Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Я нічога не махлявала, бо віна мая датычыла толькі Камітэту самапомачы ў Празе, гдзе я была скарбнікам. Ад гэтага я не адмаўлялася, дый Коган паказаў мне раз архіў Камітэту, які яшчэ ў 1942 годзе «згінуў» з кватэры Ермачэнкі. Тут я зьдзівілася! Выслухаўшы пра тэлеграму Гітлеру, Коган сказаў мне, што Ермачэнка за прозьвішча Геніюш у той тэлеграме дастаў вялікія грошы! Ён хахатаў, гаварыў, што Ермачэнка ўжо ад 1921 года служыў у нямецкай разьведцы, але ў мяне паявілася ўражаньне, што ён служыў і ў савецкай… Тэлеграму ж тую падаў Гітлеру ён сам, падпісаўшы прозьвішчам мужа, бо яго нечакана, як тслькі ўвайшоў, зрабілі старшынёй таго сходу, на якім і зачытаў Ермачэнка тую тэлеграму. Тэлеграмы ніхто з беларусоў не падпісаў, але на бланку, пад яе тэкстам, былі акуратна, пад капіроўку выведзеныя подпісы ўсіх беларусаў, якія былі й не былі на тым сходзе! Мне стала да абрыдлівасьці гадка. Такая дзяржава й трымаецца на лжы, на ашуканстве, на падробленых дакументах, гадка! У час найстрашнейшай небясьпекі, апутаныя нацысцкай хітрасьцю, усё ж людзі адважыліся не падпісаць тое тэлеграмы, а тут «падпісваюць» за іх праз капіроўку, ануліруючы ўсё захаванае ў цяжкі час чалавечае ў людзях! Не, горай, падлей за самае нізкае… Мне прыпомніўся Вольфсан, стары яўрэй, які разам з сям’ею выратаваўся ў гэтым маленечкім Камітэце й таксама быў на тым сходзе, як кожны, бо ўсе атрымалі загад, што ён сказаў бы на гэта, каб бачыў сваю такую падробленую подпісь пад той тэлеграмай…

Часам Коган гаварыў аб сабе, аб тым, што яго бацькі, бедныя яўрэі, далі асьвету ўсім сваім сынам і яму ў тым ліку. Казаў, якія яны чэсныя й харошыя людзі. А то часам

шкадаваў, што не было мяне вайною ў Беларусі, за што мяне трэба судзіць, бо я прынесла б многа карысьці ў змаганьні з фашызмам, і г.д. Я слухала. Калі ж ён пачынаў крытыкаваць рэлігію, я проста радзіла яму кінуць гэтую безнадзейную справу, матывуючы тым, што было шмат разумнейшых за яго суб’ектаў, якія вось ужо амаль 2000 лет змагаюцца з гэтым і гінуць, як жамера [95] ўбогая, а рэлігія, вера хрысьціянская мацнее, пашыраецца й ратуе народы! Тады ён фыркаў і казаў, што яго старыя бацькі толькі вераць. «Ну бачыце, — кажу, — вы ж іх нядаўна хвалілі, што ўмелі добра выхаваць сыноў, дык, знача, рэлігія іх зрабіла такімі!» Ён ня меў ужо чаго казаць. Аднойчы казаў, што мой муж у Слоніме меў нейкія прыяцёлкі і г.д. «Дурніца, — кажу, — вось каб ён год жыў адзін і нікога ня меў, гэта было б ненармальна, ён жа малады мужчына і, шчасьце, ніякі не манах!»

95

Жамера (дыял. жамярня, Сцяшковіч Т. Слоўнік Гродзенскай вобласці. Мн., 1983) — дзетвара.

