Гронкі гневу
Шрифт:
Астатнія моўчкі сачылі за гэтым бунтам. Пазіралі на бацьку, чакаючы, што ён вось-вось увойдзе ў злосць. Яны сачылі за яго рукамі, якія раптоўна маглі сціснуцца ў кулакі. Але бацька не даў волі гневу, рукі яго спакойна віселі па баках. І неўзабаве ўсе зразумелі, што маці перамагла. І сама яна зразумела гэта.
Том сказаў:
— Якая цябе, ма, муха ўкусіла? Навошта ты ўсё гэта распачала? Што з табой такое? Табе боязна за нас стала?
Твар у маці крыху палагаднеў, але ў вачах у яе яшчэ быў суровы бляск. Яна сказала:
— Вы вырашылі, а як след не падумалі. Што ў нас на свеце засталося? Нічога, толькі мы самі. Толькі сям'я і засталася, больш нічога. Ледзь з месца зрушылі, і
Том усклікнуў:
— Мы ж вас дагонім, ма! Мы тут нядоўга затрымаемся.
Маці павяла рычагом ад дамкрата.
— Дапусцім, мы зробім прывал, а вы міма праедзеце, што тады? Дапусцім, прыехаўшы туды, мы не знойдзем, дзе вам вестку пакінуць, дык адкуль вы будзеце ведаць, дзе нас шукаць? — Памаўчаўшы, маці дадала: — Горкая нас чакае дарога. Бабка зусім хворая. Ляжыць там наверсе, на грузавіку, чаго добрага, за дзедам пойдзе. Сілы яе пакідаюць. Доўгая, горкая нас чакае дарога.
Умяшаўся дзядзька Джон:
— Але ж там можна грошай зарабіць. Паспелі б крыху нават і сабраць, пакуль астатнія пад'едуць.
Позіркі ўсіх зноў скіраваліся на маці. Цяпер яна была галоўная. Стырно ўлады перайшло да яе.
— Адны тыя грошы, што мы заробім, нам мала шчасця прынясуць. Самае дарагое, што ў нас ёсць, гэта сям'я. Калі ваўкі нападаюць на статак, каровы трымаюцца кучкай, ціснуцца адна да адной. Мне нічога не страшна, пакуль мы ўсе разам, — усе, хто жывы яшчэ, і разбіваць сям'ю я не дазволю. З намі Ўілсан, з намі прапаведнік. Калі яны захочуць ехаць, што я ім скажу? Але калі дзеці мае пачнуць адбівацца ад сям'і, дык мяне не ўтрымаеш, пушчу ў ход вось гэту жалезіну. — У голасе яе гучалі жорсткасць і рашучасць.
Том супакойліва сказаў:
— Тут нам, ма, усім нельга заставацца. Вады няма. І нават ценю мала. А бабку ж трэба ў цяні пакласці.
— Ну што ж, добра, — сказала маці, — паедзем далей. Спынімся там, дзе будзе цень і вада. Грузавік вернецца і павязе цябе ў горад. Купіш там тое, што трэба, і на грузавіку прыедзеш назад. Не тупаць жа пеша ў такую спёку. І наогул аднаго цябе я не адпушчу — раптам арыштуюць, а заступіцца не будзе каму.
Том падціснуў губы і гучна цмокнуў. Бездапаможна развёў рукамі і ляпнуў сябе па бёдрах.
— Та, — сказаў ён, — калі б ты падхапіў яе з аднаго боку, а я з другога, а астатнія навалілся б на яе ўсёй кучай ды яшчэ бабка скочыла б на яе зверху, тады мы, можа, і справіліся б з ёю, перш чым яна ўлажыла б гэтай жалязякай, ну там двух ці трох з нас, не больш. Але ж табе, зразумела, не хочацца дзірку ў галаве атрымаць, а мама, глянь, як кіпіць. Ого, на што здольны адзін, але рашучы чалавек — цэлы натоўп раскідае. Перамога за табой, ма. Толькі штучку гэтую кінь, пакуль каго-небудзь не пакалечыла.
