Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
— А куды цяпер спяшацца? — паціснуў той плячамі.— Усё, дайшлі.
— Трэба бурыць далей, — не прыняў іранічнага тону майстра Карнееў.
— Ды калі ласка, — Юсуф-задэ рэзкім рухам насунуў на вочы белую каску. — Загадаеш — выпампуем з-пад зямлі ўсё салёнае возера і будзем потым па ім разам з дзецьмі бедуінаў папяровыя караблікі пускаць, а то ж яны ніколі ў жыцці не бачылі, як тое робіцца.
— Гэта ў цябе ад стомы, — лагодна прамовіў Карнееў.— Але зразумей — наш пласт яшчэ наперадзе.
— Ну што ж, — уздыхнуў Юсуф-задэ. — Загад маю. Будзем бурыць далей. На тым баку зямлі, пад намі, што — Амерыка? Дабурымся да Місісіпі… Вось янкі здзівяцца:
— Бурыць, пакуль дазволіць машына, — сказаў Карнееў, скупа ўсміхнуўшыся на невясёлы жарт Юсуф-задэ. — Ну, а калі што — дык прывязём больш магутную, з Аханета. Там умовы куды горшыя, а людзі змагаюцца за ваду без панікі.
У гэты момант пад'ехала вадавозка. З гарачай кабіны выскачыў Хуары. Ён паспеў аддаць повару Мулуду пакупкі і цяпер прывёз на буравую новую порцыю халоднага чаю.
— Там Селіма прывезлі,— усхвалявана паведаміў ён Аклілю. — Я ўбачыў яго ў аазісе і запрасіў да нас у лагер. Сейід Мулуд пакарміў Селіма, і той адразу заваліўся спаць. Лёг на твой ложак.
Бурыльшчыкаў таксама зацікавіла навіна пра Селіма. З расказу Хуары стала вядома, што «кандыдата ў мільянеры» падабралі ў пустыні бедуіны. Як па этапу, яго перадавалі з аднаго качэўя ў другое, пакуль ён не апынуўся ў Таманрассеце. Адтуль Селім на спадарожных машынах дабраўся да горада-аазіса Амгіда, затым да Завія-эль-Кахла, а зараз ехаў бы ўжо ў напрамку Уарглы, каб не Хуары. І Акліль з раптоўным пачуццём крыўды падумаў: чаго гэта Хуары так узрадаваўся, што сустрэў Павука? Ды няхай бы сабе той і ехаў, куды ўздумаў.
А Хуары ўжо расказваў пра другое:
— Старэйшыны аазіса збіраюцца прыехаць, каб пакаштаваць новую ваду.
Юсуф-задэ хмыкнуў:
— Якую ваду, хто ім пра тое сказаў? — І павярнуўся да Карнеева: — Ну, што загадаеш людзям адказваць?
— Тое, што ёсць, праўду.
— Дык я ж сам яе не ведаю! — Юсуф-задэ накіраваўся да свайго пульта. І зноў завёў сваю магутную песню матор.
А праз якую гадзіну, калі Карнееў пакінуў буравую, туды прыехаў невялікі джып на шырачэзных колах. З машыны паважна выйшлі чатыры мужчыны ў адзенні туарэгаў. Наперад яны прапусцілі сівабародага высокага старога з пранізлівым позіркам. Госці зірнулі на бурыльную ўстаноўку, і самы малодшы з іх прамовіў на французскай мове:
— Сейід пытае, хто тут галоўны.
— Што паважанаму госцю трэба? — Юсуф-задэ прыглушыў матор і папярэдзіў, каб памочнік не забываў сачыць за прамыўкай.
— Алах вялікі,— не адказаўшы на паклон буравога майстра, па-арабску прамовіў сівабароды, выцягваючы сваю руку так, што яна ўказвала не столькі на неба і навакольную прастору, колькі на джып, на якім ён сюды прыехаў.
Юсуф-задэ ўсміхнуўся, зняў каску і выцер хусцінкай твар. Жэстам ён спыніў Сідкі, які стаў перакладаць сказанае сівабародым на французскую мову.
— Алах зрабіў для нас вялікую ласку, — працягваў сівабароды. — Ён пачуў нашы малітвы і схаваў пад зямлю тое, што нам шкодзіла. Мёртвае ён адаслаў да мёртвых, у падземнае царства. Гэта вялікая літасць. Яшчэ ў той час, калі я не згінаючыся мог прайсці пад брухам у жарабяці, на гэтым месцы, дзе стаяць вашы машыны, вецер гойдаў злую ваду, якая губіла пальмы. — Стары паказаў управа ад сябе, дзе пасярод пазбаўленай усякага жыцця раўніны тырчалі, бы чорныя шкілеты нейкіх фантастычных жывёлін, засохлыя пальмы-дум. За імі віднеліся напаўзамеценыя пяском руіны будыніны з гліны. Усё, што засталося ад невялікага аазіса.
