Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Споведзь

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

З нашым пераходам у другі лагер перарвалася ўся мая перапіска. Было сумна. Я цесна падружылася з украінцамі, асабліва з мілай Люцынкай Воўк. Разам мы елі й спалі, былі ў адной брыгадзе. Люцынка была чароўнай жанчынай, срок у яе быў надзіва малы — усяго пяць гадоў. Сядзела яна за тое, што муж яе быў у бандэраўскім падпольлі. Яна ледзь выйшла за яго замуж, і ён пайшоў на змаганьне. I вось Люцынка цяжарная! Тут за яе і ўзяліся — гдзе муж? Люцынку пасадзілі. Нейкі дураньчык з іх вёскі мужна аб’явіў МГБ, што гэта ён бацька дзіцяці, але яму не паверылі. Недзе ўдома ў старых цетак гадавалася яе дочанька Катруся. На сьледстве паказалі ёй здымкі забітага яе мужа, але яна ўсё жыла ім, любоўю да яго й нейкай упартай верай, што ён жыве. З інвалідаў дружыла з намі Каця Грынкевіч з Менску й крыху Марыя Зарэцкая. Былі яшчэ беларускі, але пераважна слабыя, нецікавыя тыпы, апрача адной Таісы, якой муж быў шаўцом, а яна сама, здаецца, настаўніцай. Таіса была разумнай і людзкай жанчынай. Раманчука яна ведала асабіста.

Аднойчы позьняй восеньню я нарэшце атрымала запіску. Мяне скаланула. Запіска на гэты

раз была асабістая, толькі для мяне, не закраналіся там «гаспадарка» (Беларусь), ані нашыя «дзеці» (сябры). Проста пісаў Раманчук, што ўсе здрадзілі яго, прадалі, гарыць яму зямля пад нагамі й што веру ён зьбярог толькі ў мяне адну. Я заплакала з бездапаможнасьці нашае, з гора. Мне прыпомнілася, як падобныя словы казаў мне, паміраючы, дзядзька Захарка, ускладаючы на плечы мае жаночыя непамерныя абавязкі. Час ішоў, не было болей ніякіх спраў, ніякіх запісак. Хацелася верыць, што ўсе нейк уладзілася. Аж выклікалі мяне раз нейкія дамы-начальніцы. Прычынай размовы быццам былі мае драбніцы, залаты абручальны персьцень, залаты крыжык на такім жа ланцужку, які мне пераслаў з Англіі брат Алёша, калі выжыў з вайны адзіны з нашай сям’і. Крыжык быў цудоўнай работы. Быў і звычайны гадзіньнік на руку. Усё гэта мне забралі пры вобыску, і ўсё, безумоўна, прапала, так і не адцалі. Вось яны нечаму пыталіся ў мяне аб гэтых рэчах. Я ведала, што думаюць яны нешта іншае. Пачалі выпытваць у мяне, як да мяне адносяцца расейкі з лагеру й што я пра іх думаю. Я адказала, што, як бы яны да мяне ні адносіліся й што я ні думала б пра іх, я гэтага ім усяроўна не скажу. Пыталіся, што я раблю, я сказала, што вывучаю псыхалогію нацыяў у лагеры: хто чаго варты… Яны скрывілі нос. Тады папыталіся, ці ведаю пра вялікія будовы ў Саюзе? Я сказала, што іх «трудящиеся» праводзяць усё ж большасьць сваяго жыцьця ў кватэрах убогіх, перапоўненых дзірах, для іх вялікія будоўлі ня маюць значэньня, пакуль людзі жывуць, што жывёла… Як доўга я думаю сядзець у лагеры? «А гэта ад мяне залежыць, проста калі мне захочацца перарваць гэту ніць жыцьця…» — «А на што ў вас надзея?» — спыталі. «На „Северное сияние“», — кажу, проста каб нешта адказаць ім. «Ну й спадзявайцеся на сваё „Северное сияние“», — мнагазначна сказала адна з іх, упорна на мяне паглядзеўшы… Тут я й зьледзянела, нечаму нагадаўся мне Раманчук… Ад Люцыі Антонаўны я даведалася, што адна з жанчын, у кароткім чорным кажушку, падобная на яўрэйку, называлася, здаецца, Гарбунова ці Гарбатава, быццам з Менску. Аб маіх дарагіх драбніцах я ўжо й ня думала.

