Споведзь
Шрифт:
Нарэшце мяне выклікалі. За сталом, поўным папер, сядзеў нейкі трэці сьледавацель. Сядзеў і маўчаў. Прыбег Коган, сеў, гартаў нейкія журналы й бурчэў скрозь зубы, што ёсьць два ўрады й два прэзыдэнты беларускія за мяжой. Я маўчала, бо да мяне ніхто не зьвяртаўся, і ён выйшаў. Чужы сьледавацель прадаўжаў сядзець, а я супраць яго, так мы прасядзелі дзень, безумоўна, моўчкі. Казалі мне потым, што гэта яны робяць на канцы сьледства з усімі, а я ўжо чаго ні перадумала тады.
I вось мой суд. Усе незвычайныя падзеі ў маяго таты былі ў лютым, ён не любіў гэтага месяца. Я заўважыла, што я й гэта па ім аддзедзічыла [98] . Я ведала, што судзіць мянt будуць няйначай як у лютым. 7 лютага я выменяла за нейкую ружовую дэталь свае бялізны крыху папяросаў мужу, кусочак хлеба й кавалачак сала тоненькі-тоненькі. Мяне пасадзілі ў знамянітае дасягненьне савецкай культуры, «чорны варанок», прывезьлі пад нейкі дом і ўвялі ўсярэдзіну. Была там загарадка для нас, лаўкі для некага, стол для судзьдзяў, вышэй крыху й на абадраных сьценах вусаты «отец народов». Было некалькі канваіраў. Адначасова амаль увялі й маяго мужа. Канваір адразу на яго абрушыўся, але я таксама груба, як ён, адразу нахабніка прысекла, і ён, відавочна, спалохаўся мяне, бо замоўк. Увайшоў суд, нам загадалі ўстаць і сесьці, і пачаліся абвінавачваньні. Я ўжо дакладна ня памятаю, але віна мая была — Камітэт самапомачы ў Празе,
98
Аддзедзічыць (дыял.) — атрымаць у спадчыну.
99
Тут.
Суд адышоў, пачынала зьмяркацца, нехта паглядаў пад вокнамі. Нас з мужам пакінулі сядзець, прыціхлі канваіры. Мы размаўлялі, успаміналі сына, але што скажаш у хвіліну страшэннай, безнадзейнай разлукі, калі, адарваўшы сына, разьдзяляюць цябе людаеды з сям’ёй, са сьветам, з культурай, з усім… Гэтаксама стаяць над магіламі, ад якіх адыходзяць у пустэчу… Нарэшце нас вывелі, нават канваіры зацемілі, што судзілі нас ні за што, але што тут «не Чэхаславакія»… Нас вывелі на засьнежаную вуліцу. Гарэлі агні, мы йшлі разам, канваіры за намі. Дарога была як на Галгофу. Нечаму я папрасіла мужа, каб забыў пра мяне, што буду ўдзячная кожнай жанчыне, якая аблегчыць яго цярпеньні й адзіноту. Сьмешна было думаць пра сябе перад адкрытаю магілай, і хацелася толькі, каб другому лягчэй, каб лепей. Нябачна побач з намі крочыў сын. Імя яго мы не называлі, бо, здаецца, памерлі б ад гэтага… Нас прывялі пад нейкую вязьніцу, гдзе муж жыў ужо тры тыдні. На мяне чакаў «воран». Мы абняліся, і я захісталася на нагах, як у буру…
Завязьлі мяне зноў у тую «амэрыканку». Начальнік вязьніцы, адпраўляючы мяне на суд, сказаў мне, што дадуць мне тры гады. Цяпер ён падышоў да мяне й сказаў, што хацеў, каб я была сільнай, таму махляваў… Я засталася сама, і думкі пра зьдзек над намі, пра сына, пра загубленае жыцьце адымалі розум. У галаве стукалі словы: гдзе гора, гдзе боль свой дзенеш, паэтка Ларыса Геніюш?.. Прыйшоў начальнік. Мне прынесьлі мае рэчы. Зямляк з Лазоў груба мяне вылаяў, і начальнік сам панёс мае рэчы да «варанка». Мяне завезьлі ў вязьніцу для асуджаных, у нейкі быўшы палац з вежамі, і ўпусьцілі ў камеру жанчын. Як я пасьля разгледзела, зямляк з Лазоў пацягаў шмат маіх рэчаў, а мужавыя скураныя сьветлыя рукавіцы, якія нечаму трапілі да мяне, дык знасіў дарэшты.
Народжаная ў полі, выгадаваная ў полі, часта чужая паміж людзьмі, я магла б зусім шчасьліва жыць, калі б толькі слухала голасу сваяго сэрца. Яно мне падсказвала заўсёды непамыльную тактыку, а я часта пачынала думаць катэгорыямі другіх людзей, і гэта мяне вяло не туды, гдзе трэба…
У вязьніцы я была сама, і ўжо не інстынкт, а выразныя сны вялі мяне, трымалі, папераджалі. Гэта ня сьмешна, гэта сапраўды так! Перад арыштам сьнілася мне цэрква, і я ведала, што гэта цюрма. Нішто не магло мяне выратаваць. Бог адабраў розум маяму мужу, і гэта быў мой лёс. У Пісэку перад кожнай непрыемнасьцю папераджаў мяне заўсёды нехта з маіх памершых, асабліва перад допытамі. Мне сьнілася мая доля — даўгая рака, вада, дождж, і мы з Юрам, наскрозь прамоклыя, брыдзем і брыдзем па ёй… Раз мне прысьнілася землетрасеньне, і нейкая жанчына сказала мне, што разлучаць нашую сям’ю… Так жа й сталася. То ізноў бачу я ў сьне мятлу й чужы збор законаў, і цераз вакно крыху відаць сьвет: праясьніцца вашая доля, сказалі мне, але судзіць вас будуць па чужых законах, выдадуць з Чэх… Мой чэскі сьледавацель меў тубэркулёз, быў худы, страшны, хоць малады. Аднойчы прысьнілася мне, як ён прыйшоў у нашую камеру й кажа: «Доля ў нас аднолькавая. Я маю тубэркулёз, а вы раны Хрыстовыя». Гэта было ясна. А ў Менску перад кожным цяжэйшым допытам зьбіраліся ля мяне мае бацькі, браты загінуўшыя: то крычалі на мяне, навошта сюды трапіла, то радзілі, то шкадавалі, то проста абступалі мяне навокал, заводзілі ў Жлобаўцы ў хату сваю, — і я заўсёды чулася не адна. Перад судом прысьніўся мне, як і многім, старэнькі дзядок. Ён прасіў, каб ня плакала, што сядзець буду 15–18 месяцаў, і насыпаў мне жменю кедравых гарэшкаў, толькі не хацеў, каб я іх лічыла… Пэўна, было іх столькі, колькі гадоў маяго сроку. Я ня ўсе сны сяньня памятаю, але яны былі амаль прарочыя.
У камеры жанчын мяне сустрэлі вельмі міла. Многія аба мне чулі. Накармілі мяне нечым з перадач, разважылі маё гора, бо й самыя былі ў такім жа становішчы, і калі мы нагаварыліся, я зусім спакойна заснула, нягледзячы на паўстагодзьдзе маскальскага жудаснага падарунку. Мяне хутка забралі ад іх, бо я пайшла да лекара і ён убачыў на маіх руках яшчэ аўстрыйскую, пэўна, каросту. Перакінулі мяне ў брудную камеру, гдзе з абстрыжанай блатной дзяўчынай мазалі мяне нейкай серай. Пасьля павязьлі на этап. Я ўбачыла мужа! Яначка! Быдлячы, закратаваны цягнік вёз нас у бок Польшчы, у Брэст. Вялікая вязьніца з чырвонай цэглы, якая ўмяшчала ў сабе тысячы зьняволеных, увабрала й нас. Апошні раз я ўгледзела мужа, калі нас разьдзялялі, болей ужо я яго не сустрэла. Яго дарагая стрыжаная галава й вышчарблены зуб так і застылі ў памяці на даўгія гады.
