Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
Сонца ўжо схавалася за дзюнамі, яшчэ дзесятак-другі хвілін — і пустыню агорне раптоўная, як заўсёды, густая цемра. Аціхне сірока. Нездарма ў бедуінаў ёсць прыказка, што ў Сахары малы вецер абуджаецца і кладзецца адпачываць разам з сонцам. Так яно і здарылася. Акліль адчуў, як адразу стала лягчэй дыхаць, а маўклівае наваколле пачало ажываць. Не такая яна ўжо і мёртвая, пустыня. Вось недзе зусім непадалёк шоргае паміж рэдкіх калючак рагатая гадзюка. Увесь дзень яна праляжала, затачыўшыся ў пясок, а цяпер накіравалася некуды па сваіх змяіных справах. У далечыні раптам дробна затупаў невялікі статак газеляў. А ўжо ля самай электрастанцыі, не зважаючы
Пра гэта яны і размаўлялі з Аклілем. І не заўважылі, як да іх падышоў Сідкі. Вахрашчын ажно ўздрыгнуў, калі раптам убачыў, што матарыст стаіць побач і слухае іх гутарку.
— Але ж ты і ходзіш, — буркнуў ён. — Як фянёк.
— Фянёк маленькі.— Сідкі засмяяўся. — Яму гэта лёгка.
Цяпер, калі на буравой работы спыніліся, электрычнасці патрабавалася значна меней і можна было пераключыць рухавік на такі рэжым, каб даць яму перадышку. Адрэгуляваўшы ўсе прыборы, Вахрашчын павярнуўся да Сідкі.
— Ну вось, у такім рэжыме і трымай, таварыш дзяжурны, — прамовіў ён. — А мы з Аклілем пойдзем адпачываць.
— Зноў крычыць. — Хлопчык прыслухаўся. — Во, чуеце?
Дарослыя таксама прыслухаліся. Праз гуд матора сапраўды раз-пораз даносіліся крыкі нейкай птушкі. Хутчэй за ўсё, яна сядзела на адной з мёртвых пальмаў на ўскрайку пакінутага аазіса.
— Азхара, — коратка растлумачыў Сідкі.— Тутэйшыя людзі кажуць, што, калі птушка крычыць такою парою, нехта паблізу памрэ.
— Ну, забабоны, — весела сказаў Вахрашчын. — А ў нашых краях дык гэткай справай крумкач займаецца. Старыя людзі кажуць: калі над кім каркне — дабра не чакай. За некалькі дзён у жывым чалавеку мерцвяка чуе. Во, браце, справы: ходзіць чалавек, аб нечым дбае, мітусіцца, а таго не ведае, што птушка яму канец жыцця накаркала. А вось нада мною дык крумкач колькі разоў каркаў — і свой, і замежны, ды нічога, пакуль жывы.
Акліль, які ў пачатку расказу было прыціх, зараз засмяяўся весялей за ўсіх.
— А я пачую яе, і ў мяне мурашкі па скуры паўзуць, — прызнаўся Сідкі.— Ніяк не магу сябе пераадолець.
— Гэта таму, што цябе, відаць, у дзяцінстве многа страшылі,— паспачуваў Вахрашчын. — Каланізатарам жа хацелася, каб вы ўсяго баяліся. Нават птушынага крыку. Вось Акліль ужо з другога пакалення. Ён не прывучаны баяцца. Так, Акліль? Ды і вы хутка ўсе, думаю, пераадолееце свой дзіцячы спалох. Бо свабоду ж самі для сябе заваявалі! Ты ж ваяваў, Сідкі?
— І многа, — кіўнуў той. — Камандзіры казалі — нядрэнным быў салдатам. Страляў, хадзіў у разведку, узрываў…
— Ну вось, а цяпер слоў нейкага старога сейіда пра азхару спалохаўся, — зноў пасмяяўся Вахрашчын.
Акліль таксама пашкадаваў Сідкі: такі моцны, ваяваў, а крыку нейкай птушкі збаяўся.
— Ён у гэтых мясцінах магутны чалавек, раіс, — толькі і сказаў Сідкі.
— Дык калі ты ўжо так да сэрца ўзяў яго словы, то, можа, не дзяжур гэтую ноч? — прапанаваў Вахрашчын. —
— Рашучы, — пацвердзіў Сідкі.— Але маю работу я заўсёды раблю сам. Нават калі мне бывае і ніякавата.
