Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны
Шрифт:
— Гэй, сіньёр Бураціна, пара, поўнач ужо…
У дзверы стукалі. Бураціна ўсхапіўся, працёр вочы. На ложку — ні ката, ні лісіцы, — пуста.
Гаспадар растлумачыў яму:
— Вашы паважаныя сябры мелі ласку раней устаць, падсілкаваліся халодным пірагом і пайшлі…
— Мне нічога не загадалі перадаць?
— Вельмі нават загадалі, — каб вы, сіньёр Бураціна, не трацячы ні хвіліны, беглі па дарозе да лесу…
Бураціна кінуўся да дзвярэй, але гаспадар стаў на парозе, прыжмурыўся, упёр рукі ў
— А за вячэру хто будзе плаціць?
— Ой, — піскнуў Бураціна, — колькі?
— Роўна адзін залаты…
Бураціна адразу ж хацеў прашмыгнуць міма яго ног, але гаспадар схапіў ражон, — шчаціністыя вусы, нават валасы над вушамі ў яго сталі дыбам.
— Плаці, нягоднік, а не — дык праткну цябе, як жука!
Давялося заплаціць адзін залаты з пяці. Пашмыгваючы ад такой крыўды, Бураціна пакінуў праклятую харчэўню.
Ноч была цёмная, — гэтага мала — чорная, як сажа. Усё навокал спала. Толькі над галавой Бураціна нячутна лятала начная птушка Сплюшка.
Закранаючы мяккім крылом яго нос, Сплюшка паўтарала:
— Не вер, не вер, не вер!
Ён са злосцю спыніўся:
— Чаго табе?
— Не вер кату і лісіцы…
— Ды ну цябе!..
Ён пабег далей і чуў, як Сплюшка стракатала наўздагон:
— Бойся разбойнікаў на гэтай дарозе…
На Бураціна нападаюць разбойнікі
На ўскрайку неба з'явілася зеленаватае святло, — узыходзіў месяц.
Наперадзе паказаўся чорны лес.
Бураціна пайшоў хутчэй. Хтосьці ззаду за ім таксама пайшоў хутчэй.
Ён кінуўся бегчы. Хтосьці бег за ім следам бясшумнымі скачкамі.
Ён азірнуўся.
Яго даганялі двое, — на галовах у іх былі надзеты мяшкі з прарэзанымі дзіркамі для вачэй.
Адзін, ніжэйшы ростам, размахваў нажом, другі, вышэйшы, трымаў пісталет, у якога дула пашыралася, як лейка…
— Ай-ай! — запішчаў Бураціна і, як заяц, кінуўся да чорнага лесу.
— Стой, стой! — крычалі разбойнікі.
Бураціна, хоць і быў страшэнна перапалоханы, усё ж здагадаўся, — сунуў у рот чатыры залатыя манеты і звярнуў з дарогі да агароджы, якая зарасла ажынай… Але тут двое разбойнікаў схапілі яго…
— Кашалёк або жыццё!
Бураціна, нібы не разумеючы, чаго ад яго хочуць, толькі часта-часта дыхаў носам. Разбойнікі трэслі яго за каршэнь, адзін пагражаў пісталетам, другі абшукваў кішэні.
— Дзе твае грошы? — роў высокі.
— Грошы, паршшшывец! — шыпеў нізенькі.
— Разарву на шматкі!
— Галаву адгрызу!
Тут Бураціна ад страху так затросся, што залатыя манеты зазвінелі ў яго ў роце.
— Вось дзе ў яго грошы! — завылі разбойнікі. — У роце ў яго грошы…
Адзін схапіў Бураціна за галаву, другі — за ногі. Пачалі яго падкідаць. Але ён толькі мацней сціскаў зубы.
Перавярнуўшы
Разбойнік, той, што ніжэйшы, пачаў шырокім нажом разнімаць яму зубы. Вось-вось ужо і разняў… Бураціна злаўчыўся — з усяе сілы ўкусіў яго за руку… Але гэта была не рука, а каціная лапа. Разбойнік дзіка завыў. Бураціна ў гэты час выкруціўся, як яшчарка, кінуўся да агароджы, нырнуў у калючую ажыну, пакінуўшы на калючках шматкі штонікаў і куртачкі, пералез на той бок і памчаўся да лесу.
На ўзлессі разбойнікі зноў дагналі яго. Ён падскочыў, схапіўся за галіну і палез на дрэва. Разбойнікі — за ім. Але ім заміналі мяшкі на галовах.
Ускарабкаўшыся на верхавіну, Бураціна разгойдаўся і пераскочыў на суседняе дрэва. Разбойнікі — за ім…
Але абодва тут жа сарваліся і грымнуліся вобземлю.
Пакуль яны кракталі і чухаліся, Бураціна саслізнуў з дрэва і кінуўся бегчы, так хутка перабіраючы нагамі, што іх нават не відаць было.
Ад месяца дрэвы адкідвалі доўгія цені. Увесь лес быў паласаты…
Бураціна то знікаў у цені, то белы каўпачок яго мільгаў у святле месяца.
Так ён дабраўся да возера. Над люстранай вадой вісеў месяц, як у тэатры лялек.
Бураціна кінуўся ўправа — гразка. Улева — гразка… А ззаду зноў затрашчала сучча…
— Трымай, трымай яго!..
Разбойнікі падбягалі ўжо, яны высока падскаквалі з мокрай травы, каб убачыць Бураціна.
— Вось ён.
Яму заставалася толькі кінуцца ў ваду. У гэты час ён убачыў белага лебедзя, які спаў каля берага, засунуўшы галаву пад крыло.
Бураціна кінуўся ў азярцо, даў нырца і схапіў лебедзя за лапы.
— Го-го, — загагатаў лебедзь, прачынаючыся, — што за непрыстойныя жарты! Пакіньце мае лапы ў спакоі!
Лебедзь распасцёр вялізныя крылы, і ў той час, калі разбойнікі ўжо хапалі Бураціна за ногі, што тырчалі з вады, лебедзь паважна паляцеў цераз возера.
На тым беразе Бураціна выпусціў яго лапы, пляснуўся, усхапіўся і па мохавых купінах, праз чарот кінуўся бегчы проста да вялікага месяца — над узгоркамі.
Разбойнікі вешаюць Бураціна на дрэва
Ад стомленасці Бураціна ледзь перастаўляў ногі, як муха восенню на падаконніку.
Раптам праз галінкі арэшніку ён убачыў прыгожую палянку і пасярод яе — маленькі, асветлены месяцам домік на чатыры акенцы. На аканіцах намаляваны сонца, месяц і зоркі.
Навокал раслі вялікія блакітныя кветкі.
Дарожкі пасыпаны чыстым пясочкам. З фантана біў тоненькі струмень вады, у ім падскакваў паласаты мячык.
Бураціна рачком узлез на ганак. Пастукаў у дзверы. У доміку было ціха. Ён пастукаў гучней, — мабыць, там моцна спалі.