Споведзь
Шрифт:
Нас вязьлі далей. Першай вязьніцай, гдзе мы трапілі па дарозе, была вязьніца ў Арле. Калі забіралі ў капцёрку мае рэчы, дык паведамілі мне бытавікі зьняволеныя, якія там працавалі, што сюдой праехаў ужо нехта Геніюш, доктар. Я падзякавала за вестку. Знача, Яначку вязуць на поўнач… У Арлс ўвялі нас з Нінаю ў дзеравяную вязьніцу, у камеру, поўную жанчын. Стаяла там неймаверна велькая дзеравяная параша, па берагі поўная, адпаведна араматная, і жанчыны былі большасьцю зусім абарваныя, хоць пару было й апранутых лепей. Сустрэлі яны нас вельмі сардэчна, да сьлёз цёпла, як нідзе болей. Падзяліліся хлебам і нейкімі ляпёшкамі з бульбы і яшчэ нечага, якія цяжка было раскусіць, але раскусіўшы ўжо нейк было можна жаваць. Многія з іх сядзелі за самагонку, якую гналі з буракоў, каб пракарміць дзяцей, бо мужыкі не вярнуліся з вайны. Яны былі радыя хоць тым, што маюць тут хлеб, і плакалі толькі па дзецях. Жанчьшы гэтыя з усім зьмірыліся, лічылі сваю зямлю няшчаснай, як пад татарскім ігам, і час акупацыі, жудасны час акупацыі, лічылі лепшым часам сваяго нялюдзка суровага жыцьця, бо маглі тады
Пабыўшы ў іх пару тыдняў, мы папрашчаліся з гэтымі амаль сьвятымі жанчынамі. Нас выклікалі далей. Наша малая групка зноў сустрэлася ўся на этапе, і мы маглі крыху пагаварыць. Ксёндз тут адсьвяткаваў свае сьвяты спакойна. Гэта ў Вялікую Пятніцу ў «вагонзаку», калі мы з ім гаварылі праз сьценку, падышоў да яго афіцэр і папытаўся, за што ён, абманшчык, які адурманьваў народ, дастаў срок? «Па графіку, — кажа ксёндз, — падышоў графік, і мяне ўзялі». — «Дык вось ідзі цяпер памый падлогу ў карыдоры, навучышся працаваць». — «Я ўмею ўсё рабіць, — сказаў ксёндз, — а вось вы, акрамя насіць пагоны й мучыць людзей, больш ні на што ня здольныя…» Афіцэр закусіў губы, і калі бедны ксёндз Лазар вымыў той карыдор уздоўж усіх закратаваных клетак з намі, зьвярочкамі, яго далі ў карцар, бо й там ён быў таксама. Дык ксёндз нам, сустрэўшыся, казаў, што не было там так страшна, ён спаў там, а ў клетачцы ля нас сядзела іх болей дваццаці, адзін на адным, і яму было горай. Нас зноў пасадзілі недалёка, і мы між сабой час ад часу перакідаліся словам. Ва ўборную пускалі нас рэдка, а то й не пускалі даўжэйшы час, што было асабліва пацешна для канваіраў, і яны адпаведна камэнтавалі сьпех няшчасных і далей зьдзекаваліся з ксяндза.
Нас прывязьлі ў Горкі ў т. зв. «дачу Салаўёва» — здаецца, так называўся галоўны кагэбіст там. Мы доўга чакалі, пакуль нас там прымуць, разьмесьцяць, бо зьняволеных назьбіралася многа, асабліва блатных. Нейкая пара ўжо прымасьцілася ля нас і распачала на вачох ва ўсіх самыя апошнія інтымнасьці. Лёша папрасіў нас не абарочвацца ў той бок. Борыс дастаў са сваяго ўбогага чамаданчыка дзьве шпулечкі нітак і прасіў, каб я іх узяла, што спатрэбяцца. Дзяліліся мы ўсім, чым маглі. Нарэшце папрашчаліся, нас павялі асобна. Мы жадалі сабе толькі, каб яшчэ нам сустрэцца.
