Гронкі гневу
Шрифт:
Позна вечарам Эл выламаў з нейкай агароджы перакладзіну, паклаў упоперак грузавіка пад брызент і замацаваў яго з абодвух бакоў. Вячэралі аднымі аладкамі, што засталіся ад снедання, — халоднымі і цвёрдымі. Усе, як былі ў адзенні, так і паваліліся на матрацы і заснулі. Уілсаны нават палаткі не раскінулі.
Ратуючыся ўцёкамі, Джоўды і Ўілсаны ехалі па Тэхаскім выступе — узгорыстай шэрай мясцовасці, удоўж і ўпоперак спаласаванай рубцамі былых паводак. Аклахома засталася ззаду, перад імі быў Тэхас. Па пыле паўзлі чарапахі, сонца паліла зямлю, вечарамі неба астывала, але ўжо сама зямля дыхала жарам.
Уцёкі доўжыліся ўжо два дні, і на трэці дзень прастора
Эл Джоўд вёў легкавую машыну, поруч з ім сядзела маці, а каля яе — Ружа Сарона. Наперадзе паволі сунуўся грузавік. Распаленае паветра ішло хвалямі над зямлёю, далёкія горы ад спёкі трымцелі. Сутула адкінуўшыся назад, Эл апатычна кіраваў машынай, слаба абхапіўшы пальцамі адной рукі спіцу рулявога кола; шэры капялюш яго неяк залішне зухавата ссунуўся на адно вока; раз-пораз ён паварочваў галаву да акенца кабіны і сплёўваў на дарогу.
Маці ўпарта змагалася са стомай. Склаўшы рукі на каленях, яна сядзела свабодна, цела і галава пагойдваліся ў такт рухам машыны. Прыжмурыўшы вочы, яна пазірала на далёкія горы. Ружа Сарона, наадварот, супраціўлялася штуршкам і гайданню — уперлася нагамі ў насціл кабіны, перакінула правы локаць за раму акенца. Ад гэтых намаганняў мускулы на яе пухлявым твары напружыліся, галава рэзка паторгвалася, бо мускулы шыі ў яе таксама былі напятыя. Яна старалася заняць такую позу, каб цела, як цвёрдае ёмішча, ахоўвала плод яе чэрава ад штуршкоў.
— Ма… — павярнулася яна да маці.
Матчын позірк ажыў, скіраваўся на дачку. Вочы, слізгануўшы па стомленым пухлявым твары, усміхнуліся.
— Ма, — паўтарыла Ружа Сарона, — калі мы прыедзем туды, усе вы пойдзеце на збор фруктаў і там жыць застаняцеся?
Лёгкая іронія пачулася ў голасе маці, калі яна з усмешкай адказала:
— Туды мы яшчэ не прыехалі. І не ведаем, як там усё. Прыедзем, пабачым.
— Мы з Коні не хочам больш жыць на ферме, — сказала Ружа Сарона. — Мы ўжо абдумалі, як жыць будзем.
Па твары маці прабег цень трывогі.
— Хіба вы не хочаце застацца з намі… з сям'ёй? — запыталася яна.
— Ну мы ўжо ўсё абгаварылі, мы з Коні. Ма, мы хочам жыць у горадзе, — адказала Ружа Сарона і ўсхвалявана загаварыла: — Коні работу сабе знойдзе ў якой-небудзь майстэрні ці на фабрыцы. А дома вечарамі вучыцца будзе, ну там па радыё, стане знаўцам сваёй справы, а потым, можа, і сам майстэрню завядзе. Мы ў кіно хадзіць будзем. І яшчэ Коні кажа, ён доктара пакліча, калі мне прыйдзе час радзіць; і кажа, гледзячы, як там выйдзе, што, можа, і ў бальніцу мяне пакладзе. І свая машына ў нас будзе, маленькая. А калі ён скончыць вучыцца… вось цудоўна было б! Ён ужо нават старонку з часопіса «Любоўныя апавяданні Захаду» выразаў з аб'явай і выпіша праграму курсаў — яе высылаюць бясплатна. Там так і напісана. Сама бачыла. А як пройдзеш поўны курс па радыё, дык табе нават працу даюць. Работа добрая, чыстая і надзеі дае на
Маці не зводзіла вачэй з разрумяненага твару дачкі, з цікавасцю сачыла, як расце гмах яе планаў.
