Крыніцы
Шрифт:
— Дарагі Міхась Кірылавіч, мы абураны да глыбіні душы. Усім калектывам… Гэта не толькі на вас паклёп, гэта на ўсіх нас паклёп. Мы пішам калектыўнае пісьмо. Вось!
Тут былі ўсе настаўнікі, адсутнічаў адзін Даніла Платонавіч. Усе яны прывіталі дырэктара цёпла i шчыра: адразу падняліся ca сваіх месц, па чарзе ціснулі руку, хто моўчкі, хто ca словамі спачування.
— Скажыце нам, хто гэтыя свістуны, i мы заткнем ix свісткі! — пажартаваў з суровай сур'ёзнасцю Кавальчук. Жонка яго, Мая Любаміраўна, згаджаючыся з мужам, прыветліва кіўнула галавой i ласкава ўсміхнулася. Раней яна ніколі не ўсміхалася
Марына Астапаўна паціснула руку па-мужчынску моцна, без слоў. Апошняй нясмела падышла тэхнічка Даша i заплакала. Слёзы яе, сустрэча настаўнікаў, ix, безумоўна, шчырае абурэнне расхвалявалі Лемяшэвіча.
— Таварышы, ці не замнога шуму з-за такой справы? Усё гэта не варта выедзенага яйка. Глупства…
— Не, не глупства. Гэта прэстыж школы, прэстыж калектыву. І мы не можам маўчаць! А? — горача запярэчыў Арэшкін. Яго падтрымалі іншыя.
— Якое ж гэта глупства, калі вы памаглі мне падлогу адрамантаваць, каб дзеці не мерзлі, а яны — вунь што напісалі: за гарэлку дошкі прадавалі. Каб ім!.. — ужо не плакала, а таксама абуралася Даша.
— Вы нам не замінайце, Міхась Кірылавіч… Мы былі б нявартымі свайго звання савецкіх педагогаў, каб змаўчалі! — апошнія словы Павел Паўлавіч сказаў, павярнуўшыся да жонкі.
Лемяшэвіч паціснуў плячамі: яго i радавала такая згуртаванасць калектыву, i бянтэжылі словы пахвалы яму.
— Пішыце, Вольга Калінаўна, далей, — загадаў Арэшкін, калі Лемяшэвіч зайшоў у кабінет дырэктара — маленькі пакойчык побач з настаўніцкай.
— На чым мы спыніліся? — Арэшкін хадзіў па настаўніцкай, засунуўшы руку пад пінжак, i гладзіў сваё сэрца. — Пішыце… Такім чынам, мы разглядаем гэты фельетон як паклёп на сумленнага савецкага чалавека, арганізатара i кіраўніка…
— Камуніста, — падказаў Кавальчук.
— Правільна, — згадзіўся Арэшкін. — Дадайце, Вольга Калінаўна, — савецкага чалавека, камуніста. Далей… Разам з намі абураны калгаснікі перадавога ў раёне калгаса «Перамога», якія за кароткі тэрмін палюбілі таварыша…
— «Палюбілі» — не тое слова, — перапыніла Марына Астапаўна.
У складанні пісьма не ўдзельнічаў адзін Адам Бушыла; ён сядзеў на канапе, нязвыкла маўклівы, i з такой знявагай пазіраў спадылба на Арэшкіна, што Лемяшэвіч, праз прыадчыненыя дзверы ўбачыўшы гэтыя позіркі, спалохаўся, як бы ён не нарабіў чаго. Яго панурасць уплывала на настаўнікаў, якія ніяк не маглі зразумець, чаму весялун i жартаўнік Бушыла ў такім настроі.
Арэшкін пазіраў на яго з баязлівасцю i прыкметна нерваваўся.
Лемяшэвіч выйшаў з кабінета, прычэсваючы валасы.
— Вы даруйце, таварышы, але мне не падабаецца, што вы пішаце. Калі гаварыць аб паклёпе, дык ён узведзены не на аднаго Лемяшэвіча. А старшыня сельсавета? Сакратар партарганізацыі?
— Правільна, — падтрымаў Бушыла.
Арэшкін перанёс руку ад сэрца на патыліцу, глянуў на гадзіннік — ці ёсць час перапісаць пісьмо нанава — i зморшчыўся.
