Таямніцы полацкай гісторыі
Шрифт:
Прафесар атрымаў дазвол наведваць імператара ў любы час і заходзіць у кабінет без дакладу. Пад уплывам Грубэра Павел I у 1801 годзе дабіўся ад Ватыкана афіцыйнага прызнання езуіцкага ордэна ў Расійскай імперыі. Пра давераную асобу цара дачуўся Напалеон. Ён наладзіў з прафесарам таемнае ліставанне, маючы на мэце разарваць хаўрус Санкт-Пецярбурга з Лонданам. Неўзабаве расійскія газеты ўзяліся ганіць усё англійскае. Справа ішла так паспяхова, што быў спалены ўвесь наклад выдадзенага ў полацкай езуіцкай друкарні календара на 1800 год, куды трапіў ухвальны артыкул пра брытанскі каралеўскі флот.
Грубэр заняў пасаду рэктара створанага ім у Пецярбургу
У 1802 годзе айца Габрыэля абралі генералам ордэна. Яго называлі «душой, розумам і правадыром беларускіх езуітаў». Можна ўявіць, колькі ворагаў у праваслаўнай сталіцы прагнулі яго смерці. Праз тры гады пецярбургская рэзідэнцыя Таварыства Ісуса загарэлася і езуіцкі генерал задыхнуўся ў дыме. Прах прывезлі ў Полацк і пахавалі побач з парэшткамі іншых генералаў у сутарэннях Спасаўскага храма. (У 1808-м у сталіцу Таварыства Ісуса быў перанесены з Пінска прах закатаванага ў 1657 годзе і кананізаванага Рымам прапаведніка Андрэя Баболі.)
Магчыма, у свае апошнія хвіліны Грубэр успомніў даўнюю мару: ператварыць Полацкі калегіум у другі пасля Віленскага універсітэт на землях былога Вялікага Княства.
План Габрыэля Грубэра ажыццявіў наступны генерал ордэна паляк па нацыянальнасці Тадэвуш Бжазоўскі (1749–1820). У 1782 годзе гэты варты нашай памяці сябра Таварыства Ісуса атрымаў у Полацкім калегіуме кафедру тэалогіі; адначасова ён выкладаў французскую мову і распачаў актыўную дзейнасць у перакладзе твораў французскай і італьянскай літаратур. Маючы прамоўніцкія здольнасці і добра валодаючы пяром, Бжазоўскі паспяхова падтрымліваў сувязі з уплывовымі расійскімі палітыкамі Р. Пацёмкіным, А. Галіцыным, А. Разумоўскім. Апошняму ён і падаў у 1810 годзе просьбу аб стварэнні ў Полацку акадэміі.
Надзейным і моцным хаўруснікам Бжазоўскага ў гэтым клопаце стаў вядомы ў Еўропе філосаф і дыпламат граф Жазэф дэ Мэстр, які тады служыў у Расіі пасланнікам сардзінскага караля і меў значны ўплыў на цара і многіх пецярбургскіх арыстакратаў. Праграмаю дэ Мэстра была еўрапеізацыя ў Расійскай імперыі ўлады і адукацыі, і галоўную стаўку ў дасягненні мэты ён рабіў на беларускіх езуітаў. У лістападзе 1811 года на асабістай сустрэчы з Аляксандрам I сардзінскі граф дабіўся згоды на адкрыццё ў Полацку вышэйшай навучальнай установы. Імператар быў ужо падрыхтаваны, бо за месяц да аўдыенцыі атрымаў праз А. Галіцына афіцыйны рапарт на сваё імя, напісаны Тадэвушам Бжазоўскім.
Дэманструючы да Таварыства Ісуса спадчынную прыхільнасць, імператар Аляксандр I 12 студзеня 1812 года выдаў указ: «Во уважение представленного Нам желания Белорусского дворянства и пользы для наук от соревнования между несколькими училищами равной степени, признали Мы за полезное возвести Полоцкую иезуитскую коллегию на степень Академии с присвоением ей преимуществ, дарованных университетам». Alma mater Polocensis стала шостай па ліку ў Расійскай імперыі вышэйшай навучальнай установай з універсітэцкім статусам.
У пераліку дадзеных акадэміі прывілеяў было запісана: «Академия имеет право возводить в ученые степени, как то: в достоинство магистров и докторов свободных наук и философии, также в доктора богословия и права. По
Адкрыццё акадэміі адбылося 10 чэрвеня, перад самым пачаткам напалеонаўскага паходу. Сваёй пышнасцю свята пераўзышло сустрэчу Кацярыны II. 3 усёй Літвы-Беларусі ў горад сабралася каталіцкае і уніяцкае духавенства, шляхта, прыехалі граф Жазэф дэ Мэстр і беларускі генерал-губернатар герцаг Аляксандр Вюртэмбергскі. 3 літургіі ў саборы святога Стэфана ўсе рушылі ў вялікую езуіцкую залу, дзе на залатой падушцы ляжала грамата, якая абвяшчала Полацк універсітэцкім горадам. Прывітальныя прамовы і вершы з гэтае нагоды прагучалі на сямі мовах, у тым ліку і па-беларуску.
Пад гукі аркестраў і артылерыйскі салют працэсія перанесла гэты дакумент у сабор. Наперадзе ішлі падзеленыя на пяць класаў выхаванцы калегіума, за імі — манахі-езуіты, далей — менскі каталіцкі біскуп з граматай, пячатку і кутасы якой падтрымлівалі двое шкаляроў у белых строях, потым — герцаг са світаю. Па-над галовамі лунала семдзесят сцягоў з гербамі народаў імперыі. У саборы святога Стэфана грамату чакаў упрыгожаны пурпурам трон, на які яе ўсклалі пасля ўрачыстага чытання. Уся дзея адбывалася паводле старадаўняй беларускай традыцыі афіцыйных святкаванняў, якая склалася ў гарадах з магдэбургскім правам.
На шыкоўным абедзе пілі за новы беларускі універсітэт. Увечары пляц перад акадэміяй успыхнуў агнямі ілюмінацыі. У цёмнае зорнае неба павольна падняўся аграмадны размаляваны жывапісцамі шар з лацінскім надпісам: «Лячу радасна і бесклапотна пад абаронаю Аляксандра».
Езуіты неадкладна выкарысталі права прысуджаць навуковыя ступені: першага рэктара акадэміі Антона Люстыга ўзвялі ў дактары тэалогіі, а айца Анджыяліні — у дактары тэалогіі і філасофіі. Апярэджваючы падзеі, заўважым, што з 1814 да 1820 года 33 выкладчыкі акадэміі сталі дактарамі тэалогіі, 11 — дактарамі тэалогіі i кананічнага права. Ступені магістра тэалогіі атрымалі 13 чалавек, магістра філасофіі — 9, кандыдата філасофіі — 27.
Незалежна ад сапраўдных мэтаў расійскіх уладаў, ээххадкрыццё новай акадэміі сталася прызнаннем і пацверджаннем значнасці Полацка як старажытнай сталіцы беларускіх земляў і цэнтра іх асветы. Варта заўважыць, што акадэмія была выведзеная з падпарадкавання Віленскай навучальнай акрузе, што азначала незалежнасць ад першай вышэйшай школы былога Вялікага Княства. Разам з падначаленымі ёй езуіцкімі калегіумамі alma mater Polocensis утварала, па сутнасці, асобную навучальную акругу, што абумоўлівала ўзнікненне паміж Полацкам і Вільняй пэўнай напружанасці.