Крыніцы
Шрифт:
Моўчкі i нерухома, у кутку, як чужыя i лішнія ў гэтым калектыве, сядзелі муж i жонка Кавальчукі. Праўда, у Паўла Паўлавіча колькі разоў напіналіся шчокі ад смеху — Лемяшэвіч назіраў за імі i бачыў гэта, але Мая Любаміраўна з дакорам пазірала на мужа, i ён стрымліваў свой смех. Яны перамаўляліся паміж сабой, але толькі аб справе, праглядаючы планы ўрокаў. І — дзіўная рэч — самыя калючыя на язык ні адным словам не зачапілі ix.
«Вось каму ў першую чаргу трэба заглянуць у душу — гэтаму Паўлу Паўлавічу, — думаў Лемяшэвіч. —
— Нешта Марозавай сёння няма, — сказала Прыходчанка.
— Але, кожнае першае верасня прыходзіла. Што гэта з ёй?
— Занята, — коратка адказаў Даніла Платонавіч.
За дзвярамі шумелі вучні.
— Зазіраюць у замочную шчыліну. Вунь якое вока блішчыць, — засмяялася Вольга Калінаўна, развешваючы на сцяне снапкі жыта, ячменю, проса, канюшыны.
— А гэта вельмі спакусліва i цікава — падгледзець, чым займаюцца настаўнікі. Можа, яны на галовах стаяць, — сказаў Бушыла, — Я сам любіў падглядваць. А снапам тваім даволі ўтульна тут, Вольга…
— У сельскай школе ў першую чаргу павінен быць біялагічны кабінет. А вы не падумалі пра гэта, Міхась Кірылавіч.
Як бы ў пацверджанне ix слоў аб падглядвайні, раптам з модным грукатам адчыніліся дзверы, i ў настаўніцкую куляй уляцеў вучань. Ён ледзь утрымаўся на нагах i спыніўся каля Данілы Платонавіча, ухапіўшыся за стол. Ядзя пырснула, але, угледзеўшы сур'ёзныя твары іншых настаўнікаў, закрылася касынкай. Збянтэжаны, спалоханы хлапчук, вучань шостага класа, не чакаючы допыту, прытворна хліпаючы i не ўзнімаючы галавы, тлумачыў:
— Мяне п-піхну-у-лі…
— Ах, бедны, яго піхнулі! — злосна, здзекліва i ў той жа час як бы радуючыся, што знайшоў ахвяру, праспяваў Арэшкін i сурова закрычаў: — Цябе штурхнулі, бо ты падглядваў у шчыліну. Падглядваў?
— І другія падглядвалі…
— Ты за сябе гавары… за сябе!.. Ты i ў мінулым годзе хуліганіў…
— Я нічога не рабіў.— Хлапчук выцер рукавом нос.
— Ідзі… i больш не падглядвай, — умяшаўся Лемяшэвіч, якому не спадабаўся тон завуча.
Арэшкін выйшаў следам за вучнем, мабыць, жадаючы прадоўжыць расправу.
— Я б такіх выганяла са школы, — сказала Мая Любаміраўна.
— За што? — здзівілася i абурылася Вольга Калінаўна. — Ваня — добры вучань. Паэт. Вершы піша… Непаседа. Дык што з гэтага? Мы самі былі непаседамі. І нельга крычаць — хуліганіш. Нельга так!
— Дзяцей трэба любіць, — сурезна сказала Марына Астапаўна.
Кавальчук непрыемна хіхікнула, i Лемяшэвіч здзівіўся, убачыўшы, як гэтая жанчына, Марына Астапаўна, якую, здавалася, ніколі i нічым нельга збянтэжыць, раптам ледзь не заплакала — ажно непрыгожым зрабіўся яе твар.
У гэты момант за дзвярамі зноў пачуўся танклявы здзеклівы голас Арэшкіна:
— Ідзі, ідзі, галубок! Герой! Рыцар без страху i сумлення! Там ты быў смялейшы! А?
Дзверы адчыніліся, i парог пакоя нясмела i цяжка пераступіў
Лемяшэвіч адчуў, што чырванее сам. Насцярожана падняўся Бушыла, павярнуўся да дзвярэй Даніла Платонавіч.
— Калі ласка, палюбуйцеся на гэтага героя, які ўчыніў у класе мамаева пабоішча! А? Як вам падабаецца? — пераможна i зларадасна пытаў Арэшкін. Зашпілі каўнер.
Алёша пачаў зашпільваць каўнер пакамечанай кашулі i ніяк не мог адшукаць гузік: пальцы яго дрыжалі.
Лемяшэвіч убачыў, як раптам няёмка адчулі сябе ўсе настаўнікі, як яны адводзяць позіркі, быццам усім ім сорамна.
— Алёша? — коратка спытаў Даніла Платонавіч.
Алёша ўзняў галаву, памкнуўся да яго.
— Даніла Платонавіч!.. Хлопцы хацелі мяне качаць… І ўсё!..
Ён сказаў гэта «ўсё» з такой шчырасцю, што адразу ўсім стала лягчэй. Даніла Платонавіч падышоў, ласкава ўзяў юнака за плечы, павярнуў да дзвярэй:
— Ідзі на ўрок, Алёша.
А сам, сярдзіта засопшы, пачаў перакладаць на стале сшыткі, як бы шукаючы нешта вельмі важнае i тэрмінова патрэбнае. Адам Бушыла, сціснуўшы кулакі, пагрозліва ступіў да Арэшкіна.
— Ты-ы… педагог! Трэба ведаць меру!
— Якую меру? Па-вашаму, няхай становяцца на галовы? Няхай ламаюць, б'юць? Так мы ўмацоўваем дысцыпліну! А? Вы самі парушаеце яе! Вы заступаецеся за сваяка! Таварыш дырэктар! Я прашу падтрымаць мяне… Гэта старая гісторыя!
Лемяшэвіч не ведаў, што сказаць, як ліквідаваць гэты канфлікт.
— Спакойна, таварышы.
Ён гэтак жа, як i Бушыла, быў абураны бестактоўным учынкам завуча, але выказаць сваё абурэнне не мог. Што трэба зрабіць, сказаць, каб гэта было правільна, падырэктарску?
Даніла Платонавіч павярнуўся да Арэшкіна, пільна разглядаючы яго, ціха спытаў:
— Навошта вы сапсавалі нам настрой?
— Я? — сумеўся завуч. — Каму? Чаму я?
— Мне… Усім нам… Касцянку… Класу… У такі дзень! Алёша — не дзіця. Алёша дарослы чалавек… Зразумейце гэта!
— Дарослых таксама прывучаюць да дысцыпліны, — дзёрзка i самаўпэўнена адказаў Арэшкін.
Даніла Платонавіч уздыхнуў i адвярнуўся. Бушыла дэманстратыўна выйшаў, стукнуўшы дзвярамі.
Пара было званіць — i Вольга Калінаўна, узяўшы са стала званок, гучна зазваніла амаль над самым вухам завуча; яна ведала, што Віктар Паўлавіч цярпець не мог, калі звоняць у настаўніцкай.
У класе спрачаліся на тэму: што такое гераізм i ці з'яўляецца гераізмам рэкорд Алёшы Касцянка?
— Гераізм — гэта найвышэйшае праяўленне емеласці, адвагі,— крычаў Валодзя Полаз, сын бухгалтара калгаса. — Гераізм — гэта, калі чалавек вядзе самалёт на таран, калі закрывае сваім целам амбразуру… або калі ворагі яго катуюць, агнём паляць, а ён маўчыць, як Зоя ці маладагвардзейцы. Вось гэта гераізм!