Quo Vadis
Шрифт:
Гэта вымавіўшы, палажыў ёй руку на галованьцы, і, хоць намагаўся быць спакойным, то ўсё ж, калі падняла на яго заплаканыя вочы Лігія і пачала прыціскаць да вуснаў яго руку, задрыжаў бацькаўскі голас ягоны.
— Бывай, сэрцайка наша, золатца наша, — сказаў.
І хутка вярнуўся ў атрыюм, каб не дапусціць да сябе нясвомага рымлянам узварушэння.
Тым часам Пампонія, завёўшы Лігію ў кубікулюм, пачала супакойваць яе, пацяшаць, будзіць надзеі і выказваць словы — дзіўныя ў гэтым доме, у якім побач у святліцы стаялі шчэ лярарыюм і агмень, на якім Плаўт, верны даўным звычаям, клаў ахвяры дамовым багом. І вось прыйшло гора. Калісь Віргіній прабіў грудзі свае дачкі, каб вызваліць яе з рук Апія;
Пасля гэтага зачала гаварыць аб сабе. Так! Яна спакойная — але і ў ейным сэрцы ёсць балючыя раны. Вось на вачах ейнага мужа ляжыць яшчэ бяльмо, яшчэ не засвяціла над ім святло. Не можна ёй таксама выхоўваць сына ў праўдзе. Дык як падумае, што гэтак можа быць да канца жыцця, і што можа стацца хвіліна разлукі з імі ў сто раз большай і горшай, чым гэтая часовая, ад якое плачуць цяпер вось абедзве — не можа нат уявіць, як патрапіць быць без іх аж у небе шчаслівай. І многа начэй ужо праплакала, многа прамалілася, просячы змілавання й ласкі. Але боль Богу паручае — і чакае, і спадзяецца. А калі цяпер прыходзіць новае гора, калі загад людаеда забірае ад яе дарагую галованьку — тую, якую Аўл назваў святлом вачэй, — мае шчэ надзею, веручы, што ёсць магутнасць большая, чым Нэронава, і міласэрнасць мацнейшая за ягоную злосць.
І яшчэ мацней прыціснула да грудзей галованьку дзяўчаці, а тая зараз асунулася да ейных каленяў і, схаваўшы вочы ў хвандах ейнага пеплюма, доўга маўчала і, калі ўрэшце ўстала, выглядала ўжо крыху спакайнейшай.
— Шкада мне цябе, мамка. І таты, і брата. Але ведаю, што супраціў нічога не паможа, толькі мог бы згубіць нас усіх. Затое прыракаю табе, што слоў тваіх не забуду ніколі ў доме цэзара.
Яшчэ раз абняла яе, а пасля, як абедзве выйшлі ў экум, пачала развітвацца з малым Плаўтам, з старым грэкам — іхнім настаўнікам, з сваёю ўбіральніцай, што калісь яе няньчыла, ды з усімі нявольнікамі.
Адзін з іх, высокі й плячысты ліг, якога дома называлі Урсус і які сваім часам разам з маткай Лігіі ды з ёю прыйшоў у рымскі лагер з іншай службай, ён упаў цяпер да ейных ног, пасля скланіўся да калень Пампоніі, кажучы: — О доміна! Дазвольце мне йсці з маёю князёўнаю, буду служыць ёй і пільнаваць у доме цэзара.
— Ты не наш, толькі Лігін слуга, — адказала Пампонія Грэцына, — але ці ж цябе дапусцяць да дзвярэй цэзара? Ды як жа пільнавацімеш яе?
— Не ведаю, доміна. Ведаю толькі, што жалеза ломіцца ў маіх руках, бы шчэпка.
Аўл Плаўт, які падыйшоў у гэтым моманце, даведаўшыся, пра што расходзіцца, не толькі не спрацівіўся намерам Урсуса, але сказаў, што не маюць нат права яго затрымліваць. Адсылаюць Лігію як закладніцу, якое дамагаецца цэзар. дык абавязаны адаслаць і ейную світу, якая пераходзіць разам з ёю пад апеку цэзара. Тут шапнуў Пампоніі, што пад відам світы можа ёй дадаць столькі нявольніц, колькі захоча — цэнтурыён бо не можа іх не прыняць.
Для Лігіі была ў гэтым пэўная пацеха, дый Пампонія была рада, што можа яе забяспечыць службаю ўласнага выбару. Дык апрача Урсуса вызначыла ёй старую ўбіральніцу, дзве цыпрыйкі-часальніцы ды дзве купальніцы-германкі.