Аднойчы завалок мяне сярод ночы той Коган да намесьніка міністра МГБ нейкага Новіка. Той гутарыў па-беларуску і ўсё аб тым, як некалі Адамовіч напісаў на мяне, на мой зборнік «Ад родных ніў» паганую крытыку. Крытыка не была паганай, але гэта было адзінае высказаньне маіх братоў, гдзе яны мяне не хвалілі, вось за гэта аберуч і ўчапіўся той Новік. Я й гэта выслухала, але мэтады вялікай і дробнай подласьці рабіліся мне штораз больш агіднымі. Я пазнавала савецкую сыстэму, і рабілася яна мне зусім зразумелай, нічога тут велікадушнага й чалавечага не было. З волі прыходзілі яшчэ арыштаваныя, яны расказвалі, як бядуе народ, як ставяцца для супрацоўнікаў МГБ новыя будынкі, па-сталінску ўпрыгожаныя звонку, па-сталінску, толькі для малых і вялікіх бэрыяў. У першую чаргу для іх, з усімі выгодамі, а людзі амаль у зямлянках, ніякай літасьці над імі — тут такое слова не ўжываецца, паняцьце такое — яно «буржуазнае». Культ Сталіна, культ начальства — нізкарабскія астаткі арды. «Ничего нет незаменнмого» — савецкі дэвіз. Знача: можна замяніць паэта трактарыстам, родную маці — ліхой надзоркай у дзіцячых калоніях, замучанага бацьку — «отцом народов» і забойцаю № 1 — Сталіным. Жыцьцё ў штучнай каляіне, людзі, дэзарыентаваныя, забываюцца, што яны людзі… Прагрэс — гэта мудрасьць. Нехта сказаў, што гэта ня робяць вучоныя, бо вучоныя экспэрымэнтуюць на сабаках. Саветы — на людзях.

Я ўжо амаль год у вязьніцы. Са мною аб ні чым не маглі дагаварыцца на свой манер. Мне мяняюць сьледавацеля-яўрэя Когана на яўрэя з нейкім украінскім прозьвішчам і пераводзяць у адзіночку, у прыбудоўку, гдзе на вакно часам прылятае пташачка. Мне лепш, у маіх думках усе мае сваякі, усе сябры мае. Пасьля кідаюць мяне ў другую адзіночку, гдзе ў вельмі цеснай камеры сядзіць ужо страшнае стварэньне. Калі я ўвайшла туды, стварэньне прынялося плакаць, што баіцца мяне, што не давярае мне і г.д. Гляджу з палітаваньнем [96] на прышчаты твар і кажу, што не з маім імем і не ў мае годы падобнае чуць! Дзяўчына мне выразна не падабаецца. Ня ведаючы паганага ў жыцьці, я не магу дадумацца, што гэта т. зв. штатная наседка, якой менавіта надыктавалі сьледчыя такі прыём. Сядзіць яна, быццам за СБМ, сьледства яе зацягнулася, бо недзе на Енісей паслалі паперы для дапаўніцельных сьведкаў. Яе выклікаюць да сьледчага, усьміхаецца нейк невыразна і іранічна на мяне паглядае. Набліжаецца вечар, ноч, а пасьцель адна. Усяе камеры — толькі яе ложак жалезны й сьцежка ля сьцяны. Ля дзьвярэй калярыфер, у другім кутку тумбачка. Кажу: «А гдзе ж гэта я буду спаць?» — «Сьледавацель казаў — пад ложкам», — адказвае мне тая прышчатая Нэла Гардзей, і твар яе абрузглы крывіцца садызмам. Нанач надзор адчыняе дзьверы і ўсоўвае нары, якія трэба класьці адным канцом на тумбачку, другім на калярыфер. Ідуць дні, я нічога не гавару з гэтай дзяўчынай у панчохах дзіравых на лытках, якая ўжо не раве (во камедзія!), а прыглядаецца да мяне й правакуе. Распавядае мне, што вельмі любіць Заходнюю Беларусь, бо стуль паходзіў яе бацька, якога ў 37-м годзе расстралялі, быў ён быццам прафэсарам. Маці яе быццам прыбіралыпчыца ў нейкім урадзе. Ёсьць брат і ёсьць Сенька — яе ўхажор, і ёсьць Ліля Спорык — яе сяброўка. За Сеньку яна дрыжыць, каб не разьлюбіў… Вучыцца яна ў інстытуце на факультэце замежных моваў, на англійскім. Ізноў пачынае пра Заходнюю Беларусь. Я слухаю, маўчу. Дні бягуць. Нам далі даміно, і мы гуляем у яго. Мне ўсё тут чужое й дзікае. Калі пачынаем гуляць, я кажу: «Вось я буду Чэрчыль, а ты расеец, хто выйграе?» Калі выйграваю я, дык цешуся, хахачу, гэта мая адзіная радасьць у гэтай нары на злосьць ім усім, усей гэтай бесчалавечнай сыстэме! Мяне выклікае сьледавацель й кажа: «Памыляецца той, хто чакае вайны» і г.д. «Ага, — думаю, — дык вось ты хто, прышчатая бэстыя…» — «Вы мусіце ведаць, што грузіны жывуць доўга, — кажа сьледавацель. — И товарищ Сталин не скоро умрет», — кажа ён. Я маўчу й думаю, што Бог ведае лепей…

96

Палітаваньне (польск. politowanie) — спачуванне, жаль.

Нэлку ад мяне забіраюць, і я тры тыдні сяджу сама. Мне стала лепш, знача, адзіночка — адпачынак. Пасьля суда я даведалася ў камеры асуджаных, што тая Нэлка не адну ўжо ахвяру мела на сумленьні. Яна была асуджаная на тры гады за «розглашение государственной тайны» й выслужвалася цяпер падобным спосабам. А «тайна» гэта, калі ёй далі заданьне сачыць і даносіць усе на Лілю Спорык, якая жыла ў іх, дык яна быццам сказала аб гэтым той Лілі, і яны абедзьве разам тыя даносы фабрыкавалі, у чым пасьля Ліля некаму прызналася. Усе гэта мне сказалі дзяўчаты.

Некалі ўдома ў сялянскай цэркве ў Воўпе я бачыла высокага дзецюка, здаецца, з сяла Лазоў. Быў гэта тупы, цёмны чалавек, які нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэньні да мяне ці да маяго таварыства. Гэты чалавек быў цяпер важнай асобай у менскай вязьніцы й зьдзекаваўся нада мною, як апошні садыст, з асаблівай насалодаю. Ён прыходзіў у маю камеру й адводзіў мяне асабіста ў баню, гдзе прысутнічаў пры нашым купаньні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высьмейваўся з нас. Бедныя дзяўчаты амаль плакалі… Часам ён падыходзіў да мае камеры й брудна лаяўся, цешыўся з маяго зьняволенага становішча. Гэта было жудасна… Калі мяне асудзілі й срок 25 лет ІТЛ [97] павіс над нашай сям’ей, мне падкасіліся ногі. Начальнік менскай вязьніцы сказаў мне зьбірацца ў другую цюрму для засуджаных. Я ўзяла чамадан і захісталася. Тады ён сказаў таму высокаму дзецюку памагчы мне. Ён вызьверыўся, што ня будзе памагаць памешчыцы, якую нарэшце засудзілі да сьмерці, і г.д. Тады той начальнік, нейкі расеец, занёс сам мой чамадан да таго «варанка»…

97

Выпраўленча-працоўны лагер.

Ну а пакуль мяне перавялі ў другую камеру, гдзе было пару дзяўчат, прыкаваныя нары й выбітае вакно. Новы сьледавацель пачаў часьцей мяне выклікаць, пісаць і запісваць. У камеры была нейкая Ольга Гелах з Оршы. Яе прывезьлі з лагероў, здаецца, спэцыяльна для расправы нада мною. Калі я высказалася супраць гэтага зьдзеку, яна пачынала біць мяне кулакамі па галаве. Як я заўважыла, дык рабіла гэта яна на загад сьледавацеля. Гэта была страшная, хоць не старая яшчэ асоба, на якой лагер пакінуў свае

