Гронкі гневу
Шрифт:
— А-а… — працягнуў Том. — Мы толькі што пад'ехалі.
Уінфілд і Руці вярнуліся, несучы ўдваіх вядро вады.
Маці сказала:
— Давайце раскладвацца. Я зусім знемаглася. Можа, тут адпачнём.
Бацька і дзядзька Джон залезлі на грузавік і пачалі знімаць з яго брызент і матрацы.
Том падышоў да маладога чалавека і пайшоў з ім да машыны, якую той рамантаваў. Шліфавальны станочак ляжаў на блоку, а на вакуумным бачку прымасцілася бляшанка з наждачным саставам. Том запытаўся:
— А што з ім за чорт, з гэтым барадачом?
Малады чалавек узяў сваю корбу і зноў пачаў прыціраць клапан да гнязда.
— З мэрам? А бог яго ведае. Напэўна,
— Як гэта — ачмурэў?
— Яго, пэўна, палісмены так заганялі, што яшчэ і цяпер у яго ў мазгах кручэнне.
— А нашто ганяць такога?
Малады чалавек адклаў убок корбу і глянуў Тому проста ў вочы.
— А бог іх ведае, — сказаў ён. — Ты толькі што прыехаў. Можа, ты разважыш, у чым тут справа. Адны так гавораць, другія гэтак. Вось пажывеш крыху на адным месцы, а там заявіцца шэрыфскі памагаты і пагоніць цябе далей. — Ён прыпадняў клапан і змазаў гняздо наждачнай масай.
— А навошта?
— Кажу ж табе — не ведаю. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што яны нібыта не хочуць, каб мы ў выбарах удзельнічалі, вось і ганяюць з месца на месца. А іншыя кажуць — каб не даваць нам дапамогі. А яшчэ я такое чуў: каб мы не маглі разам сабрацца і арганізавацца. Я ўвесь час на колах — адусюль гоняць. Пачакай, на сабе адчуеш.
— Мы не бадзягі якія, — упарціўся Том. — Мы працы шукаем. Мы гатовыя на любую работу.
Малады чалавек на момант кінуў прыладжваць корбу да шліца клапана і здзіўлена глянуў на Тома.
— Працы шукаеце? А-а… шукаеце працы… А ўсе астатнія чаго, па-твойму, шукаюць? Алмазаў? Я сабе ўжо ўвесь зад ушчэнт сцёр, а чаго я шукаю, як ты думаеш? — Ён крутнуў корбу ўзад і ўперад.
Том паглядзеў на панылыя палаткі, на розную старызну і хлам каля іх, на дапатопныя машыны, на праляжаныя, камлякаватыя матрацы, вынесеныя на сонца, на закураныя бляшанкі над чорнымі ад дыму ямамі, дзе гатавалі ежу, і ціха запытаўся:
— Дык работы няма?
— Пакуль што не. Можа, пазней. Цяпер тут ніякіх ураджаяў не збіраюць. Вінаграду рана, бавоўне таксама яшчэ рана. Мы далей едзем, вось толькі клапаны прытру. У мяне жонка і дзеці малыя. Мы чулі, далей на поўнач праца ёсць. На поўнач і паедзем, да Салінаса, што недалёка ад узбярэжжа.
Том бачыў, як дзядзька Джон, бацька і прапаведнік нацягваюць на жэрдкі брызент, а маці, апусціўшыся пад ім на калені, змятае пыл з матрацаў. Новых суседзяў кальцом абкружылі людзі, басаногія, мурзатыя, і моўчкі сачылі, як яны асталёўваюцца. Том сказаў:
— Там у нас раздавалі лісткі — такія аранжавыя. У іх пісалася, што тут патрэбна многа народу на збор ураджаю.
Малады чалавек засмяяўся:
— Тут кажуць, трыста тысяч такіх, як мы, і іду ў заклад, што сярод іх не знойдзецца і адной сям'і, якая не бачыла гэтых лісткоў.
— Так, але калі ім не патрэбныя людзі, навошта яны друкуюць такое?
— А ты паварушы, паварушы мазгамі.
— Добра, але ўсё ж скажы.
— Слухай, — сказаў малады чалавек. — Дапусцім, ты прапануеш работу, а ахвотнік на яе знайшоўся толькі адзін. Значыць, колькі ён запросіць, столькі ты яму і дасі. А дапусцім, ахвотнікаў сотня. — Ён адклаў інструмент убок. Пагляд яго пасуравеў, голас загучаў рэзка: — Дапусцім, сто чалавек хочуць атрымаць гэту работу. І дапусцім, у іх ёсць дзеці, і дзеці сядзяць галодныя. За паршывы дзесяціцэнтавік іх можна накарміць маісавай кашай. Дапусцім нават, што і за пяць купіш дзецям міску чаго-небудзь. І такіх, як ён, цэлая сотня. Прапануй ім пяць цэнтаў, і яны з-за гэтай нікелевай манеты горла адзін аднаму перагрызуць. Ведаеш, колькі мне плацілі на апошнім месцы? Пятнаццаць цэнтаў у
Том сказаў:
— Во дзярмо.
