Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Правальваючыся ў снег, Валодзькін ужо ведаў, што гэта прыйшоў канец. Ён стараўся толькі, каб не адстаць ад камісара, і вельмі шкадаваў, што не меў зброі. Вельмі балюча і крыўдна паміраць без карысці — паміраць няўдакам. Але болей рабіць было нечага.
Так яны беглі, аж пакуль ззаду не загрукалі стрэлы.
Недзе побач коратка фыркнулі кулі — Валодзькін сцяўся нутром у тугі балючы камяк і азірнуўся на ворагаў. Калі ён зноў павярнуўся бегчы, камісар ужо бездапаможна курчыўся ў снезе.
І Валодзькін не пабег далей, не збаяўся, што яго заб’юць тут — ён спыніўся ля чалавека, які запалоніў яго
— Эх, чорт… не дай-ш-ш-ш-лі… не су-м-м-м-елі…
Хлопец хацеў памагчы таварышу, але неўзабаве яго адарвалі, адкінулі ўбок, потым узнялі, абмацалі кішэні, вопратку. Наўкола гаманілі, насядалі на яго дзесяткі ворагаў, калолі з усіх бакоў ненавісныя позіркі, а ён не прыкмячаў нічога. Усеабдымная журбота ад гэткай няўдачы прыдушыла яго, скавала волю, і пагібель, не далёкая і ўяўная, а ўжо блізкая і рэальная, ва ўсёй сваёй жахлівасці паўстала перад ім. Хлопец адразу адчуў гэта і зразумеў, што на паратунак не асталося ніякай надзеі. І ўсё ж свавольнае сэрца не хацела пагадзіцца з канцом і недарэчна прагла жыць, жыць, не зважаючы ні на што, жыць…»
Стар. 177. Ён трохі варушыўся, зацята пазіраў на ворагаў і, сцяўшы сківіцы, з натугай перасільваў у сабе, відаць, немалы боль. — У ранейшай рэдакцыі: «Знясілены, ён згорбіўся побач, балюча падкурчыўшы хворую нагу, на яго вастраносым, у рудым шчацінні твары застыглі боль і невымоўная туга».
Стар. 180. …ад прыліву слабасці і жалю. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Але хцівыя да людскіх пакут ворагі не далі нават зірнуць на чалавека апошні раз — чалавека, які доўгія дні і ночы быў самы блізкі і любы яму».
Стар. 180. …іх празмерная пільнасць здалася яму нават прыемнай. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «І хлопец, бадай, упершыню за ўсе дні ўцёкаў і страхаў горда і смела закрочыў наперад!»
Стар. 181. …распраўляцца з вінаватымі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Каб не атрымліваць балючага штурхаля, ён, аднак, ступаў жвава і ішоў першы. Івашоў ужо, відаць, не меў сілы, каб вытрымаць роўны тэмп хады. Ён некалькі разоў падаў, злуючы тым лёгкага на руку яфрэйтара».
Стар. 182. Не ламайся, не ўпросіш. — У ранейшай рэдакцыі: «Не поўзай, не ўпросіш».
Стар. 182. …Івашоў, распластаны, ніцма ляжаў на снезе, голасна екатаў нешта і плакаў. — У ранейшай рэдакцыі:
«…Івашоў, распластаны ніц, ляжаў у доле. Яго счарнелыя, растапыраныя пальцы бяссільна хапалі і не маглі ўтрымаць яфрэйтаравы боты, якімі той ужо не біў палоннага, а толькі хацеў вызваліцца ад яго. Івашоў голасна екатаў нешта і плакаў. Укормлены мардач бясстрасна жаваў побач, назіраючы за незвычайнай гэтай барацьбой слабасці з лютасцю, чарнявы спрабаваў падняць чалавека».
Стар. 182. …чаго патрабавалі ворагі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло з новага абзаца: «Ён астаўся адзін і пайшоў далей, усё гэтак жа сашчапіўшы за спінай
Стар. 178. О, банкоф Боркі.— О, станцыя Боркі (ням.).
Стар. 186. Ротэ армее сіген! Бліц крыг! — Чырвоная армія пераможа! Маланкавая вайна! (ням.).
Стар. 186. Москаў сіген! — Масква пераможа (ням.).
Упершыню — часоп. «Маладосць», 1958, № 12.
Друкуецца паводле: зб. «У глыбі жыцця» / Склад. Б. Сачанка. Мн.: Народная асвета, 1972.
Датуецца 1958 г. паводле зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960.
Машынапіс апавядання з аўтарскай і рэдактарскай праўкай захоўваецца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 59, арк. 1—10. Згодна машынапісу можна прасачыць найбольш значныя скарачэнні і праўкі:
Стар. 190. Эх, Айбекаў!.. — У машынапісе і ў кнізе «Жураўліны крык»: «Эх, Айбекаў, ну нашто так марудна, хутчэй трэба…»
Стар. 191. …то мацаў вывады правадоў, зазямленні… — Далей ішло, але было скарочана В. Быкавым: «то выходзіў да Сімакова ў траншэю».
Стар. 197. Тэлефаніст зразумеў, што гэта выратаванне, і амаль фізічна адчуў, як упала з яго душы палова вялізнага гора. Шчыльна сцяўшы дрыготкія вусны, ён таропка злучыўся з «Волгай» і пасля, крыху перасіліўшы сябе, закрычаў у запацелую ля рота трубку… — У ранейшай рэдакцыі: «Тэлефаніст нема замычэў ад радасці і амаль фізічна адчуў, як звалілася з яго душы вялізнае гора. Ён зараз жа выклікаў „Волгу“ і торапка, нібы баючыся згубіць сваё неспадзяванае шчасце, закрычаў у трубку…»
Упершыню пад назвай «Радасць» — часоп. «Полымя», 1959, № 6. У першым кніжным выданні — зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960 — пад назвай «На сцяжыне жыцця» (там жа пазначаны год напісання — 1958). У перакладзе на рускую (пер. М. Гарбачова) пад назвай «Фруза» — зб. «Журавлиный крик». М.: Советский писатель, 1961.
Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6.
Упершыню — часоп. «Беларусь», 1959, № 7.
Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1958.
В. Бурносаў, пішучы ў маі 1959 г. выдавецкую рэцэнзію на кнігу В. Быкава «Апошні баец», напрыканцы прапаноўваў: «Са свайго боку, я адважуся параіць і аўтару і рэдактару ўключыць у гэты зборнік цікавае новае апавяданне маладога пісьменніка „Няўломак“, якое мне давялося прачытаць выпадкова ў адной з рэдакцый. Апавяданне напэўна хутка з’явіцца ў перыядычным друку, і яго трэба было б уключыць у кніжку». Гэтая прапанова, верагодна, і паспрыяла ўключэнню «Няўломка» ў першую кнігу В. Быкава.