Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Мая Іліяда

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Кінааслы 

Пад стромай эфемерныя кварталы, Б'е ў дыхту сценак вецер-дрэвачос. Па вузкіх сцежках, зарасцях і скалах Я еду на асле, нібы Хрыстос. І на шырокіх ветраных палянах, Дзе адступаюць дубнякі і глог, Махаюць лаўры мне галлём "асанну"... Ну, хло-опцы, сорам!.. Ну за што, дальбог? За гэты горад?.. То не горад - гора... Ўся гэта фальш з павапленай сцяной І я, што дурам на асла успёрся, - Ўсё гэта называецца - кіно. І помніце, што маскі і катурны Не ўсё ў жыцці, - паверце мне, не ўсё, - А на аслах часцей бывалі дурні, І не адзнака для Хрыста - асёл, Нашто "асанну" ліць бяззменнай хваляй? Глядзіце лепш, як на мяжы імглы Над безданню вячэрняй, над правалам Па сцежцы едуць два кінааслы. 

Шайтан-Мярдвень 

Чортавы
сходы, Шайтан-Мярдвень,
Вымерлых таўраў спаруда. Ледзьве ляплюся... Ой, справы дрэнь!.. Людзі! Ратуйце, людзі! Ў сажань прыступкі. Зараз бы мул, Асёл або хто заўгодна, - Я б ухапіўся за хвост яму, Нібы за маму родную. Тытанаў шлях паўтарыць захацеў - Ляцець, як арол, над абвалам... Арол, ён ляціць, а вось ты каб зляцеў? Чорт занёс цябе ў гэтыя скалы!!! Строма - семдзесят градусаў. Ў прорве цень. І з-пад ног туды камні прамуюць. Кляты, чортаў Шайтан-Мярдвень! Каго хочаш на морд замардуе. Вецер і сцюжа ў кішках аж да дна. Сцяна, і канца ёй не будзе. Дамоў бы зараз, ды шклянку віна... Людзі! Ратуйце, людзі! 

Таўры 

В. Б. В-ч

Таўры жылі, як і ўсе народы: Ваявалі, Кахалі, Гарэлку пілі. Мудравалі, Зліваліся з маці-прыродай... Насваволілі, Навершавалі, Пайшлі. Але так, Без слядоў, Нішто не знікае. І дасюль, Па абшарах сваёй стараны, Між людзей, Непазнаныя, таўры блукаюць І не ведаюць самі, А хто яны? На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены, Пазіраюць, як козы на новы плот: "Ані д'ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем. Што вас несла ў горы? Унізе ж - цяпло!" Дрэмле Кошка-гара, Дрэмлюць таўраў руіны. Я стаю і ўяўляю, Што я не ізгой, Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх, А апошні таўр Народа свайго. О, якая ганебнасць у гэтых згадках! О, які атрутны бяспамяцтва дым!.. Крый нас божа, калі і на нас Нашчадкі Паглядзяць, Як мы На таўраў Глядзім. 

Песня Мехмета 

Ўсё набегі, войны, пажары. Ўсё наперад - ханскі загад. Не было такога абшару, Дзе не стала б наша нага. Хан сказаў! Іначай - магіла. І вялі мы няшчасны палон, І чужыя аулы палілі На вуголле, на попел, на тло. Мы забылі сябе і бога, Разлілі акіяны зла. Не хацеў я крыўдзіць нікога, Ды заложніцай - ты была. І было мне адзінаю ўцехай На няшчаснай чужой старане Чуць твой голас - далёкае рэха, Ведаць - ты чакаеш мяне. Верыў, ведаў хвілінай кожнай, Што калісь прыскачу ў Кок-Цюбе, І, як меч спачывае ў ножнах, Так і я адпачну ў табе. Мёртва ў саклі... Хочаш - паслухай? Толькі стогн мой ды храп каня. Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі, Праязджаў... Убачыў... Адняў... Як я мог не адчуць: ты скутая? Не пачуць здалёк: ты ў бядзе? І нашто былі нашы пакуты І пакуты вакольных людзей? Справядлівасць і вера стаптаныя! Хай ў крыві пад васкрылляў звон - Не на простых - на голаў хана Цяжка рухне народаў праклён! Голых, бедных, палонных, без хлеба... Вось крычыць вязь на ножнах крывых: "Не вымай без вялікай патрэбы, Не хавай без вялікай крыві!" І, жыццё за сабой адсякаючы, З сілай кідаю ножны ў дрок, І ў руках, як змяя крывая, Ртуццю ззяе стары мой клінок. Сцеражыся, палац бязбожны. Я іду. І праўда - мой шчыт. Што мне гэты клінок без ножнаў? Не схаваеш - то трэба сячы! 