Час ляцеў, наступіла суровая зіма, мяне пакінулі ў зоне разам з другімі арганізоўваць самадзейнасьць у нашым лагеры. Я, не падумаўшы, засталася. У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Тамара Вераксо — кіеўская балерына, Кузьняцова — жонка нейкага коміка з Малого тэатра ў Маскве, Ларыса Донаці — артыстка з Горкага, маладая й вельмі прыгожая, ну і я. Мы разам усё абмяркоўвалі, ставілі адумысловыя канцэрты, гдзе маею справаю быў канферанс і розныя тэксты песьняў. Яшчэ я памагала рысаваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў і т. п.

Аднойчы зімою перад такім канцэртам паклікалі мяне ўкраінкі ў другі барак. Проста Люцынка з дзяўчатамі наварылі недзе ў качагарцы пшоннай кашы й клікалі мяне есьці. Схаваўшыся, мы апляталі, як найвышэйшы прысмак, тую пасьнюткую кашу й цешыліся ўзаемна сваім таварыствам, як увайшла днявальная ад начальства, нейкая Зінка — сучка й стукач адумысловая, і паклікала мяне на вахту. Была яна злосная, як зьвер, і нешта буркнула наконт бунтаўшчыкоў у лагеры. У чым, думаю, тут загваздка? На вахце сядзелі нейкія начальнікі незнаёмыя й наш лагерны опер. Аб гэтым оперы я чула не благое. Адна мая знаёмая некалі была ў яго днявальнай і сказала, што бн мяне цэніць і людзей наагул шкадуе. Але той цяпер выйшаў, і на яго месца прыйшоў нехта другі. Мяне заўсёды выклікалі тры чалавекі, чаму? Ня ведаю. За столікам сядзеў ваенны, невысокі сіваваты чалавек. Пасьля апавяшчэньня, як звычайна, пэрсаналіяў, ён паглядзеў на мяне нейк пранікліва й сказаў: «Говорите!» Я маўчу, бо скуль магу ведаць, чаго нехрыст хоча? «Говорите или не говорите, смертного наказання вам не избежать!» Моцна падкрэсьлівае «не говорите» й глядзіць на мяне ва ўпор. Скуль я ведаю гэтага чалавека? Скуль? Што за несуразнасьць? Я яго ведаю са сну! Гэта ён мяне выцягваў з ямы ў сьне, калі я йшла пустою тундраю ад адное царквы да другой! Я ўвалілася ў яму, з якой мне было ня вылезьці, і ён гэта, ён, той самы сіваваты чалавек з чорнымі бліскучымі вачыма, мяне выцягнуў з ямы за руку. Што за кашмар! «Дык што вы маўчыце?» Кажу: «Я ня ведаю, у чым справа, пытайцеся». — «Дык хто Паўлаў, хто Рудкоўскі, кажэця, а то скажаце ў вязьніцы ў Інце, прымусім!» — «Згінь ты, прападзі, — думаю, — нелюдзь ты няшчасны». Кажу: «Ня ведаю я такіх людзей!» — «Говорите, смертного наказания вам не избежать», — зноў гаворыць. Ах так, дык ведай, каце: «Забралі вы мне маю Бацькаўшчыну, маяго сына й мужа, дык жыцьцё тут найменшая рэч, чаго ж чакаеце? Бяз волі Божае волас не ўпадзе з мае галавы, і я вас не баюся!» Крычу, быццам гэта ня я гавару, і страху — ніякага. «Дык Паўлаў з вамі не па адной справе?» — «Не, — кажу, — такога ня ведаю!» — «Дык ідзеця, рэшту скажаце ў Інце». I ўсё! Я выкацілася з той вахты. Пачынаўся канцэрт, і мне было трэба адзяваць тых балерынаў. Іду я на тую сцэну, калені ўгінаюцца, але маўчу. Бачу, стаіць опер у зале, глядзіць на мяне, ледзь не крычыць з болю. Эстонка Эльвіра нясе мне папяросу, хоць ведаюць усе, што не куру зроду. Няўжо ў мяне такі дурны выгляд? Мяне пачынае трэсьці, я ўцякаю недзе ў кут і раву, як жывёла. Мне сорамна, але сталася так. У лагеры ўжо ўсе ведаюць і якім чынам? Што ж, забяруць мяне, але ў мяне ёсьць вартасная рэч, гэта здымак,

на якім муж, сын і я. Прыслаў мне яго ў адным сваім жудасным лісьце мужаў бацька. Яго трэба захаваць, мне ўжо ня выйсьці… Бедны дарагі Сямён, якая ж трагэдыя… Назаўтра панесьлі мілыя ўкраінкі здымак, каб перадаць яго беларусам у мужчынскія лагеры. Я чакала, калі мяне возьмуць на тыя мучэньні ў Інту. Мяне ўсё ня бралі. Я зсохла, маўчала.

