Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Т. — Святы трыбунал не мае ніякіх падстаў верыць у шчырасць гэтай заявы. Ці ведае абвінавачаны, што бунт супраць Каралеўскай Вялікасці караецца смерцю?
П. — Ведаю, Ваша Мосць, але я не мяцежнік. Памыляўся, прызнаюся. Вялікі гэты грэх мой. Веру ў сатану, і ён — носьбіт зла.
Т. — Святы трыбунал не можа верыць абвінавачанаму, бо яго цяперашняя заява прадыктаваная не так шчырым раскаяннем, як усведамленнем кары, якая яго чакае. Адно толькі можа ўратаваць абвінавачанага — сказаць Святому трыбуналу ўсю праўду.
П. — Божа праведны, я кажу праўду!
Т. — Няхай абвінавачаны адкіне свае страхі. Святы трыбунал на тое і існуе, каб
П. — Усё скажу, Ваша Мосць.
Т. — Шчодрасць божая бязмежная. Хай абвінавачаны назаве Святому трыбуналу імёны і прозвішчы людзей, з якімі быў у змове супраць Іх Каралеўскіх Вялікасцяў і царквы.
П. — Божа!
Т. — Нагадваю абвінавачанаму, што заклік імя божага не ёсць паказанне, якога цярпліва чакае Святы трыбунал.
П. — Ваша Мосць, вялебныя айцы, я ніколі не ўступаў ні ў якую змову.
Т. — Няхай абвінавачаны звернецца да сваёй памяці.
П. — Клянуся, ніколі не быў змоўшчыкам, я просты чалавек. Чаго вы хочаце ад мяне?
Т. — Праўды.
П. — Сатана — носьбіт зла.
Т. — Хто разам з абвінавачаным удзельнічаў у змове супраць Іх Каралеўскіх Вялікасцяў і царквы?
П. — Я не ўдзельнічаў ні ў якай змове, Ваша Мосць. Малю вас, паверце мне. Памыляўся я, нячысты ўблытаў, гэта ён уцягнуў мяне ва ўсё гэта.
Т. — Святы трыбунал, заклапочаны адзіна турботай пра душу абвінавачанага, ахвотна верыць абвінавачанаму.
П. — Дзякую, Ваша Мосць.
Т. — Аднак раней абвінавачаны мусіць даказаць сваю заяву.
П. — Не разумею, Ваша Мосць.
Т. — Абвінавачаны сцвярджае, што не меў ніякіх бунтоўных намыслаў, а таксама не ўваходзіў ні ў якую змову супраць свецкай і духоўнай улады. Якія доказы на карысць слушнасці гэтых слоў абвінавачаны можа прывесці?
П. — Я невінаваты, Ваша Мосць!
Т. — Дык няхай абвінавачаны дасць доказы сваёй невінаватасці.
П. — Ваша Мосць, прысягаю, за ўсё жыццё, ніколі-ніколі, не ўзнікала ўва мне аніводнай бунтоўнай думкі.
Т. — Хвіліну назад абвінавачаны па сваёй волі прызнаў, што вярхоўныя ўлады дзяржавы і царквы вінаватыя за зло, якое так шырока разышлося па зямлі.
П. — Сатана звёў мяне, Ваша Мосць.
Т. — Яшчэ раз паўтараю абвінавачанаму, што Святы трыбунал нічога так не прагне, як паверыць абвінавачанаму. Хай жа абвінавачаны, заклапочаны выратаваннем сваёй душы, дакажа Святому трыбуналу, што сапраўды ніколі не меў мяцежных намыслаў і не ўваходзіў ні ў якую змову.
П. — Клянуся крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста — невінаваты.
Т. — Ці адзіны гэта доказ невінаватасці, які абвінавачаны жадае прывесці?
П. — Чым жа яшчэ я магу даказаць, Ваша Мосць?
Т. — На гэта пытанне няхай адкажа сам абвінавачаны.
П. — (Маўчыць.).
Т. — Ці азначае маўчанне абвінавачанага адмову прывесці Святому трыбуналу пераканаўчыя доказы невінаватасці?
П. — Я не адмаўляюся, Ваша Мосць, але, бадай што, адзін Бог можа засведчыць маю невінаватасць.
