Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Але немцы ў той час перанеслі агонь па тых, што адбегліся далей, мусіць, блізка ля сябе яны цэляў не бачылі. Агняны напор нібы павальнеў. Я ўскочыў і кінуўся перабежкамі. Нават не перабежкамі, а рыўкамі. Ускокваю, а праз тры-пяць крокаў зноў падаю. Затым зноў ускокваю і зноў падаю. І так трошкі адарваўся ад немцаў. Прытым я навучыўся пазнаваць, калі яны страляюць па мне. Як чэргі пачынаюць мільгаць вакол, падаю. А як перамяшчаюцца па іншых, ускокваю. І ў такі момант, як бег, па лытцы моцна ўдарыла, бы палкай. І я ўпаў. У боце адразу стала горача, гэта палілася кроў. Я думаю: відаць, перабіла нагу. Калі так, дык усё, скончыўся Быкаў…
Але ўсё ж праз колькі секунд ускочыў, чакаю, падломіцца нага ці не? Не, быццам не падломваецца. Толькі баліць і ў боце ўжо хлюпае. Аўтамат тады я кінуў, без патронаў нашто ён мне. У мяне і так навешана:
А. А.: Яна выцягваецца?
В. Б.: Рукаятка аддзяляецца і стужка выцягваецца. Увогуле кідаць яе вельмі нязручна. І тармозіць яна сама сябе, ды яшчэ гэты палёт… Кідануў я гэтую гранату няўдала. Відаць, не дакінуў, і яна не ўзарвалася. Або я не трапіў, і цяпер не разумею, што атрымалася.
А. А.: Яна не ўзарвалася, калі не ўдарылася?
В. Б.: Магчыма. Але з танка мяне заўважылі, і ён рашуча павярнуў на мяне… Ну тое расказваць доўга, а так гэта секунды… І вось я закруціўся, бы вуж, на снезе і ледзьве паспеў выхапіць з-пад танка свае ногі, як той гусеніцай — па полах майго шыняля і пайшоў далей. Здалося, я ўжо развітаўся з жыццём. Але гляджу, там, дзе танк, хтось ускоквае і шырока размахваецца гранатай, аж адлятае ўбок палявая сумка. З палявой сумкай у нас быў толькі ротны, лейтэнант Міргарад. Выбух, танк засмылеў і неўзабаве запалыхаў на снезе. Там усчалася страляніна, але гэта ўжо нашы забахалі, мабыць, па танкістах. А я з гэтага месца ўсяляк — то бокам, то на каленях пачаў пад дымам прабірацца далей. І тут якраз побач надарыўся мне санінструктар нашае роты, аказваецца, ён бачыў, як мяне параніла.
Санінструктар і кажа: не трэба нам туды, за ўсімі, немцы якраз туды і цаляюць. Давай ў гэты бок, дзе кукуруза, там быццам лагчынка. І праўда, мы ўзялі ўбок, дзе тырчэла нейкае бадыллё, і выйшлі з-пад удару, які кіраваў на сцірту.
Пасля патрапілі на нейкую дарожку. Там ён сцягнуў мой бот, перавязаў нагу. Рана была скразная, прабіла галёнку, як пасля аказалася, адшчапіла частку косці. Нага ад таго не падламілася, але боль быў страшэнны, я потым праваляўся ў шпіталі, значыцца, студзень, люты, сакавік — амаль тры месяцы. Усё не зажывала…
Яшчэ забыўся сказаць, што, як бег, яны абстрэльвалі нас і з танкавых гарматаў. І вось адзін снарад разарваўся якраз перада мной, мяне моцна выцяла ў жывот, і ў гарачцы той мне здалося, што атрымаў яшчэ і асколак. Асколак у жывот — то вельмі кепска. Хаця спярша боль невялікі, гэтыя параненыя доўга не жывуць. Я ўжо бачыў такіх. Цела ўсё мокрае — не зразумець, ці ад поту, ці ад крыві. Ну, перавязаў мяне санінструктар і пакінуў на дарозе, яму трэба было ў роту. У нашай жа арміі быў такі загад, што байцам забаранялася пакідаць поле бою дзеля суправаджэння параненых. Ля сціртаў грымеў бой, туды пайшлі танкі, і мой санінструктар быў там патрэбны. Дарэчы, ён там і загінуў. Там жа загінуў і камандзір роты Міргарад, ды і шмат іншых. Сцірты гарэлі ярка ўначы, і адтуль на дарозе паявілася фурманка з параненымі. Але то была фурманка не нашай — суседняй часці, і ў ёй сядзела дзяўчына-санінструктарка.
Мяне пасадзілі таксама. Праз нейкі час мы спусціліся з пагорачка, наперадзе ляжала вялікае сяло з царквой. Там дзяўчына кагось папытала, дзе санчастка, куды параненых? Далей было тое, што апісана ў аповесці «Мёртвым не баліць». З абсалютна дакладнасцю.
(Мне цяжка ўспамінаць не толькі дзяцінства, але і сваё юнацтва таксама, так мала там радаснага. Не думаў я і пісаць пра тое. Але пасля, як ужо заняўся літаратурай, неяк за рэстаранным сталом расказаў пра гэты свой выпадак і раненне былому рэдактару «ЛіМа» Нічыпару Пашкевічу. І той, можа, з ветлівасці, гэтак кажа: во, амаль гатовая аповесць. Тыя словы я неяк запомніў і праз невялікі час напісаў «Мёртвым не баліць», ад якіх той надта партыйны крытык зусім не парадаваўся. Ну, але гэта між іншым.)
