Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
Робін Гуд зноў засмяяўся:
— Я не сказаў, што ён заплаціў па сваёй волі, сэр Рычард. Але ўсе грошы былі атрыманы з яго казны. Я поўнасцю разлічыўся з яго галоўным келарам, адпусціўшы гэтага манаха з мірам.
Сэр Рычард пачаў ужо здагадвацца, што здарылася. А калі пачуў пра цуд, які ператварыў дваццаць сярэбраных манет чорнага манаха ў восемсот залатых, ён весела зарагатаў.
— I ўсё ж, добры ёмен, — сказаў ён, — я прашу, каб вы ўзялі тое, што я вам вінен.
— Я не вазьму ў вас нават сярэбранага пені,— заявіў Робін Гуд. — Свае грошы я ўжо атрымаў,
Сэр Рычард растлумачыў:
— Разумееце, Робін, гэта мой вам сціплы падарунак.
Робін Гуд горача падзякаваў яму. Лукі і стрэлы ў прыгожых калчанах аддалі стралкам, якія прыйшлі ад іх у захапленне, бо зброю зрабілі самыя ўмелыя майстры і яна была сапраўды цудоўная.
— А цяпер, Маленькі Джон, схадзі ў скарбніцу і прынясі палавіну тых грошай, што заплаціў мне чорны манах. Манастыр Святой Марыі быў вінен нам чатырыста залатых, а келар прывёз восемсот.
Памочнік атамана прынёс чатырыста фунтаў, і Робін Гуд аддаў іх сэру Рычарду. Рыцар адмаўляўся браць, але Робін Гуд настояў на сваім.
— Быць рыцарам цяжка. Трэба мець шмат грошай, — сказаў ён. — А я тут, у лесе, мала трачу. I калі здарыцца так, што вы зноў трапіце ў бяду, прыходзьце да Робін Гуда, і ён падзеліцца з вамі тым, што будзе ў яго ў казне. А зараз мы накрыем стол для вас і вашых спадарожнікаў, бо ўсе вы, відаць, прагаладаліся пасля такога далёкага падарожжа.
I зноў прынеслі яду і пітво. Рыцар са сваімі людзьмі елі і пілі і дзякавалі свайго гасціннага гаспадара — сябра і заступніка ўсіх гаротных і прыгнечаных, ворага жорстскіх тыранаў.
Раздзел дваццаць першы
Робін Гуд у няволі
Такога цудоўнага ранку, як у тую нядзелю ў маі, даўно ўжо не бачыў Шэрвудскі лес. Шчодра прыгравала яркае сонца. Маладую лістоту дубоў пяшчотна лашчыў лёгкі подых ветрыку, свежага і духмянага. Трава стракацела рознакаляровымі дзікімі кветкамі. Плямістыя алені пакінулі адкрытыя сонцу пагоркі і разлегліся пад цяністымі шатамі дрэў. Гэта быў самы чароўны дзень ранняга лета, і прыпаў ён якраз на тройцын дзень.
— Які светлы радасны ранак! — сказаў Маленькі Джон Робін Гуду. — На душы так лёгка і весела, што, здаецца, няма на зямлі чалавека, шчаслівейшага за мяне.
Робін Гуд нічога яму не сказаў. Маленькі Джон зірнуў на свайго атамана і ўбачыў сум на яго твары.
— Кінь журыцца, атаман, — падбадзёрыў яго Маленькі Джон. — Глянь, якая цудоўная майская раніца!
— Мяне гняце думка, — сказаў Робін Гуд, — што ў такі ўрачысты дзень мне нельга пайсці ў царкву. Даўно ўжо не быў я там.
— Бліжэй, чым у Нотынгеме, царквы няма, — умяшаўся ў гутарку
— Што ж, значыць, пайду ў Нотынгем, — рашуча сказаў Робін Гуд. — У царкву Святой Марыі.
Мач з Маленькім Джонам спрабавалі адгаварыць яго, але дарэмна.
— Нікому і ў галаву не прыйдзе, што я магу паявіцца ў горадзе ў нядзелю, — даводзіў ім Робін Гуд. — Надзену шэры плашч з вялікім капюшонам і насуну яго на самы твар. Небяспека не болылая, чым калі б я прагуляўся па лясной паляне.
— Калі так, атаман, — сказаў Мач, — вазьмі з сабою хоць бы тузін добрых хлапцоў са зброяй. Калі што здарыцца, яны дапамогуць табе.
— He, — запярэчыў Робін Гуд, — столькі людзей можа выклікаць падазрэнне ў брамнікаў. А на аднаго ці двух чалавек яны не звернуць увагі. Са мной пойдзе толькі Маленькі Джон, панясе мой лук.
I Робін Гуд са сваім памочнікам пайшлі ў Нотынгем. Па дарозе між імі ўсчалася спрэчка, якая перайшла ў сварку. Робін Гуд так ускіпеў, што даў Маленькаму Джону аплявуху.
Волат не сцярпеў абразы і выняў з ножан меч.
— Калі б мяне ўдарыў хто іншы, а не мой атаман, — гнеўна сказаў Маленькі Джон, — меч гэты пабарвавеў бы ад яго крыві. Пашукай сабе каго іншага ў памочнікі, Робін Гуд, а я пайду ад цябе.
Яны разышліся ў розныя бакі. Робін Гуд пайшоў у Нотынгем, а Маленькі Джон павярнуў назад у лес. Мала-памалу гнеў Робін Гуда астыў, і ён вельмі шкадаваў, што абразіў вернага свайго паплечніка. «Я памалюся перад алтаром Святой Марыі, каб Маленькі Джон прабачыў мне і памірыўся са мной», — падумаў Робін Гуд, калі падышоў да горада і ўбачыў царкоўную званіцу, якая высока ўзнімалася над гарадскімі сценамі.
Ён лёгка прайшоў праз вароты, бо брамнікі не сталі прыглядацца да адзінокага падарожніка ў простай сялянскай адзежы, і адразу падаўся да царквы. Там ён укленчыў перад алтаром, памаліўся і папрасіў, каб яму даравана было выйсці з горада гэтак жа бесперашкодна, як ён увайшоў.
У самы разгар набажэнства ў царкве паявіўся высокі манах у чорнай pace. Па бакавым праходзе ён пайшоў на сваё месца ў алтары. Раптам манах спыніўся і ўтаропіўся на чалавека, які стаяў на каленях па другі бок калоны. На ім была вопратка з шэрай даматканай тканіны, капюшон плашча ляжаў на плячах, бо, заварожана слухаючы казань свяшчэнніка, ён высока ўзняў галаву.
Чорны манах нарэшце пераканаўся, што не памыліўся. Так, ён ведае яго, гэта Робін Гуд! У вачах у манаха ўспыхнулі гнеў і нянавісць. Ён асцярожна павярнуўся і паспяшаўся да выхада.
А Робін Гуд стаяў, укленчыўшы, на чарацянай маце і не падазраваў, што келар манастыра Святой Марыі пазнаў яго і цяпер спяшаецца прыняць захады, каб схапіць свайго ворага.
Чорны манах выйшаў з царквы і ледзь не подбегам кінуўся да шэрыфа. Але спачатку падышоў да брамнікаў і загадаў ім:
— Зачыніце браму! Замкніце на замкі і завалы! У горадзе небяспечны злачынец! Галавой адкажаце, калі дазволіце хоць каму-небудзь выйсці з горада ці ўвайсці, пакуль шэрыф не аддасць загаду.
Брамнікі адразу зачынілі вароты і наклалі завалы.