Малады чалавек з'едліва засмяяўся:
— А ты пажыві тут крыху і, калі ўчуеш дзе водар ружаў, пакліч мяне, я таксама панюхаю.
— Але ж павінна дзе-небудзь тут быць работа, — не здаваўся Том. — Божа мой, колькі тут усяго — фруктовыя сады, вінаграднікі, агароды! Я ж бачыў. На ўсё гэта людзі патрэбныя. Я ўсё сваімі вачамі бачыў.
З палаткі, каля якой стаяла машына, пачуўся плач дзіцяці. Малады чалавек пайшоў у палатку, і за брызентам пачуўся яго ціхі голас. Том узяў корбу, прыладзіў яе да шліца клапана і пачаў прыціраць яго, водзячы рукой то ў адзін, то ў другі бок. Дзіця перастала плакаць. Малады чалавек выйшаў з палаткі і стаў каля Тома, сочачы за яго работай.
— А ты ведаеш справу, — сказаў ён. — Гэта добра. Яшчэ прыдасца.
— Ну а ўсё ж такі як наконт таго, што я гаварыў? — напомніў Том. — Я бачыў, колькі тут усяго расце.
Малады чалавек прысеў каля яго на кукішкі.
— Вось што я табе скажу, — пачаў ён ціха. — Ёсць тут паблізу персікавы сад — вялізны, канца-краю няма. Я ў ім працаваў. Круглы год яго даглядаюць дзевяць чалавек. — Ён шматзначна памаўчаў. — А калі персікі паспяваюць, туды патрэбны на два тыдні тры тысячы рабочых. Столькі не знойдуць — усё пагніе. Дык што яны робяць? Рассылаюць гэтыя лісткі, куды толькі могуць. Ім патрэбны тры тысячы, а прыязджае цэлых шэсць. І гаспадар колькі захоча, столькі і плаціць. А не хочаш працаваць за такую плату, воля твая — месца тваё гатова заняць тысяча чалавек. І вось ты рвеш і рвеш гэтыя персікі з дрэў, і нарэшце канец — усе дрэвы голыя. А там паўсюль адны толькі персікі і растуць. І паспяваюць яны адной парой. Калі фрукты ўжо знятыя, дык усе да апошняга. Больш ва ўсёй акрузе рабіць няма чаго. Гаспадары не хочуць, каб ты там цяпер тырчаў. А такіх, як ты, тры тысячы. Усё, праца скончылася. Хто цябе ведае — можа, ты злодзей, можа, ты п'яніца ці дэбашыр. Да таго ж і выгляд у цябе не вельмі самавіты — тулішся ў пашарпанай палатцы; край цудоўны, а ад цябе смурод ідзе. Няма чаго тут швэндацца. Ну і гоняць цябе ў шыю — далей, далей. Вось яно як.
Том глянуў у бок сваёй палаткі і ўбачыў маці — ледзь рухаючыся ад стомы, яна распальвала невялікае вогнішча і ставіла на агонь кацялкі. Кола дзяцей падступіла бліжэй, і спакойныя, шырока расплюшчаныя дзіцячыя вочы сачылі за кожным рухам яе рук. Зусім састарэлы згорблены дзядок выпаўз, як барсук, з адной палаткі і пайшоў да іх, на хаду прынюхваючыся да пахаў. Закінуўшы рукі за спіну, ён стаў разам з дзецьмі назіраць, што робіць маці. Руці з Уінфілдам не адыходзілі ад маці, ваяўніча пазіраючы на чужакоў.
Том рашуча сказаў:
— Персікі трэба адразу абіраць, так? Як толькі паспеюць?
— Ну вядома.
— А што, калі ўсім згаварыцца і заявіць: «Няхай гніюць»? Тады яны, як міленькія, плату адразу павысяць!
Малады чалавек адарваў вочы ад клапанаў і з'едліва глянуў на Тома.
— Нічога не скажаш, прыдумаў! Сваім розумам дайшоў?
— Я зусім выматаўся, — адказаў Том. — Усю ноч за рулём сядзеў. Не хочацца ўцягвацца ў спрэчку. Так стаміўся, што ад любой дробязі магу ўскіпець. Ты лепш не задзірайся. Адказвай, калі ў цябе пытаюцца.