Гронкі гневу
Шрифт:
— Дрэнь справа, — сказаў Кейсі. — Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.
— А, дробязь! Яшчэ ніколі не бывала, каб я разок не параніўся, калі з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца. — Том зноў прыладзіў ключ. — Шкада, тарцовага няма, — сказаў ён і, пастукваючы асновай далоні па дзяржанні ключа, адзін за адным аслабіў усе балты на падшыпніку, выцягнуў іх і паклаў у паддон разам са шплінтамі і балтамі ад паддона. Зняў шатун з поршнем і таксама паклаў у паддон. — Ну, дзякуй богу! — Том вылез з-пад машыны, абцёр
— Павуцінне таксама памагае, — зазначыў Кейсі.
— Правільна, але павуціння не заўсёды дастанеш, а мачу — калі заўгодна. — Том сеў на падножку і пачаў разглядаць расплаўлены падшыпнік. — Цяпер каб знайсці дзе «додж» дваццаць пятага года. Знімем з яго шатун з пракладкамі і, можа, наладзім. А Эл, пэўна, заехаў чорт ведае куды.
Цень ад рэкламнага шчыта выцягнуўся цяпер футаў на шэсцьдзесят. Ужо было далёка за поўдзень. Кейсі таксама сеў на падножку і паглядзеў на захад.
— Хутка мы апынемся сярод высокіх гор, — прамовіў ён і змоўк. Потым паклікаў:
— Том!
— Што?
— Я, Том, увесь час прыглядаўся да машын — да тых, якія мы абміналі, і да тых, што ехалі паўз нас. Я лічыў.
— Што ты лічыў?
— Том, гэта ж такія самыя сем'і, як ваша, цэлымі сотнямі на захад едуць. Я пільна сачыў. На ўсход ніхто не едзе — усе, цэлымі сем'ямі, толькі на захад. Заўважыў?
— Ну заўважыў.
— Дык яны ж… быццам… быццам ад войска якога ўцякаюць. Як быццам уся краіна знялася з месца.
— Яно так і ёсць, — пагадзіўся Том. — Уся чыста знялася. Мы таксама кінулі свой дом.
— Ну, а што будзе, калі… калі людзі гэтыя… і яны, і ўсе іншыя працы там не знойдуць, што тады?
— Ідзі ты да д'ябла! — гаркнуў Том. — Адкуль мне ведаць, што будзе? Я адно толькі ведаю — ногі перастаўляць, спачатку адну наперад, потым другую. Гэтак і ў Макалестары рабіў чатыры гады запар — у камеру, з камеры, у сталоўку, са сталоўкі… Госпадзі, а як я спадзяваўся, што на волі ўсё будзе іначай! У турме стараўся ні пра што не думаць, каб мазгі не перакруціліся, і цяпер таксама ні пра што думаць не хачу. — Том павярнуўся да Кейсі. — Вось падшыпнік расплавіўся. Мы гэтага не ведалі, і нам было спакойна. Цяпер мы ўбачылі — паляцеў, што ж, адрамантуем. І, далібог, гэтак трэба заўсёды рабіць. Я дарэмна хвалявацца не буду. Не хачу. Во, бачыш, кавалак жалеза і бабіт? Бачыш? Вось і ўвесь мой клопат, больш мяне нічога на свеце не турбуе… Куды гэта, чорт, Эл праваліўся?
Кейсі сказаў:
— Не, Том, ты паслухай… Што за ліха! І словы нават патрэбныя на язык не ідуць…
Том зняў засохлую гразь з рукі, кінуў на зямлю. Па краях ранкі засталася брудная палоска. Том перавёў позірк на прапаведніка.
— Ты, я бачу, настройваешся на прамову, — сказаў ён. — Што ж, давай. Люблю слухаць прамовы. У нас там наглядчык безупынна красамоўнічаў. Нам шкоды
Адной рукой Кейсі пашчыкваў вузлаватыя пальцы другой.
— Нешта творыцца ў краіне, народ заварушыўся. Людзі, як ты кажаш, перастаўляюць па чарзе ногі і не задумваюцца, куды ідуць, але дарога ў іх адна, ва ўсіх адна. Як прыслухаешся, чуеш нейкі рух, таемнае шастанне, шоргат і… і нейкі неспакой. Нешта творыцца ў краіне, і людзі, тыя, каго гэта тычыцца, нічога яшчэ не ведаюць… пакуль што не ведаюць. Народ зрушыў з месца, кіруе на Захад… пакідае за сабой пустыя фермы. Усё гэта немінуча прывядзе да нечага такога, што пераменіць усю краіну.
Том сказаў:
— Я адно ведаю: перастаўляю па чарзе свае хадулі.
— Так. Ну, а калі табе страчаецца загарадзь, ты і цераз яе палезеш?
— Чаму ж не? Калі трэба, палезу.
Кейсі ўздыхнуў:
— Бадай, гэтак лепей. Я згодзен з табою. Але ж загарадзі бываюць розныя. І людзі розныя. Ну накшталт мяне: загарадзі яшчэ не паставілі, а яны ўжо лезуць… іначай не могуць.
— Ці не Эл гэта едзе? — ажывіўся Том.
— Ага, відаць, Эл.
Том падняўся на ногі, загарнуў шатун і абедзве часткі падшыпніка ў кавалак мешкавіны.
— Вазьму з сабой за ўзор, каб не памыліцца, — сказаў ён.
Грузавік спыніўся на краі шашы. Эл высунуўся з акенца.
Том сказаў:
— Дзе цябе чэрці насілі? Далёка заехалі?
Эл уздыхнуў.
— Зняў шатун?
— Ага. — Том падаў яму скрутак. — Бабіт паляцеў.
— Я тут ні пры чым, — сказаў Эл.
— Ясна. Куды ты іх завёз?
— О, у нас там такое! Бабка раптам зараўла, і Разашарна таксама, на яе гледзячы. Уткнула галаву пад падушку і плача. Бабка рот разявіла і вые, як сабака на месяц. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў не адказвае, нікога не пазнае. Толькі нешта балбоча і балбоча, быццам да дзеда звяртаецца.
— Дзе ты іх пакінуў?
— Мы да лагера пад'ехалі. Там і цень ёсць, і вада водаправодная. За дзень стаянкі паўдаляра бяруць. Але ўсе так стаміліся, проста з ног валіліся, і мы вырашылі застацца там. Ма кажа: што зробіш — бабка зусім нямоглая. Раскінулі палатку Ўілсана, наш брызент таксама нацягнулі. Бабка, думаю, зусім з розуму выжыла.
Том паглядзеў на сонца, якое ўжо прыкметна хілілася на захад.
— Кейсі, —сказаў ён, — каму-небудзь аднаму трэба застацца пры машыне, а то з яе ўсё здзяруць. Ты як?
— Добра, застануся.
Эл узяў з сядзення папяровы мяшочак.
— Во мама прыслала хлеба з мясам, і ў мяне яшчэ тут збан з вадой ёсць.
— Яна нікога не забудзе, — сказаў Кейсі.
Том залез у кабіну да Эла.
— Значыць, так, — сказаў ён. — Мы пастараемся як найхутчэй вярнуцца. Але загадзя не скажаш калі.
— Я буду тут, — сказаў Кейсі.
— Добра. Толькі не выступай тут сам перад сабой. Паехалі, Эл. — Грузавік рушыў па шашы. Вечарэла. — Добры ён хлопец, — сказаў Том. — Увесь час усё думае, усё думае…