Выбрала толькі вызнавальнікаў новае навукі, а калі і Урсус
Напісала таксама пару слоў Нэронавай вызвольніцы Актэ, паручаючы ейнай апецы Лігію. Пампонія не спатыкала яе, праўда, на зборышчах новае навукі, чула, аднак, ад іх, што Актэ ім спрыяе й чытае прагавіта лісты Паўла з Тарсу. Адыж ведамым ёй было, што маладая вызвольніца заўсёды сумуе, што ёсць асобай іншай, чым усе жанчыны Нэрона, і што наагул ёсць добрым духам палацу.
Гаста падручыўся сам перадаць ліст Актэ. Уважаючы таксама за натуральную рэч, што княжна павінна мець сваю світу, не перашкаджаў забраць іх у палац, болыш дзівячыся малой колькасці іх. Прасіў аднак жа спяшацца, каб не асудзілі за маруднае спаўненне загадаў. Прыйшла развітальная хвіліна. Вочы Пампоніі і Лігіі зноў заплылі слязьмі. Аўлюс яшчэ раз багаславіў, і цераз хвіліну ваяры пад крыкі малога Аўла, які гразіў кулакамі цэнтурыёну за адабранне сястры — павялі Лігію ў дом цэзара.
Але стары ваявода загадаў прыладжваць для сябе лектыку, кажучы Пампоніі ў пінакатэцы: — Слухай, Пампонія, іду да цэзара, хоць мо надарма, а хоць і слова Сэнэкі ў яго ўжо нічога не варта, буду і ў Сэнэкі. Сяння большае значэнне маюць Сафон, Тыгэлін, Пятроні або Ватыній… Што да цэзара, можа і не чуў ніколі аб народзе лігаў, і калі зажадаў выдачы Лігіі як закладніцы, то дзеля таго, што нехта яго да гэтага падбухторыў. І не цяжка здагадацца, хто гэта зрабіў.
А яна кінула на яго зорка вокам: — Пятроні?
— А няўжо ж хто.
Праз хвіліну маўчалі, пасля ваявода гаварыў далей: — Вось што знача ўпусціць за парог каторага з гэных людзей без гонару й сумлення. Праклятая хвіліна тая, калі Вініць увайшоў у наш дом. Гэта ён прывёў да нас Пятронія. Гора Лігіі, бо не пра закладніцу, толькі пра наложніцу ім расходзіцца.
Ад гневу і бяссільнай закатнасці з жалю па дзіцяці сталася яшчэ больш свіставатай ягоная мова. Змагаўся з сабою, заціснутыя кулакі сведчылі, як гэтае нутраное змаганне было цяжкім.
— Я дагэтуль аддаваў чэсць багом, — кажа, — але цяпер мне здаецца, што няма іх над светам, а ёсць толькі адзін — люты, шалёны й страшны. Імя яго Нэрон.
— Аўл! — талкуе Пампонія. — Нэрон — гэта толькі жменя гнілля перад Богам.
Ейны муж пачаў мераць шырокімі крокамі мазаіку пінакатэкі. У жыцці ягоным былі вялікія чыны, але не было вялікіх няшчасцяў, дык не прызвычаіўся да іх. Стары ваяр, аказваецца, больш быў прывязаны да Лігіі, чым яму здавалася, і цяпер не мог сумірыцца. Дый чуўся паніжаным! Завісла над ім ненавісная рука, проці якой, аднак, не мае сілы. Дык вось, суняўшы крыху гнеў, адазваўся: — Думаю, што Пятроні не забраў нам яе для цэзара, з увагі на помсту Папеі. Дык або для сябе, або для Вініція… Яшчэ сяння буду ведаць аб гэтым.
І па хвіліне лектыка нясла яго ў бок Палатыну, а Пампонія, застаўшыся сама адна, пайшла да малога Аўла, які не пераставаў плакаць па сястры ды пагражаць цэзару.
V
Сумнівы Аўла спраўдзіліся, да Нэрона яго не дапусцілі. Адказана яму, што цэзар заняты пяяннем з лютністым Тэрпнасам і што наагул не прыймае тых, каго не клікаў. Інакш кажучы, гэта быў знак, каб Аўл і напасля не маніўся з ім бачыцца.
Затое Сэнэка, паміма гарачкі, прыняў старога ваяводу з належнай яму пашанай, але, пачуўшы, пра што яму расходзіцца, горка ўсміхнуўся й сказаў: — Адну толькі магу табе даць услугу, Плаўце, не паказвацца ніколі перад цэзарам з тым, што я балюча спачуваю табе і хачу дапамагчы. Бо калі б цэзар западозрыў гэта, ведай, што не аддаў бы табе Лігіі, хоць бы на самы толькі задор проці мяне.