Ах, гэты Горкі, кляты Горкі… Там і шманалі нас не палюдзку. Гэта быў амаль гінекалагічны агляд няшчасных ахвяраў праз брудных і грубых надзорак. У камерах былі розныя людзі. Адна сярэдніх гадоў залатавалосая немка з Кіева Эльза вельмі міла мяне сустрэла. У падзяку я ёй сказала, што знаю Міціных з Кіева. Міціны былі адзіныя людзі, якіх я ведала з Кіева, і яны аказаліся самымі блізкімі сябрамі «Гольдэне Эльзы», як яна сябе называла. З Міцінымі я пазнаёмілася ў Празе. Яны ўцякалі ад сваіх суродзічаў, якія пасьпелі ім уесьціся ў косьці. Сама Ксеня Міціна, здаецца, была сваячкай нямецкага кампазітара Шумана. Яе дачка Галіна была вельмі добрая піяністка. Мне давялося быць сьведкам на яе шлюбе ў Празе й разам з мужам і сынам — гасьцямі на іх скромным ваенным вясельлі. Эльзе я мела што расказваць, і яна была шчасьлівая пачуць пра сваіх сяброў. У камеры была яшчэ ўкраінская студэнтка Люся Васількоўская. Ціхая гэтая дзяўчына з Усходняй Украіны, як я даведалася, была стукачкай у лагеры. Ня ведаю, ці яна была ёю ўжо тады ў Горкім, што ж, зусім магчыма. Нас выводзілі на прагулку па нейкім падобным да замкавага дзядзінцы. Люся трымалася заўсёды мяне. Яна мне не прыпала да сэрца. У паветры чулася вясна, і неба было вельмі сьветлае. Мне пасьля болей года вязьніцы асабліва хацелася быць вонку.
Нарэшце нас выклікалі зноў на этап, мяне й Люсю. Этап зьбіраўся вялікі. Я вачыма шукала сваіх этапных сяброў. Нікога не відно было. Як я пасьля даведалася, абодвух Лешаў і Борыса павезьлі ў шахты на Варкуту. Нарэшце сярод натоўпу блатных я ўбачыла ксяндза Лазара. Ён быў на сябе не падобны: капялюш яго быў у дзірах, пальто абарванае, а на нагах ужо не чаравікі, а нейкія жудасныя хадакі з гумы. З плечаў зьвісала пустая торба. Ксёндз, убачыўшы мяне, бег, нягледзячы на крык надзораў, яго вочы блішчэлі радасьцю, што ён хоць некага з нас убачыў. Голас ксяндза дрыжэў стрыманым плачам. Ён выйшаў з пекла і ўбачыў зноў людзей. Бедны, ня мог паўтарыць той жудасьці, якую перажыў у камеры блатных, якія і абабралі яго, і разьдзелі, і зьдзекаваліся над ім. «Я ксёндз, — казаў ён, — я ведаю грахі людзей, іх падзеньне на дно, але аб такім, што я тут убачыў, я нікому не магу нат сказаць, настолькі ўсё жудасна. Я аб падобным не чытаў і ня чуў. Цешыць толькі тое, што такая моладзь у найстрашнейшага ворага людзкасьці, якога яна й зьнішчыць». Жаль было глядзець на беднага ксяндза, якому так дасталася. Казаў, што хацеў клікаць надзірацеля да кармушкі, схапіць яго за чуб і малаціць галавою аб дзьверы, каб яму да 10 гадоў сроку дабавілі яшчэ й 15 гадоў, як усім парадачным людзям. Бо ў падобным таварыстве савецкай моладзі з дзесяцігадовымі срокамі ён ня выжыве. Ён шчыра зайздросьціў нам дваццаціпяцігадовага сроку…
Нас павезьлі далей. Рэчы нашыя былі ў канваіраў недзе, і вось яны агледзелі мае чамаданы, якія запрапанавалі мне аддаць, бо забяруць усе роўна. Мне далі рэчы, каб пералажыць у мяшок, які пашыла мне дарагая прадбачлівая Матанька
Нарэшце нас прывезьлі ў раскінуты нейкі дзеравяны горад і выкінулі на вуліцу, з якой павялі строем па пяць чалавек у такую ж дзеравяную вязьніцу. Здала я й тут свае рэчы ў капцёрку, але пра мужа тут ня чулі, знача, затрымалі яго недзе на перасылцы, але калі трапіў на гэты шлях, знача, дагоніць мяне альбо перагоніць…
