Пляц Волі
Шрифт:
А знішчаючы немцаў — ні на фронце, а ў тыле, дамагліся і рэпрэсіяў на акупаваных гарадчукоў — большасцю жанчын, старых і дзяцей. Забойства падпольшчыкамі гаўляйтэра Кубэ ў ваенных дзеяннях не дало поспехаў — наадварот, яго месца заняў брыгадэнфюрэр СС, генерал-маёр паліцыі Готберг, які пачаў лютаваць напоўніцу. Але ж найперш гэтага і дамагаліся з Масквы: вынішчыць сімпатыі некаторых да акупантаў. І гэта атрымалася: пасля забойства Кубэ былі ўзяты ў заложнікі жыхары дзвюх мінскіх вуліц — Арктычнай і Беламорскай (каля трохсот чалавек), распачаліся аблавы й арышты, і сімпатыі ўзмацніць яны не маглі…
Скрушна і балюча думалася пра гэта Езавітаву ў Рызе. А была ўжо
Асабліва пасля зімы — у сакавіку 1944-га — ён пачаў адчуваць, што пераможная шаля канчаткова хілілася ў бок савецкіх войскаў. А напрыканцы вясны лінія фронту ўжо легла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Воршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей — на захад ад Мазыра па Прыпяці да Ковеля. Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Полацк, Барысаў і Мінск адмысловым загадам Гітлера аб'яўляліся гарадамі-крэпасцямі. Але ж яшчэ з мінуўшчыны вядома: чужыя сцены войску не спрыяюць… Езавітаў пачаў разумець, што немцам заставацца на Беларусі нядоўга… І калі з Менску (зноў — Менску!) яго запрасілі ўвайсці ў склад Беларускай цэнтральнай рады пад кіраўніцтвам Радаслава Астроўскага, якога Готберг зацведзіў у «прэзідэнстве», Езавітаў згадзіўся: хто ведае, ці накануе яшчэ лёс пабачыць Менск?..
Другі Усебеларускі кангрэс
Ён адбыўся 27 чэрвеня 1944 года ў зале Менскага тэатра — там жа, дзе і першы ў 1917-м. Толькі месца гэтае цяпер пачало палохаць гараджан — у скверы нядаўна стаялі шыбеніцы…
На сцэне — стол прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады, збоку — крэслы для дэлегатаў, якім не хапіла месца ў зале. Нацыянальныя беларускія сцягі і герб — побач з нямецкай свастыкай…
Левую ложу занялі сябры БЦР. У восем гадзінаў раніцы ў ёй з'явіўся Астроўскі. Дэлегаты сустрэлі яго воплескамі. Праз некалькі хвілін Астроўскі ўзышоў на трыбуну і абвесціў кангрэс адкрытым. У адказ — зноў авацыі.
Аркестр, які займаў тэатральную яму, зайграў беларускі гімн. З глыбіні сцэны заспяваў хор…
Затым зноў гаварыў Астроўскі:
– Давайце абяром старшыню кангрэса і яго прэзідыум.
На старшыню была прапанавала толькі адна кандыдатура, названая Астроўскім, — Яўхіма Кіпеля, рэдактара «Голаса Вёскі» і кіраўніка Беларускага навуковага таварыства. Кіпель заняў месца ў прэзідыуме, падзякаваў за давер і папрасіў абраць яшчэ двух віцэ-старшыняў і двух сакратароў. Імі адзінагалосна прапанавалі стаць Барысу Рагулю, Івану Касяку, Леаніду Галяку і Лявонцію Бранавіцкаму.
