Гронкі гневу
Шрифт:
— Цішэй, цішэй! — крыкнуў яму Том. — Не гані, вядзі асцярожна, а то яшчэ і рысору зламаеш.
Эл пачырванеў ад злосці і заглушыў матор.
— Ідзі ты к чорту! — крыкнуў ён. — Я падшыпніка не расплаўляў. А ты яшчэ кажаш — «і рысору зламаеш»!
Том ашчэрыўся ўсмешкай:
— Во завёўся. Я нічога такога сказаць не хацеў. Проста каб ты цераз кювет цішэй ехаў.
Асцярожна ведучы машыну па схілах кювета, Эл бурчаў:
— Яшчэ каму-небудзь у галаву ўваб'еш, што па маёй віне падшыпнік паляцеў. — Стук у маторы перайшоў ужо ў грукат. Эл накіраваў машыну ў цень і выключыў запальванне.
Том падняў капот
— Пакуль не астыне, пачынаць нельга, — сказаў ён.
Усе пасажыры павылазілі з машын і збіліся ў кучку каля легкавушкі.
Бацька запытаўся:
— Вельмі сур'ёзна? — і прысеў на кукішкі.
Том павярнуўся да Эла:
— Калі-небудзь шатунныя падшыпнікі мяняў?
— Не, — адказаў Эл. — Ніколі не даводзілася. Але паддон знімаў.
Том сказаў:
— Трэба зняць паддон, потым шатун, раздабыць новы падшыпнік, падкласці пракладкі і падагнаць. Працы на цэлы дзень. Па падшыпнік давядзецца з'ездзіць назад у Санта-Росу. Да Альбукерка міль семдзесят пяць, не меней… А чорт, заўтра ж нядзеля! Нідзе нічога заўтра не купіш. — Усе маўчалі. Руці праціснулася да самай машыны і пільна ўзіралася пад адкінуты капот, стараючыся ўбачыць зламаную дэталь. Том ціха гаварыў: — Заўтра нядзеля. У панядзелак купім, а рамонт скончым, відаць, не раней як у аўторак. Без патрэбнага інструменту цяжка давядзецца. Работка яшчэ тая.
Па зямлі праплыў цень сарыча, і ўсе задралі ўгору галовы, пазіраючы на чорную птушку, што лунала ў паветры.
Бацька сказаў:
— Чаго я больш за ўсё баюся, дык гэта застацца пасярод дарогі без грошай. І есці ўсім трэба, і бензін, і масла купляць. Калі грошы кончацца, проста не ведаю, што рабіць будзем.
Уілсан сказаў:
— Бадай, я тут вінаваты. Няшчасная гэта разваліна ўсю дарогу мне жыць не давала. Вы і так шмат добрага нам зрабілі. Перакладзіце свае рэчы на грузавік і едзьце далей. Мы з Сэйры тут застанемся, што-небудзь прыдумаем. Не хочам, каб вы праз нас пацярпелі, хоць адзін з вас.
Бацька няспешна прагаварыў:
— Не, гэтак рабіць не будзем. Мы амаль парадніліся з вамі. Дзед у вашай палатцы памёр.
Сэйры стомлена прамовіла:
— Вам з намі адны турботы, адны турботы…
Том павольна скруціў цыгарку, агледзеў яе з усіх бакоў і запаліў. Зняў з галавы памятую кепку і выцер ёю лоб.
— Вось што я надумаў, — сказаў ён. — Можа, вам і не спадабаецца, але справа такая: чым хутчэй усе вы даберацеся да Каліфорніі, тым хутчэй грошы да вас пойдуць. Ход у легкавой машыны разы ў два хутчэйшы, чым у грузавіка. І вось я што прапаную: здыміце частку рэчаў з грузавіка, тады вы ўсе ў ім размесціцеся без мяне і прапаведніка, і — наперад. А мы з Кейсі застанемся тут, адрамантуем машыну і таксама паедзем. Ехаць будзем дзень і ноч і дагонім вас, а калі не дагонім, што ж, затое вы ўжо пры рабоце будзеце. Калі ж якая паломка ў дарозе ў вас здарыцца, не страшна, стаўце каля шашы палаткі і нас чакайце. Як добра ўсё абыдзецца, вы даедзеце да месца, працу знойдзеце, і грошы пойдуць. Кейсі мне з рамонтам дапаможа, мы ўсё зробім і да вас прыкацім.
Члены аб'яднанай сям'і задумаліся. Дзядзька Джон апусціўся на кукішкі побач з братам.
