Крыніцы
Шрифт:
— Міхась Кірылавіч… Я хачу сказаць… Я ад усіх, — ён глянуў назад, дзе сядзелі Касцянок, Цялуша, Хмыз, — увесь клас скажа, што Алёша не вінаваты. Што калі што… калі вінаваціць, то мы ўсе i я першы… Мы проста падымалі яго «на ўра» за яго працу, бо гэта ж гераізм!..
Ніхто не звярнуў увагі на нечаканае прызнанне Валодзем працы Алёшы гераізмам; вучні загаманілі, пацвярджаючы яго словы. Лемяшэвіч, крыху расчулены такой салідарнасцю, пастукаў алоўкам аб стол, каб суцішыць клас, i сказаў, як мог бы сказаць зусім дарослым людзям:
— Таварышы! А хто вінаваціць Касцянка? Ніхто. Атрымалася непаразуменне… А праца Алёшы сапраўды гераічная!.. З такой працы мы ўсе павінны браць прыклад. Нам,
І — дзіўная, нябачаная на ўроку рэч — вучні заапладзіравалі, страшэнна збянтэжыўшы гэтым Алёшу, на долю якога i так ужо хагйла перажыванняў.
Міхась Кірылавіч дадаў, ужо як дзецям:
— Але падымаць «на ўра» i ўсё іншае такое — не рабіце гэта ў класе. На вуліцы — вунь якая прастора!
I ўраз усе твары, акрамя Алёшавага, сталі прыветлівымі, дружалюбнымі.
Першы ўрок прайшоў добра. Міхась Кірылавіч доўга ўспамінаў яго з прыемнасцю i пачуццём радасці i задавальнення самім сабой.
Перад апошнім урокам у школу прыехаў Бародка. У настаўніцкай усе разгубіліся, калі ён нечакана зайшоў, нават Лемяшэвіч адчуў сябе ніякавата. Праўда, Бародка, з уласцівым яму ўменнем, хутка ўключыў усіх у агульную, як бы жартаўлівую, з вясёлымі прыкладамі, але ў той жа час вельмі сурезную — аб грамадскай працы настаўніка — размову. Але Лемяшэвіч заўважыў, што да яго асабіста сакратар звяртаецца суха — афіцыйна i непрыязна, нібы жадаючы даць зразумець калектыву, што новы дырэктар не карыстаецца павагай райкома. І першы, хто гэта зразумеў,— Арэшкін, ён ажно заззяў увесь. Да Прыходчанкі Бародка звяртаўся на «ты», як да блізкага чалавека: «Ты, Марына, не пярэч. Колькі ты сама прачытала лекцый?»
Лемяшэвічу ён сказаў:
— Збярыце вучняў пасля ўрокаў. Старэйшыя класы.
— Навошта?
— Уявіце, таварыш Лемяшэвіч, што сакратар райкома хоча пагутарыць з вашымі вучнямі. Дазваляеце?..
Надвор'е праяснілася — i вучняў сабралі ў двары школы, на пляцоўцы.
Бародка пачаў гаварыць аб ролі працы ў выхаванні чалавека камуністычнага грамадства. Гаварыў ён проста i цікава. Слухалі яго ўважліва i вучні i настаўнікі; нават калгасніцы, што ішлі з поля на абед, спыніліся каля плота, ды так i прастаялі да канца прамовы.
Сакратар высмейваў тых вучняў, якія, скончыўшы «якіх-небудзь сем класаў на тройкі з хвосцікамі», запісваюць сябе ў «інтэлігенты» i лічаць для сябе нізкім працаваць у калгасе.
Потым ён гаварыў аб політэхнічным навучанпі i хоць, як адзначыў Лемяшэвіч, крыху спрашчаў пытанне, але канчатковыя вывады рабіў правільныя, ясныя.
— Усе магчымасці ў вас, у вашай школе, для політэхнізацыі ёсць: добры прышкольны ўчастак, a галоўнае — МТС пад бокам, любыя сельскагаспадарчыя машыны… І, нарэшце, у вас ёсць цудоўны прыклад, які паказвае, якую карысць можа прынесці асваенне адной з гэтых машын i сумленная праца на ёй… Карысць i для народа, i для Радзімы, i для таго чалавека, хто гэта зрабіў… Вы ведаеце, што я маю на ўвазе. Працу на камбайне вучня вашай школы Аляксея Касцянка… — І Бародка паклікаў: — Таварыш Касцянок!
Яшчэ раз да смерці збянтэжанага Алёшу сябры сілком выштурхнулі з задніх радоў. Каб ён ведаў, што размова зноу будзе пра яго, ён нізашто не застаўся б на гэтым сходзе.
— Ідзі, калі ласка, бліжэй, — запрасіў яго сакратар.
Алёша нясмела падышоў.
