Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
А. А.: Які ноччу туды заходзіў?
В. Б.: Які заходзіў і пайшоў збіраць батальён. Дык ён, канешне, рашыў, што там застаўся і Быкаў. Так мяне спісалі з ліку жывых, бо ў той полк я болей не вярнуўся. Пасля ў мяне было яшчэ некалькі дзён прыгод, прыкладна так, як апісана ў «Мёртвым не баліць». (Дарэчы, гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесць, дзе ўсё ці амаль усё — праўда. Але тое, што праўда, і стала непрымальным для часу сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага метаду была менавіта праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўнапартыйны інстытут выдаўцоў, рэдактараў, рэцэнзентаў і крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалі правакацыйна агітаваць: пішыце праўду! Колькі нашага брата, пісьменнікаў, пагарэла менавіта
Далей параненых везлі кудысь на брані нашых танкаў. Была ноч, светлая, зімовая. І нас раз за разам бамбілі нямецкія самалёты. У часе бамбёжак танкі спыняліся, і танкісты хаваліся пад імі. Каб, калі загарыцца, паспець адбегчыся. А я ні злезці, ні адбегчыся не мог і ляжаў пад бамбёжкамі зверху. Толькі моцна трымаўся, каб не скінула выбухам бомбы. Але пасля адной асабліва лютай бамбёжкі, калі на сельскай вуліцы згарэлі дзве машыны, не вытрываў і скаціўся долу. Узлезці назад не ўдалося, і я запоўз у нейкую хату. Танкі пайшлі далей. Куды? — я не ведаў, ды і танкісты самі не ведалі. Даведаліся пасля. Ну, дык запоўз я ў хату, хтосьці з танкістаў памог, узабраўся на ложак. Цёмна, ноч. На стале нешта стаіць, гаршчок нейкі. Запусціў я туды руку, намацаў яшчэ цёплы бурак і пачаў яго есці. Ля мяне побач хтосьці ўжо ляжаў, мая рука ўсё трапляла ў штось мокрае на саломе, ды мне было не да таго. Я адразу заснуў. А як прачнуўся, пачало світаць, гляджу на суседа, а гэта немец, обер-лейтэнант. Але ўжо нежывы, ужо сцюдзёны і нават задубянеў. А быццам быў жывы, як я ля яго клаўся.
Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высвеціла. На вуліцы нейкія выкрыкі, хтосьці кудысь бяжыць, а ў мяне, відаць, тэмпература паднялася, і я перастаў разумець, што адбываецца. І ад гэтай калатнечы, і ад недасыпання. Ва ўсякім разе, я ўжо не ведаю, хто ў сяле — нашы ці немцы? Бо страляніна чулася ў адным канцы, пасля ў другім, раздаваліся незразумелыя крыкі, затым усё прыціхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сені. Каля дзвярэй адгароджаны дошкамі засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пісталет і ляжу. Чую, бягуць па вуліцы, па дварах, але быццам гаворка не наша, значыць, немцы. Дзверы зачынены, але калі іх расчыніць, дык я тут жа, насупраць дзвярэй, можа, трошкі збоку. І вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзверы — немец! Адной рукой дзверы трымае, а ў другой — аўтамат. А я з пісталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэліць у кожную секунду, а яму для таго трэба перахапіць аўтамат у правую руку. І вось я не стрэліў, а ён кінуў дзверы і павярнуўся назад.
А. А.: Ты думаеш, ён цябе заўважыў?
В. Б.: Ён мог мяне не заўважыць, бо ў сенях было цёмна, а на вуліцы…
А. А.: Сонца.
В. Б.: Сонца сляпіла. Пасля я ўсё ўспамінаў пра яго, калі быў у Нямеччыне. Атрымалася так, што мы падарылі адзін аднаму жыццё.
А. А.: Ён цябе не заўважыў, а так бы адскочыў і лупануў здаля.
