Гронкі гневу
Шрифт:
У Гувервілі гаманілі мужчыны: дзед мой адабраў зямлю ў індзейцаў.
Не, гэтак няможна, мы пра гэта ўжо гаварылі. Гэта зладзейства. А я не злодзей.
Няўжо? Пазаўчора ноччу ты ўкраў з ганка бутэльку малака. А яшчэ ты ўкраў медны дрот, прадаў яго і на гэтыя грошы купіў кавалак мяса.
То праўда, але ж дзеці былі галодныя.
Што ні кажы, гэта крадзеж.
А ведаеце, як Ферфілды займелі сваю ферму? Зараз раскажу. Зямля тады ўся была дзяржаўная, бяры хто хоча. Стары Ферфілд падаўся ў Сан-Францыска, пахадзіў па шынках і набраў тры сотні п'яных бадзяг. І зброд гэты нарэзаў сабе ўчасткі. Ферфілд карміў іх, паіў іх віскі, а калі прыйшлі паперы
Добрага тут, вядома, мала, але ў турму яго не запраторылі.
Не, у турму не пасадзілі. І таго чалавека, што паставіў лодку на фургон і потым даводзіў, што ўвесь участак быў пад вадой, — вось нават тая лодка, у якой я плыў, — яго таксама не пасадзілі. І тых, хто дае хабар вашынгтонскім кангрэсменам і заканадаўцам у штатах, таксама яшчэ нікога не пасадзілі.
Такую гамонку можна было пачуць у кожным Гувервілі, па ўсім штаце.
А тут яшчэ налёты — раптоўнае ўварванне ўзброеных шэрыфскіх памочнікаў у лагер перасяленцаў. Выбірайцеся адгэтуль. Загад аддзела аховы здароўя. Ваш лагер — рассаднік заразы.
А куды нам падзецца?
Не наша справа. У нас загад вас выселіць. Праз паўгадзіны мы лагер падпалім.
У нас пачаўся тыфус. Хочаце, каб зараза пайшла далей?
Нам загадана вас выселіць. Ну, хутчэй! Праз паўгадзіны мы спалім лагер.
Праз паўгадзіны ад кардонных халупак і зробленых з бур'яну буданоў у неба ўзняўся дым, і людзі зноў пагналі свае машыны па дарогах у пошуках новага Гувервіля.
А ў Канзасе і Арканзасе, у Аклахоме, Тэхасе і Нью-Мексіка трактары ўрываліся на фермы і выганялі арандатараў.
У Каліфорніі іх ужо трыста тысяч, а яны ўсё прыбываюць. Дарогі Каліфорніі забіты ашалелымі людзьмі, што, як мурашкі, бягуць усё далей і далей, гатовыя накінуцца на любую працу — цягаць, піхаць, падымаць, несці. Да кожнага цяжару, падняць які пад сілу аднаму чалавеку, цягнуцца пяць пар рук, на кожную порцыю ежы разяўляюцца пяць ратоў.
А буйныя ўласнікі — ім пагражае страта іх земляў пры сацыяльным перавароце; буйныя ўласнікі — ім даступныя ўрокі гісторыі, яны вывучалі яе і ведаюць бясспрэчную ісціну: калі ўласнасць сканцэнтроўваецца ў руках невялікай кучкі людзей, яе адбіраюць. І адпаведная ёй ісціна: калі большасць людзей жыве ў голадзе і холадзе, яны бяруць сілай тое, у чым яны маюць патрэбу. І яшчэ адна кідкая ісціна крычыць праз гісторыю: расправы толькі гуртуюць тых, з кім распраўляюцца, памнажаюць іх сілу. Буйныя ўласнікі ігнаравалі гэтыя тры гучныя поклічы гісторыі. Зямля канцэнтравалася ў руках усё меншай і меншай кучкі людзей, колькасць разораных расла, а буйныя ўласнікі ведалі толькі адно — задушэнне. Грошы траціліся на зброю, на газ для абароны буйных маёнткаў, паўсюль рассылаліся шпіёны, якія падслухоўвалі нараканні незадаволеных, каб у самым пачатку выкараніць бунтарскі дух. На перамены ў эканоміцы не звярталі ўвагі, планамі эканамічнага аднаўлення грэбавалі, разглядалі толькі меры для вынішчэння бунту, а самі прычыны, што яго параджалі, засталіся некранутымі.