Эл запытаўся:
— А мая дапамога пры рамонце не патрэбна?
— Ты ж сам казаў, што ніколі шатунных падшыпнікаў не мяняў.
— Правільна, — пагадзіўся Эл. — Тут трэба моцную спіну мець. А прапаведнік,
— Ну дык хто-небудзь іншы, мне ўсё адно, — сказаў Том.
Бацька паскроб указальным пальцам сухую зямлю.
— На маё разуменне, Том правільна кажа, — сказаў ён. — Усім тут заставацца ніякай карысці. А дацямна можна яшчэ міль пяцьдзесят зрабіць, а то і сто.
Маці з трывогай запыталася:
— А як вы знойдзеце нас?
— Шаша ж тут адна, — адказаў Том. — Шэсцьдзесят шостая — да самага канца. А там Бейкерсфілд. Я па карце глядзеў. Проста туды і прыедзеце.
— А калі ўжо ў Каліфорніі мы з яе дзе-небудзь збочым?
— Не хвалюйся, — супакоіў Том маці. — Мы вас знойдзем. Каліфорнія ж не на ўвесь свет.
— На карце яна страшэнна вялікая.
Бацька вырашыў параіцца з братам:
— Ну як, Джон, ёсць сэнс гэтак рабіць, га?
— Ёсць, — адказаў Джон.
— Містэр Уілсан, машына ваша. Вы нічога не маеце супраць таго, каб мой сын адрамантаваў тут яе, а потым прыгнаў вам?
— Не маю нічога, — адказаў Уілсан. — Вы ўжо зрабілі нам шмат добрага. Я вашаму сыну цалкам давяраю.
— Калі мы вас і не так хутка дагонім, што ж, вы паспееце ўжо дзе-небудзь на працу прыстроіцца і грошай крыху ў кішэню пакласці, — сказаў Том. — А што будзе, калі ўсе мы тут засядзем? Вады паблізу няма, машыну гэту з месца не скранеш. А вось, дапусцім, усе вы даедзеце і на работу ўладкуецеся. Грошы ў вас завядуцца, дамок нават, можа, які сабе купіце. Кейсі, ты як? Застаешся са мной, паможаш?
— Як вам, людзі, лепш, так я і зраблю, — адказаў Кейсі. — Вы мяне пасадзілі ў машыну, везлі. Я што заўгодна зраблю.
— Глядзі, застанешся — будзеш валяцца на спіне пад машынай, твар увесь маслам перамажаш, — папярэдзіў Том.
— Не страшна.
Бацька сказаў:
— Ну, раз цяпер усё ясна, давайце ў дарогу. Да начлегу можна яшчэ сотню міль выціснуць.
Маці ступіла крок і стала перад ім:
— Я не еду.
— Як гэта — не едзеш? Што гэта значыць? Якраз табе і трэба ехаць. Уся сям'я на табе. — Бацька не чакаў такога бунту.
Маці падышла да легкавой машыны, прасунула руку ў дзверцы, памацала пад заднім сядзеннем, выцягнула адтуль рычаг ад дамкрата і лёгенька ўзважыла яго ў руцэ.
— Я не еду, — паўтарыла яна.
— Кажу ж табе, трэба ехаць. Так вырашана.
Губы ў маці моцна сцяліся, і яна спакойна сказала:
— Мяне толькі сілай адсюль павязеш. — Яна зноў крыху павяла жалезным стрыжнем. — Глядзі, бацька, сораму не абярэшся. Біць сябе я не дазволю, плакаць і літасці прасіць не буду. Я табе так засвячу! Ці ты справішся са мной? А калі наб'еш, дык, бог сведка, я свайго часу дачакаюся — павернешся да мяне спінай ці на кукішкі дзе прысядзеш, я цябе ззаду вядром! Госпадам богам прысягаю, так будзе.
Бацька бездапаможна абвёў вачамі прысутных.
— Во расхрабрылася! — сказаў ён. — Ніколі яе такой яшчэ не бачыў.
Жалезны стрыжань злавесна пагойдваўся ў руцэ ў маці.
— Давай падыходзь! — сказала маці. — Ты ж ужо вырашыў. Падыходзь, бі. Ну, паспрабуй, што атрымаецца. Толькі я не паеду, а калі сілай пацягнеш, дык ты ніколі ўжо ўначы вока не звядзеш, бо я буду цярпліва чакаць, доўга чакаць, і як толькі сон стуліць табе павекі, я паленам — трах!
— Гэта ж трэба, якая баявая, — прабурчаў бацька. — Здаецца, і не маладая ўжо.