Quo Vadis
Шрифт:
— Вось таблічка, пойдзеш з ёю да мяне дадому, знойдзеш майго вызвольніка й аддасі яму. Напісана тут, што я выехаў у Бэнэвэнт. Скажаш Дэмасу ад сябе, што гэта сталася сяння рана, было тэрміновае пісьмо ад Пятронія.
Тут паўтарыў з націскам: — Выехаў у Бэнэвэнт — зразумеў?
— Выехаў, спадару, выехаў! Адыж рана развітаў я цябе пры Порта Капэна [41] , і ад часу твайго выезду агарнула мяне такая туга, што калі твая ласкавасць яе не ўтуліць, зажуруся насмерць, як небарака жонка Зэтоса [42]
41
Капэнская брама (лац.).
42
Аэдонна, пераўтвораная ў салаўя (заўвага аўтара).
Вініць, хоць хворы й звыклы да падступнае гнуткасці грэка, не мог, аднак, устрымацца ад смеху. Да таго ж і рад быў, што Хілон воміг яго зразумеў, і пацяшае: — Ну дапішу, дапішу ўжо, каб табе слёзы абцерлі. Дай святліка.
Хілон, супакоены, устаў, ступіў некалькі сягняў у бок коміна, зняў адзін з гаручых на прыморку святлікоў.
І трэба ж — з галавы падчас гэнай паслугі асунуўся каптур, і бляск хлынуў проста яму ў твар. Глаўк тады, сарваўшыся з лавы ды падбегшы, тыц яму ў вочы.
— Не пазнаеш мяне, Цэфас? — пытае.
У ягоным голасе было штось так злавеснае, што па ўсіх прысутных прабегла дрыгата.
Хілон мыкнуў светача і воміг упусціў яго на зямлю, па чым сагнуўся ў дугу й пачаў енчыць: — Я не… я не!.. Злітуйцеся!
Глаўк зварочваецца ў бок вячэраючых і крычыць: — Во гэты чалавек прадаў і згубіў мяне з сям’ёю.
Ягоная гісторыя была ведамай усім хрысціянам і Вініцію, які таму толькі не здагадаўся, кім ёсць Глаўк, што, млеючы з болю падчас перавязкі, прозвішча ягонае не дачуў. Але для Урсуса гэная кароткая хвіліна разам з крыкам Глаўка была як бы бліскаўкай у цемры. Распазнаўшы Хілона, адным скокам падбег да яго, схапіў за плечукі і, згібаючы ўзад, загаманіў: — Гэта ён мяне намаўляў, каб забіў Глаўка!
— Злітуйцеся, — енчыў Хілон, — аддам вам… Спадару, — звярнуўся да Вініція, — ратуй! На цябе я здаўся, заступіся за мяне… Тваё пісьмо… занясу, спадару! Спадарыку!
Але Вініць менш за ўсіх праймаўся гэтым разам таму, што ўсе справы грэка былі яму ведамыя, а па-другое — сэрцу ягонаму літасць была нясвомай.
— Закапайце яго, — кажа, — у агародзе, пісьмо занясе хто іншы. — Хілону паказаліся словы гэныя пяруновым прысудам. Косці ягоныя трашчалі ў руках Урсуса, вочы з болю заплывалі слязьмі.
— У імя Бога вашага! Зжальцеся, — крычаў, — я ж хрысціянін!.. Pax vоbiscum! Я хрысціянін, калі не верыце, ахрысціце мяне яшчэ раз, яшчэ два!
Дзесяць разоў! Глаўк, гэта памылка! Дайце слова сказаць! Зрабеце нявольнікам… Не беце мяне! Пашкадуйце!
Ягоны голас ад болю штораз слабеў, аж вось за сталом падымаецца апостал Пётр; праз момант хінаў сваёю белаю галавою, апускаючы яе на грудзі, вочы меў заплюшчаныя, але адкрыў іх і сярод агульнага маўчання прамовіў: — А от сказаў нам Збаўца:
Настала яшчэ большая цішыня.