— Нам не хацелася б вас адпускаць, — сказала яна. — Сям'ю разбіваць нядобра.
Эл фыркнуў:
— Гэта каб я пайшоў працаваць на Коні? Можа, Коні на мяне папрацуе? Думае, акрамя яго, такога малайца, ніхто вечарамі вучыцца не здольны.
Маці раптам зразумела, што ўсё гэта адны мары. Яна зноў перавяла позірк на дарогу, села вальней, але слабая ўсмешка ў вачах згасла не адразу.
— Каб хоць ведаць, як бабка сябе адчувае, — праз нейкі час сказала яна.
Эл мацней абхапіў абаранак руля — у маторы пачуўся слабы стук. Ён даў большую скорасць, і стук зрабіўся гучнейшы. Тады ён перавёў запальванне на больш позняе, прыслухаўся, зноў прыбавіў скорасць і зноў прыслухаўся.
Стук перайшоў у металічны ляскат. Эл націснуў на сігнал і з'ехаў на край шашы. Грузавік наперадзе спыніўся і паволі даў задні ход. Паўз іх на захад прамчаліся тры легкавыя машыны, і кожная пасігналіла, а вадзіцель апошняй крыкнуў, высунуўшыся з акенца:
— Дзе ты стаў, чорт!
Том падвёў грузавік зусім блізка, вылез і пайшоў да машыны Эла. Усе, хто сядзеў на паклажы ззаду грузавіка, павярнуўшы галовы, пазіралі ўніз. Эл зноў пераставіў запальванне і прыслухаўся да матора, які працаваў на халастых абаротах.
— Ну што там у цябе? — запытаўся Том.
Эл прыбавіў абароты.
— Вось паслухай.
Заляскатала яшчэ мацней. Том прыслухаўся.
— Дай ранняе запальванне і збаў абароты, — сказаў ён, падняў капот і ўсунуў пад яго галаву. — Цяпер дай газу. — Ён зноў прыслухаўся і апусціў капот. — Так, здаецца, твая праўда, Эл.
— Шатунны падшыпнік?
— Па гуку падобна на тое, — адказаў Том.
— Я масла не шкадаваў, — недаўменна прамовіў Эл.
— Значыць, яно не даходзіць. Перасохла ўсё к чорту! Нічога не зробіш, трэба мяняць. Я праеду крыху наперад, знайду роўнае месца для стаянкі. А ты цішэй едзь. Не гані, а то зусім кардан сапсуеш.
Уілсан запытаўся:
— Кепскія справы?
— Радасці мала, — адказаў Том, вярнуўся да грузавіка і паволі паехаў наперад.
Эл не мог супакоіцца:
— Розуму не дабяру, чаму такое здарылася. Масла я падаваў удосталь. — Але ён ведаў, што вінаваты. Сам адчуваў, што даў маху.
Маці сказала:
— Віна не твая. Ты ўсё рабіў як след. — І нясмела папыталася: — Што-небудзь сур'ёзнае?
— Туды цяжка дабрацца, і трэба дастаць недзе новы падшыпнік ці гэты заліць бабітам. — Ён глыбока ўздыхнуў. — Добра, што Том тут. Я падшыпнікаў яшчэ ніколі не рамантаваў. Адна надзея на Тома.
Наперадзе збоч дарогі стаяў вялізны чырвоны рэкламны шчыт, ад якога падаў на зямлю шырокі доўгі цень. Том звярнуў машыну з шашы, пераехаў неглыбокі кювет і спыніў грузавік у цяні. Потым вылез з кабіны і стаў чакаць Эла.