— Ваш урад накіраваў нас сюды, каб даць жыццё гэтаму аазісу і даць ваду туды, дзе яе зараз мала і робіцца з кожным годам меней, — адказаў Юсуф-задэ на арабскай мове, здзівіўшы гэтым сівабародага. Той зірнуў на бурыльнага майстра больш уважліва, але па-ранейшаму варожа.
— Урад далёка, — адказаў ён. — Адтуль не бачна, дзе чужынцы свідруюць пясок.
— Свідруем там, дзе нам загадана, сейід, — стараўся гаварыць спагадліва Юсуф-задэ. — І мы разумеем вашу трывогу. Але вучоныя людзі кажуць, вада, добрая вада тут ёсць.
— Французскія бурыльшчыкі яе тут не здабылі, хаця спрабавалі некалькі разоў,— рэзка сказаў тады самы малады з гасцей.
— Вельмі добра, што не здабылі,— Юсуф-задэ звёў да пераносся густыя, запарушаныя пылам бровы. — Бо тады б знікла вада ў калодзежах вашага паселішча. Яны ж маглі прабурыць артэзіянскую свідравіну толькі на глыбіню дзвесце метраў. Гэта той пласт, які сілкуе і вашы калодзежы. Мы яго даўно прайшлі. Нашы трубы ідуць глыбока ўніз, каб здабыць новую ваду.
— Азхара! — з клёкатам у глотцы прамовіў сівабароды. — Каторую ноч крычыць птушка бяды. Марабут прадказаў — бяда прыйдзе ад вашых машын. — З велічным выглядам сівабароды рушыў да джыпа. За ім моўчкі ўся яго світа.
Юсуф-задэ паглядзеў услед джыпу і рашуча зашпіліў раменьчык каскі.
— Усе па сваіх месцах! — загадаў ён.
— Гэта вельмі паважаны чалавек, — сказаў пра сівабародага Сідкі.— Ён тут — раіс, правадыр. Вельмі заможны сейід. Мог бы купіць увесь аазіс, каб захацеў.
— Я бачу. — Юсуф-задэ падазрона зірнуў на Сідкі, патаптаўся ля вусця буравой свідравіны, быццам прыслухоўваючыся да нечага, і рашуча накіраваўся да пульта кіравання. Загудзеў матор. Завішчала лябёдка. Буравы снарад зноў недзе глыбока ў нетрах угрызаўся ў забой, ад яго напружанай работы торгалася сталёвая вышка, з падвывам роў рухавік, амаль захліпваючыся ад гарачыні. Акліль ведаў, што прабурылі ўжо чатырыста сорак шэсць метраў. Пазіраючы на рашучы твар Юсуф-задэ, ён яшчэ больш ганарыўся, што дапамагае буравому майстру.
Але вада, якую выпампоўвалі ў адстойнік з нетраў пустыні, была па-ранейшаму пякуча салёная.
28. АЗХАРА — ПТУШКА БЯДЫ
Увесь дзень, нягледзячы на спёку, на краі аазіса працавалі людзі. Гэта былі хамесы, якія чакалі «новай» вады. Яны ачышчалі ад камянёў вялікі пляц. Потым поле раўняў бульдозер. За ім пацягнуліся шлейфы пылу. Яднаючыся, яны к вечару павіслі над пляцам агромністым попельна-бурым шатром, які закрываў сонца. Бульдозер аціх толькі а дзесятай гадзіне вечара. Трохі пазней спынілася работа буравой. Па-ранейшаму працавала толькі цыркуляцыйная сістэма. Бурыльшчыкі вярталіся ў лагер дружнай купкай, абмяркоўваючы розныя здарэнні апошняга часу. У размовах чулася трывога. Асабліва непакоіліся мясцовыя. Звычайна яны пасля змены заходзілі ў лагер, перакусіць у сталоўцы, паслухаць радыё і проста пасядзець разам і спакойна перакінуцца словам, як любяць мужчыны ў вольную хвіліну. Але на гэты раз усе як адзін паспешліва скіравалі да аазіса, па хатах. Нават Амама, самы смелы з іх. Папярэджанне сівабародага раіса з галоўнага аазіса пра тое, што ля лагера бурыльшчыкаў каторую ноч крычыць птушка бяды азхара, усхвалявала ўсіх.