Глаўк доўга стаяў, закрыўшы твар далонямі, урэшце адкрыў і кажа: — Цэфас, хай Бог так даруе табе крыўду маю, як я табе ў імя Хрыста адпушчаю.
І Урсус, пусціўшы грэка, дадае таксама: — Хай так будзе міласцівы Збаўца, як я табе адпушчаю.
А той упаў на зямлю і, падпіраючыся рукамі, матляў галавой, бы звер у клетцы, разглядаючыся навокал ды чакаючы, адкуль прыйдзе смерць. Вачам і вушам яшчэ не верыў і не смеў спадзявацца прабачэння.
Але паволі ажывала прытомнасць, толькі ссінелыя вусны дрыжалі йшчэ з пераляку. Апостал тым часам кажа: — Ідзі з Богам!
Хілон устаў, але гаварыць не мог. Мімахоць падыйшоў да ложа Вініція, быццам спадзяваўся йшчэ ад яго ратунку, не меў мо часу падумаць, што той Вініць, забыўшы пра ягоныя паслугі, асудзіў яго, тады як тыя, супраць якіх служыў, даравалі яму. Думка гэная спазнілася. Цяпер у вачах ягоных відаць было толькі здумленне й недавер. Хоць змеркаваў ужо, што яму дарована, жадаў, аднак, чым хутчэй вынесці голаў ад гэтых таемных людзей, дабрыня якіх не менш яго страшыла, чым страшыла б суровасць. Марочылася яму, што калі даўжэй тут заставацімецца, дык гатова йшчэ неспадзяванае здарыцца, дык, налягаючы на Вініція, нагліў: — Давай, спадару, пісьмо! Давай пісьмо!
І, вырваўшы таблічку з рук Вініціевых, адбіў паклон адзін хрысціянам, другі хвораму і хілком, паўз самую сцяну, вылецеў за дзверы.
У вагародчыку, як агарнула яго цемра, зноў падступіў страх, бо быў пэўны, што Урсус выбяжыць за ім ды заб’е сярод ночы. Даў бы драла з усіх сіл, ды, на жаль, ногі не слухалі, а цераз момант і зусім папрутнелі, бо Урсус сапраўды стаяў пры ім.
Хілон кінуўся тварам на зямлю й пачаў скамліць: — Урбанка… У імя Хрыста… А той адзываецца: — Не бойся. Апостал казаў мне вывесці цябе за браму, каб не зблудзіў у цемры, а калі зняможаны, дык адвяду цябе дадому.
Хілон падняў голаў.
— Што кажаш? Што?.. Не біцімеш мяне?
— Не, не заб’ю! А калі замоцна цябе хапіў і нарушыў косці, дык выбачай.
— Дапамажы ўстаць, — скігліў грэк. — Не заб’еш мяне? Га? Выведзі мяне на вуліцу, далей сам пайду.
Урсус падняў яго бы пярынку і паставіў на нагах, пасля правёў праз цёмны праход на другі надворак, з якога выходзілася ў сенцы й на вуліцу. У калідоры Хілону зноў марочылася: «Прапаў я!», і аж толькі на вуліцы супакоіўся.
— Далей сам пайду.
— З Богам! Pax табе!
— І табе, і табе!.. Дай мне аддыхнуць.
І па адыходзе Урсуса адатхнуў цэлымі грудзьмі. Мацнуўся рукамі ля папругі й паясніцы, як бы маніўся спраўдзіць, ці жыве, і рушыў борздым крокам наперад. Падыйшоўшы сягнёў колькідзесят, затрымаўся і давай разважаць: — Чаму яны, аднак, мяне не забілі?
І паміма павучальнае гутаркі з Эўрыцыем аб хрысціянскай навуцы, паміма індагацыі Урбана над ракою ды ўсяго, што чуў у Острыянуме, не ўмеў знайсці на гэтае пытанне адказу.