Я з вогненнай вёскі...
Шрифт:
— Ай, пан, а кіндары? Кіндары, а божа ж мой, дзе мае кіндары!
А яны ў хаце. Даводзіць яе да нас, к нашай хаце:
— Быстра, быстра!
Немец так. А жэншчына, што ездзіла па адзежу, ета крычыць… Тут яе матка. Чацвёра ці пяцёра ў яе было дзяцей, Яна крычыць:
— Ма-а-ма, вядзі дзяцей!
Маці як вывела дзяцей — яна з хаты, а мая сястра ў хату, а сестрыны дзеці — на печы спяць. I ён прычыніў і павёў нас.
Пытанне: — Асястраасталасяўхаце, з дзецьмі?
— Ага. I яшчэ некаторыя жэншчыны асталіся ў хаце. Ну, ладна. Прагналі на канец сяла. Сюды во, як едзеш во з Быхава, дзе астаноўка там, сюды прыгналі. Сяйчас прыгналі, ну, і тут паставілі. Паставілі, ну, і стой тут. Божа
— Дзетачкі, чаго вы крычыцё, памучуць трохі, пастрашуць і пусцюць.
Ну, тут і мы ўжо, мы тут ужо каніцелімся:
— А бабачкі, а любачкі, а што дзелаць, куды пагонюць?
— Нікуды не пагонюць, — заяўляе паліцэйскі, — паб'ём, папалім. Усё вам!
Ну, і тут во яны яшчэ раз выстралілі. Цераз выстрал гэтыя людзі сталі ўжо каніцеліцца. Яны сяйчас заварочваюць:
— Ком, рус, ком, ком у хату!
Увагналі нас сюды ў хату ў гэту. Там, праўда, у гэтай хаце мосту не было. Тады, як бамбёжка была, дык вырывалі масты, гэту падлогу і ўсё гэта. Думалі: «Паедзем у лес і пасядзім, а вайна кончыцца, дык прыедзем, хоць зямлянку якую з тых дошак здзелаць». Мосту там не было. Ну, і нас сюды. I вочарадзь — р-р-р-р! З кулямёта ў дзверы. Каго ўбілі, каго ранілі. Дзверку закалочваюць і запальваюць дом еты.
Там адзін кажа:
— Цётка Манька, хадзі во тутка свіціцца. Ямка такая — бульбу сыпалі.
— Свіціцца! Дайка мы будзем драць гэту зямлю. А я ўжо ранена. Мне ўжо некуды. Уся во так у
крыві. Босая. Пакроўка, сняжок ужо, босая і ўся ўжо во так у крыві, голая ж! А божа ж мой! Давай мы так калупаць, давай. Ды ўжо прыцемкам, так во на змярканні.
— Лезь, чаго не лезеш!
Я палезла. Вылезла! I ён за мной. Дык я ўжо як вылезла, папаўзла ў ямкі — там колесь кірпіч дзелалі. Дык я ямкамі і там на агарод, там двор — я туды. Божа ж мой, — сабака!.. Ну, як сабака — я на агарод і попаўзкам, попаўзкам… Стажок стаяў — я пад гэты стажок рачочкам. I ўжо ў мяне ўсё… Во тут вырвала кусок, і цяпер рана ёсць тая. Ну, і ляжу. Думаю… Толькі ляжу, чую — кулямёт коціцца: тр-тр-тр. I немцы. Думаю, ну ўсё. Адтуль вылезла… Тут паміраць ужо буду. Ну, чую, крычыць Мархвачка тая, вечарам і крычыць:
— Лю-ю-дцы! Хадзіце дамоў-у-у, паны-ы завуць! Пытанне: — Гэта яны прымусілі крычаць?
— Прымусілі. Узялі і павялі. I загадалі: «Гукай усіх людзей». I яна крычыць:
— Людцы! Хадзіце дамоў, паны завуць!..»
На такую справу — каб лепей загнаць, выманіць з лесу, упаляваць людзей, у звяроў былі свае сабакі — паліцэйскія. Іх людзі так і празвалі — «бобікамі».
Расказвае Вольга Паўлаўна Грамовіч з Кліннікаў Докшыцкага раёна.
«…Мы ўсе сабраліся і паехалі ў лес. У лясу сядзелі тамака. Тады паехалі гэтыя немцы. Тут адзін быў паліцэйскі з нашай вёскі. Два было іх. Сяйчас яны прыскочылі… Зналі, дзе мы схаваліся. Прыскочылі:
— Едзьце дамой, вас ніхто трогаць не будзе. Не сядзіце ў лясу. Яны вас чапаць не будуць, толькі тыя будуць біць сем'і, каторыя ў партызанах.
Гэта Харчонак быў Кастусь, ужо ён памёр… Войніч Макар быў. Гэта яны нас агіціравалі, каб мы дамоў прыехалі. Каб мы ў лесе былі, то, можа, і засталіся б. Але яны ад нас не адсталі, пакуль мы дамоў не сабраліся.
Прыехалі мы дамой, а тут ужо немцы наехалі ў нашу вёску. Тут ужо ў нас было два ў партызанах. Дык адразу гэтыя сем'і забралі. А нас гэта не трогалі яшчэ.
Сядзяць дзяўчаты, сабраўшыся на вуліцы. Тут прышоў народнік [21]
— Тут Сушко Юля ёсць?
Ніхто нічога — маўчаць. Тады яна сама гаворыць:
— Ёсць.
— Ах, гэта вы?
— Я.
Так яна сама. Іхніх пагналі бацькоў, дык яна не хацела адна аставацца.
— Выхадзі!
А тады яшчэ пытаецца:
— А Сушко Зося?
— Ёсць.
Дзеўкі ўжо бальшыя.
Усе яны ночку пераседзелі на тым дварэ, а вот раненька, часоў у пяць, гонюць іх. Якраз каля нашай хаты, сюды на луг. А там пуня стаяла. Якраз мамін родны брат забраны быў. Мама мая як толькі ўвідзела, так і абамлела.
21
«Народнікамі» іранічна называлі ўласаўцаў.
— Мамачка, — кажу я, — нам усім гэтак будзе. Ну што ж, паб'юць — нічога не зробіш. Гады найшлі, то паб'юцьужо…
Павялі іх туды, дзе будыніна стаяла, загналі ў тую будыніну. Перш пабілі іх, а тады запалілі той будынак. З аўтамата. Толькі тры разы перавялі.
Тое ранне яны якраз і выбраліся ад нас.
Пайшоў народнік па лошадзь. А там мая цёця была. Білі яе і не дабілі. Яна ў палажэнні была. Жывая яшчэ была. Каля купелі [22] там ляжала. Народнік гэты прышоў за лошаддзю, а яна кажаць:
22
Купель (дыял.) — сажалка.
— Дзеткі мае, за што ж вы мяне білі, за што ж вы нас білі? Мы ж людзі бедныя, што ж мы так папалі. Мы ж гаравалі, жыць хочам, за што гэтак пабілі? Ай-яй-яй! Сямейку маю ўсю пабілі і мужа забілі. Дабіце вы ўжо і мяне, каб я на гэтым свеце не была.
Во так… Так во…
I вот той «бобік» — а немцы яшчэ не паехалі — пайшоў заявіў, і адзін прышоў, дабіў яе. Цёцю маю.
Забілі, коні пазапрагалі, сабраліся і паехалі.
А мы ўжо тагды пашлі глядзець, дзе хто ёсць. Можа, дзе хто жывы.
Жывога нікога не аказалася. Толькі адна яна была выпаўзла, і яе забілі.
Ваду насілі… Вядома ж, гараць людзі! Тушылі іх. Адзежу якую збіралі, на кладбішча заняслі іх і пахавалі.
Вот і ўсё.
Мой тата тожа на агародзе быў.
Узялі сундук вялікі, сабралі, што ад іх засталося, у той сундук і на кладбішча завязлі…»
Чалавек, на якога абрынуўся фашысцкі «новы парадак», абжывае лес. Робіць і абжывае норы, ратуючыся ад звера ў мундзіры.
Расказвае Зінаіда Іванаўна Путронак з Барковіч Верхнядзвінскага раёна.
«…У лесе мы пастроілі зямлянкі. I жылі там да экспедыцыі.
Калі пачалася экспедыцыя зімой, то часць партызан прарвалася за фронт, і часць насялення з імі пайшла. Мы ж засталіся. Тры сям'і нас жылі ў балоце, пака экспедыцыя. Экспедыцыя радам ішла, але нам якраз удалося. Толькі мы зайшлі ў балота, і прайшоў снег. Гэта якраз перад Новым годам было. У сорак трэцім, мабыць, зімой. Скот мы не бралі. Толькі нас было чатырох, маці і тры сястры. Там яшчэ дзве сям'і. Тры сям'і нас. Без ската выйшлі ў гэта балота. Снег прайшоў — сляды завеяла, і экспедыцыя радам ішла ноччу. Помню — Новы год сустрачалі немцы, стралялі, салют давалі ў дванаццаць часоў. Новы год. I мы ўсё — і разгаворы слышалі, і выстралы, усё слышалі, але асталіся. Немцы не дагадаліся. А хто вёз на канях і скот з сабою, тых усіх экспедыцыя дагнала і расстраляла. Мы после вышлі, кагда ўсё ўціхла, прайшлі па лясу — жуткая была карціна. Мы прашлі да сваіх зямлянак. Ляжалі трупы, коні, каровы, парасстрэльваныя, — жуткая карціна была…