Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
— Слухай, Ларэнца, ты заўсёды мне мілы і, спадзяюся, такі і застанешся, але ты павінен ведаць, што з гэтай хвіліны я табе ўжо не Радрыга.
Ларэнца збянтэжыўся.
— Не разумею цябе. Як гэта?
— Я твой начальнік, ясна цяпер?
— Ты? О Радрыга…
У першым парыве радасці Ларэнца хацеў кінуцца абнімаць, але той суха яго асадзіў.
— Хвіліну назад вялебны айцец назначыў мяне капітанам сваіх служак. Пачакай, не перабівай. Гэта адно. І другое: ты яшчэ вельмі малады, Ларэнца, але павінен хутка засвоіць, што салдат не задае пытанняў, памятай
— Прабач, — шапнуў Ларэнца, — не ведаў…
— А цяпер ведай, — суха перабіў яго дон Радрыга. — Ідзі і маўчы.
Брат Дыега ўпусціў абодвух рыцараў у келлю айца Тарквемады і моўчкі паказаў ім цела на падлозе. Яно было накрыта цёмным плашчом. Ларэнца ледзь не ўскрыкнуў, калі, намерыўшыся разам з Радрыгам падняць цела, неасцярожна ссунуў покрыва з галавы нябожчыка. Але стрымаўся, сустрэўшы цвёрды пагляд дона Радрыга. Ён прыкрыў счарнелы твар і, з натугай прытрымліваючы плячом застылае цела, панура пайшоў за Радрыгам да дзвярэй. У келлі быў змрок, але, нягледзячы на гэта, у чалавеку, які кленчыў каля ложка, Ларэнца адразу пазнаў вялебнага айца.
Кляштарны калідор быў пусты, варта ў канцы яго стаяла ў цішы, і таму Радрыга і Ларэнца, нікім не заўважаныя, перанеслі цела сеньёра дэ Сігуры ў келлю, якую той дагэтуль займаў, паклалі накрыты плашчом труп на ложак і вярнуліся да сябе.
Дон Радрыга цяжка сеў на ўслон каля стала, расшпіліў на шыі скураны каптан і пацягнуўся да збанка з віном. Піў доўга і павольна, нарэшце адняў збанок ад вуснаў і паглядзеў на Ларэнца, які стаяў побач.
— Чаго вырачыўся? — спытаўся неяк непрыязна.
Ларэнца маўчаў.
— Сядай, — загадаў дон Радрыга.
І пасунуў да яго віно.
— Пі.
Той, застыўшы на канцы ўслона, адмоўна пакруціў галавой.
— Пі, — паўтарыў капітан.
Ларэнца вагаўся, але ўсё-такі паслухаўся. Дон Радрыга прыглядваўся да яго з панурай неахвотай.
— Досыць, — сказаў раптам, — уп'ешся.
Ларэнца рэзка адставіў збанок і падхапіўся з услона.
— Навошта ты мучыш мяне, Радрыга?
У яго тонкім ломкім голасе гучалі гнеў і шкадаванне. Дон Радрыга пагардліва ўсміхнуўся.
— Сядай.
— Што я зрабіў табе, Радрыга? Люблю цябе, як брата.
— Пакінь дзяцініцца. Сядай, хачу з табой сур'ёзна пагаварыць. Падымі галаву.
— Дазволь мне пайсці, — шапнуў Ларэнца.
— Пасля.
Зноў узяў збан і выпіў віно да дна.
— Паслухай, Ларэнца, апроч маладых гадоў ты маеш яшчэ адну асаблівую прывілею, спадзяюся, ты здолееш ацаніць яе. Ад сённяшняга дня ты будзеш асабіста правяраць ежу вялебнага айца. Гэта яго і маё даручэнне.
Хвіліну стаяла цішыня.
— Разумееш, Ларэнца, пра што тут гаворка. Першы, хто сёння раніцай зрабіў гэта, быў той чалавек.