найгоршыя сьляды, г. зн. жудасны слоўнік і адсутнасьць абсалютная якой-колек маралі. Рана давалі нам хлеб і чай, у абед — зупу на сьмярдзячай рыбе, жудасную. Мяне вечна рвала, і я высахла ў нітку, здаецца, хрыбет толькі й тырчаў. У мяне была піжама мужава, якую пару разоў нацягнуў і малы Юрка. Я скручвала тыя нагавіцы й клала сабе пад галаву. Мне было лягчэй, здавалася, што сын мой мяне ўспамінае… Нейкая бабка, асуджаная па бытавым параграфе, нам разносіла ежу. Яна маўчала, але відно было, што вельмі шкадуе мяне. Тая бабка на нейчы дазвол давала мне часам грэлку. Мяне, здаецца, травілі, мне вельмі балела печань. Усюды ў вязьніцах лекарамі былі яўрэі, але найгоршы хіба быў тады ў 48-м годзе ў менскай круглай вязьніцы. Ніхто яго прозьвішча ня ведаў, называлі яго проста Піня. Калі мяне завялі да яго, ён нават на мяне ня глянуў, толькі сказаў, што некалі я добра аджыўлялася, а цяпер мой арганізм пераядае печань, і яна таму баліць, і ён мне ні ў чым ня можа памагчы… Ён нікому ні ў чым не памог, і, здаецца, ён гэта травіў мяне цераз ежу.

Ноччу ў камерах гарэў заўсёды сьвет. Сьвяцілі ў вочы, каб мы не павесіліся, але людзі над краем магілы вельмі ня хочуць паміраць. Чым больш іх мучаць, тым мацней яны вераць у жыцьцё й прагнуць выжыць. Начамі часта разьлягаліся крыкі: «Пашто б’еш мяне?» Некага мучылі ўсе, некага білі, было нейк жудасна.

