Пляц Волі
Шрифт:
Выбары выявілі новы — яшчэ большы — раскол у беларускім нацыянальным руху, бо рада міністраў БНР Ластоўскага пайсці на «выбарнае» згодніцтва не магла.
«Дзеля абароны, — пісалі беларускія віленскія газэты, — мы ідзём на выбары», гэтым самым, — лічылі ў Коўне, — згаджаліся на панаванне Польшчы на беларускіх землях і — нават у лепшым збегу падзеяў — будуць патрабаваць свайго не як гаспадары сваёй дзяржавы, а як падначаленыя чужой. А да ўсяго — ад Беларусі яшчэ далей адплывала ў шквалах палітычных гульняў старажытная Вільня…
Раслі ў польскім краі палітычныя буры — таннела польская марка. «Тысячныя» і «пяцітысячныя» ўжо не змяшчаліся
«Адбываецца нейкая чэхарда, — пісаў «Беларускі Звон» (№ 19 (44)), — цэны павялічваюцца на прадукты - рабочыя і чынавенства патрабуюць надбаўкі платы; надбавюць плату — растуць цэны на прадукты… і так без канца. Станкі ў Польшчы ўжо не пасьпяваюць друкаваць папяровыя грошы. Хутка тысячныя і пяцітысячныя стануць дробнымі грашмі, а ў хаду зьявяцца, мусі быць, 25 000, 50 000, 100 000, а пасьля не за гарамі будуць і мільёны…»
Выбары планаваліся і ў латвійскі Сойм. Беларусы склалі свой асобны спіс пад № 21, на чале якога значыліся Кастусь Езавітаў і Сяргей Сахараў.
Лубянка
Першы дзень маскоўскай восені 1922 года. Першая лекцыя ў Пятроўска-Разумоўскай акадэміі. Нечакана без стуку ў аўдыторыю ўвайшлі двое — у форме ГПУ.
— Кто студент Горецкнй Гаврнла?
Студэнт здзівіўся, устаў.
— Выйдем на мннутку…
«Мінутка» расцягнулася на месяцы.
Па фальшывым даносе Гаўрылу Гарэцкага, брата Максіма Гарэцкага, абвінавацілі — з прычыны яго беларускай культурніцкай працы — у пяцігадовай контррэвалюцыйнай дзейнасці і пасадзілі ў турму ГПУ. Яго сястра Ганна, студэнтка заатэхнічнага інстытута, дамагалася вызвалення беспадстаўна арыштаванага брата. 15 верасня, не атрымаўшы дазвола на сустрэчу, яна, маркотная, вярталася на кватэру. На Лубянцы натоўп сапхнуў яе з трамвая. Ганна моцна паранілася і праз тры дні — на дваццатым годзе жыцця — памерла ў маскоўскай бальніцы.
Сваю таварышку студэнты-беларусы пахавалі ў Галовінскім манастыры пры царкве — дазволу вывезці ейнае цела на радзіму не далі.
Гаўрылу Гарэцкага хацелі выслаць за межы Савецкай Расіі, але — пасля допытаў у Менжынскага — вызвалілі…
Луцкевіч супраць Балаховіча
На прыканцы верасня віленчукі-беларусы раз'язджаліся па акругах — арганізоўваць перадвыбарныя сходы.
Цёплай і сухой выдалася восень, нават кволы вецер узнімаў над гасцінцамі хмары пылу. Галодныя буслы тупалі па прыдарожных узбалотках, нібыта й не збіраючыся ў адлёт.
