Пляц Волі
Шрифт:
«…признаю, что с момента вступления в партию я вёл сознательную двойную политическую игру в интересах осуществления идеалов белорусской контрреволюционной интеллигенции…».
А за што пабралі хлопцаў — яго малодшых сяброў, пісьменнікаў, навукоўцаў? Амаль цалкам знішчылі літзгуртаванне «Узвышша»…
Ранак не прынёс адхлання. Ігнатоўскі прыйшоў на кухню, сомнамбульнымі вачыма працяў жонку:
– Ведаеш, я хачу, каб ты… ня вельмі сумавала, калі са мною што-небудзь здарыцца…
– Стрываем… Ці ж я буду горшая за іншых жонак?
Жонка штось яшчэ хацела сказаць, але Ігнатоўскі раптам усміхнуўся, пяшчотна абняў і пацалаваў яе. Штось няпэўна-лядзянае растала і ў ягоных зрэнках…
Паволі пакрочыў у свой кабінет, прычыніў дзверы, а праз некалькі хвілінаў гохнуў стрэл… Калі прыбегла жонка, ён ужо бяспамятна ляжаў у калюжцы крыві, але яшчэ дыхаў. Жонка выклікала па тэлефоне «хуткую дапамогу», але першым у кватэры з'явіўся агент ДПУ.
– Я цябе не клікала! Прыбег цешыцца? Вон! — паспрабавала выпіхнуць «госця» за дзверы, ды заўважыла, што па сходах падымаліся да іх яшчэ двое. Яна асунулася на падлогу і, млеючы ад роспачы, выкрыкнула яшчэ раз:
– Вы забілі майго мужа!
…У 1941 годзе сакрэтныя матэрыялы — «кніга» на 500 старонак машынапісу пад загалоўкам «Совершенно секретно. Обвинительное заключенне по делу Белорусского Национального Центра» — былі знойдзены ў сакрэтных сховішчах менскага ДПУ. У 1943 годзе па загадзе Радаслава Астроўскага іх перадалі з Менска ў Баранавічы нейкаму «др. Мінкевічу» [55] .
55
Як сведчыў Лявон Савенак, беларускі пісьменнік-эмігрант, які пісаў пад псеўданімамі Лявон Свэн і Лявон Крывічанін і быў сам арыштаваны па «Справе БНЦ», падчас ад'езда на Захад Мінкевіч пакінуў матэрыялы той справы ў Баранавічах - «у 30-і валізах, якія Мінкевіч вывез на Захад, не знайшлося месца для гэтае кніні».
Сустрэча ў міжсвецці
Вецер то злосна налятаў, нахіляючы-гойдаючы цыбатыя хвоі — і тады ўверсе гуло, стагнала, крахцела, то ападаў да долу, кружляў апалае лісце, біў узнятым каўняром бушлата па твары, — і Аляхновіч мусіў прытрымліваць каўнер рукамі (балазе хатуль з рэчамі нёс ззаду чырвонаармеец). Паперадзе — чэкіст у доўгім шынялі, з ромбамі на лацканах (вышэйшымі вайсковымі адзнакамі).
Яны набліжаліся да памежнай брамы — паміж Коласавым і Стоўбцамі, і Аляхновіч адчуваў, што з кожным крокам меншыўся на яго ўціск гэтага дзяржаўнага айсберга пад назовам СССР, што з кожным крокам ён — пасля амаль сямігадовай салавецкай катаргі, стомлены і надломлены — станавіўся мацнейшым.
Зірнуў наперад: над спіною ў шынялі з ромбікамі, над памежнай брамай — шчыт з чырвонымі літарамі: «Коммунизм сметёт все границы». А далей, ужо на «польскай» сцежцы, — чатыры постаці: высокі ў цывільным, два паліцыянты і той, каго сёння, 6 верасня 1933 года, польскі ўрад абменьваў на яго, Аляхновіча. Хто гэта будзе, ён ужо ведаў, але калі сустрэўся — зніякавеў і не змог першым пачаць гаворку. Нібыта на цэлае жыццё дабавілася ў ім… А вось гэты чалавек, з якім звязвалі ў мінулым
– Ну здароў, браце… — першым прывітаўся Тарашкевіч.