Паверхі й сходы вязьніцы ў Брэсьце… На адным з іх камера асуджаных жанчын, пераважна полькі, але ёсьць і нашыя з групы Дэмаха й Раманчука. Гэта сувязныя, далі ім па 90, па 100 гадоў пакараньня. Бярэцца найвышэйшая кара з усіх разам узятых іншых, дык ім па 25 гадоў, як і нам. Мяне клікалі есьці, памагалі, хто чым мог. Я расказвала фільмы й розныя апавяданьні, мяне любілі. Побач былі мужчыны, яны перастукваліся
100
Дэка (грэч. deka) — першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае дзесяць.
Мяне вярнулі ў камеру, і я паглядзела на чалавека, якога вялі разам і які, бедны, адседзеў за мяне, бо гэта ён нам стукаў. Гэта быў сярэдняга росту мажны чалавек лет, можа, дваццаці сямі. Мы з ім пасьля сустрэліся на этапе. Называўся ён Лёша, прозьвішча ня памятаю, але чалавекам ён аказаўся харошым, таксама асуджаным на 25 лет. У камеры я доўга не пабыла, за тыдзень выклікалі мяне на этап. Зьвялі нас, тых, каго адпраўлялі, у вялікую залю. Маяго мужа не было. Сэрца замерла мне, бо думала, што ён усе ляжыць хворы. Не было ў каго папытацца, бо ніхто мне не адказаў бы.
На этап ішло да сотні чалавек, між якіх толькі тры жанчыны. Мяне зацікавілі ксяндзы. Гэта былі ксёндз Лазар і ксёндз Юзэфскі. Ксёндз Юзэфскі быў худы, высокі, крыху неспакойны; наадварот, ксёндз Лазар з Брэста быў гаваркі, добрай думкі, быстры і, здавалася, вельмі харошы чалавек. Мы адчулі да сябе ўзаемны давер. Калі нам давалі хлеб і пару ложачкаў цукру на этап, дык чалавек, які мне гэты цукер мераў нейкім малюсенькім чарпачком, памалюсеньку даставаў з мяшочка той чарпачок і гаварыў мне: «Ваш муж адпраўлены ў напрамку на поўнач ужо тыдзень таму. Усяго вам добрага». Знача, муж быў здаровы больш-менш, калі яго адправілі. Стала сумна, муж быў худы, адныя косьці — сапраўдная ахвяра бальшавіцкага зьдзеку. Я ведала, што і ён няўступны й чэсны чалавек, і баялася, як ён дасвць радьт выжыць, бо характар у яго быў капрызны, а даверлівасьць дзіцяці да людзей. Вычытваючы мае паперы, кляты той афіцэр яшчэ не забыўся мяне вылаяць. Нарэшце нас павялі. Пакідалі мы тую польскую новабудоўлю, якую яны выстраілі спэцыяльна, паводле ўсіх «мадэрных правілаў», каб мучыць там усіх незадаволеных іх нялюдзкімі адносінамі да нас, паднявольных народаў. Што ж, сядзелі там і яны, і мы, бо на іх месца паявіліся іншыя, якім таксама не хацелася бачыць свабоднымі Беларусі й Украіны. Вялі нас праз горад з мяшкамі, вузламі, а мяне яшчэ з чамаданамі, якія, праўда, нёс цяпер Лёша. Некалі ў Празе я адварочвала голаў, калі бачыла праз вокны трамвая, як гоняць гэстапакі яўрэяў з такімі мяшкамі. Тады я плакала, цяпер — не! Самому, мусіць, лягчэй пераносіць мукі, чымсьці бачыць, як мучацца людзі… Насустрач нам ішлі людзі, нейкі «победитель Европы» ў даўгой, як спадніца на сяле, афіцэрскай шынэлі нёс пад пахаю цэглападобную буханку хлеба і, унурыўшы голаў, не паглядаў на нас, а нейкі малады канваір паглядаў на нас з жалем, другія строга «спаўнялі свой абавязак» і, трымаючы адныя сабак, другія аўтаматы, гэтак, напэўна, гаалі б сваяго роднага бацьку… Мы пакідалі Беларусь, тую, па-іхняму «свабодную краіну», з якой народ адвозілі куды хацелі на нечалавечыя мукі і якой усім маскальскім ботам моцна, па-варварску, па-сталінску наступілі на яе кволае нацыянальнае горла й амаль не задушылі насьмерць.