— Правільна… Вядома, правільна! А вы седзіцё i не можаце падказаць, пішам калектыўна. Маўчаць лягчэй за ўсё! — накінулася на Бушылу Вольга Калінаўна, якая заўсёды да ўсяго ставілася з выключнай шчырасцю i добрасумленна.
— Без
— Што я пішу? — перасмыкнуўся Арэшкін. — Я пісьмо раз у месяц пішу.
Баючыся, што няўрымслівы Бушыла i тут выкажа сваё падазрэнне, якое выказаў учора Сяргею, а сёння за снеданнем усім Касцянкам i яму, Лемяшэвічу, Міхась Кірылавіч паспяшаўся перавесці яго ўвагу на іншае. Бушыла зразумеў i, нічога не адказаўшы, выйшаў з настаўніцкай.
— Наш Адам устаў не з той нагі,— пажартавала Вольга Калінаўна, сама, без падказак, перарабляючы пісьмо. — Я думаю, вось так трэба! — Яна начала чытаць, як напісала.
Цяпер былі прозвішчы Полаза i Раўнапольца, але Лемяшэвіч пачырванеў ад той пахвалы, якая выказвалася ў пісьме асабіста яму, i запярэчыў:
— Зразумейце, таварышы, што вы ставіце ў няёмкае становішча i сябе i мяне. Я — дырэктар, вы — настаўнікі…
— Міхась Кірылавіч праўду кажа, ад пісьма патыхае падхалімажам, — раптам падтрымала яго Марына Астапаўна.
У гэты момант увайшоў Даніла Платонавіч, i ўсе змоўклі. Распрануўшыся, ён абвёў настаўнікаў праніклівым позіркам, нібы жадаючы па вачах адшукаць злачынцу. Вольга Калінаўна падала яму пісьмо.
— Прачытайце i скажыце сваю думку, Даніла Платонавіч.
— Хто гэта пісаў? — спытаў ён, прачытаўшы пісьмо.
— Калектыўна.
— Калектыўна i так дрэнна? Доўга, блытана i такім высокім штылем, быццам оду складаеце.
Арэшкін запярэчыў:
— Мы выказалі свае пачуцці…
— Ну, калі ўжо вы выказалі ix, — Даніла Платонавіч кінуў позірк на Лемяшэвіча, — то i мы, відаць, маем права выказацца.
Ён дастаў са старога пацёртага партфеля аркуш паперы i прачытаў на імя сакратара абкома (настаўнікі пісалі ў рэдакцыю) пісьмо, у якім не было ніякіх залішніх пахвал ні Лемяшэвічу, ні Полазу, ніякіх гучных слоў, а быў рашучы пратэст супроць хлусні i паклёпу на сумленных людзей. Падпісалі: Шаблюк, Марозава-Груздовіч, Сяргей Касцянок, Валатовіч.
— І я! — адгукнуўся з парога Адам Бушыла.
— Дазвольце i мне, — папрасіў Кавальчук.
— Таварышы, я думаю, мы ўсе падпішам гэтае пісьмо? А? — жвава звярнуўся да калег Арэшкін. — Даніла Платонавіч мудра выказаў нашу агульную думку.
Лемяшэвіч глянуў на гадзіннік.
— Пара званіць, Дар'я Пракопаўна, — кінуў ён i пайшоу у кабінет, поўны супярэчлівых пачуццяў, з нейкім непрыемным асадкам на душы.
Радасна было ад шчырай падтрымкі i ад таго новага, што раптам адкрыў ён у многіх з настаўнікаў. Яно давала права спадзявацца, што калектыў па-сапраўднаму згуртуецца. Чаму разам з гэтым было непрыемна — ён ніяк не мог зразумець.
У класе абмеркаванне гэтай падзеі праходзіла куды больш бурна, са спрэчкамі, узаемнымі папрокамі. Калі Паўлік Варанец паспрабаваў выказаць думку, што друка валі не проста так, а, мабыць, належным чынам праверыўшы, у яго паляцелі скамечаная папера, крэйда, мокрая ануча.
— Дурань! Значыцца, па-твойму, i Даніла Платонавіч злодзей?
Паўлік мусіў неадкладна змяніць сваю думку.
Валодзя Полаз на поўны голас філасофстваваў аб поддаст людзей, якія пішуць ананімныя пісьмы, i аб нікчэмнасці тых, хто падтрымлівае паклёпнікаў нават у думках.