Пляц Волі
Шрифт:
Узгадаў пра яго колішні консул БНР у Канстанцінопалі, а цяпер начальнік Беларускай самапомачы Іван Ермачэнка, які, да ўсяго, займаўся ўпарадкаваннем Беларускага загранічнага архіва ў Празе. А таму і заахвочваў перадаваць у архіў і ягоны — Езавітава — збор:
«Дакумэнты і ўсялякія пісемныя ці друкаваныя матэрыялы перасылайце на адрас: Беларускі архіў пры Міністэрстве ўнутраных спраў — Пратэктарат Чэхіі і Маравіі. Прага. <…> Магчыма што кіраўніка архіву мне ўдасца пасадзіць яшчэ да свайго ад'езду ў Менск, дык потым паведамлю Вам яго прозьвішча, адрэса была б тая самая <…> Калі ж ён сюды
Гэта была і правільная, і патрэбная справа: усе матэрыялы-сведчанні нацыянальнага руху сабраць і захоўваць у адным месцы, і калі на Беларусі зрабіць гэта немагчыма праз акупацыю і актывізацыю савецка-нямецкага фронта — дык чаму б не пачаць у Празе?
Праседзеў да паўночы, а калі перачытаў напісанае, падумалася, што і не ліст атрымаўся, а «правадзейны» артыкул (як-ніяк — быў жа слухачом Віцебскага археалагічнага інстытута, дзе прызвычаіўся цаніць архівы!):
«Мужу даверу
пры Гэнэральным камісары Беларусі
дохтару Івану Ермачэнку.
Паважаны Спадару!
Дужа цешуся, што Вы зацікавіліся нарэшце і справаю Гісторыі Беларускага Адраджэнчага Руху і належсмых да гэтае гісторыі архіваў. Сёньня атрымаў Вашыя лістіы ад 25 і 29 траўня 1943 году і ахвотна пастараюся Вас паінфармаваць аб тым, што мне ў гэтай справе ведама.
1) З архівамі Беларускага Руху абыходзіліся дужа нядбала.
Гэтак, напрыклад, Архіў Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Менску, Архіў Вялікай Рады і Цэнтральнай Вайсковай Рады быў захоплены бальшавікамі ў студзеню 1918 году, калі яны напалі на Беларускую Вайсковую Раду ўначы і арыштавалі мяне і Захарку. У лютым мы, аднак, захапілі ўладу ў Менску і зноў здабылі гэтыя архівы. Прычым высьветлілася, што сакратар Усебеларускага Кангрэсу Тамаш Грыб невядома куды падзеў архіў Кангрэсу <…>.
2) Архіў Народнага Сакратарыяту і Рады БНР быў пры эвакуацыі з Менску ў сьнежні 1918 году вывезены міністрам Я. Варонкай у Вільню, а стуль у Коўну, дзе і перахоўваўся ў яго прыватнай кватэры да ад'езду яго ў Амэрыку. <…>
З) Дзеля невядомых мне прычынаў, Архіў гэты ня трапіў у рукі эміграцыйнага ўраду БНР, але быў прададзены транспартнаю кантораю п. В. Ластоўскаму, які перахоўваў яго ў сябе да свайго ад'езду ў Менск. <…>
5) Пасьля ад'езду свайго ў Менск В. Ластоўскі, у вялікім сакрэце, захаваў закуплены ім архіў Я. Варонкі ў Літве, не сказаўшы аб гэтым нікому, апроч свае жонкі-літвінкі, з якою ён быў разведзены, але якой дапамагаў выхоўваць дваіх сваіх дачок, а таму меў сталую сувязь. Трымаў ён у сакрэце таму, што баяўся, каб савецкі ўрад не запатрабаваў выдачы гэтых дакумэнтаў у БССР, што магло дужа зашкодзіць астаўшымся ў Беларусі старым беларускім дзеячом, а таксамамагло загубіць гэтыя дакумэнты, для Беларускага Руху <…>.
6) Ня ведаю калі, але ўжо каля 1935 - 1936 году сталася вядомым, што муж аднае з дачок Ластоўскага ў Літве зажадаў «звольніць пакой ад рознага хламу» і таму прадаў жыдом і багатую бібліятэку Ластоўскага і «ўсялякія паперы непатрэбныя». <…>
Мне здаецца, што прызначэньне
Каб хутчэй правесьці гэтую важную справу, патрэбна
1) <…>
З грамадзкім прывітаньнем моцна цісну руку.
Жыве Беларусь!
5.06.1943. К. Езавітаў».
Спавядальным, у нечым нават падрахавальным атрымаўся ліст Езавітава да Міколы Абрамчыка [59] ад 28 ліпеня 1943 года:
59
Пасля вайны на эміграцыі Мікола Абрамчык стане прэзідэнтам Рады БНР.
«Беларускі народ на чале з Першым беларускім урадам не аказаў патрэбнага адпору сваім акупантам. У гэтым сэнсе акурат і выявілася нацыянальная непадрыхтаванасьць. Народ аднёсься пасыўна да свайго лёсу. <…> Каб здабыць незалежнасьць, мала толькі абвясьціць яе на паперы. Яе патрэбна здабыць уласнымі рукамі, бо ніхто яе нам не падаруе. Але для гэтага трэба мець моц і волю да незалежнага жыцьця. <…>
Беларускі народ у сярэднім высокамаральнага складу. І якраз гэтая маральнасьць пазбавіла нас ініцыятывы, рашучасьці, энэргіі… Мы не пускаліся ў налёты, як нарманы, нашчадкі якіх сёньня хоць і невялікія шведзкі і нарвескі народы, але маюць і дзяржаўнасьць, і культуру, і новыя маральныя пакаленьні. Мы ня мелі духовае цьвёрдасьці, каб даць адпор чужацкаму засільлю…».
Лета зноў змяняла зіма, а яны жылі — абгалечаныя, усірочаныя новай вайной. Толькі тут, у Рызе, з кожным днём усё мацней і мацней сціскала ў свае абцулінды адзінота. Школы, з такой цяжкасцю сабраныя, — вось-вось закрыюцца. Настаўнікаў — не хапае. А галоўнае — згаслі ў вачах сяброў былыя іскрынкі апантанасці. Апатыя — люцей і зласней ад любога ворага — перамагала і без таго нешматлюдную сябрыну сведамых рыжскіх беларусаў.
І заставалася — шпацыр кожнага ранку па новым снезе старога горада, мадзенне да цямна над кнігамі й рукапісамі, сон-набрыдзь — і зноў шпацыр. Пачало нават здавацца, што й выйсця з гэтага кола-тупіка не будзе…
Снедаў у кавярні «Euros», праглядваў газэты. Калі патрапляў «Беларускі Голас» — прачытваў увесь. І падавалася, што там, у Вільні, дзе выдавалася газэта, жыццё віравала: дзейнічала Віленская беларуская рада, жыло й працавала шмат беларусаў — і п'есы ставіліся, і карціны пісаліся…
– Беларускія газэты? — каля ягонага століка хітнуў галавой — прывітаўся — колішні знаёмец з рыжскіх беларускіх журналістаў Мікола Лошчыц, з нядаўняга — настаўнік геаграфіі Розенаўскай гімназіі.
– Сядайце, пане Лошчыц. Можа, вы навінамі падзеліцеся? А то дзень у дзень адно і тое газэты гэтыя паўтараюць…