Споведзь
Шрифт:
Адчынілі браму. Нас сустрэла начальства. Здалёк прыглядаліся нам брацьця па долі, бо кожны этап прыносіў новасьці. Мы сумна пераглянуліся з ксяндзом. Нашыя рэчы ўжо выкідалі на дарогу ў балота. Мая ружовая й галубая праская бялізна не закрыла на гэты раз маяго скарбу, які я перавезла праз усе этапы цудам, — чэскую Біблію. Яе схапіў начальнік лагеру яўрэй Шапіра й пачаў верашчаць, што сюды прывезьлі працаваць, не маліцца. Ён злосна гартаў маю дарагую кнігу й ненавісна трымаў яе ў руках. Але раптам убачыў на зямлі крыж ксяндза Лазара, яго кніжку маліцьвенную і яшчэ нейкія рэчы, належныя званьню ксяндза, яго служэньню. Тут малады, аблезлы й выжыты ўжо са ўсяго чалавечага Шапіра амаль пырскаў сьліною, бясіўся. Ксёндз спакойна сказаў яму, што, забраўшы маліцьвенныя рэчы нашыя, не забярэ Вялікага Вечнага Бога з нашага сэрца і Ён будзе з намі. Я бачыла пасьля закручаныя парашкі ў лісточкі мае чэскай Бібліі і іншых маліцьвенных кніг. Што ж, у бандытаў і злодзеяў ніколі нічога не было й ня будзе, нават паперы на аспірын…
Мяне завялі ў баню з другімі жанчынамі. Усе мы былі да касьцей схуднелыя, замест грудзей віселі ў жанчын убогія мяшочкі з жоўтай скуры. Праз усе этапы цягалі нас у тыя іх бані, гдзе мікраскапічным выданым кусочкам мыла, якое ня мылілася, велічынёю з гарбатную ложачку, мы ў прысутнасьці нейкіх заўсёды мужчынаў шаравалі халоднай часта вадой свае косьці й скуру, ні на што не зьвяртаючы ўвагі, Мы атупелі да іх навакольля ці проста не лічылі іх болей людзьмі. Нас разьвялі па бараках. А баракаў
З беларусоў я нікога не сустрэла, да мяне падышоў адразу пасьля этапу чэх. Пасьля падыходзілі й другія чэхі, якія выпытваліся пра Прагу. Мая печань, даведзеная да апошняга менскім лекарам Пінем, зноў пачала дакучаць. Мяне паклалі ў лагерную больніцу. На дварэ была завіруха, холад за вокнамі, а я пакуль што ляжала, даставала гарэшак масла, часам кусянятка белага хлеба, як належыць хворым. Нейкі малады латыш усё мыў там падлогі, ён лічыў сябе шчасьлівым, бо ў шахтах куды горай. Даведаўшыся, хто я, ён адкрыта гаварыў аб тым, што яны нам некалі забяруць Віцебскую вобласьць, а я яму даказвала, што амаль 100 тысяч беларусаў-летгальцаў і іх тэрыторыю ўжо найвышэйшы час вярнуць нашаму народу. Як жа хочацца кожнай казяўцы адарваць хоць кусок ад бохана нашай зямлі, як несправядліва такое. Здавалася мне, што адна толькі стаю супраць зьдзекаў над намі й таму мушу быць і разумнай, і хітрай. Трэба мне многа бачыць, моўчкі перажыць усё, што выпадзе на долю, і кожны свой дзень, кожны свой крок ахвяраваць Беларусі… Сьмешна, адна хворая жанчына і ўся дзікасьць бесчалавечнасьці супраць мяне. Лячыў мяне зьняволены доктар-паляк. Прозьвішча яго ня памятаю, пачыналася з «А». Быў гэта, на маю думку, яўрэй малады й вельмі паважаны. Аднойчы ён затрымаўся ў нашай палаце, паклікаў мяне да вакна й паказаў на небасхіле цёмна-сінія контуры Урала… Моўчкі я на яго загледзелася, доктар казаў: «Трэба нам выжыць, ворага трэба перахітрыць, бо так толькі можам выратавацца й выратаваць ад няволі людзкасьць. Павязуць мяне згэтуль, і там будзе мужчынскі лагер 1-шы ОЛП [103] , з якім належыць мне наладзіць лучнасьць, каб працаваць».
103
Асобы лагерны пункт.
Мяне выпісалі. У бараку было дзіка й халадно. Памалу я пачынала звыкацца са сваёю доляй. Пазнаёмілася з літоўкамі і ўслухалася ў іх маліцьвенныя сьпевы, то ў дэталі жудаснага сьледства над імі. Зноў цесна збліжылася з украінкамі, асабліва самымі беднымі простымі жанчынамі, якія цьверда трымаліся абычаяў, праўды й свае веры Нікога не баяліся й нічога ад ворагаў добрага не чакалі.