Зацвердзілі парадак дня, і з прамовай выступіў Кіпель, а Астроўскі — са справаздачным дакладам. Калі прэзідэнт БЦР сышоў з трыбуны, старшыня кангрэса абвясціў пачатак дыскусіі па дакладзе. Першым узяў слова старшыня Стаўбцоўскага павета Ясюк:
– Не зважаючы на кароткі час існавання… усяго шэсць месяцаў… БЦР зрабіла шмат такога, што назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю беларускага народа… Важнейшым ёсць стварэнне Беларускай краёвай абароны — беларускага нацыянальнага войска, аб якім заўсёды марыў беларускі народ… Расійскі бальшавізм баяўся беларускай сілы, таму і ў міліцыю не дапускаліся на кіруючыя пасады беларусы. Бальшавікі перайшлі да яўнай русіфікацыі. Салдаты з Беларусі накіроўваліся ў Сібір і на Урал… Лічу, што БЦР з'яўляецца беларускай нацыянальнай уладай. Ад імя насельніцтва павета і сябе асабіста жадаю радзе поспехаў
Асабліва запомніўся Езавітаву выхад да трыбуны Міколы Дзямідава, — з гэтым чалавекам яго лучылі доўгія гады сяброўства. У былым афіцэр царскага войска, Дзямідаў у 1918-м служыў камендантам Горадні і быў у камендатуры прадстаўніком Рады БНР. А пазнаёміліся яны — Езавітаў і Дзямідаў — падчас сумесных паходаў у тылы Чырвонай арміі ў сакавіку 1919-га… Калі Латвію занялі немцы, Дзямідаў стаў кіраўніком Беларускага нацыянальнага камітэта ў Дзвінску, увайшоў у склад Белнацкама ў Рызе, які ачольваў Езавітаў. У 1942 годзе Дзямідаў прыехаў на Беларусь, працаваў інспектарам і рэферэнтам па школьных справах, затым — фармаваў батальёны Беларускай краёвай абароны…
– Для ўсіх зразумела, што БЦР з'яўляецца важнай арганізацыяй у гісторыі народа, — гаварыў Дзямідаў. — Як настаўнік, я сцвярджаю, што ў адукацыі за гэты час зроблена шмат. Самае важнае: мы зараз маем беларускую нацыянальную школу… Ранейшыя бальшавіцкія школы дэнацыяналізаваліся, рабілі з вучняў ворагаў народа… — Твар Дзямідава (яго Езавітаў бачыў выразна — бо сядзеў крыху наўзбоч ад трыбуны, у «ганаровым прэзідыуме», — як удзельнік яшчэ Першага Усебеларускага кангрэса) стаў змрочным, на ілбе выступілі кволыя баразёнкі маршчын. — За дваццаць пяць гадоў тыя школы нічога не далі народу. БЦР па адносінах да школы праводзіць правільную лінію. Мэта БЦР — аднаўленне Беларусі, а гэта мэта і ўсіх прысутных на кангрэсе. Таму прапаную вынесці давер БЦР і пажадаць ёй далейшай працы на карысць беларускага народа.
Трэцім прамаўляў Яўхім Кіпель:
– Для ўсяго народа ў дадзены момант важнейшым становіцца вынішчэнне бандытызма — партызаншчыны, што рабуе наш народ. Прэзідэнт Астроўскі першым пачаў ствараць беларускую збройную сілу… — пачуць гэта Езавітаву, канешне ж, было нечакана. — Яго знае ўся Беларусь. Лічу, што цяпер не час займацца пустой крытыкай… Мая прапанова — прасіць прэзідэнта і далей заставацца ім.
Выбухнулі апладысменты, да прэзідыума даляцеў голас з залы:
– Няхай жыве сённяшні прэзідэнт БЦР і будучы пажыццёвы прэзідэнт Беларускай Рэспублікі!
Пачалі абіраць камісіі — мандатную і рэдакцыйную. У склад другой (яна мусіла распрацоўваць рэзалюцыі кангрэса) абралі Наталлю Арсенневу, настаўніка (і таксама паэта) Лявона Случчаніна і яшчэ чацвёра дэлегатаў. Старшынёй рэдакцыйнай камісіі даручылі стаць Езавітаву.
Прагучала некалькі прывітанняў кангрэсу (найбольш запомнілася прамова Лявона Савёнка), і ў дзесяць гадзін аб'явілі пятнаццаціхвілінны перапынак.
…- Спадар Езавітаў, - да яго падышла Наталля Арсеннева. — Я з мужам хочам запрасіць вас да сябе на вячэру. Ці сяння ў васпана знойдзецца час?
– Безумоўна. Дзякую за запросіны…
– То рыхтуйцеся да сюрпрызу!..
Пасля перапынку ад імя праваслаўнага духавенства выступіў япіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Філафей:
– Разам са збройнай Краёвай абаронай ёсць яшчэ рэлігійныя і маральныя ідэалы. І неабходна падумаць пра адраджэнне рэлігійнага і маральнага характара народа. Калі ідзе гаворка аб барацьбе з бальшавізмам, трэба знаць, што хрысціянскі культ — яго найбольшы вораг. У барацьбе за лепшую долю трэба выпрацаваць светапогляд, які б супрацьстаяў бальшавізму. А такім можа быць толькі светапогляд хрысціянскай культуры… Прадстаўнікі царквы моляцца за тых, каму цяжка жывецца. Вам, паважаны прэзідэнт, жадаю здравія і сілы стаяць на чале беларускага праваслаўнага народа. Няхай жыве БЦР пад кіраўніцтвам прэзідэнта!