Крыніцы
Шрифт:
— З радасцю прымаем ваша запрашэнне, Арцём Захаравіч, — адказаў Лемяшэвіч знешне сур'ёзна, але ад Бародкі не схавалася тонкая іронія ў яго словах.
Сакратар коса глянуў на дырэктара i штосьці хацеў сказаць, але перашкодзіў Аляксей:
— У нас i цыбуля, i сала, i бульба — усё ёсць, — зноўтакі з дзіцячай шчырасцю i непасрэднасцю выказаў ён сваё жаданне абедаць разам, i гэтая шчырасць пакарыла Бародку. Ён ласкава ўсміхнуўся:
— Гэты харч i ў нас ёсць, рыбкі мала. Аднак бліжэй да справы. — І ён гукнуў у бок кустоў: — Хлопцы! Толя,
З-за кустоў выглянуў хлопчык год дванаццаці.
— Што там, тата?
— Абед! — І Бародка зноў гукнуў больш голасна, склаўшы далоні рупарам: — Пё-отр Андрэ-е-ві-ч!
Аднекуль здалёк прыляцеў кароткі адказ: «О-го-го!»
Падышлі да машын, што стаялі на ўзлеску пад дубамі. Каля патухшага агеньчыка бестурботна i смачна, раскінуўшы рукі, спаў шафёр абкомаўскай машыны. Бародка ў такія паездкі шафёра не браў, вадзіў машыну сам. Ён жартаўліва разбудзіў хлопца сігналам.
— Давай, Іван, агонь i рыхтуй кацялок. Улоў!
Падбеглі хлапчукі-аднагодкі, аднаго росту, адзін рухавы i смелы — з твару падобны на Бародку, другі — чарнявы, больш ціхі i сарамяжлівы. Арцём Захаравіч, закасаўшы рукавы, умела i спрытна стаў чысціць шчупакоў i акунёў. Аляксей з такім жа спрытам раскладваў агонь. Хлапчукі захапляліся ўловам, важачы ў руках шчупакоў:
— Ух, які звяруга! А зубы, глядзі, якія! А чаму ён чорны такі?
— Не ўмываўся, мабыць, — пажартаваў Бародка.
Хлапчукі весела рагаталі. Аляксею таксама было смешна, але ён стрымліваў сябе, каб не быць падобным на гэтых несур'ёзных блазнюкоў.
Да агню падышоў высокі паважны мужчына ў шаўковай кашулі, белых парусінавых штанах, з новенькім спінінгам. Было шмат агульнага ў Бародкі i ў гэтага: i ў росце, i ў паважнасці, i ў тварах, аднолькава чыста выгаленых, поўных, па-мужчынску прыгожых.
— Злавіў? — спытаў насмешліва Бародка, разразаючы шчупака на кавалкі.— Рыбак-дзівак! А мы вось, калі ласка…
— На дзяржзнакі?
— Ды не… Вось, — Бародка паказаў на Лемяшэвіча i Аляксея, — лавілі на такія ж прылады, як i ў цябе. Знаёмцеся — дырэктар Крыніцкай школы Лемяшэвіч, сакратар абкома — Малашанка, Пётр Андрэевіч, а гэта — Алёша Касцянок…
Сакратар абкома, моцна паціснуўшы руку Лемяшэвічу, Алёшу працягнуў руку з той абыякавасцю, з якой часта дарослыя вітаюцца з дзецьмі.
Бародка рабіў выгляд, што цалкам заняты юшкай, але ад яго пільнага вока нічога не схавалася. Ён убачыў, як пачырванеў i разгубіўся ад такога прывітання Алёша, i адпомсціў за яго: як бы між іншым сказаў пасля працяглай паўзы, калі Малашанка ўжо сеў на зямлю побач з Лемяшэвічам:
— …той самы Алёша Касцянок, які пабіў шмат год хваленага Старасельца. Вось якія ў нас героі, Пётр Андрэевіч!
Сакратар абкома крута павярнуўся да Алёшы, недаверліва спытаў:
— Камбайнер Касцянок? — i, убачыўшы сарамлівую, вінаватую усмешку юнака, зноў працягнуў руку i на гэты раз ціснуў Алёшаву руку доўга i моцна.