Т. — Святы трыбунал з жалем зазначае, што абвінавачаны, насуперак шматлікім заклікам да разумнасці, упарта адмаўляецца прывесці доказы таго, што ён не меў ніякіх мяцежных намыслаў супраць свецкай і духоўнай улады і не ўваходзіў ні ў якую змову, якая мае на мэце пагвалчанне парадку, што пануе ў каралеўстве. Так абвінавачаны сама відавочным чынам засведчыў свае злачынствы. Усім вядома,
П. — Так, Ваша Мосць, я хадзіў да той кабеты, вядзьмаркі, бо сапраўды хацеў прадаць сваю душу.
Т. — А пазней, калі абвінавачаны пераканаўся, што сатана нібыта не існуе, з кім абвінавачаны дзяліўся сваімі сумненнямі?
П. — Не памятаю ўжо, Ваша Мосць.
Т. — Аж з такой вялікай колькасцю людзей, значыцца, гутарыў абвінавачаны на гэтую тэму?
П. — (Маўчыць.)
Т. — Святы трыбунал верыць абвінавачанаму, што цяпер ён не пры памяці. Каб памагчы абвінавачанаму і даючы яму час на роздум, Святы трыбунал адкладвае далейшае следства на другі дзень.
На раніцу дня дзевятага верасня ў прысутнасці таго ж, што і напярэдадні, Святога трыбунала Ларэнца Перэз паказаў наступнае:
Т. — Святы трыбунал вядзе далей следства па справе Ларэнца Перэза, абвінавачанага ў пашырэнні зламысных поглядаў, супярэчных вучэнню царквы, а таксама ў саўдзеле ў шырокай змове, якая мела на мэце пагвалчанне існуючых у Каталіцкім Каралеўстве духоўных і свецкіх уладаў і правапарадкаў. Ці жадае абвінавачаны дапоўніць свае паказанні?
П. — Так, Ваша Мосць.
Т. — Святы трыбунал слухае абвінавачанага.
П. — Ваша Мосць, шаноўныя айцы, дзякую за дадзеную мне адзіную і апошнюю магчымасць не так зацьміць мае цяжкія грахі, як, праліўшы на іх святло, паказаць іх поўную мярзотнасць. Калі б малітвы чалавека, такога злачыннага, як я, маглі што-небудзь значыць для Бога, я б маліўся за вас, вялебныя айцы, бо, хоць і нізка я ўпаў, хоць і занурыўся ў прорву ілжы, вы падалі руку дапамогі, пасобіўшы мне ўсвядоміць мае гнюсныя злачынствы. Не жадаючы, аднак, апаганіць сваім подлым голасам трон божы, я мушу на асцеражэнне тым, што, як я, захацелі б калі-небудзь апусціцца ў морак пекла, упакорана і ўмілажалена прызнаць свае грахі. Сапраўды, многа цяжкасцяў зведаў я ў сваім жыцці, і, ахоплены безразважнасцю і пыхай замест бязмежнай веры ў літасць божую, замест пакоры перад доляй і клопату пра збавенне душы, я нягодна адмёў вучэнне царквы, паставіўшы сябе над адзінай ісцінай, і, атручаны такімі мяцежнымі думкамі, пачаў шукаць хаўрусу з сатаной, не разумеючы, што, адрываючыся ад суполкі дабраверных і ідучы следам за толькі сваімі блюзнерчымі думкамі, я ўжо тым самым у вечнай уладзе нячыстага. Разумею цяпер, вялебныя айцы, што на мае заклікі д'ябал зусім не абавязаны быў з'яўляцца, бо і без таго я самахоць прадаў сябе яго ўладзе. Але гэтым не вычэрпваюцца мае беззаконні. Я спрабаваў здабыць збавенне ілжывымі выкруткамі, зацінаючыся ў ерасі, цяпер, аднак, вамі, вялебныя айцы, прасветлены, бачу, што толькі безмежна шчырае прызнанне праўды можа прынесці сапраўднае выратаванне, яшчэ магчымае для мяне, — то бок пакорліва, павінаваціўшыся перад людзьмі і Богам, панесці заслужаную мною кару.