– Здароў…
Яны падалі ядзін аднаму рукі.
Аляхновіч глядзеў на Тарашкевіча як згіпнатызаваны.
«Выгалены, у фільцовым капелюшы, стыльным паліто, вычышчаных ботах…»
А ён — у пацёртым бушлаце, які застаўся яшчэ ад Салаўкоў, у брудных атопках…
– Добра выглядаеш…
– Ты таксама.
– Дзякуй, але сумняюся… — і загаварыў пра тыя міражы ў сябе за спіной, ды яго спыніў старшыня польскай рэпатрыяцыйнай камісіі — ён з чэкістам падпісаў ужо акт абмену палоннымі і намерыўся развітвацца.
– То бывай здароў…
– Бывай…
І яны разышліся: адзін у Стоўбцы, каб адтуль дабрацца ў Вільню (і праз колькі месяцаў пачаць пісаць сваю спавядальную аповесць «У капцюрах ГПУ»), другі — у Менск, каб сустрэцца з таварышамі, аддацца працы ў роднай Беларусі (але так і не пабачыў ні Смоліча, ні Янкі Купалы, — праз колькі тыдняў яго вывезлі ў Маскву, каб там зрабіць сведкам арыштаў сваіх паплечнікаў па Грамадзе, а ў 1938-м забіць і самога)…
Лібаўскі кон
Скрушны ліст у Беласток да Рыгора Шырмы Езавітаў пісаў некалькі дзён — як спавядаўся, як гаркоту сваю лекаваў:
«…З прыходам дыктатара Кароля Ульманіса ў Латвіі беларускія школы пачалі закрывацца або далучацца да латышскіх. Заместа Беларускага адзьдзела назначылі аднаго рэферэнта. У Рызе засталася толькі адна пачатковая беларуская школа, але і яе статус — няпэўны… Нашых настаўнікаў звальняюць. Пасля чацьвёртага арышту няпэўнае і маё становішча. Думаю заняцца фізічнай працай… Жнівень 1935 г.»
Восенню 1935 года Езавітаў перабраўся на правінцыю, у Лібаўскі раён, зняў два пакоі ў прыгожай прасторнай вясковай хаце. Разам з ім прыехала і Наталля Бохан, дваццацідвухгадовая беларуска з Дзвіншчыны, чарнявокая прыгажуня з чароўнай усмешкай (што выяўляла на шчоках звабныя ямінкі), з непадатлівымі кудзяркамі над чаіцынымі брывамі, мяккім голасам, — яго колішняя гімназістка, а цяпер — маладая жонка. Наталля летась скончыла ў Рызе і медыцынскія курсы і ўжо мела прапановы наконт працы — тут, на Лібаўшчыне.
Ён жа пачаў… будаваць сажалкі, разводзіць карпаў. А доўгімі піліпаўскімі вечарамі сядзеў за самаробным сталом каля шчыльна састаўленых кніжных шафаў (усю бібліятэку і архіў ён здолеў перавезці з Рыгі). Спакушала гісторыя, і ён наноў перачытваў свой кнігазбор, нядаўна праштудзіраваў працу Адама Станкевіча «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення», якая выйшла ў 1935 годзе, — і пакінуў на кніжных палях шмат сваіх палемічных заўваг: тэзіс пра балцка-літоўскі пачатак у этнагенезе, гістарычным мінулым беларусаў; там, дзе вялася гаворка пра пляменную, этнічную самаідэнтыфікацыю продкаў сучасных беларусаў у адрозненне ад іхніх суседзяў-літоўцаў, рашуча дапісаў-удакладніў: «Беларусы і ёсць літоўцы!», «Блытае са жмудамі», а ніжэй — «У нас больш правоў называць сябе ліцьвінамі, чым у жмудаў».