В. Б.: Вельмі магчыма. Я там праляжаў яшчэ нейкі час. Пасля, як відаць, немцы адсюль вымеліся. Нашы машыны пайшлі ўжо ў іншым кірунку. Але рэч у тым, што… Забыў табе расказаць пра папярэднія падзеі. Перад тым, як танкі завезлі нас сюды, у гэта сяло, мы абараняліся ў полі, у стралковым ланцугу. І я ляжаў з вінтоўкай і страляў. Танкі з таго сяла, адкуль нас выбілі, далей не пайшлі, яны выбівалі нас у полі. А нейкія камандзіры арганізавалі абарону і хацелі тыя танкі стрымаць. Увогуле гэта ім удалося, аж пакуль не падышлі нашы танкі. Во яны і ўзялі нас на браню, каб выхапіць з-пад удару. Але ж танкі ведама куды ідуць — не ў тыл жа. Танкі прарываюцца ў глыб абароны ворага, а мы на іхняй брані ратуемся ад немцаў. Сітуацыя самая дзікая, але ж іншая немагчыма. Бо танкі не пашлюць жа ў тыл з параненымі. Не такая гэта каштоўнасць — паўтузіна скрываўленых недабіткаў… Па вуліцы пайшлі нашы машыны. Праўда, адкуль і куды, не зразумець. Але я ўжо выпаўз з падворка і стаў ля паркана. Ідзе бензазапраўшчык, і я пачаў махаць яму рукой, ды ён не спыніўся. Стаю, гляджу яму ўслед. Той выехаў з сяла, едзе палявой дарогай, а там раздарожжа. Ён скіраваў ўлева, а там ярок невялікі і з таго ярка па дарозе — трасы. Запраўшчык і пыхнуў, бы факел.
Ну,
А. А.: Скажы, вось ты пісаў, а Каця там была?
В. Б.: Не, Каця — гэта ўжо прыдумка.
А. А.: А Сахно таксама не было? Таксама прыдумка?
В. Б.: А старшы лейтэнант чым не Сахно? Аднае пароды гэтыя людзі. Сам жа ён першым не пайшоў, другіх пасылаў.
А. А.: Ён учыніў з вамі тое, што вы з тымі мужычкамі.
У сяле з тымі хахламі.
В. Б.: Закапаліся мы ў сцірты і сядзім. Назіраем. Сапраўды, праз нейкі час прыходзіць бронецягнік, спыняецца на пераездзе. З яго выходзяць чалавек пяць немцаў і ідуць у наш бок. А там у полі стаялі дзве пакінутыя машыны, мы думалі, яны таксама падарваліся на мінах. Аж не. Тыя немцы дайшлі да машын, там нешта парабілі (можа, замініравалі), павярнулі назад, да чыгункі. Час ідзе, мы чакаем. Баі ідуць вакол нас, на ўсім даляглядзе. Скрозь нешта гарыць, бухае. Тут жа, дзе мы, цішыня, апроч нас, няма нікога. Немцы нас не бачаць. І раптам проста над сціртамі планіруе нямецкая «рама», трохі прабягае па снезе і спыняецца. Вылазіць лётчык, адчыняе капот, пачынае штосьці там калупацца. І адзін з разведчыкаў кажа старшаму лейтэнанту: а давайце захопім «раму». Я авіямеханік, магу ўзляцець.
А. А.: Як Дзевятаеў?
В. Б.: Увогуле дзіўнаваты намер, але што рабіць? Улезлі мы добра, невядома ці выседзім хоць бы да ночы. Карацей кажучы, пайшлі трое да самалёта. Ну ў белых халатах, не адразу зразумееш, хто. Не дайшлі, можа, метраў пяцьдзесят. Нешта немцы закрычалі, і нашы нерашуча спыніліся, нехта схапіўся за аўтамат. І ў той момант разварочваецца кулямётная турэль, і з буйнакалібернага як паласнуць па разведчыках… Самалёт завёўся, зрабіў невялікую разбежку і падняўся ў неба.
Выходзілі адтуль ноччу, свяціла поўня, таксама натрываліся пакутаў. На гэты раз старшы лейтэнант першым паслаў мяне, і я стыргікаў, абапіраючыся на чыюсь вінтоўку. Але ўрэшце перайшлі шашу і ў нейкія сяле выйшлі да сваіх. Але сяло бамбяць «юнкерсы», сыплюць касетнымі бомбамі. У хаце, дзе ляжаць параненыя, чакаюць вывазу, гаспадарыць дзяўчына ў пагонах, выпісвае карткі пярэдняга краю і кіруе пагрузкай. Але транспарту няма, а параненыя нервуюцца. Даходзіць чарга да мяне, пытаецца: з якой часці? Называю сваю дывізію, а яна кажа: то не наша часць, я не дам картку. Што рабіць — без гэтай карткі мяне не прыме шпіталь. Я чакаю. Тады налятае чарговая партыя пікіроўшчыкаў, выбухі, вылятаюць прэч вокны. І дзяўчына, страсянуўшы з сябе тынкоўку, таропка падпісвае мне картку. Можна ў тыл. Але на чым? Яшчэ з адным параненым у руку сяржантам мы выбіраемся на вуліцу. Бамбёжка скончылася, ды на вуліцы пуста. І раптам аднекуль «віліс» з афіцэрам, і мой сяржант крычыць: Коля! Шафёр — ягоны знаёмы. На тым «вілісе» пад вечар я быў ужо ў армейскім шпіталі ў Александрыі. Во як пашэнціла ўрэшце.