак, рашыў сказаць пра непрыемнасць хаджы Шукры. Той заўсёды хацеў ведаць пра ўсе дробязі, хаця, здаецца, і сам цішком падглядваў за дзейнасцю «мурашак» Селіма, як ён празваў хлапчукоў-чысцілыпчыкаў.