Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Прадаўшыся сатане, толькі яго д'ябальскімі сцежкамі мог я ісці далей адно ўчыніўшы злачынства, я ўжо быў асуджаны рабіць яшчэ больш страшныя і жахлівыя. Сам у руках сатаны, я пашыраў нячыстыя погляды, што нібыта ён, сатана, не існуе і душам людскім не пагражае, сеяў я смуту і заразу ў душах і сэрцах, падточваў асновы веры, праўду хлуснёй падтыкаючы. Усвядоміўшы цяпер ненасытную, неспатольную пражэрлівасць зла, бачу, што і гэтым я не задаволіўся, таму што ад хаўрусу з д'ябальскімі сіламі прага чыніць зло авалодала мною цалкам, і з гэтых прычын, апантаны нянавісцю да дабра і не помнячы, што сам я — нікчэмны чарвяк, які павінен быць удзячны Каралеўскаму маестату і
Т. — Ці абвінавачаны можа назваць прозвішчы асоб, якіх уцягнуў у змову?
П. — Так, Ваша Мосць, я гатовы назваць прозвішчы людзей, якіх я падбухторыў да ўдзелу ў гэтай злачыннай дзеі, бо толькі такім чынам магу я ацаліць іх душы ад вечных пакут.
Т. — Святы трыбунал слухае абвінавачанага.
Рэестр злачынцаў, названых Ларэнцам Перэзам, ахоплівае некалькі дзесяткаў людзей: мужчын, дзяцей і кабет, якія жылі ў самім Бургіласе або ў ваколіцах, але нам не здаецца абавязковым пералічваць іх усіх, бо за размах самой змовы яны сведчаць больш сваёй колькасцю, чым пайменным пералічэннем, якое і раней казала не надта многа, а тым меней сёння.
Адно, праўда, прозвішча з дэмаскаваных бунтаўнікоў варта дзеля навучання назваць, а менавіта паганьбаванае імя святара Мігеля Варгаса, пробашча з Бургіласа, які, будучы спавядальнікам Ларэнца Перэза, выявіў пры выкананні сваіх абавязкаў вартую пакарання слепату і, заслужыўшы не меншую асуду, забыўся пра пільнасць супраць зла.
Справа Ларэнца Перэза, так глыбока даследаваная і да самага карэння раскрытая вялебным айцом Вялікім інквізітарам, хоць і мела яна дачыненне да простага люду, дае, аднак, асабліва красамоўнае сведчанне таго, да якога цяжкага злачынства прыводзіць адступства ад асноў веры. З усіх бакоў атачаюць нас зламысныя разбуральныя д'ябальскія сілы, нецярпліва чакаючы, каб з кожнай людской слабасці, а больш за ўсё з непасаромленай пыхі і фанабэрыі выдабыць сабе карысць. Вялікае поле бітвы — гэтая зямля, а праўда адкрытая чалавечаму роду толькі адна — згуртаваўшыся вакол яе і служачы ёй, мы можам быць непахісныя ў веры, мы можам быць пэўныя, што ўсе варожыя спакусы і вышпігі разаб'юцца аб муры нябеснай фартэцыі і непрыяцель у сваёй бяссільнай злосці пацерпіць канчатковае паражэнне.
Каб закончыць, аднак, аб працэсе Ларэнца Перэза, мы павінны з абавязку краністаў дадаць, што ўжо ў месяцы сакавіку, на дзень святога Іосіфа, усе набожныя жыхары горада Таледа мелі магчымасць удзельнічаць у вялікай урачыстасці, пад час якой ератык і бунтаўнік Ларэнца Перэз, а таксама шматлікія супольнікі яго злачынства былі аддадзены ачышчальнаму полымю. Тыя, каго абцяжарвалі меншыя правіны, таксама і кару панеслі менш суровую і былі засуджаны на шматгадовыя галеры або на царкоўныя цярпенні і грашовыя рэстрыкцыі, але ў кожным выпадку на страту годнасці і забарону займаць пасады аж да трэцяга калена.
Радуючыся такой поўнай перамозе справядлівасці, не лічыць нам, аднак, не выказаць жалю, што той, які рашуча пасабляў высветліць чыстую праўду, не пабачыў яе апошняга трыумфу.