Аднойчы прыйшла да мяне лагерная парыкмахерша мянчанка Дзіна й сказала, што ў яе брыўся палкоўнік усяго інцінскага МГБ і пытаўся, ці яна мяне ведае й хто я паводле яе. Дзінка сказала, што я старэйшая, вельмі тактоўная й спакойная жанчына. Ён сказаў ёй, што гэта самая небясьпечная птушка ва ўсім лагеры, якой ён прыгразіў «сухарыкамі» (вязьніцай) і радзіць ёй прыціхнуць… Як аказалася, гэта быў той тып, што мяне выклікаў. Так мяне й не забралі. Раманчук прасіў мяне пісаць другім толькі з яго ведама, каб пазьбегнуць стукачоў. Трэба было падымаць крыху «кашаедаў», каб думалі. Пісаць толькі й выключна любоўныя эпісталы для бясьпекі, між радкамі ўпісваць усю рэшту. Прымушаць людзей думаць.

Дарога ў Інце была адна. Па ёй кожны дзень праходзілі даўжэзныя вужы калонаў зьняволеных на працу — з працы. Мы — на вытарфоўку, капаць канавы ля дарог альбо пад водаправод ці газ у Інце. Часамі — чысьціць сьметнікі ў пасёлку. Тады дзяўчаты з Прыбалтыкі гаварылі: «Ну й гэтае начальства — на грамы ядуць, на кілаграмы с…» А жонка яўрэйскага рабіна, вельмі мілая Міна Барысаўна, казала: «У нас быў сьвяты Гаман, яму лілі г… на голаў, але нам горай! Калі кіркуем, дык яно нам ляціць у рот…» Мужчыны йшлі ў шахты, доўгім, доўгім чорным шнуром. Усіх нас вадзілі пераважна з сабакамі. Яшчэ йшлі мужчыны на будоўлю. Так мы сустракаліся, міналіся па дарозе, нейк перадавалі запіскі, хоць канваіры дурэлі са злосьці й часамі стралялі.

Аднойчы мы капалі ў Інце канаву пад нешта там, а воддаль мужчыны, ведама нашыя, зьняволеныя ставілі дом. Паляцелі з каменьчыкамі запіскі. Пісаў мне з таго дому нейкі паляк. Перадаваў ад Сямёна словы: «Ідзем на дно, трымаемся моцна». Сядзеў гэны хлапец з імі ў Інце ў вязьніцы. Пісаў ўжо ад сябе, што мяне затуляюць яны, ашчаджаюць. Маё становішча было ня так страшнае, бо хлопцы мяне ні ў якую справу не ўцягвалі, ад мяне патрабавалася вершаў, вершаў і яшчэ раз вершаў — родных, беларускіх. Гэта знача — агітацыя, а за яе даюць 10 гадоў. Што ж яны мне маглі падкінуць, калі ў мяне ўжо было чвэрць стагодзьдзя. Прытым я лічылася чужынкай, хоць і без грамадзянства, але ня іхняй. Гэта й толькі гэта мне захавала жыцьцё. Знача, Сямён цярпеў, а з ім і. другія.

Летам нас далёка не вадзілі. Праўда, як я даведалася аб правале хлопцаў, мне не схацелася болей быць у той іх культбрыгадзе, дый усе мае сяброўкі-ўкраінкі пераважна працавалі на агульных работах. Я падала заяву, што не хачу быць у гэтай брыгадзе. За пару дзён Тамара Вераксо, наш брыгадзір, аддала мне тую заяву назад, але я ўперлася, што там ня буду, і мяне за кару далі ў цяжкую брыгаду першай катэгорыі на самыя горшыя працы.

Ля нашай зоны воддаль быў клуб салдацкі, гдзе пад восень судзілі хлапцоў. Кажуць, судзілі іх 60 чалавек з воль нымі разам. Інта была, здаецца, першай ластаўкай бунту вязьняў. Пасьля былі Варкута, страшны Нарыльск і іншыя лагеры. Дарога адна. Вязуць у клуб судзіць закованых хлопцаў, і насустрач заўсёды нейкая з нашых брыгадаў. Хлопцы нам перадаюць прывітаньні. Пераважна беларусцы Ларысе Геніюш. Так амаль кожны дзень, Вечарам прыходзяць дзяўчаты рознай нацыянальнасьці і ўсее мне нясуць тыя прывітаньні. А я зьнемаглася з гора, што я ня з імі, ня разам, ня там… Нарэшце дзень, калі я гару ад тэмпэратуры, паліць мяне, мяне не выводзяць на працу. Ляжу. Вечарам прыходзяць брыгады, да мяне ніхто не заходзіць, лагер маўчыць. Аж паціху, пакрысе йдуць адна за адiной, шкадуюць мяне… Закованыя, ужо засуджаныя хлопдня прасілі мне перадаць, што іх засудзілі на сьмерць… 12 чалавек. Раманчук перадаваў мне свае апошнія сяброўскія слоовы, тады савецкі афіцэр ударыў яго па твары, і ён яшчэ сказаў: «Пашто мяне б’еш?..» Я маўчала, як гроб, атупела з гэтага болю.