— Вось як i ты! Малайчына! Рад. Рад пазнаёміцца. Значыцца, з камбайна на рыбу?
Алёша
— A паслязаўтра — за парту. Ён жа вучань дзесятага класа, — сказаў Лемяшэвіч.
— Ведаю, ведаю. Далібог — малайчына. Радасна глядзець на такую моладзь!
— Ён ва ўсім удачнік — сказаў Бародка, прыладжваючы на агні кацялок. — Ён сёння з першага закіду пяцікілаграмовага шчупака выцягнуў. Не тое, што мы з табой. Ведаеш анекдот пра спінінгіста? Хадзіў, хадзіў такі рыбак, як ты, цэлы дзень, з раніцы да вечара, намахаўся гэтым вудзільнам — рукі падыяць не можа, мазал i нацёр на руках i на нагах… І — хаця б дзеля смеху жаба зачапілася. Нічога. Узлаваўся, павярнуў назад. Але вырашыў па дарозе кінуць яшчэ разок. [што вы думаеце?.. — Бародка абвёў усіх гюзіркам.
— Шчупак? — нецярпліва спытаў Коля: хлапчукі слухалі анекдот, як самую цікавую казку, разявіўшы раты.
— Ды не проста шчупак, а з добрае парасё — кілаграмаў на восем. Ледзь выцягнуў ён яго… Падзівіўся, адчапіў i… бух назад у рэчку.
— Эх! — ажно падскочылі хлапчукі.— Чаму?
— Усё адно, падумаў, не павераць. Скажуць купіў.
Анекдот асабліва падабаўся самым маладзейшым. Нават Алёша забыўся на сваю паважнасць i рагатаў разам з хлапчукамі. Хораша ён адчуваў сябе тут, пад старым дубам, лісце якога шумна варушылася ад дыму i гарачага паветра, сярод сталых, сур'ёзных i ў той жа час простых i дасціпных людзей. Смачна пахла юшкай, смажаным салам i рыбай. Трошкі смешна было, з якой сур'ёзнасцю i спрытам увіхаўся над кацялкамі i патэльняй сакратар райкома, — нюхаў страву, каштаваў, як жанчына.
Сакратар абкома i Лемяшэвіч вялі сур'ёзную размову пра школу, пра выхаванне, пра навуковую работу: выявілася, што Малашанка таксама педагог, працаваў дырэктарам педвучылішча i таксама намерваўся йекалі пісаць навуковую работу i… не напісаў.
Аляксею нікуды не хацелася адыходзіць, але хлагічукі пацягнулі яго «паспінінгаваць» i павучыць ix — ктабе ж шанцуе». Шафёр пайшоў па дровы. Каля агшо па нейкі час засталіся толькі сакратары i Лемяшэвіч. Выкарыстаўшы гэты момант, Бародка сказаў, зноў-такі як бы між іншым i жартаўліва:
— Лемяшэвічу пальца ў рот не кладзі. Неспакойны чалавек. Толькі што прыехаў у раён i ўжо ўправіўся пасварыцца з першым сакратаром. Уяўляеш, паўстаў супраць таго, што я часам заглядваю да Марыны. «Мая настаўніца, — крычыць, — i я нікому не дазволю наведвацца да яе!» Бачыш, які гусак!..
— А ты ўсё яшчэ наведваешся? Ой, глядзі, Арцём, — дакорліва паківаў галавой Малашанка, — прыйдзецца нам займацца табой на бюро.
Відаць, Бародка разлічваў на іншы эфект: памужчынску пажартуюць — i ўсё. І такім чынам ён дасць зразумець Лемяшэвічу, што для яго, Бародкі, справа гэта — дробязь, пра якую ён не баіцца нават сказаць пры сакратару абкома. Але яўна атрымалася асечка, i Арцём Захаравіч ураз забыўся на кулінарыю, павярнуўся да Лемяшэвіча расчырванелы, калючы, з нядобрымі агеньчыкамі ў вачах.