Аднойчы ў барак прывялі высокую, тонкую яўрэйку з этапу. На плячох у яе быў непамерна вялікі да яе фігуры мяшок, з якім яна змагалася, каб зьняць. Я падышла й памагла ёй. Гэта была Камунэла Маркман з Грузіі, таксама са срокам 25 гадоў ІТЛ. Мы разгаварыліся, але яна хутка перапрасіла мяне, што мусяе знайсьці тут адну пісьменьніцу, жонку доктара з Чэх. Знача, яна шукала мяне. Я да сяньня ня пэўная, ці ўжо тады не была яна, як і Люда Васількоўская, заангажаваная й прыстаўленая да мае асобы праз КГБ… Яна ўзялася мне расказваць, як толькі што ехала з маім мужам і абяцала яму мяне знайсьці. Мужа павезьлі на Варкуту, гэта за 300 км далей на поўнач… Стала нейк безнадзейна, нясьцерпна цяжка. Не зрабілася лягчэй, калі выклікалі нас усіх на праверку на двор. Дагэтуль па два разы на дзень строілі, лічылі й правяралі нас па бараках. На двард была сьлякаць, холад, балота па косткі. Навокал вялікага чатырохкутніка гэтага асаблівага паселішча былі старанна і ўмела на роўных, высокіх стаўбах нацягнутыя драты. Два рады стаўбоў і на іх наежаная, роўная, густая пярэпляць калючага дроту. Між радамі стаўбоў гладка, як на асфальце, ні травінкі, ні камячка, каб лягчэй было попкам-канваірам, якія дзень і ноч «красаваліся» на вышках, заўважыць эвэнтуальны пабег… Пабегаў там, як правіла, не бывала. Тундра, балоты, жудасная адлегласьць ад людзей, драты й палкі адданых Сталіну тупых канваіраў учэпіста спынялі наш кожны крок… Вось пачалі нас выводзіць на тую праверку. Ішлі мужчыны й жанчыны, юнакі й дзяўчаткі, амаль школьніцы, бабусі старэнькія й дзядкі на схіле гадоў. Цягнуліся калоны сініх, худых людзей. Ніколі я ня думала, што тыя баракі змаглі ўціснуць у сябе такую колькасьць няшчасных. Падаў сьнег з дажджом, і некалькітысячны шнур людзкі, пастроены па пяцёрках, праз чатыры гадзіны, пакуль усіх далічыліся, таптаў і таптаў рэдкае месіва з балота й сьнегу, амаль так, як яшчэ нядаўна ў Асьвенціме й Майданаку. Навука Гітлера не пайшла ў лес… Што будзе, куды гэта дойдзе людзкасьць такімі шляхамі, пад такім кіраўніцтвам партыяў і адзінак? Я не магла забыцца аб адной беларускай жанчыне на этапе. Ёй было 93 гады, але яна была кулачка, якой дзеці-кулакі не ўзялі з сабою на высылку. I вось бабусеньку ў даўгім кажуху, але яшчэ даволі крэпенькую, каб залезьці ў вагон, гналі цяпер недзе за дзецьмі. Баюся, што сканала яна на адной з перасылак, як і іншыя… Некалі ў Празе я, вечны народнік, часам абуралася залішней цывілізацыяй, якая забівае ў людзях здаровыя інстынкты зямлі. «Юберкультывірт» [104] , — казалі на гэта немцы. Вось цяпер я магла не тужыць па падобным. Перада мною быў найстрашнейшы, тэхнікай і сталінскімі ідэямі падмацаваны прымітывізм, які ня сьніўся нават ардзе Джынгісхана… Калі вецер данёс да мяне з-за рогу барака маліцьвенны сьпеў двух дзядкоў, я расплакалася.
104
Юберкультывірт (ням. uberkultiviert) — звышкультурны.
5. Лагер
Лагер на Інце, куды нас прывезьлі, т. зв. 5-ты ОЛП пад уладаньнем гнусавага Шапіры быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зьняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы паводле жаданьняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зьняволеных — лагерных жонак — у разуменьні не плятанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛГТ Інты, гэта быў т. зв. горад, пабудаваны нядаўна зьняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за маяго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зьняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленьне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў — сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд былі ненавіснымі для нас, вязьняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азьвярэлымі попкамі на вышках, вахтай
105
Шчопці (дыял.) — невялікая колькасць чаго-небудзь сыпучага, што можна ўзяць трыма пальцамі.
Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя — маладыя дзяўчатырабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбэкаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасьцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасьля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам сьлед было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі — рабочая сіла… Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, гдзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемэнт у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізычнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.
На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маей сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасьці прыняла пачастунак Розы — хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зьняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т. п. Мае адказы яе насьцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я зьдзівілася, а калі я назвала сваё прозьвішча, яна ледзь ня кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, сьмела сюды трапіць, чаму я не схавалася гдзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная бяздольная моладзь… Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і сьпяць, і ядуць… Роза дрыжыць перад ёю… Усе гэта мне не падабалася… I зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасьці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касьцюмчык ці сукенку — усё было параднае, прэтэнсыянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зьняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т. п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, сьвінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.
З беларусак на нашым ОЛПе былі М.І.Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага, праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозьвішча ня памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.
Побач, за які кіламэтар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК [106] , на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала праскую хустачку, бо яшчэ «формяных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаемы твар… Так, гэты чалавек быў у нас у Празе… Чалавек зьбялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», — закрычаў з нейкім болем. «Нічога, — кажу, — я ўмею абыходзіцца й з ёю» — і папрасіла лапату назад… Гэта быў Сямён Раманчук. Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывеў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка, а калі сырэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеньнях і гутарылі. Асьцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясьніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося». — «Кожны мае свой лёс, — кажу, — і мне мой срок, вам ваш». — «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, — прастагнаў Сямён, — каб я вас мог бачыць…»
106
Дрэваапрацоўчы камбінат.
Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпэратуру 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках… Зноў пасьля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязьніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабываньні ў бытавых лагерох з блатнымі, гдзе не было магчымасьці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людзкасьці… «Жаль вас, — казаў мне, — але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэця нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова…» Аб гэтым мяне ня трэба было ўпрошваць… [107]
107
Л. Геніюш зноў вяртаецца да гэтых успамінаў на іншай старонцы.
Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» — «Для славы Беларусі», — адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» — «Пяць», — адказвае Сямён. «Не, — кажу, — не! Нам нельга аддаваць жыцьця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсьці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясьніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сяньняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку… Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»… Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»…