Аднойчы, ужо ў 49-м годзе, выклікалі мяне й павялі недзе далбка на гору. Канваіры, пераважна паганыя людзі, змушалі нас закладваць рукі назад, і так было мне цяжка йсьці. Пасьля, відно, нехта йшоў насустрач, ён так павярнуў мяне да сьцяны й так трэснуў маім лобам у сьцяну, што мне пацямнела ў вачох. Пасьля валок мяне далей, далей… Нарэшце завёў у кабінэт Цанавы, жудаснага сталініста, які сядзеў у кабінэце, высланым жудасна зялёнымі дыванамі, выбітым дрэвам. Сядзеў гэты крывапіўца за пісьменным сталом, а злева, за другім сталом, сядзеў чэх і паглядаў на мяне пераможна. З мяне быў цень: скура, косьці, крыху мужнасьці ў сэрцы й рэшта — злосьць. Цанава запытаў мае пэрсаналіі, як гэта яны робяць заўсёды, і загадаў скінуць каптурык з галавы, я ня скінула. Тады пачаў крычаць: «Хто Абрамчык?» — «Мой друг», — кажу. «Хто Абрамчык, хто Абрамчык?» — «Дэмакрат», — адказваю. «А ты ведаеш, што гэта — дэмакрацыя?» — верашчыць. «Государственный строй, основанный на трех принципах французской революции», — кажу, і называю тыя прынцыпы па-французску, і пытаюся іранічна, можа, перакласьці. «Не, ня трэба!» Спачатку, праўда, ён пытаўся ў мяне, на якой мове са мною гаварыць, ці па-расейску, ці выклікаць чэскага перакладчыка? А я яму й кажу: «Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!» Ён ашалеў! Навокал, я ўбачыла, стаяла многа мужчынаў, нейкія ваенныя, і яны ледзь не сьмяяліся, калі ён казаў: «Вы достаточно хорошо говорите по-русски!» Праўда, я сказала тады, што расейскай моваю не валодаю дасканала. Ну й вось пачынаецца: «Аддай архіў, аддай архіў БНР!» — «Няма ў мяне яго, — адказваю, — і я ня ведаю, гдзе ён!» — «Бить ее, допрашивать день и ночь», — верашчыць няшчасны гэнэцвалі. А я, цень чалавека, выпрасталася й кажу яму: «Бяз волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я не баюся вас!» — «Вы ее испортили, она себя держит, как дама», — верашчыць кат. А я крычу, што Бог са мною і я не баюся. Я пасьля думала, скуль узялася сіла? Мяне вывелі, і там напалі на мяне сьледавацелі. Нейкі Харашавін, якога тады назначылі начальнікам сьледственнага аддзела, крычаў: «Біць цябе сам буду, сьцягну з цябе трусы». А другі, нейкі скрыўлены, страшны, енчыў: «Павесіць яе на вуліцах Мінска!» — «Яшчэ ня вырасла тая бярозка, на якой вы мяне будзеце вешаць, — крычу, — усіх нас вам не перавешаць!» А яны ледзь не лінчуюць мяне й верашчаць: «Ты хочаш на наша месца!» Ага, думаю, во што вам галоўнае, вам народ не патрэбны, не ў галаве, вам месца! Як схопіць мяне злосьць! Знача, я думала, што са мною канец ужо, што так аслабела я й арганізм біцьця ня вытрымае. Вядуць мяне, а я хачу крыкнуць мужу, папрашчацца з ім, бо ён сядзеў у той вязьніцы недзе. Але я гэтага не зрабіла, падумала, што бедны весткі пра маю сьмерць не стрывае. У камеры я страціла сілу духу й кінулася на калені, як заўсёды перад нарамі, і замерла, абсалютна замерла ў малітве, як быццам перастала жыць. З калень я ўстала другім чалавекам, па-новаму нейкім сільным і зусім спакойным. Для мяне існавала толькі цяпер мая Радзіма. Недзе былі мае сябры далёкія, мой сын, брат, які адзіны выжыў з вайны. Быў спакой у людзей, агні гарадоў, чалавечнасьць, а ў мяне — адчайны бой з усімі сіламі адзічэлай рэакцыі, не, не за сябе, але за Радзіму маю, за нашую праўду, за зьняволены-пераняволены наш народ, які трапятаўся, як рыба ў сеці, каб жыць. Я ня ведала, што йсьці на сьмерць за Радзіму ня страгана, а лёгка, весела, амаль сьвяточна. Усе было пры мне, г. зн. маё сэрца й праўда. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца згінуць за справу, за якую палеглі яны? I Цанава, і Коган, і Харашавін, і паламаны садыст, і вырадак той з Лазоў ля Воўпы сталі ня страшнымі, а нікчэмна малымі перад веліччу нашага лёсу, які трэба было здабываць. Пад вечар зноў адкрылася кармушка й гугнявы голас канваіра сказаў: «Хто на „Г“?» Я спакойна пайшла насустрач лёсу. «Рукі назад!» Я йшла лёгка, нат не ўгіналіся ногі. На гэты раз мяне прывялі ў кабінет маяго другога сьледавацеля, гдзе сустрэў мяне паламаны садыст і яшчэ некалькі катаў. Яны зноў абяцалі вешаць мяне на вуліцах Менску, але я спакойна на іх паглядала й чакала далейшага. «Ві паэт? — азваўся жыдок-сьледавацель. — Ві вершаплёт! У нас у дзесяцілетках лепш сяньня пішуць, ну?» Прысутныя рагаталі з гэтага, а ён нейк падазрона крывіўся. Нарэшце кампанія пакінула кабінет, варожа на мяне паглядзеўшы, сьледавацель маўчаў. Я спакойна чакала абяцанага біцьця. На стале ляжала прэспап’е, дык я няхочучы падумала, што калі ён мяне зачэпіць толькі, дык я схаплю тое прэспап’е, і трэсну яму па лобе, і буду біцца з ім да апошняга! Аднак ад маіх ваяўнічых намераў «выратавалі» таго жыдка ягоныя паводзіны. Ён нечакана спакойна на мяне загледзеўся й сказаў: «Ну, говорите, что ви хотите, я буду писать». Пасьля асьцярожна папытаўся ў мяне пра БНР, і я яму сказала неабходнае. Ён пісаў. Аб біцьці болей не было мовы.