Чуфут-Кале 

Быццам толькі што вось адбылася Галгофа. Свет трывожна заціх у барвянай імгле, І зрываюцца ў бездань, у катастрофу Нашы сэрцы: маё і Чуфут-Кале. Абрываюцца сэрцы, схілы, тэрасы, І спакой паўстае чыгуннай сцяной. Быццам толькі што вось яна адбылася... Быццам толькі што вось... А над кім - ўсё адно. Над любым, хто ўзяты сілком ад свабоды, Хто ўтаптаны атамам ў попел і глей, Над маім народам, над іншым народам, Над тваім народам, Чуфут-Кале. Не зямля, а біблія: скалы, каменні, Каляіны ў скале і руінаў іржа. Не хапае толькі авечых ценяў, Не хапае заранкі, узгорка, крыжа. Але столькі ва ўсім самоты і гора, І, ў спакоі забытых, боляў і скрух, Нібы ў дворыках гэтых, малельнях, пячорах Ўсё канае і ўмерці не можа дух. А за мурам шляхі ў безнадзейнасць, ў даліну І даўно струхлелых павозак сляды... І ідзе, ўсё ідзе па плато Магдаліна. Невядома куды. Ў нікуды. Ў нікуды. 

Маўзалей

Джанiке-ханум 

Маці хана і жонка хана, Кветка шчасця, пагоншчыца зла, Я была бязмерна каханай І бязмерна грознай была. Паўтаралі імя маё крыкам Нават кінутыя са скал. Я жаданай была і вялікай, Як вада Алаха ў пясках. Я рабыняй была і законам, І абраным дарыў зару Невымоўны рай майго ўлоння І пяшчота вуснаў і рук. І анёл мне ў дзверы пастукаў. І спакой. Да сканчэння год. Дзе яны, мае цёплыя рукі? Дзе падданыя? Племя? Род? Белы камень мёртвых кварталаў, Раз на месяц - казіны крок, Сон муроў, кенасы і скалы, Раніц сінь, барва дня, ночы змрок. Над бяздоннем пячоры-магілы Сотні вокнаў глядзяць у прастор, І ламае час свае крылы Ля магільні на мёртвым плато. Мела час падумаць пра гэта... Што такое багацця гной, Ўлада ўся, ўсё золата свету Перад простай людской цеплынёй. Што такое нянавісць у сэрцы, Кроў, падкопы, людзі-багі Перад простай ісцінай смерці, Перад вечнай спякотай магіл?! Непатрэбная чэрапу ўлада, Непатрэбнае золата тло. І ніхто не скажа: "Ты - радасць". І не крыкне ў адчаі: "ты - зло!" Толькі зрэдку, ў начную спякоту, У асенні чарнільны сум Чую з прорвы словы пяшчоты: "Джаніке! Джаніке-Ханум!" Ціхі кліч у мёртвых кварталах, Цень імя, што ў далёкіх вяках Трапятанне і страсць выклікала. Больш нічога... Як мала... Алах... 

Нараканнi Насрэдзiна Ахмет-Аха эфендзi 

Чым дапікнуў табе стары мула? За што, алах, караеш і караеш? У Бухары і ў Басры мора зла, І пекла ў Мерве і ў Бахчысараі. Ніхто прыўзняць не хоча галавы, Ў былых садах пануе запусценне. Па ўсёй зямлі - ад Хіны да Хівы Пануе зло без літасці й сумлення. Нашто мне вочы есць айчыны дым? Чаму да скону суджана нябогу Не студню бачыць, што патрэбна ўсім, А мінарэт, нацэлены у бога?!. Вакол мяне душыцеляў гайня. Каранам б'юць па чалавечых марах, А ў кожнай суры - нізкая хлусня... І нізасць рабская у кожным твары. Цалуюць ногі, хоць ты іх пілуй, Гнілым мулам і хцівым царадворцам, Ліслівяць, хлусяць, льюць аслам хвалу, Гной ішака ўсхваляюць светлым сонцам. А, што ўжо там: на ўсіх вісіць ярмо. Па ўсёй зямлі адна і тая ж пошасць. Зусім аднолькава смярдзіць дзярмо Ў раба й султана, ў гяўра і святошы. Каго мне джаліць і каго караць? Каго ўратуе шлях пакутны ў Мекку, Калі на ўвесь народ, на ўвесь мой край Ці два, ці тры з найменнем чалавека? Што горды здзек, што вольнай песні ўзлёт Для чарады, чый лёс - бізун агідны. Як мне далей любіць такі народ?.. Няшчасны мой... Ўлюбёны... Ненавідны... 