Нас разьмясьцілі ў знаёмыя ўжо мне «апартамэнты вагонзака», дапаўняючы намі ўжо й так поўныя клеткі. Мы з Нінай Камбэрскай, здаецца, з Менску, і нейкай другой цяжарнай жанчынай з-за Брэста трапілі ў клетку побач з ксяндзамі. Мы маглі гаварыць. Ксёндз Лазар знаў многа моваў, праўда, ён не лічыў патрэбным на Беларусі ведаць беларускую мову, ну, але гэта няхай яму прабачыць Бог, які даў пакуль што магчымасьць цярпець беларусам за сваю свабодную будучыню, у якую мы цэлым сэрцам верым. Была каталіцкая Вялікая Пятніца, усе былі крыху пад гэтым уражаньнем. Ксяндза асудзілі на 10 гадоў, а за што, ён нават добра ня ведаў. Затое ён ведаў дзень сваяго арышту яшчэ перад арыштам і ведаў дзень, калі яго пусьцяць. Гэта ён ведаў з прарочага сну, з якога многа ўжо спраўдзілася. Ля нас ехаў яшчэ другі Лёша, як ён расказваў нам, яго схапілі, калі прызямляўся на Беларусі, скінуты з дэсантам, так і быў яшчэ ў камбінэзоне. Ехаў там яшчэ й харошы беларускі студэнт Борыс па прозьвішчу, і так стварылася наша маленькая група. Мы стараліся дапамагчы сабе ўзаемна хоць словам, беглі да сябе заўсёды, калі нас выводзілі на этап з чарговай перасылкі.
Ксяндза Юзэфскага й цяжарную жанчыну высадзілі ля Гомеля ў Хальчы. Гэта быў лагер, як я пасьля даведалася, спэцыяльна для мамак, г. зн. цяжарных жанчын. Характэрны ён быў тым, што там умірала 90 (ДЗЕВЯЦЬДЗЕСЯТ!) працэнтаў народжаных дзетак зьняволеных жанчын. Там, як і ў іншых месцах, гдзе былі такія дзеткі, заўсёды нейкая сястра, супрацоўніца КГБ, давала ім часам па парашочку. Гэты парашок выклікаў усе сымптомы запаленьня лёгкіх, жаўцізну тварыку, і дзіця памірала. Гэта я чула часта. Была там адна беларуска, жонка яўрэя. Яна мне казала, што яе сынок выжыў толькі дзякуючы таму, што быў яўрэям, яго глядзелі, і муж яе хутка дзіця забраў. У другіх лагерох дзеткі так паміралі, калі іх меліся з лагеру забіраць сваякі. Маюць, напрыклад, прыехаць па дзіця, і вось паўтараюцца ўсе сымптомы запаленьня лёгкіх, і дзіця да прыезду па яго канае. Адна харошая расейская жанчына Шура (прозьвішча ня памятаю), якой муж-хірург пазбыўся розуму, калі яе цяжарную забралі, казала мне, што й з яе дачушкаю зрабілі таксама. Калі радзіла яна, дык разрывы вялікія, якіх такая менавіта медсястра загадала не зашываць, бо быць жанчынай ці быць маці болей зьняволенай ня прыйдзецца… Шура высокая, прыгожая, маладая, заўсбды сумная, усё хварэла далей па-жаночаму. Так жа рабілі на поўначы, і мужчыны прасілі нас лічыць, колькі бедных дзетак памерла. Яны гэта ведалі.