Крыніцы
Шрифт:
Даніла Платонавіч разбіў галавешкі, потым, падумаўшы, зноў укінуў дроў, i Лемяшэвіч назіраў, як хутка яны загараюцца, як на паленнях выступаюць слязінкі смалы, капаюць у жар.
— Таварышы, — ціха i як бы спалохана паклікала Наталля Пятроўна. Лемяшэвіч павярнуўся i ўбачыў яе твар, надзвычай разгублены. Нешта моцна i нечакана ўсхвалявала жанчыну. — Вы даруйце мне… Паглядзіце, што тут…
Яна працягнула аблаеную газету. Лемяшэвіч узяў яе i адразу знайшоў тое, што ўсхвалявала жанчыну, — фельетон на другой старонцы. Ён прачытаў яго вачамі за нейкую хвіліну, пакуль Шаблюк, па-старэчаму, не спяшаючыся, шукаў на стале акуляры. Фельетон называўся «Ад школы
Так, факт быў, была злашчасная выпіўка за зачыненымі дзвярамі крамы. Але шго зрабілі з гэтага факта?!
Лемяшэвіч, забыўшыся на хусцінку, выцер лоб рукавом. Газету ад яго ўзяў Даніла Платонавіч. Ён чытаў павольна, асобныя словы вымаўляў уголас i ўсё больш i больш хмурнеў, усё глыбейшымі рабіліся складкі каля яго рота i неяк ніжэй абвісалі сівыя вусы.
Скончыў чытаць — паглядзеў на Лемяшэвіча, але не цераз акуляры, а паверх ix, ад чаго позірк яго здаўся надзвычай суровым. Лемяшэвіч, не чакаючы яго пытання, махнуў рукой.
— Глупства, — сказаў ён, хоць нялёгка яму было здавацца знешне абыякавым.
— Не, гэта не глупства! Не! Гэта… паклёп!.. А паклёп не глупства! Ах, сукін сын! — Даніла Платонавіч скамячыў газету i злосна шыбнуў на падлогу. — Гэта страшна, калі ў калектыве ёсць чалавек, здольны на такі паклёп. — Стары нахіліўся, падняў газету, прачытаў подпісы: — Свістун, Капелька, Свістун… Схаваўся, трус…
— Ну, я, магчыма, насаліў сяму-таму, — сказаў Лемяшэвіч. — А пры чым тут Раўнаполец, Полаз? А Даша? Гэта ўжо проста подла! У беднай удавы, работніцы школы, правалілася падлога, i я аддаў ёй абрэзкі дошак… Скарыстаць гэта мог толькі закончаны нягоднік.
— Усё подла ад пачатку да канца! Усё! А вы — «глупства». Так мы не выкрыем гэтую гніль. Супроць подласці трэба змагацца, а не рукой махаць… Змагацца!
Наталля Пятроўна сядзела, сціскаючы скроні далонямі, i на твары яе была пакута.
— Божа мой! Што вы падумаеце пра мяне? Я толькі што нагаварыла вам глупства з-за гэтай п'янкі. І раптам… якое недарэчнае супадзенне!..
Даніла Платонавіч, зразумеўшы яе думкі, пачаў супакойваць:
— Гэта ты дарэмна, Наташа. Нічога Міхась Кірылавіч не падумае.
— Вы абраЖаеце мяне, Наталля Пятроўна, — горача сказаў Лемяшэвіч. — Што я магу падумаць? Пра вас? Каб вы ведалі, як я думаю… — Але ён не скончыў, схамянуўшыся, каб схаваць сваю збянтэжанасць, нахіліўся i пачаў размешваць вуголле ў грубцы.
З хаты Шаблюка яны выйшлі разам. Разам ішлі да кватэры Наталлі Пятроўны. Яна маўчала. A Лемяшэвіч, магчыма, гаварыў залішне многа; гэта — ад узрушанасці i ад несвядомага жадання паказаць, што фельетон яго мала кранае. І самога сябе ён сапраўды напачатку пераканаў, што хвалявацца няма з-за
На развітаннс Наталля Пятроўна моцна паціснула яму руку i ціха сказала:
— Даруйце мне, Міхась Кірылавіч. Я пазбягала вас зусім не таму.
— А чаму?