Праз дзень пасля таго, як Ларэнца Перэз скарыўся перад Святым трыбуналам, вялебны айцец
І вось раніцай трынаццатага верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага Ісуса Хрыста адна тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, папярэдне стварыўшы хвораму сама лепшыя ўмовы падарожжа, почат дамоўнікаў Вялікага інквізітара вырушыў з Таледа, каб суправаджаць вялебнага айца ў яго апошняй зямной вандроўцы.»
Раздзел шосты
Вечар быў не позні, але вельмі цёмны, ветраны і дажджлівы, калі почат дамоўнікаў Вялікага інквізітара, цэлы дзень кіруючы трактам ля падножжа Сіера дэ Грэдас, дабраўся, нарэшце, да перавала Санта Ана і цяжкай горнай дарогай пачаў сыходзіць на ўзгор'і Старой Кастыліі. Наваколле было бязлюднае і дзікае, ды і слава ў яго была вельмі благая за рабункі і гвалты, якія чынілі навакольныя бароны, а таму ў гэтыя мясціны, асабліва начною парою, нават салдаты Святой эрмандады завітвалі вельмі неахвотна.
Воз, на якім спачываў вялебны айцец, быў шчыльна акрыты парусінай. Рухаўся павольна, але ўсё роўна яго трэсла на здрадлівых выбоінах, бо дарога была няроўная, камяністая і коўзкая. Адразу за перавалам Санта Ана імжа перастала, затое імгла, якая падымалася з далін, гусцела ўсё больш. Запалілі яшчэ паходні, але гэта мала дапамагала, свяцілі яны слаба. У глыбіні цемры грымеў паток.
Дон Ларэнца дэ Мантэса ехаў паблізу воза, ведучы свайго андалузца так упэўнена і свабодна, нібы днём па роўнай дарозе. Падрэ Дыега, закрываючы ад ветру твар плашчом, пад'ехаў на сваім кані да яго.
— Дон Ларэнца, — сказаў ён, — баюся я, што вялебны айцец не вынесе цяжкасцяў гэтай дарогі. Слабее з гадзіны на гадзіну.
Пан дэ Мантэса, статны і лёгкі, нягледзячы на тое, што быў абвешаны зброяй, здавалася, пранікаў яснымі вачыма і ў мглу, і ў цемру. Ён спытаўся:
— Што загадаеш, вялебны ойча?
— Ведаеш гэтыя мясціны?
— Я нарадзіўся пад Авілай.
— Ці ёсць тут дзе спыніцца нанач?
Пан дэ Мантэса паказаў рукою наперад.
— За чвэрць гадзіны адсюль ёсць замак.
— Чый?
— Паноў дэ Лара.
З правага боку па крутым адхоне з грукатам асыпалася каменне.
— Галава гэтага вялікага роду, — сказаў задуменна падрэ Дыега, — калі я не памыляюся, дон Мігуэль дэ Лара?
— Так, ойча.
— Гэта праўда, што яго бацька ўзяў за жонку кабету з паганскага роду Абенцарагаў?
— Так, вялебны ойча, гэта праўда. Аднак яна прыняла нашу веру.
— Ці добрае імя ў гэтага дона Мігуэля?
На гэта пан дэ Мантэса адказаў:
— Я не ведаю дона Мігуэля, але чуў, ён высока цэніць свабоду.
Конь вялебнага айца пакаўзнуўся, але падрэ Дыега моцнай рукой у пару яго стрымаў, і той не ўпаў.
— Знаю такіх людзей, — сказаў з пагардай. — Цэняць сваю свабоду, не ведаючы, а што яшчэ горш, не хочучы ведаць, што такое сапраўдная свабода.
— Якраз гэта і я хацеў сказаць, вялебны ойча. Што загадаеш?
Падрэ Дыега адказаў:
— Вялебнаму айцу больш за ўсё патрэбен адпачынак.
Замак паноў дэ Лара сапраўды быў недалёка. Цёмны і зачынены, узносіўся мурамі і вежамі высока па-над дарогай, як каменнае гняздо над ускраем стромай скалы, а ля яе падножжа, недзе глыбока ўнізе, шумела бурная рака.