— Таварышы! Райком i райвыканком прынялі рашэнне: Аляксея Сцяпанавіча Касцянка за яго выдатную працу ў МТС, на камбайне, узнагародзіць каштоўнымі рэчамі: гадзіннікам i веласіпедам. Дазвольце мне ўручыць яму гэтыя рэчы.
Сакратар райкома дастаў з кішэні невялічкую скрыначку i пад бурную авацыю працягнуў Алёшу. Той нязграбна ўзяў яе правай рукой.
— Ну, ты — механік, i збярэш сам… — сказаў Бародка Алёшу. Сакратар, відаць, меў намер яшчэ штосьці сказаць да ўсіх, але вучні ўсхапіліся з месцаў, абкружылі Алёшу, каб паглядзець падарункі, бліжэйшыя сябры яго пачалі ўжо распакоўваць веласіпед, каб тут жа сабраць i калектыўна выпрабаваць.
14
Праз некалькі дзён на бюро райкома са спазненнем зацвярджалі новых дырэктараў школ. Па сутнасці, новым быў адзін Лемяшэвіч, усе іншыя зацвярджаліся ў сувязі з пераводамі па ўласнаму жаданню ці па волі райана або райкома з адной школы ў другую. Дырэктарам прыйшлося доўга чакаць: на пасяджэнні, якое цягнулася ўжо гадзіны тры, абмяркоўвалася першае пытанне — аб выкананні плана хлебана-рыхтовак. З кабінета першага сакратара выляталі па адным чырвоныя i мокрыя ад поту старшыні адсталых калгасаў. У прыёмнай кожны з ix з палёгкай уздыхаў, прагна закурваў i іранічна-весела адводзіў позіркам тых, што чакалі: «Дастанецца i вам, пачакайце, не аднаму мне!»
— Але-е… Сам сёння «дае прыкурыць»… Грыміць! — сказаў адзін старшыня з нейкім своеасаблівым захапленнем. Лемяшэвіча непрыемна ўразіла гэтае «сам».
Ён ведаў, што зацвярджэнне — хуткая i па сутнасці фармальная справа, аднак чамусьці хваляваўся, як бы прадчуваючы нешта благое. Ён упершыню падумаў тут, слухаючы разважанні іншых дырэктараў, што яго выстугіленні супроць паводзін Бародкі сапраўды, магчыма, недарэчныя i дробязныя. Але ж справа не толькі ў адносінах Бародкі з Марынай. Ёсць шмат іншага, супроць чаго пратэстуе яго сумленне камуніста, у тым ліку i супроць гэтага «сам». Хто даў Бародку такія правы, такую ўладу? Чаму ён зрабіўся гэтым «сам» i сапраўды ўсё вырашае сам? Чаму яго больш баяцца, чым паважаюць?..
Усіх іншых дырэктараў (ix было чацвёра) зацвердзілі на працягу нейкіх дзесяці хвілін, i яны пакінулі кабінет усе разам. Лемяшэвіч застаўся адзін, адчуваючы, што хвалюецца ўсё больш i больш. Бародка ўстаў (дагэтуль ён сядзеў), прыветліва кіўнуў яму галавой i звярнуўся да членаў бюро роўным, крыху абыякавым i стомленым голасам:
— Таварышы, ёсць такая думка… Таварыш Лемяшэвіч — малады, энергічны кіраўнік, чалавек дастаткова адукаваны… Добра зарэкамендаваў сябе ў час рамонту i абсталявания школы. Словам, яго арганізатарскія якасці райком ацаніў ужо… Дадам: чалавек прынцыповы, настойлівы, камуніст з дзесяцігадовым стажам. А мы ўсе ведаем становішча нашай Ліпнякоўскай школы… Школа далёкая, за ракой, у гэтым годзе дзевяць класаў, хутка будзе дзесяць… Будынка няма, займаюцца ў чатырох ці пяці хатах… Але будзем будаваць. А добрага дырэктара ніяк не падбяром… Туды трэба вось такога кіраўніка, такога энергічнага маладога арганізатара. І таму ёсць думка… я ўзгадніў з аблана… перавесці таварыша Лемяшэвіча з Крыніц у Ліпнякі. Лемяшэвіч павінен успрыняць гэта як баявое задание райкома. Чалавек ён халасты, вольны казак, як кажуць, i якіх-небудзь аб'ектыўных прычын… — Бародка развёў рукамі,— няма…
Лемяшэвіч, выслухаўшы ўсё гэта, раптам адчуў, што ад хвалявання не засталося i следу, наадварот, стала спакойна i нават весела.
— A ў Крыніцы каго? — спытаў пракурор Кляўкоў, малады, неспакойны чалавек, які даўно ўжо нецярпліва паглядаў на гадзіннік, i Бародка ўжо аднойчы іранічна заўважыў яму: «А пракурор усё спяшаецца».
— У Крыніцы — Ціханчука, з Дзятлаўскай сямігодкі.
— Ціханчука? — перапытаў Валатовіч і, сказаўшы кароткае неазначальнае «м-да», палез у кішэню па акуляры.