Яна не адказала. Пажадала добрай ночы, падзявочаму хутка, нібы баючыся, што ён спыніць, шмыгнула ў двор, стукнула весніцамі, зачыніла ix на засоўку.
Толькі дома, у сваёй пустой халасцяцкай кватэры, Лемяшэвіч адчуў, як яму балюча i крыўдна ад гэтай незаслужанай абразы. Цяпер, калі ўсё наладжвалася, усё ішло як мае быць, калі ён зведаў сапраўдную радасць ад працы, дружбы… Прачытаюць вучні, бацькі, настаўнікі. Што іншае не прачытаюць, а гэта прачытаюць усе, нават тыя, хто ніколі газету ў рукі не бярэ. І — розныя ёсць людзі! — адны зразумеюць правільна, a другія… павераць надрукаванаму слову. Як-ніяк — абласная газета. Асабліва — дзеці. Што падумаюць дзеці?
«Аднак хто гэта мог зрабіць? — думаў ён. — Бародка? Няўжо Бародка? Няўжо ён здольны так нізка, так подла адпомсціць? — у гэта не хацелася верыць. — Не можа быць. Не мог ён напісаць! Hi ў якім разе. Гэта ж легка выявіцца… Ён чалавек разумны. Аднак матэрыял такі не мог ісці без праверкі. Але хто i як правяраў? У Крыніцы карэспандэнты не прыязджалі. Значыць, рэдакцыя атрымала візу аўтарытэтнай асобы. Значыцца, зноў — Бародка… Няўжо ён? Больш ніхто пацвердзіць не мог».
Ад думак такіх ажно разбалелася галава. Прыйшоў Сяргей Касцянок.
— Я ўжо двойчы заходзіў,— сказаў ён. — Дзе ты быў? Чытаў? Што ты скажаш?
— Што сказаць? Непрыемная рэч, асабліва для нашага брата, настаўніка.
— Раўнапольцу непрыемна не менш, чым табе.
— Вядома. Але дарослым растлумачыць лягчэй. А вось калі маеш справу з дзецьмі… Тут, брат, цяжэй. Тым больш што я не святы, як i кожны з нас. Але, выпіваў. І вось уяві, што нейкая частка дзяцей паверыць, шго я прадаваў школьныя дошкі…
— Сапраўды. — Сяргей кінуў на канапу шапку i ўскудлачыў рукамі валасы. — Але хто мог зрабіць такую подласць, скажы мне? Адам крычыць i грыміць на ўсю хату, што гэта справа Арэшкіна, i рвецца пайсці «пагутарыць» з ім.
— Яшчэ не хапала глупстваў! Скажы яму, каб — ні слова! — Лемяшэвіч на момант задумаўся. — Арэшкін? Ведаеш, я менш за ўсё схільны думаць на яго. Мне чамусьці здаецца, што пра фельетон не мог не ведаць Бародка. А Арэшкін i Бародка… не, несумяшчальна.
— А чаму Бародка? — спахмурнеў Сяргей. — Ты проста неаб'ектыўны i злапамятны, Міхась. Ну, паспрачаліся вы… Ёсць у яго недахопы, як i ў мяне, i ў цябе, i ў кожнага з нас, смяротных. Але падумай: каб ён быў перакананы, што_ ўсё гэта праўда, ён даўно выцягнуў бы цябе на бюро… Ён, брат, патрыёт свайго раёна, i выносіць смецце з уласнай хаты — не ў яго характары. Яму ж трэба цяпер рэагаваць!
Лемяшэвіч не спрачаўся. Ён i сам разважаў амаль гэтак жа, i яму было нават прыемна, што Сяргей абараняе Бародку. Але якім тады чынам мог з'явіцца такі фельетон?
— Ды проста, — адказаў Сяргей на яго пытанне. — Нехта напісаў пісьмо, a работнікі рэдакцыі зрабілі фельетон. Ім абы факт!
— Без праверкі?
— Ды ліха ix ведае, як яны правяраюць. Ці мала яшчэ ў нас безадказнасці! Але за безадказнасць трэба біць! Біць бязлітасна, чорт вазьмі!
Пакуль яны гутарылі, прыбег Антон Раўнаполец, разгублены, спалоханы, з газетай у кішэні.