Трактары, што пазбаўлялі людзей працы, стужачныя транспарцёры, што перамяшчалі груз, машыны, што самі выраблялі, выпускаліся ўсё ў большай і большай колькасці, і сем'і адна за адной гойсалі на машынах па дарогах, стараючыся падабраць хоць крошкі ад незлічонага багацця і прагна пазіраючы на зямлю ўсцяж дарог. Буйныя ўласнікі аб'ядналіся для самаабароны і на сходах сваіх асацыяцый абмяркоўвалі спосабы, з дапамогай
Людзі прысаджваліся на кукішкі, мужчыны з завостранымі тварамі, схуднелыя ад голаду, азлобленыя ад змагання з ім, — пахмурныя вочы і сцятыя сківіцы. А навокал іх рассцілалася ўрадлівая зямля.
Чуў, што здарылася з дзіцем з той вунь палаткі, чацвёртай з краю?
Не, я толькі што прыехаў.
Малы кідаўся ў сне, плакаў; Бацькі падумалі — глісты. Прамылі яму страўнік, і ён памёр. А гэта быў так званы «чорны язык». Хвароба такая ад дрэннай ежы.
Бедненькі.
А ў бацькоў няма грошай на пахаванне. Давядзецца хаваць як жабрака.
Чорт ведае што!
І рукі запускаліся ў кішэні, даставалі дробную манету. Каля ўвахода ў палатку вырасла кучка серабра. І бацькі знайшлі яе там.
Народ наш — добры народ; народ наш — сардэчны народ. Госпадзі, няхай хутчэй прыйдзе той час, калі добрыя людзі не ўсе будуць беднякамі. Госпадзі, няхай хутчэй прыйдзе той дзень, калі малым дзецям будзе што есці.
А аб'яднаныя ў асацыяцыі ўласнікі ведалі, што прыйдзе той дзень, калі малітвы гэтыя змоўкнуць.
І на тым — канец.
Раздзел дваццаты
Малыя Джоўды, Коні з Ружай Сарона і прапаведнік засталіся сядзець, самлелыя ад спёкі, здранцвелыя, на версе грузавіка, які спыніўся перад канторай следчага ў Бейкерсфілдзе, а бацька, маці і дзядзька Джон зайшлі ў будынак. Неўзабаве з канторы вынеслі кош і паклалі ў яго доўгі скрутак, зняты з грузавіка. Усе сядзелі на самым санцапёку, чакаючы, калі скончыцца следства, будзе вызначана прычына смерці і падпісана пасведчанне.
Эл і Том хадзілі па вуліцах, зазіралі ў вітрыны крамаў, з цікаўнасцю паглядалі на прахожых.
І нарэшце бацька, маці і дзядзька Джон выйшлі з канторы, прыгнечаныя і маўклівыя. Дзядзька Джон палез наверх. Бацька з маці занялі свае месцы ў кабіне. Том з Элам вярнуліся, і Том сеў за руль. Ён моўчкі чакаў, што яму скажуць. Бацька глядзеў проста перад сабой, насунуўшы цёмны капялюш нізка на лоб. Маці пацірала пальцамі куткі губ, і позірк у яе быў адсутны, разгублены, мёртвы ад знясілення.
Бацька глыбока ўздыхнуў.
— Нічога не зробіш, — прамовіў ён.
— Я ведаю, — сказала маці. — А ўсё-такі ёй хацелася, каб яе пахавалі прыстойна. Яна заўсёды пра гэта гаварыла.
Том пакасіўся на іх.
— Як жабрачку? — запытаўся ён.
— Так. — Бацька матнуў галавой, нібы намагаючыся вярнуцца ў рэчаіснасць. — Грошай не хапіла. Не здужалі. — Ён павярнуўся да маці: — Ты не бяры так блізка да сэрца. Як ні выкручвайся, што ні рабі, усё роўна нічога не выйдзе. Няма грошай. Духмянасці, дамавіна, пастар, месца на могілках… Мы і дзесятай долі не наскрабём. А што маглі, тое зрабілі.