Так першыя беларусы пачалі першы велькі бой супраць зьдзеку. Яны загінулі, а кашаеды, сябры іх, якія ад iх адракліся, вельмі асуджалі пасьля гэтых герояў, што пасьмелі выступіць супраць такога насільля. Гадка было слухаць, чытаць высказваньні ўсякіх […] і іншай набрыдзі прадажнай і гадкай. Бог і Зямля нашая няхай іх некалі судзяць!

Хлапцы яшчэ сядзелі па БУРах, яшчэ іх не адразу забілі. Такім чынам, яны пасьпелі перадаць людзям весткі абэа мне, каб навязалі кантакты. Мне ўсё ня верыцца, як той Люцынцы, да сяньня ня верыцца, што Сямёна забілі. Невысокі, каранасты, круглатвары хлапец з душою, адданаю Беларусі. Як жа забыць аб ім? Уцякаў з менскай вязьніцы, у якой чуў, як Кастусь Езавітаў аднойчы ноччу крычаў: «Бывайце, сябры. Я, генерал беларускі Езавітаў, паміраю, прысуджаны бальшавікамі да найвышэйшай меры пакараньня…» А ў лагеры цягнулі й цягнулі тых, якіх не пасьпелі вынішчыць немцы й штрафныя роты саветаў. Балела сэрца, і ня цяжка было цярпець з імі, цяжэй было б у гэты час раз’яжджаць у галубых экспрэсах, як гэта рабілі іншыя, заліваючы гарэлкаю нячыстыя сумленьні.

Доўга пасьля гэтага суду цікавіліся мною канваіры, стараліся запыніць, зачапіць мяне словам: ці я з Чэх? Адзін часта падыходзіў да нашай брыгады на працы й казаў мне, што я — гэта розум. Другі прасіў напісаць яму верш аб зьняволенай дзяўчыне нашай, якую ён кахае й якой ніколі ня можа ўзяць за жонку. Памятаю пару слоў з гэтага верша:

Догорают грустно огоньки костра, летят мои мысли с темно-синим дымом, ты мне как невеста, ты мне как сестра, почему не можешь быть женой любимой…
Поделиться:
Популярные книги

Отверженный III: Вызов

Опсокополос Алексис
3. Отверженный
Фантастика:
фэнтези
альтернативная история
7.73
рейтинг книги
Отверженный III: Вызов

Мастер 5

Чащин Валерий
5. Мастер
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 5

Княжна. Тихоня. Прачка

Красовская Марианна
5. Хозяюшки
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Княжна. Тихоня. Прачка

Крещение огнем

Сапковский Анджей
5. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.40
рейтинг книги
Крещение огнем

ЧОП "ЗАРЯ". Книга вторая

Гарцевич Евгений Александрович
2. ЧОП ’ЗАРЯ’
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
ЧОП ЗАРЯ. Книга вторая

Истинная со скидкой для дракона

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Истинная со скидкой для дракона

Два лика Ирэн

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.08
рейтинг книги
Два лика Ирэн

Барон Дубов 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Его Дубейшество
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон Дубов 3

Дочь моего друга

Тоцка Тала
2. Айдаровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Дочь моего друга

Бывшие. Война в академии магии

Берг Александра
2. Измены
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Бывшие. Война в академии магии

Элита элит

Злотников Роман Валерьевич
1. Элита элит
Фантастика:
боевая фантастика
8.93
рейтинг книги
Элита элит

Предатель. Цена ошибки

Кучер Ая
Измена
Любовные романы:
современные любовные романы
5.75
рейтинг книги
Предатель. Цена ошибки

Внешники такие разные

Кожевников Павел
Вселенная S-T-I-K-S
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Внешники такие разные

Секретарша генерального

Зайцева Мария
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
короткие любовные романы
8.46
рейтинг книги
Секретарша генерального