Ува мне застаўся ранейшы дух адчайнай бадзёрасьці. Здавалася мне, што я трапіла ў нейкі заапарк між дзікага зьвяр’я, гдзе трэба выжыць і захаваць чалавечы воблік і лепш памерці, чымсьці гэты чалавечы воблік страціць… Мяне доўга не выклікалі. У камеры гулялі мы ў даміно. Я слухала апавяданьні тых, якія сядзелі са мною, ім падабаўся Захад. Хто быў там нават у цяжкія часы вайны, лічыў, што жыцьцё там куды цікавейшае. Мяне яны проста лічылі шчасьлівай, казалі: «Вы хоць пажылі, панасілі прыгожую вопратку, бачылі людзей, а мы, што, бедавалі ды працавалі». Мяне браў жах з іхніх слоў. Вартасьць жыцьця й яго цікавасьць, у маім паняцьці, не вымяраліся гэтым. Гэта былі нездаровыя людзі, прагныя жыцьця й яго радасьцяў за ўсялякую цану й за цану сумленьня. Вышэйшых праўдаў і глыбейшых прычынаў існаваньня яны ня ведалі. Гэтае толькі ведалі ўкраінскія сялянкі з перасылкі ў Львове, і я моцна засумавала па іх… Мне было халадно, і я папрасіла са сваіх рэчаў нейкую драбніцу. На гэта трэба было напісаць заяву ў канцылярыю вязьніцы й даць яе праз кармушку. Мне далі папер, і я па-беларуску напісала, што мне трэба. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі мне вярнулі заяву з зацемкай, што «па-чэску» не разумеюць, каб напісаць па-расейску… Знача, беларускую мову палічылі ў Беларусі чэсксй! Ого, такога я не спадзявалася нават ад бальшавікоў! «О, мая Беларусь», — застагнала я шчыра…

Мінчанам часам прыносілі перадачы, але ніякага візыту, ніякага ліста нікому не дазвалялася атрымаць, хоць бы ён сядзеў гады! Ніякіх чалавечых пачуцьцяў садысты не разумелі. Адзінае, што да іх даходзіла, гэта хваліць Сталіна й камунізм. Аб Леніне тады не ўспаміналі. Людзі ратаваліся гэтым. Ня раз даваў мне Коган зразумець, што для мяне гэта ня толькі ратунак, але й кар’ера. Я ведала, што іначай загуба сыну, мужу і ўсім нашым родным, але стаць супраць людзкасьці, адрачыся ад Хрыста й зьмяшацца з гэтым жудасным заапаркам я не магла. Мне страшны быў іх выгляд, а яшчэ страшнейшым здавалася тое духовае апусташэньне іх і адсутнасьць у іх усяго лепшага ў чалавеку. Я не магла забыцца, з якой радасьцю канстатаваў Коган, што ёсьць дастаткова матэрыялу, каб асудзіць мяне. Знача, не цікавіла іх мая віна ці не віна, ім быў патрэбны матэрыял для зьняволеньня чалавека. О, гуманізм XIX стагодзьдзя, як далёка мы адступілі назад!

Поделиться:
Популярные книги

Случайная жена для лорда Дракона

Волконская Оксана
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Случайная жена для лорда Дракона

Новый Рал 10

Северный Лис
10. Рал!
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 10

Искатель 1

Шиленко Сергей
1. Валинор
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Искатель 1

Довлатов. Сонный лекарь 2

Голд Джон
2. Не вывожу
Фантастика:
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Довлатов. Сонный лекарь 2

Возвышение Меркурия. Книга 15

Кронос Александр
15. Меркурий
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 15

Безумный Макс. Поручик Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Безумный Макс
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
7.64
рейтинг книги
Безумный Макс. Поручик Империи

Враг из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
4. Соприкосновение миров
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Враг из прошлого тысячелетия

Эволюционер из трущоб

Панарин Антон
1. Эволюционер из трущоб
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Эволюционер из трущоб

Княжна. Тихоня. Прачка

Красовская Марианна
5. Хозяюшки
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Княжна. Тихоня. Прачка

Отморозок 4

Поповский Андрей Владимирович
4. Отморозок
Фантастика:
попаданцы
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Отморозок 4

Идеальный мир для Лекаря 22

Сапфир Олег
22. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 22

Ох уж этот Мин Джин Хо 1

Кронос Александр
1. Мин Джин Хо
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Ох уж этот Мин Джин Хо 1

Ваше Сиятельство 7

Моури Эрли
7. Ваше Сиятельство
Фантастика:
боевая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Ваше Сиятельство 7

Конунг Туманного острова

Чайка Дмитрий
12. Третий Рим
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Конунг Туманного острова