Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Здымай матрацы.
Хуценька знялі матрацы, прыставілі лесвіцу да сцяны. Першым палез Васіль. Я падаў яму адзін матрац, другі, трэці, чацвёрты.
— Паклаў на сцяну? — цікаўлюся.
— Паклаў.
— І ўніз кінуў?
— Кінуў. Давай за мною.
Васіль стаў на сцяну і скокнуў уніз. Знік, быццам і не было яго. Непрыемна, скажу вам, заставацца ў цемры, калі вакол ні душы.
Я хуценька палез па лесвіцы, ускарабкаўся на матрацы. Мякка, хоць кладзіся ды спі.
— Васіль, дзе ты? — пазваў я ціха.
— Тут, — азваўся знізу Васіль.
— Не пакалечыўся?
— Не пакалечыўся, не пакалечыўся. Хоча з лаўкі зваліцца, ды не ўдарыцца.
— Куды мне скакаць?
— Прама, як стаіш. Хутчэй.
Я ўдыхнуў паветра і скокнуў уніз. На шчасце, трапіў якраз на матрацы.
— ідзі сюды, — паклікаў Васіль.
— А матрацы хай застаюцца?
— Хай застаюцца. На плячах будзем цягаць? Хопіць і балончыкаў.
Так-то яно так, але не думае пра тое, што легіянеры раніцай заўважаць. Тады яны ўсё наваколле ператрасуць. Нідзе схованкі не знойдзем.
— Васіль, легіянеры раніцай заўважаць.
— Мы гэтай жа ноччу пастараемся назад выбрацца.
— А лесвіца? Мы яе на тым баку пакінулі.
— А-а-а, — у роспачы прамовіў Васіль. — На гэты бок трэба было перацягнуць. Зусім забыліся.
— Дык што рабіць?
— Піліпа Макаравіча вызвалім. Ён нешта прыдумае.
— Прыдумае, — як рэха, азваўся я.
Рушылі наперад. Ні травы, ні ямінак пад нагамі. Роўна-роўна. Значыць, і тут, як і ў горадзе, гліна.
— Антон, — прагаварыў Васіль, — мы…
Я так і не даведаўся, што ён хацеў сказаць. Нечакана ўгары, над намі, загарэліся ліхтары. Стала светла-светла, што днём.
— Легіянеры! — усклікнуў Васіль.
Так, з усіх бакоў беглі легіянеры. У кожнага — піка, як і ў тых, якія стаялі каля варот. Легіянеры імгненна акружылі нас, наставіўшы пікі. Ні ўлева, ні ўправа.
Мы стаялі з Васілём, прытуліўшыся плечукамі. Няўжо канцы? Як легіянеры здагадаліся, што мы пералезлі праз сцяну? Няўжо заўважылі лесвіцу? Але ж толькі-толькі адышліся ад сцяны. Не паспелі б яны прыбегчы.
— Прыйшлі, даражэнькія? — пачуўся пісклявы галасок.
Легіянеры, якія стаялі насупраць нас, адступілі ўбок. Каго ж, думаеце, мы ўбачылі? Старога знаёмага шпіка Тарана. Ен ішоў да нас і ўсміхаўся, нібы сустрэў найлепшых сяброў, якіх не бачыў дзесяць гадоў ці мо нават дваццаць.
— Яслі да каня не ідуць. А вы прыйшлі. Што, галубкі, прыляцелі? — з задавальненнем пацёр рукі.
— Не прыляцелі, а пералезлі,— з выклікам прамовіў Васіль.
— Праз сцяну пералезлі? Ой, малайцы! Якія ж вы малайцы!
— Без пахвалы абыдземся, — не сцярпеў я.
— Хто ж вас пахваліць, як
Таран прыгнуўся. Зірнуў на мяне, на Васіля. Зноў на мяне, пасля на Васіля.
— Падабаемся? — буркнуў Васіль.
— Яшчэ як падабаецеся! Такія прыгожанькія! Абодва як на падбор. Не хлопчыкі, а райскія птушаняткі. І адкуль жа вы прыляцелі?
У мяне кулакі самі сабою сцяліся.
— Цярпі,— сціснуў маю руку Васіль. — Знарок нервы тузае.
— Трэба цярпець. Трэба, — пачуў Таран. — Я вунь колькі нацярпеўся, калі за вамі гойсаў.
— Мы вас не прасілі,— сказаў Васіль.
— Яны не прасілі! Скажыце, калі ласка! Папросіце. Супроць шэрсці вас яшчэ не гладзілі. Мяне папросіце,—
Таран тыцнуў пальцам сабе ў грудзі.— Вы ведаеце, як мяне зваць?
— Таран, — прагаварыў Васіль.
— Не Таран, а пан Таран. Скажыце: пан Таран. Разам скажыце. Мне гэта даспадобы. Ну…
Таран узмахнуў рукою, што дырыжор.
— Таран, — крыкнулі мы з Васілём у адзін голас. Шпік скрывіўся.
— Трэба казаць: пан Таран. Пан Таран. Зразумела? Пан Таран.
— Даволі! — не вытрываў Васіль. — Лепей завядзіце нас у цямніцу.
— Хочаш у цямніцу? Разумненькі хлопчык, — Таран тыцнуў пальцам мне ў грудзі.— Можа, ты не хочаш у цямніцу?
— Хачу, — хуценька адказаў я.
Хіба я мог разлучыцца з Васілём? Нізавошта. Разам, так думалася, і ў цямніцы весялей.
Таран махнуў рукою, даючы знак легіянерам.
— Так і быць, у цямніцу іх. Калі ласачка.
У цямніцы
Цямніца, куды прывялі нас легіянеры, была сапраўднай цямніцай. Цемра, хоць вочы выкалі. Мы з Васілём селі каля сцяны.
— Васіль, чаму табе так у цямніцу захацелася? — пытаюся.
— Захацелася?
— Канешне, захацелася. Ты ж сам прасіўся: завядзіце нас у цямніцу.
— Вось ты пра што. Думаў, што Піліпа Макаравіча тут сустрэну. Дый усё роўна нас не адпусцілі б.
Канешне, не адпусцілі б. А Піліп Макаравіч і Сакс, як відаць, сядзяць у другой цямніцы. Пастараўся Карп, набудаваў цямніц.
— Васіль, што будзем рабіць?
— Пакуль паспім, а заўтра пабачым, як складзецца.
Але паспаць не ўдалося. Таран да нас завітаў. Паставіў пасярод цямніцы ліхтар, піскнуў, што мышка з-пад зямлі:
— Ну як, даражэнькія? Падабаецца?
— Матрацы прынеслі б. Мы іх каля сцяны пакінулі,— пазяхнуў Васіль.
— А як мяне зваць?
— Таран, — апярэдзіў я Васіля.
— Прыйдзецца вам на глінянай падлозе спаць. А наша гліна-гліначка цвёрдая-цвёрдзенькая. Намуляеце бакі, даражэнькія.