З'езд прадстаўнікоў павятовых і гмінных камітэтаў Наваградскага вокругу адбыўся 27 верасня ў Баранавічах. Сабралася сорак надзеленых мандатамі прадстаўнікоў. Даклады перапыніла нечаканае з'яўленне Булак-Балаховіча з «групай падтрымкі» — Адамовічам-Дзергачом, былым атаманам партызанскага атрада «Зялёны дуб», Паўлюкевічам і іншымі. Яны спакойна расселіся ў зале і перадалі ў прэзідыум свае мандаты. Пасля кароткай нарады ад імя прэзідыума слова ўзяў Кахановіч:
— Сябры, мандаты, перададзеныя нам групай Булак-Балаховіча, правідловымі прызнаць мы не можам, бо на з'езд пасылаліся па адным дэлегаце ад гмінных і па два ад павятовых камітэтаў…
Папрасіў
— Гэта дае мне права на мандат, — падагульніў Булак-Балаховіч. — А ўсе іншыя вашы дзеячы — камандзіры без салдат. Я ваш бацька, я ваш генерал. Вы мае сынкі… Я вас вызваліў. Я і жыдоў ад пагромаў бараніў. Так што на выбарах ідзіце за мной…
Затым па чарзе прамаўлялі і прадстаўнікі выбарных камітэтаў, і «балахоўцы». Калі «зялёнадубавец» Адамовіч-Дзяргач пачаў пагражаць сваім палітычным праціўнікам «выпусціць мазгі», абвесцілі перапынак і прапанавалі сабрацца ў іншым памяшканні. Не даючы дэлегатам разысціся, супраць блока нацыянальных меншасцяў выступілі Булак-Балаховіч, Паўлюкевіч і Зямкевіч. Ім адказалі Васіль Рагуля, студэнт Амельяновіч і Кахановіч — і зноў прапанавалі прыхільнікам блока пакінуць залу і праводзіць з'езд у іншым месцы. «Безмандатнікам» гэта вельмі не спадабалася. Яны засталіся ў дэпо, распачалі свой сход, але хутка паспрачаліся паміж сабой…
3 кастрычніка сабраўся сход прадстаўнікоў Лідскага выбарнага вокруга. Распачаў яго Антон Луцкевіч, якога абралі старшынёй схода:
— Ворагі аб'яднання нацыянальных меншасцяў Польшчы пусцілі ў ход брахлівую пагалоску, быццам стварэнне выбарнага блоку нацыянальных меншасцяў — гэта выступленне проці польскае дзяржаўнасці. Але ж гэта не так! Да блёку належаць выключна толькі тыя беларусы, украінцы, расейцы, немцы, габрэі, якіх польская ўлада прызнала грамадзянамі і ўпісала ў спісы выбаршчыкаў. Значыць, блок стварыўся на законнай аснове… І яшчэ пра адно хочацца тут распавесці, - Луцкевіч крыху памаўчаў, уважліва агледзеў залу — і працягваў ужо цішэй: — Вядомы сваёй нядобрай славай «генерал» цяпер ездзіць па Беларусі і пагрозамі стараецца запалохаць народ, каб не выбіраў у Сойм беларусаў, заяўляе аб сваёй любві да бацькаўшчыны ці, правільней, отечества, бо ж гэты панскі найміт не гаворыць інакш, як па-маскоўску ці па-польску! А якая ягоная любоў, сведчаць ягоныя ўчынкі. За верную службу палякам «бацька» дастаў падрад ад ураду на высек дванаццаці дзесяцін лесу ў Белавежскай пушчы. На яго працуюць каля дзвюх тысяч ягоных салдатаў. У яго — сто дваццаць парных падвод, дзесяць грузавых аўтамабіляў, пракладзена дзесяць вёрстаў вузкакалейкі… Гэты пагромшчык габрэяў стаўся і габрэйскім «бацькам» — зрабіў хаўрус з габрэямі-спекулянтамі (з Рэзнікам і іншымі), якія не саромяцца дзеля грошы ціснуць ягоную запэцканую крывёй руку…
А праз тыдзень пасля Баранавічаў Булак-Балаховіч з'явіўся ў Нясвіжы і на гарадскім кірмашы пачаў агітаваць за спіс № 22.
«Я ёсць бацька беларускага сялянства!» — не стамляўся паўтараць.
Выступленне самазванага «бацькі» ўзлюціла ціхіх сялян — не стрываўшы «настаўленняў», яны адчапілі ад вазоў атосы і з аглоблямі кінуліся да аратара. Каб не паліцыя, «бацьку» было б вельмі горача. Але 16 кастрычніка ён спрабаваў выступаць ужо на кірмашы ў Міры — і там не займеў сялянскай падтрымкі…
Чуткі пра перадвыбарную барацьбу ў Польшчы даходзілі і ў Коўна. Ластоўскі аднаго разу быў не стрымаўся — і паслаў Антону Луцкевічу злосны допіс на паштовай картцы:
«Віншую васпана з палітычнымі посьпехамі, са стварэньнем выбарнага Блёку нацыянальных меншасьцяў, а асабліва з прызнаньнем беларусаў Наваградчыны, Лідчыны, Піншчыны нацыянальнай меншасьцю Польшчы. Каб дайсьці да такога трэба мець большасьць нядобрага ў галаве! Чым не пасаваў Васпану прыклад прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытуту Вацлава Іваноўскага — той адзін ня зрокся свайго?»