Камера, у якую нас прывялі, была невялікай, а ў ёй бітком набіта людзей. На нарах, пад нарамі, усюды на падлозе — пальцам ня ткнуць. На этап трэба добра апранацца, у найлепшае, а то блатныя ўсё выкрадаюць. На гэты раз і я адзела свой шэры ангельскі касьцюм, пальто й каптурык. Стаяла я ў куце ды думала: гдзе можа быць мой муж? Тут падышла да мяне маладая полька й паклікала да нараў, на якіх разьмясьцілася большае таварыства. Выдзялялася жанчына крыху ўжо сівая, з прыгожым арліным профілем, у лагерных лахах і жудасных «чунях» на нагах, але, нягледзячы на гэта, самая шляхотная з выгляду з усей гэтай пакутнай чалядкі. Яна запыталася ў мяне, хто я, якой нацыянальнасьці? Я адказала: «Ці ж ня ўсё роўна?» Мяне ўпарта дапытваліся далей, тады кажу: «Маю народнасьць вы, палякі, не прызнаеце, ня любіце — я беларуска!» — «А як вас зваць, хто вы?» — «Ну, гэта вам нічога ня скажа…» — «А можа?» — сказала пані Гражына Ліпінская, тая самая шляхотная жанчына, з твару якой сьвяцілася сіла й боль. Я назвала свае імя, і пані Гражына аж ускрыкнула: «Дык вы ж нашая паэтка!» I пачалася ўжо гутарка аб усім. Пані Гражыну вязьлі з Поўначы ў Караганду, нас на Поўнач. Яна мела дасканалую памяць і расказала мне, хто ўжо ў мінулым вяку ехаў сюдэмі, гнаны маскалямі пасьля паўстаньняў. Гэта ж быў Кіраў, старая страшная Вятка, праз якую пехатою гналі некалі няшчасных нашых продкаў такія ж, толькі цяпер яшчэ болей адзічэлыя, нялюдзкія маскалі… Я даведалася ад пані Гражыны, што з намі тут знаходзіцца й генерал Вайцяхоўскі, якога таксама вязуць у Караганду…
Вечарам пані Гражыну й палову яшчэ перапоўненай камеры выклікалі на этап. Мы абняліся. Перад тым у пальто зашыла пані Гражына мне свой адрас. Яна была разумным, практычным вязьнем. Яе адрас я перахавала да асвабаджэньня. Ён выпаў у мяне ўдома з парванага ўжо пальта. Я засталася на нарах са знаёмай пані Гражыны, маладой жанчынай, здаецца, з Беластоку, якая расказала мне, чаго не пасьпела сказаць пані Гражына, аб тым, што 300 полек пасадзілі за АК [101] i што ў час акупацыі пані Гражына была ў Менску галоўным прадстаўніком Лонданскага ўраду Польшчы… [102] Знача, і ў вайну ня толькі сваю тэрыторыю, але й нашую яны ўжо намерваліся забіраць пасьля немцаў… О, Край мой, столькі ворагаў разрываюць Цябе на часьці, забыўшыся аб тым, што й Ты маеш нарэшце права быць вольным! Пані Гражына, праўда, гаварыла мне верш аб тым, што Беларусь — гэта сястра Польшчы, але я з практыкі ўжо ведала «сваяцкія» адносіны Польшчы да нашага народу. Гэта было жудасна… Ну а цяпер і яны, і мы былі поўнасьцю ў «кіпцюрох ГПУ», як пісаў некалі Аляхновіч. Супольны вораг — гэта ўжо прычына, каб не сварыцца…
101
АК (Armia Krajowa) — Армія Краёва, польская падпольная ваенная арганізацыя перыяду нямецка-фашысцкай акупацыі. Падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане.
102
Польскі эмігранцкі ўрад у Лондане (1939–1945).
Цераз тыдзень нешта нас павезьлі далей. Усё пусьцей і пусьцей было на гарызонце, пагінулі гарадкі, вёскі, і толькі тырчэлі вострыя вярхі ялінаў, абсьцёбаныя вятрамі, пургой. Тырчэлі, штораз часьцей, у гэтай пустэчы вышкі. Вышкі й вышкі, і толькі вышкі падымаліся ўжо па абодвух баках дарогі, а лясы рабіліся ўсё ніжэйшыя, а вярхі ўжо зусім без гальля. Усё меней, меней бярозаў, адны худыя сасонкі і яліны. Так нас прывезьлі на Інту ў Комі АССР. Ксёндз ехаў разам. Мы маўчалі, бо тое няведамае, што чакала нас, спаралізавала нат словы…
Нарэшце брыдзем мы па сьнегу й лужах. Ужо май, недзе палова яго. Канвой з сабакамі гоне нас, як быдла. Валочым свае мяшкі. Стаімо перад брамаю, чытаюць нашыя прозьвішчы, мы мусім адказваць сваю стацьцю, срок і абавязкова канец сроку. Гэта ўжо такі азыяцкі зьдзек, каб кожны памятаў, як доўга будзе так валачыцца па тундры з кіркою й ломам, гнаны канваірамі і іх адпасьвенымі аўчаркамі. Мне канец сроку прыпадаў на 73-ці год. Але ўсе ў руках Найвышэйшага, і даўно, даўно тыя, якія нагарадзілі мяне гэтым падаркам, самыя гніюць ужо ў непасьвянцонай зямлі…