Маці са здзіўленнем глянула на жалезны рычаг у руцэ, пальцы яе ўздрыгнулі, і яна кінула сваю зброю на зямлю. Том з падкрэсленай асцярогай падняў рычаг ад дамкрата і паклаў на ранейшае месца.
— Ты, тата, выпусці пару, ты, Эл, саджай усіх на грузавік, знайдзі месца для прывалу, дапамажы і вяртайся сюды. А мы з прапаведнікам знімем паддон. Пабачым, як работа пойдзе, можа, яшчэ дацямна зганяем у Санта-Росу і дастанем там шатунны падшыпнік. Магчыма, і ўдасца — яшчэ ж субота. Толькі давай не марудзь, каб нам паспець. Прынясі з грузавіка развадны ключ і пласкагубцы. — Том прасунуў руку пад ніз машыны і памацаў замаслены паддон. — І яшчэ дай мне сюды бляшанку якую ці вядро — я масла спушчу. Яго трэба берагчы. — Эл прынёс вядро, Том падставіў яго пад машыну і пласкагубцамі аслабіў каўпачок. Пакуль ён адкручваў яго пальцамі, чорнае масла залівала яму руку, а потым бясшумным струменем хлынула ў вядро. Да таго часу, як налілася палова вядра, Эл паспеў
— А мне што рабіць?
— Пакуль што нічога. Сцячэ масла, я выкручу балты, і ты паможаш мне апусціць паддон. — Том зусім запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом і выкручваючы іх пальцамі. Бакавыя балты ён адкруціў не да канца, каб паддон не зваліўся. — Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, — зазначыў Том і запытаўся: — Што гэта ты, Кейсі, апошнія дні такі маўклівы стаў? Чаму? Калі мы з табой першы раз стрэліся, ты ледзь не кожныя паўгадзіны прамовы гаварыў. А за гэтыя два дні і дзесяці слоў не вымавіў. Што з табой — занудзіўся?
Кейсі ляжаў на жываце, зазіраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апіраўся на тыльны бок рукі. Капялюш ссунуўся на патыліцу, прыкрыўшы ззаду шыю.
— Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнікам, — сказаў ён.
— Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.
— Я ўвесь растрывожаны, — сказаў Кейсі. — Калі быў прапаведнікам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснічаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажаніцца. Ведаеш, Томі, вельмі ўжо кроў зайграла.
— У мяне таксама, — сказаў Том. — У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дыміўся. Падчапіў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нікому сказаць не магу.
Кейсі засмяяўся:
— Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасціцца, а калі выйшаў, са мной тое самае было.
— Чорт ведае што! — сказаў Том. — Грошай я не патраціў ні цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Відаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплаціць. Толькі ў мяне за душой нічога не было, акрамя пяці зялёненькіх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруці вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам і выйдзе. Стары «додж» — усяго чатыры цыліндры. Ужо раз неяк такі разбіраў. Карэнныя падшыпнікі вялізныя, як мускатныя дыні. Ну апускай… мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася… лягчэй. Ну вось! — Замаслены паддон ляжаў між імі на зямлі, і ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабіту. — Вось, — сказаў ён і пакруціў абломак пальцамі. — Вал стаіць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмі яе. Пакруці, пакуль я не крыкну.
Кейсі падняўся, знайшоў завадную ручку і прыладзіў да матора.
— Ну, можна?
— Давай крутні… цішэй… яшчэ трохі… яшчэ крышачку, ага, вось… Хопіць.
Кейсі апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнікам па каленчатым вале.
— Так яно і ёсць.
— А чаму, па-твойму, гэта здарылася? — пацікавіўся Кейсі.
— Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спідометры шэсцьдзесят тысяч міль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят — колькі разоў лічбы назад пераводзілі, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў — можа, хто з маслам недагледзеў ці яго проста не хапіла. — Том выцягнуў шплінты і захапіў ключом адзін з балтоў, што трымалі падшыпнік. Рэзка павярнуў ключ, і ён сарваўся з галоўкі балта. На тыльным баку рукі з'явіўся доўгі і глыбокі парэз. Том глянуў на ранку — з яе выступіла кроў і, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.