Яго батальён
Шрифт:
Затуліўшыся ад ветру, камбат ціха стаяў ля бруствера, агорнуты ноччу, сцюжай і цішынёй. У дваццаці кроках наперадзе скупа бялеў у хмыззі лёд — шэрыя, аплаўленыя, з умерзлай травой плахі паміж куп'я, за якім на голым крутаватым схіле, прытаіўшыся, рабілі сваю справу немцы. I, дзіўная справа, тут, дзе было куды бліжэй да іх, чым ад яго КП, камбату адчувалася куды як спакайней, тут знікала адзінота, заступала адчуванне туташнасці з уласцівай яму ўтульнай надзейнасцю, якую магчыма адчуць толькі дома. Так, ягоны батальён
Калі вярнуўся Муратаў, ён ціха стаяў ля ягонага акопчыка, і лейтэнант, мусіць, падумаўшы, што камбат нешта слухае, сціпла спыніўся побач. Валошын сапраўды ўслухоўваўся, чакаючы якога сігналу з-пад змрочных гарбоў за балотам, але адтуль не далятала ні гуку, адно толькі на балоце шастаў голым кустоўем вецер. Разведчыкі нібы прапалі — ці то яшчэ дабіраліся да нямецкай пазіцыі, ці, можа, ляіжалі дзе каля яе.
Валошын няспешна пайшоў па-над ланцугом у напрамку да роты Кізевіча, Муратаў са зважлівай маўклівасцю скіраваў следам.
— Як вы размеркавалі папаўненне? — напаўголаса запытаў камбат.
— Усіх у адын узвод.
— Усіх? А камандзір узвода?
— Сам буду камандыр узвода. Буду под рукой дэржаць. Сам — гэта ўжо стыль Муратава. Не любіць чакаць,
перакладваць на іншых. Зрэшты, цяпер, мабыць, не было на каго і перакласці: з узводных сярэдніх камандзіраў ніводнага, сяржантаў на роту два чалавекі, можа, так будзе і лепш, калі сам.
Недзе павінен быў пачацца ланцуг дзевятай, разрыву ў яе з восьмай амаль не было. Ля акопчыка сядзелі і стаялі, павылазіўшы на паверхню, байцы, некаторыя капалі, відаць, каб не мерзнуць дарма. Камбата з камандзірам роты пазнавалі здаля, па размове — мусіць, тут былі стараслужачыя.
— Ну і які настрой у новенькіх?
— А, какой настрой! Прысталі, спаць хацят. Акапывацца не хацят.
— Акапацца трэба.
— Я сказал: одын ячэйка на два чалавек.
— Во як?
Вядома, гэта было няправільна. Двум чалавекам у адной ячэйцы можна хіба што хавацца ад артабстрэлу, але не самім весці агонь. Трэба б акапацца як мае быць — кожнаму па ячэйцы ў рост, калі б толькі быў час. А так, вядома, ноч пракалупаюцца ў зямлі, а заўтра ў баі будуць як сонныя мухі,— што тады з іх возьмеш?
Муратаў засяроджана маўчаў, нібы пакрыўджаны, хоць крыўдзіцца, здаецца, не было за што. Валошын гэта адчуў, пачакаў крыху і запытаў:
— А ў вас як настрой?
— А што настрой! Плахой настрой, — проста сказаў лейтэнант.
— Гэта чаму?
— Часы сталі.
— Якія часы?
— Мой часы. Взял і стал. Паслушал — стаіт. Завёл — стаіт.
— Ну і што? — падумаўшы, запытаў камбат.
— Так, нічего, — скупа адказаў ротны.
— Значыць, барахло часы. Кіраўскія?
— Нямецкія.
— Ну нямецкія — штампоўка. Гэта не часы, а дрэнь.
Ён дастаў з кішэні важкаваты круглячок трафейнага швейцарскага гадзінніка, звыкла адчуваючы пад рукой жвавае металічнае цоканне яго механізма. На цыферблаце, які заззяў у цемры зялёнымі іскрынкамі, было без малага дзве гадзіны ночы.
— Мой барахло, — пагадзіўся Муратаў.— У Рубцова взял. Артподготовка был, Рубцов пасмотрел: стоят. Говорит, на, Муратов, мне уже не понадобятся. В атаке пуля попал под каску.
Сэнс гэтых звычайна сказаных слоў непрыемна-прадчувальным дотыкам слізгануў па адчуваннях. Валошын унутрана сцяўся, але тут жа валявым намаганнем перасіліў сябе і амаль бадзёра зазначыў:
— Глупства. Прастое супадзенне — не болей.
Сам сабе ён падумаў, што колькі ўжо загінула ў батальёне і з гадзіннікамі, якія не спыняліся, і без гадзіннікаў наогул, і з дрэнным прадчуваннем, і з самым лепшым. Аднак ён не паспеў колькі-небудзь пераканаўча супакоіць ротнага, калі непадалёк ля светлае плямы свежанакапанай зямлі заварушылася знаёмая сутулаватая постаць у паўшубку. Гэта быў камандзір дзевятай Кізевіч. Той таксама пазнаў камбата і, павярнуўшыся да яго, прычакаў.
— Ці не ў пяць ужо атака? — запытаў ён хрыплавата-іранічным басам.
— Атака ў свой час, — суха сказаў камбат, прыпыняючыся. — Як вы забяспечылі фланг?
— Фланг? — перапытаў Кізевіч і пераступіў ля бруствера. Можна было падумаць, што ён толькі цяпер успомніў пра гэтае ліха — фланг, які быў для яго роты адкрыты ва ўвесь белы свет, і не ведаў, як бы яму адказаць.
— Ну так, фланг, — пацвердзіў Валошын і цярпліва счакаў паўхвіліны, звыклы да медзведзяватай нетаропкасці і камроты-9.
— Павярнуў два ўзводы, і капаюць.
— А папаўненне?
— I папаўненне капае. А што ж яму — спаць?
— Папаўненню дайце адпачыць. Хай старыя папрацуюць.
Кізевіч змоўчаў, і Валошын падумаў, што ўвогуле, калі мець на ўвазе заўтрашнюю задачу, дык капаць адсечную пазіцыю на фланзе, можа, і не было патрэбы. Але хай. Можа так здарыцца, што спатрэбіцца і адсечная, тым болей што і Кізевіч таксама пра тое вось не забыўся.
— Вазьміце для ўзмацнення ўзвод ДШК.
— Гэта всягда пажаласта, — дабрадушна азваўся Кізевіч.
— I глядзіце мне фланг. Атака само сабой. А фланг — ваша асобая задача.
— Будзе забяспечана, — усё з той жа іранічнай лёгкасцю запэўніў Кізевіч.
Штосьці западозрыўшы ў паводзінах камроты, Валошын зрабіў крок наперад і ледзьве не ўпрытык стаў перад ім. Кізевіч, блажэнна ўсміхаючыся ў цемры, нават не саступіў убок.
— Зноў? — са сцішанай злосцю запытаў камбат.
— Наркомаўскія. Дальбог, не болёй.
— Здаецца, вы ў мяне дастукаецеся, — пасля паўзы ціха зазначыў Валошын. Кізевіч паспрабаваў пакрыўдзіцца.