А.
В. Б.: І Сахно там быў, і іншыя. І сябра я там сустрэў, аднакашніка з вучылішча. І выбірацца мы хацелі разам, як раніцай сяло атакавалі нямецкія танкі. І прыгод увогуле было больш, чым там напісана, але я ўжо не хацеў перагружаць імі тэкст. Дзён пяць мы, параненыя, бедствавалі ў нямецкім тыле, можна сказаць, гінулі па некалькі разоў. Ну, але гэта асобная гаворка.
А. А.: А гэты выпадак, калі пахавалі цябе?
В. Б.: Ну, вось, значыць, трэба вярнуцца… Як прывезлі мяне ў санчасць. Там ужо сабралася некалькі параненых, пасля падышло болей. Прыйшоў знаёмы малодшы лейтэнант, мой аднакашнік па Саратаўскім вучылішчы. Была і адна санінструктарка, баявітая дзеўка накшталт маёй Каці. Мы нават выпілі трохі — знайшлося ў некага. Потым знайшлі ў гаспадара ў падпечку трусоў, давай трусоў гэтых рэзаць. Хоць і параненыя, а есці хочацца. Бліжэй да ночы разбалелася мая нага, і я прылёг на лаўцы. Прылёг і задрамаў. І тут нехта мяне будзіць, расплюшчыў вочы. А гэта наш камандзір батальёна капітан Смірноў пытаецца: ты паранены? Хадзіць не можаш? Кажу: не, не магу. Крыху наступаць мог, але сказаў, што не. І ён кажа: во збіраю батальён… Закурыў ён, пагрэўся і пайшоў. Я зноў задрамаў і прачнуўся ад таго, што ўсё хадуном ходзіць, страшэнны абстрэл. Па сяле б’юць мінамёты, чутно, што і танкавыя гарматы таксама страляюць, — гук такі, ведаеш, асаблівы, кароткі. Прыкрыцця ж ніякага, мы ж у сваім тыле. Параненыя затрывожыліся і пачынаюць па адным выпаўзаць на вуліцу. А па вуліцы ўжо мчацца фурманкі, ратуюцца. Гэты самы мой аднакашнік, малодшы лейтэнант кажа: давай пойдзем да царквы, там цераз поле — нашы.
Неяк мы з ім выйшлі з нашай хаціны, але да царквы не дайшлі, нас абстралялі. Я вярнуўся, кажу: там мы не пройдзем. Але ён пайшоў адзін. Ды праз нейкі час расчыняюцца дзверы, і ён ляжыць на парозе.
А. А.: Паранены?
В. Б.: Дзвюма кулямі ў горла. Крывавая пена з рота і з ранаў.
Нешта хацеў мне сказаць, ды толькі хрыпеў. Памёр ён на маіх руках. Вось… Яшчэ праз гадзіну ў хаце засталіся толькі тыя, што не маглі хадзіць, астатнія паразбягаліся. Танкі ўжо ўвайшлі ў сяло. Бачу, што тут мне не адсядзецца. Нага распухла за ноч і баліць горш, чым напачатку. Ступіць я ўжо не магу. Тады і я выпаўз. У двары нейкі дзядзька з пограба дае мне пачак аўтаматных патронаў і зноў кумулятыўную гранату. Патронаў я не ўзяў — у пісталеце ў мяне былі патроны. А гранату ўзяў. Адкруціў ручку, паглядзеў, ці ёсць запал. Запал быў на месцы.
А. А.: Мужык цябе ўзброіў?
В. Б.: Гэта ўсё нехта пакідаў, а ён прыбраў і аддаў мне.
Значыць, я ўзброіўся. Вось тут, думаю, і будзе мой фінал.
Фініта ля камедыя…
І я папоўз на дарогу.
А. А.: Як Іваноўскі?
В. Б.: А на вуліцы ўжо, мабыць, нашыя схлынулі, нікога няма. Танкі ўсё страляюць, блізка страляюць, асабліва на тым канцы. І тут паяўляецца параконная фурманка, на ёй чалавек пяць салдат. Ага, думаю, стой! Крычу ім і махаю гранатай. Калі не спыняцца, думаю запушчу ў іх гранатай. Але чорта два яны спыніліся, пранесліся міма. Рашучасці кінуць гранату ў мяне не хапіла. Ды ўсё ж там знайшлася добрая душа, фурманка спынілася. Саскоквае адзін у паўшубку, падбягае да мяне, хапае пад пахі. Так я апынаюся ў фурманцы. І як урэзалі мы з гэтага сяла ў поле, вырваліся, можна сказаць, з-пад танкаў. А тыя не спяшаюцца нас даганяць, але страляюць з гарматаў — болей цераз нашыя галовы па тых, што далёка наперадзе. І, можа, ужо лічаць, што ўратаваліся. У паветры толькі фыркаюць танкавыя балванкі. Я аберуч трымаюся за нешта ў фурманцы і гляджу назад, на сяло. Ля царквы бачу нашу санчасць у нехуцавай мазанцы. Адзін танк там раптам спыняцца і з вуліцы двума стрэламі б’е па хаціне, тая знікае у воблаку пылу. І ўсё. Мабыць, тыя, хто там заставаліся, абстралялі яго ці кінулі гранату, во танк і расправіўся з імі. Па ўсёй верагоднасці тое ж назіраў аднекуль і мой камбат.