Пасвістваючы, ён пайшоў аглядаць электрастанцыю. Прыбіраў, чысціў, раскладваў па адпаведных скрыначках струмант.
Вахрашчын кіўнуў на яго:
— Умее працаваць. А нейкага старога забаяўся… Ну, пайшлі адпачываць, сі-Акліль.
…Прачнуўшыся на досвітку, Акліль трывожна прыслухаўся — як там электрастанцыя? Яна працавала па-ранейшаму. І потым у сталоўцы ён адным з першых убачыў Сідкі. Той весела, ніколькі не саромячыся, расказваў, як учора спалохаўся крыку азхары — маленькай птушачкі, падобнай на вераб'я! — а мсье Вахрашчын яго высмеяў, і правільна зрабіў.
— Ды што ты на мяне мсье ды мсье? — заўважыў у адказ Вахрашчын, які таксама торапка сёрбаў з кубачка пахучую каву. — Які з мяне мсье? Як па-нашаму, то гэта гаспадзін, які мае ўладу над іншымі і багаты. А я чалавек рабочы, не Ротшыльд які-небудзь.
З яго слоў усе дружна рагаталі, кпілі з Сідкі, што той не можа пазбавіцца не толькі дзіцячых страхаў, але і звычкі ў кожным ірум'ене бачыць не таварыша, а абавязкова валадара. І Сідкі зноў неяк лёгка і нават весела згаджаўся — сапраўды, так яно і ёсць.
Потым увесь дзень у бурыльшчыкаў быў добры настрой, тым больш што вада рабілася менш салёнай і таму павялічыліся спадзяванні нават у скептыкаў на добрае завяршэнне справы. Трывога спакваля ўзнавілася толькі пад вечар. Мясцовыя рабочыя зноў заспяшаліся дадому, мінуючы лагер, хаця там Вахрашчын збіраўся паказваць кінафільм, расцягнуўшы на сцяне вагончыка белую прасціню замест экрана. Звычайна ў такія вечары збіралася процьма людзей, прыходзілі ці прыязджалі на конях жыхары не толькі бліжняга, але і аддаленых аазісаў. Аднак на гэты раз гледачоў аказалася не больш дзесятка. Нанач Карнееў на ўсякі выпадак назначыў дзяжурства, каб людзі маглі спакойна адпачываць. Але ноч зноў прайшла спакойна. Нават азхара перастала крычаць. Можа, таму, што Вахрашчын з Аклілем не паленаваліся схадзіць у пакінуты аазіс і прагнаць з пальмаў усіх, хто там з птушынага племя збіраўся ўладкавацца на начлег.
Наступная ноч таксама прайшла спакойна. А потым няшчасце ўсё ж здарылася.
Недзе пад самую раніцу, калі сон бывае асабліва салодкім, Акліль пачуў за акенцам тупат ног і сцішаныя галасы. Паўтаралася імя Амамы. Акліль раскатурхаў Хуары:
— Чуеш? Там нешта здарылася з Амамам. Ды прачніся! Пабяжым, га?
Хуары незадаволена забурчаў:
— Соваеш нос, куды цябе не просяць… Усё! Як толькі атрымаем грошы, я адсюль паеду. Селім кажа, ён колькі хочаш запалаў здабудзе. А ты можаш сабе хоць на ўсё жыццё тут заставацца.
— Ага, — пакрыўдзіўся і раззлаваўся Акліль, — ужо гэтаму Павуку наш сакрэт выдаў! Ну, добра, паглядзім, хто хутчэй…
Акліль не дагаварыў, бо зноў паспешліва нехта пратупаў каля акна. Хлопчык выскачыў з вагончыка. Далейшыя падзеі гэтай раніцы зусім адсунулі ўбок яго спрэчку з Хуары.
Першае, што ён убачыў у дрыготкім паўзмроку, — мітусню каля палаткі, дзе знаходзілася электрастанцыя. Затым толькі ён звярнуў увагу, што колькі ўжо часу не чуе гуду яе рухавіка. Там нешта здарылася з Амамам! Акліль, спатыкаючыся ў сыпучым пяску, памчаў да электрастанцыі.