— Радрыга, скажы…
— Ніякіх пытанняў, Ларэнца!
Ён адсунуў плячом стол і цяжка падняўся. Яго смуглы, пахмурны твар пачырванеў, вочы былі змучаныя і таксама чырвоныя.
— Ларэнца, свет наш — куча гною, разумееш гэта? Не, ты яшчэ нічога не перажыў, нічога не ведаеш. Абернешся — убачыш злачынства, здраду, на кожным кроку атруту
— Сказаў, — шапнуў Ларэнца.
— Ты малады, прыгожы, у тваіх вачах, як у люстэрку, адбіваецца чысціня тваёй душы, але ведай, што хоць і моцна я цябе люблю, больш, можа, нават, чым ты думаеш, аднак, калі заўважу ў табе хоць цень злачыннай думкі, падступнага намеру, бадай, хоць адну плямку на тваёй веры і адданасці, я першы зраблю ўсё, каб знішчыць цябе, як нішчаць ворага. Сцеражыся мяне!
Ларэнца таксама ўстаў. Увесь збялеў, вочы пацямнелі. Дон Радрыга паглядзеў на яго і голасна, нечакана звонка засмяяўся.
— Шчанюк, нават думак сваіх не ўмееш хаваць. Па вачах тваіх бачу, што падумаў. Ты падумаў: і ты мяне сцеражыся.
Ён яшчэ з хвіліну смяяўся, пасля раптам замоўк і кароткім рухам рукі загадаў:
— Ідзі, хачу пабыць адзін.
Дон Ларэнца, усё яшчэ бледны і з цёмнымі вачыма, службіста выпрастаўся.
— Так, дастойны капітане, — сказаў хлапечым, нязвыкла ясным голасам.
Пасля беззаганна зрабіў устаўны паварот і выйшаў з цэлі, трошкі замоцна бразнуўшы дзвярыма.
Неўзабаве пасля гэтага, не больш чым праз гадзіну, у Санта Марыя ла Анцігуа прыехаў інквізітар Святога трыбунала ў Валадолідзе падрэ Крыстобаль Галвез, дамініканец. На дзядзінцы госця вітаў прыёр Санта Марыі, ссівелы падрэ Аўгусцін д'Акунья, пасля чаго абодва айцы падаліся ў старую частку кляштара, дзе ў рэфекторыі, які памятаў даўныя і слаўныя часы караля Альфонса VІ, госця чакалі капітан фамільянтаў і брат Дыега.
Падрэ Галвез, нягледзячы на сваё калецтва — ён кульгаў на левую нагу, — увайшоў шпаркім крокам і, абыякава агледзеўшы строгі пакой, нецярпліва глянуў на прысутных.
— Даўно не быў у гэтых святых мурах, — сказаў да прыёра. — І вось я тут. А дзе ж вялебны айцец? Ён выклікаў мяне. Чаму так позна?
Пан Радрыга дэ Кастра выйшаў з-за калоны, у цяні якой стаяў.
— Дазволь, вялебны ойча, даць табе тлумачэнні.
— Так, — коратка сказаў падрэ Галвез.
— Вялебны айцец сапраўды выклікаў вас, але, на жаль, не зможа пагаварыць з вамі асабіста, бо ўвесь свой час аддае малітвам і роздуму.
— Цяпер? — гнеўна здзівіўся падрэ Галвез. — Адкуль такое рашэнне? Што тут робіцца? Чаму вы прыехалі ў сталіцу ноччу, нікога не папярэдзіўшы? Горад трашчыць ад плётак. Чаму вялебны айцец ні з кім не хоча гаварыць?
— Прабач, вялебны ойча, — спакойна адказаў пан дэ Кастра, — я не ўпаўнаважаны расследаваць рашэнне вялебнага айца.
Падрэ Галвез хуткім паглядам акінуў постаць маладога рыцара.
— Хто вы?
— Капітан фамільянтаў Вялікага інквізітара, — сказаў пан дэ Кастра.