Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны
Шрифт:
Ён заплюшчыў вочы і раптам убачыў смажаную курыцу на талерцы.
Жвава расплюшчыў вочы, — курыца на талерцы знікла.
Ён зноў заплюшчыў вочы, — убачыў талерку маннай кашы папалам з малінавым варэннем.
Расплюшчыў вочы, — няма талеркі маннай кашы папалам з малінавым варэннем.
Тады Бураціна здагадаўся, што яму страшэнна хочацца есці.
Ён падбег да камінка і сунуў нос у кацялок, што кіпеў на агні. Але доўгі нос Бураціна праткнуў наскрозь кацялок, таму што, як мы ведаем, і камінак, і агонь,
Бураціна выцягнуў нос і паглядзеў у дзірку, — за палатном у сцяне было нешта падобнае на невялікія дзверцы, але там было так заткана ўсё павуціннем, што нічога не разабраць.
Бураціна пайшоў шукаць па ўсіх кутках, — ці не знойдзецца скарыначкі хлеба або курынай костачкі, абгрызенай кошкай.
Ах, нічагусенькі, нічагусенькі не было ў беднага Карла прызапашана на вячэру!
Раптам ён убачыў у кошыку са стружкамі курынае яйка. Схапіў яго, паставіў на падаконнік і носам — цюк-цюк — разбіў шкарлупіну.
Унутры яйка піскнуў галасок:
— Дзякуй, драўляны чалавечак.
З разбітай шкарлупіны вылезла кураня з пухам замест хваста і з вясёлымі вачыма.
— Да пабачэння! Мама Кура даўно мяне чакае на двары.
І кураня выскачыла праз акно, — толькі яго і бачылі.
— Ой, ой, — закрычаў Бураціна, — есці хачу!..
Дзень, нарэшце, перастаў цягнуцца. У пакоі сцямнела.
Бураціна сядзеў каля намаляванага агню і ад голаду паціхеньку ікаў.
Ён убачыў: з-пад лесвіцы, з-пад падлогі паказалася тоўстая галава. Высунулася, панюхала і вылезла шэрая жывёліна на нізкіх лапах.
Не спяшаючыся, яна пайшла да кошыка са стружкамі, залезла туды, нюхаючы і шныпарачы, — сярдзіта зашамацела стружкамі. Мабыць, яна шукала яйка, якое разбіў Бураціна.
Потым яна вылезла з кошыка і падышла да Бураціна. Панюхала яго, круцячы чорным носам з чатырма доўгімі валаскамі з кожнага боку. Ад Бураціна ядою не пахла, — яна пайшла міма, цягнучы за сабой доўгі тонкі хвост.
Ну, як яе было не схапіць за хвост! Бураціна зараз жа і схапіў.
Гэта быў стары злосны пацук Шушар.
З перапуду ён, як цень, кінуўся быў пад лесвіцу, цягнучы Бураціна, але ўбачыў, што гэта ўсяго толькі драўляны хлапчук, — павярнуўся і з шалёнай злосцю накінуўся, каб перагрызці яму горла.
Цяпер ужо Бураціна спалохаўся, выпусціў халодны пацукоў хвост і ўскочыў на крэсла. Пацук — за ім.
Ён з крэсла пераскочыў на падаконнік. Пацук — за ім. З падаконніка ён цераз усю каморку пераляцеў на стол. Пацук — за ім… І тут на стале ён схапіў Бураціна за горла, паваліў, трымаючы яго ў зубах, саскочыў на падлогу і павалок за лесвіцу, пад падлогу.
— Тата Карла! — паспеў толькі піскнуць Бураціна.
— Я тут! — адказаў гучны голас.
Дзверы расчыніліся, увайшоў тата Карла. Сцягнуў з нагі драўляны чаравік і шпурнуў ім у пацука.
Шушар,
— Вось да чаго даводзіць свавольства! — прабурчаў тата Карла, падымаючы з падлогі Бураціна. Паглядзеў, ці ўсё ў яго цэлае. Пасадзіў яго на калена, выняў з кішэні цыбулінку, ачысціў.
— На, еш!..
Бураціна запусціў галодныя зубы ў цыбуліну і з'еў яе, хрумстаючы і прыцмокваючы. Пасля гэтага пачаў церціся галавой аб шчаціністую шчаку таты Карла.
— Я буду разумненькі-разумненькі, тата Карла… Цвыркун, які ўмее гаварыць, сказаў мне хадзіць у школу.
— Слаўна прыдумана, малеча…
— Тата Карла, але ж я — голенькі, драўляненькі, — хлапчукі ў школе мяне засмяюць.
— Эге, — сказаў Карла і пачухаў шчаціністы падбародак. — Праўду кажаш, малеча!
Ён запаліў лямпу, узяў нажніцы, клей і абрыўкі каляровай паперы. Выразаў і склеіў куртачку з карычневай паперы і ярка-зялёныя штонікі. Змайстраваў туфлі са старой халявы і шапачку — каўпачком з кутасікам — са старой шкарпэткі.
Усё гэта надзеў на Бураціна:
— Насі на здароўе!
— Тата Карла, — сказаў Бураціна, — а як жа я пайду ў школу без азбукі?
— Эге, праўду кажаш, малеча…
Тата Карла пачухаў патыліцу. Накінуў на плечы сваю адзіную старую куртку і пайшоў на вуліцу.
Ён хутка вярнуўся, але без курткі. У руцэ ён трымаў кніжку з вялікімі літарамі і цікавымі малюнкамі.
— Вось табе азбука. Вучыся на здароўе.
— Тата Карла, а дзе твая куртка?
— Куртку я прадаў… Нічога, абыдуся і так… Толькі ты жыві на здароўе.
Бураціна ўткнуўся носам у добрыя рукі таты Карла.
— Вывучуся, вырасту, куплю табе тысячу новых куртак…
Бураціна з усяе сілы хацеў у гэты першы ў яго жыцці вечар жыць без свавольства, як навучыў яго цвыркун, які ўмее гаварыць.
Бураціна прадае азбуку і купляе білет у тэатр лялек
Назаўтра раніцай Бураціна паклаў азбуку ў торбачку і, падскакваючы, пабег у школу.
Па дарозе ён нават не глядзеў на ласункі, выстаўленыя ў крамах, — макавыя на мёдзе трыкутнічкі, салодкія піражкі і ледзянцы ў выглядзе пеўнікаў, насаджаных на палачку.
Ён не хацеў глядзець на хлапчукоў, якія пускалі папяровага змея…
Вуліцу пераходзіў паласаты кот Базіліо, якога можна было схапіць за хвост. Але Бураціна ўтрымаўся і ад гэтага.
Чым бліжэй ён падыходзіў да школы, тым мацней непадалёку, на беразе Міжземнага мора, іграла вясёлая музыка.
— Пі-пі-пі, — пішчала флейта.
— Ла-ла-ла-ла, — спявала скрыпка.
— Дзінь-дзінь, — бразгалі медныя талеркі.
— Бум! — біў барабан.
У школу трэба было паварочваць направа, музыка чулася злева. Бураціна пачаў спатыкацца. Самі ногі паварочвалі да мора, дзе: