Пастка для пярэваратня
Шрифт:
— Даскакалася.
— Цяпер утопіцца.
— Няхай бы курыцы пільнавалася. Пятрусь, апярэдзіўшы мяне, кінуўся да ручая, схапіў кураня ў рукі, прыціснуў да грудзей.
— Цяпер не ўтопіцца, — сказаў хтосьці. Людзі сталі разыходзіцца. Пятрусь прысеў на траву, пагладзіў мокрую спінку кураняці.
— Бедненькае! Нацярпелася.
— Куды цяпер яго? — запытаў я.
— Няхай абсохне. Пусцім каму-небудзь на падворак. Калі ўбачаць на сваім падворку, то не скажуць, што не маё. Выгадуецца.
Я
— Дай патрымаць.
— Бяры, — сказаў Пятрусь.
Я асцярожна ўзяў кураня ў рукі. «Тук-тук, тук-тук-тук…»— забілася пад рукою маленькае сэрца.
Хацелася ўзняць гэтае кураня, гэты жывы камячок высока-высока ўгору і крыкнуць на ўвесь свет: «Людзі, слухайце!»
Мітынг
Мы пусцілі маленькае кураня на падворак, дзе за курыцай-квактухай бегалі гэткія ж жаўтароцікі. Пабегла яно, ціўкаючы.
Я памахаў пальцам.
— Не лезь у ручай.
У мяне на душы было так, як звычайна бывае, калі страціш часцінку нечага блізкага, дарагога. Відаць, такой часцінкай у гэтым горадзе было маленькае куранятка, якое мы выратавалі.
— Трэба раскатурхаць гэтых людзей, — сказаў Пятрусь. — Брэндаюцца, як сонныя. Не даходзіць, што прападуць.
Мае рацыю. Не будзе дабра. Ад іх хутка нават сабакі паўцякаюць. Але ж як раскатурхаць?
— Ты ведаеш, з якога боку да іх падступіцца? — пытаюся ў Петруся.
— Ведаю. Мы іх збяром на мітынг, выступім перад імі. Скажам, што кепска гэтак жыць, што нельга так. Адкрыем вочы. Павінна да іх дайсці.
— Хто першы будзе гаварыць?
— Я скажу. У мяне свярбіць язык.
— Давай збяром каля таго ручая, дзе кураня тапілася, — прапанаваў я.
— Можна, — пагадзіўся Пятрусь.
Мне думалася, што людзі, калі пачуюць пра мітынг, будуць валам валіць. Усё роўна ж без работы сядзяць. Ды не тут тое было. Мы з Петрусём і да аднаго, і да другога, і да трэцяга. А ў адказ, як звычайна, чуем: «Не дуры галаву».
— Дарма стараемся. Тут такія сабраліся, што не даклічашся і не дагукаешся, — кажу Петрусю.
— Ёсць ідэя! — усклікнуў Пятрусь. — Скажы, што сала будзем даваць. Збяруцца, калі пачуюць.
Някепска ён прыдумаў. Сала — добрая заманка. Калі збяруцца, выступім перад імі.
— Гэй, людзі! — гукнуў я на ўсю вуліцу. — Ідзіце за горад, да ручая. Там сала будзем даваць.
— Хто першы прыбяжыць, таму больш дастанецца, — падхапіў Пятрусь.
Немаведама адкуль на вуліцу гарохам высыпалі людзі.
— Знюхаў кот каўбасу, — засмяяўся Пятрусь.
— Давай за горад, пакуль тут на нас не наваліліся, — кажу яму.
Мы павярнуліся і пайшлі да ручая.
— Сала! Будзем даваць сала! — гукнуў Пятрусь.
Я
Мяне проста распірала ад радасці. Самі сабою неслі ногі. Калі б падскочыў, то, напэўна, угору ўзляцеў бы, як надзіманы шарык.
Узмакрэлыя, успацелыя, мы прыбеглі да ручая. Сталі навідавоку, на пагорку. А людзі тут як тут. Піхаюцца, пхнуцца наперад. З пагорка яшчэ падыходзяць, некаторыя з мяшкамі.
Пятрусь, вітаючы гараджан, памахаў рукою.
А ў натоўпе, як у вуллі, загулі:
— Сала! Сала!
— Давай сала!
— Дзе сала?
У мяне мурашкі прабеглі па спіне. Што з імі? Няўжо такія галодныя? Няўжо сала раз у год ядуць?
— Пачынай, — кажу Петрусю.
— Людзі! — крыкнуў ён. — Мы не тутэйшыя. Мы здалёку. Ужо другі дзень у вашым горадзе. Ходзім і дзівімся. І баран бы касіў, калі б хто касу насіў. А вы… у вас хутка ўсё да ручкі даб'ецца. Хіба так можна жыць?
Млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе. Так і тут. Узбурыўся натоўп.
— Сала!
— Дзе схавалі?
— Давай сала!
У мяне язык да зубоў прымёрз. Што ж будзе? Няўжо накінуцца? Яны ж як апантаныя.
— Нядаўна кураня тапілася, а многія з вас стаялі і глядзелі. Дзе ваша сумленне? — стараўся перакрычаць Пятрусь.
Натоўп пачаў насоўвацца на нас. Павольна-павольна. Суцэльнаю сцяною.
— Пра куранят расказвае!
— Абяцалі!
— Дурыць галаву!
— Сала схавалі!
— Дзе сала?
З натоўпу вылезла бабуля, якая дала нам бульбу. «Яна за нас заступіцца. Яна добрая», — падумаў я.
— Яны ў мяне бульбу ўкралі. Паўкаша выграблі,— нечакана накінулася на нас бабуля.
Называецца, заступілася. Чаму ж так? Сама дазволіла, каб з каша ўзялі. Галавою кіўнула.
— Дзе мая бульба? Дзе?
Я ледзь не крыкнуў: «У нас у жываце». Ды стрымаўся. Цяпер лепей прамаўчаць.
— Бульбу ўкралі. Сала давай! Пятрусь развёў рукамі.
— Няма ў нас сала.
У натоўпе засвісталі, затупацелі. Пятрусь схапіў мяне за рукаў.
— Ігнат, уцякайма. Яны зараз нас замест сала з'ядуць.
Мы пераскочылі праз ручай і наўцёкі. А натоўп адным голасам: «Гу-у-у…»
У мяне перахапіла дыханне, але я ляцеў, свету перад сабою не бачачы. Нарэшце, зняможаны, упаў на зямлю. І Пятрусь кулём зваліўся каля мяне.
Мы ляжалі, часта-часта дыхаючы, і глядзелі адзін на аднаго. Не верылася, што выратаваліся.
— Вось дык намітынгавалі! — падаў голас Пятрусь. — Калі б з імі яшчэ дзень пабылі, то і самі такія ж сталі б. Нездарма на слупе напісана.