Браты па няшчасцю 

Ай, Аю-даг, што ж ты робіш з морам? Вырашыў выпіць да дна, шалёны? Кінь, набухторышся толькі з гора І не нап'ешся, бо мора - салёнае. Кінь тую п'янку, бо ўрэжаш дуба Або з пахмелу захочаш павесіцца: Чоўн, у якім уцякла твая любая, Вельмі далёка, ля чоўніка месяца. Лепей давай я віна дастану, І пад кефаль мы дамо яму рады, Вып'ем за вусны маёй каханай І за тваю, што падступна здрадзіла. 

Раманс аб расстраляным каханні 

Ах, якое грознае гора! Ах, якая журба ў світанні: На вачах у нябёсаў чорных На расстрэл адводзяць каханне. І міндаль палыхае, як лава, І персікаў белыя крылы, Як каханню бялюткі саван, Як вянок на яго магілу. А яно адыходзіць, праклятае, А яно нават жыць не хоча... Сябры, затрымайце катаў, Сяброўкі, закрыйце ім вочы. Прыйдзе, можа, часіна злая, Калі згасне крывавы месяц, І, магчыма, мяне расстраляюць, І, магчыма, мяне павесяць. Але я й на пласе прыпомню: Ў небе ранішнім - водсвет лёду, Ў тумане - кіпарысы цёмныя. А цябе... адводзяць... адводзяць... Пад апошнімі цьмянымі зорамі Труп кахання, як труп каханай... Ах, якое бязмежнае гора! Якая крывавая рана! 

Усходнiя песнi 

І
Нібы ў дождж, што смагу скал і пяскоў Разам з сонцам змог напаіць, - Расцвітаюць чорныя ружы саскоў Пад дажджом пацалункаў шалёных маіх, Пад сонцам вуснаў маіх. Ты не будзеш, не будзеш давеку маёй, Прынамсі, на гэтай смяглай зямлі... Але ж сведкаю неба... Ружы цвілі... Але сведкай алах, што ружы цвілі... Боль і горыч мой: ружы цвілі... цвілі... Чорныя ружы цвілі.
Поделиться:
Популярные книги

Черный Маг Императора 6

Герда Александр
6. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
7.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 6

Барон Дубов

Карелин Сергей Витальевич
1. Его Дубейшество
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон Дубов

Наука и проклятия

Орлова Анна
Фантастика:
детективная фантастика
5.00
рейтинг книги
Наука и проклятия

Уязвимость

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
7.44
рейтинг книги
Уязвимость

Ваше Сиятельство 10

Моури Эрли
10. Ваше Сиятельство
Фантастика:
боевая фантастика
технофэнтези
фэнтези
эпическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Ваше Сиятельство 10

Служанка. Второй шанс для дракона

Шёпот Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Служанка. Второй шанс для дракона

Камень. Книга восьмая

Минин Станислав
8. Камень
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
7.00
рейтинг книги
Камень. Книга восьмая

О, Путник!

Арбеков Александр Анатольевич
1. Квинтет. Миры
Фантастика:
социально-философская фантастика
5.00
рейтинг книги
О, Путник!

Солнце мертвых

Атеев Алексей Григорьевич
Фантастика:
ужасы и мистика
9.31
рейтинг книги
Солнце мертвых

Зайти и выйти

Суконкин Алексей
Проза:
военная проза
5.00
рейтинг книги
Зайти и выйти

Часограмма

Щерба Наталья Васильевна
5. Часодеи
Детские:
детская фантастика
9.43
рейтинг книги
Часограмма

Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Пулман Филип
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Избранное. Компиляция. Книги 1-11

Надуй щеки!

Вишневский Сергей Викторович
1. Чеболь за партой
Фантастика:
попаданцы
дорама
5.00
рейтинг книги
Надуй щеки!

Крутой маршрут

Гинзбург Евгения
Документальная литература:
биографии и мемуары
8.12
рейтинг книги
Крутой маршрут