Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
Але ў вялікім аазісе, назвы якога хлопцы нават не ведалі, Селіму ў галаву прыйшоў новы план.
Вадзіцель спыніўся ў гэтым аазісе, каб даць крыху роздых і сабе, і грузавіку. Пачаставаўшы хлопцаў галетамі і вадой, ён пакрочыў у духан. Селім і Хуары саскочылі з кузава ў гарачы пыл дарогі, адразу выклікаўшы да сябе цікавасць мясцовых хлапчукоў.
Першае, на што звярнуў увагу Селім, быў маленькі, падобны на саранчу аранжавы самалёт. Ён стаяў на роўнай пляцоўцы адразу за аколіцай. На такое дзіва варта было зірнуць бліжэй. Ад мясцовых хлапчукоў Селім і Хуары даведаліся: самалёт належаў вельмі важнай асобе, нават самому аменакалю,
Лётчыка яны ўбачылі каля бара. Ён піў каву і разглядаў французскі часопіс. Селім доўга ўзіраўся ў яго твар, каб нешта для сябе вырашыць.
Выпіўшы па шклянцы мінеральнай вады і купіўшы яшчэ бутэльку з сабой, хлопцы выйшлі на вуліцу. Сонца было ўжо нізка, спёка памалу спадала. Шафёр поркаўся ля свайго грузавіка. Хуары ўстрывожыўся.
— Пайшлі хутчэй сядзем, — прапанаваў ён, — а то паедзе без нас.
Селім яшчэ раз зірнуў на сонца, потым на самалёт. Праз адчыненае акно духана было відаць, што лётчык па-ранейшаму гартае стары часопіс.
— Пачакаем, — сказаў Селім. У яго голасе чулася ўпэўненасць, Хуары моўчкі падпарадкаваўся, заклапочана памацаў міну, якая нагрэла яму жывот…
Гэта быў той час, калі Акліль паведаміў Добышу, што хлопцы зніклі з лагера бурыльшчыкаў.
…Яны стаілі дыханне, калі лётчык раптам адчыніў багажнік. На Хуары кульнуўся цяжкі цюк, балюча прыціснуўшы хлопца да металічных рэбраў самалёта. Міна ўрэзалася Хуары ў бок, і хлопец праклінаў тую мінуту, калі згадзіўся з планам Селіма прабрацца ў самалёт. Ён ужо рашыў, што больш не вытрывае і скіне з сябе брызентавы чахол ад матора, пад які яны зашыліся.
Раптам у салоне пачуліся мужчынскія галасы. Дзверцы ў багажнае аддзяленне зноў прачыніліся, лётчык паставіў чамаданы. Праз чвэрць гадзіны, якія здаліся Хуары вечнасцю, зароў матор. Самалёт задрыжаў, металічныя рэбры ўрэзаліся ў бакі Хуары яшчэ мацней. Але можна было ўжо варушыцца і нават высунуць галаву з-пад брызенту. Селіму пашанцавала болей — прыціснула цюкам толькі нагу.
Праз некалькі мінут самалёт адарваўся ад зямлі — і ў Хуары закруцілася ў галаве. Аказваецца, ляцець было не так прыемна, як уяўлялася.
Селіму гайданка напомніла пра караван. Зрабілася млосна, і ён заплюшчыў вочы. У дрымоце ўбачыў пачатак Вялікага караваннага шляху. На краі яго тырчаў высечаны з чырвонага каменю вярблюд. Праносіліся туарэгі ў чорным адзенні, сарацыны ў стракатых бурнусах… «Дачка кракадзіла» працягнула Селіму жменю фінікаў. У другой руцэ ў яе люстэрка. Селім бачыць сябе ў ім па-ранейшаму прыгожым. О, з такім тварам можна паказацца і прынцу Амана… Але хлопчык-йаруба таўхае ў плечы — трэба бегчы, «вярблюд шчасця» сарваўся з прывязі…
Селім расплюшчвае вочы — яго сапраўды нехта трасе за плячо. Чый гэта такі знаёмы твар? О алах, лётчык!
Хлопцы неўпрыкмет для сябе паснулі і не заўважылі, як самалёт прызямліўся на ўскрайку аэрапорта алжырскай сталіцы. Важны сейід і яго спадарожнікі селі ў машыну, якая іх чакала, а лётчык пачаў прыбіраць салон. Адчыніўшы дзверцы ў багажнае аддзяленне, ён быў непрыемна ўражаны, заўважыўшы там двух падшыванцаў, якія соладка пахрапвалі, паклаўшы раскудлачаныя галовы на прыгожы
Першы ўзбунтаваўся Хуары. Ён раптоўна з лямантам абвіс, спадзеючыся, што каўнер курткі, за які ўчапілася рука лётчыка, абарвецца. Селім зрабіў тое ж самае. Лётчыку прыйшлося цягнуць абодвух ды яшчэ асцерагацца, каб каторы не ўкусіў за руку. Хуары пачаў брыкацца. У адказ лётчык страсянуў хлопца як грушу і так наддаў яму каленам па мяккім месцы, што ў Хуары ляснулі зубы. І тут здарылася тое, што рана ці позна павінна было здарыцца: кашуля Хуары выехала са штаноў — і пад ногі лётчыку чмякнула такая цацка, што той на момант аслупянеў. Але гэта працягвалася, можа, секунду. «Бомба!» — адхіснуўся лётчык і, закрыўшы галаву рукамі, пляснуўся на бетонную пліту. Хуары аднёсся да здарэння больш разважліва: схапіўшы міну, нырнуў з ёю пад вялізны бензазапраўшчык, за якім было крокаў дзесяць да агароджы. Селім кінуўся за ім.
— Трымай іх! — закрычаў лётчык механіку, які здзіўлена назіраў за падзеямі, стоячы на лесвіцы каля матора. — Трымай, у іх бомба!
Але механік як здранцвеў і, толькі шчыльней прыціснуўшыся да самалёта, пазіраў на вадзіцеля бензазапраўшчыка. Той даваў лататы зусім у другі бок ад таго, куды імчалі небяспечныя «зайцы».
Хлопцы перабраліся цераз бетонную агароджу і зніклі ў зараслях акацыі і язміну. Хвілін праз колькі на месца здарэння прыйшоў паліцэйскі. Ён падрабязна распытаў пра ўсё ў пілота, механіка, а таксама вадзіцеля бензазапраўшчыка. Яшчэ праз гадзіну хлопчыкаў пачала шукаць ахова аэрапорта. І толькі пад вечар наступнага дня ў паліцэйскае ўпраўленне горада паступіла першая інфармацыя з пустыні. Яе супаставілі з той, што была атрымана з аэрапорта. Ці не адны і тыя гэта?
— Як скрозь зямлю праваліліся, — дакладваў начальству малады рухавы капітан, якому даручылі гэтую справу.
Ён не падазраваў, што сказаў ледзь не праўду.
Ведаючы горад як свае пяць пальцаў, Селім і Хуары старымі дварамі і патаемнымі пералазамі выслізнулі за аколіцу. Гэтак жа непрыкметна прабраліся да руін турэцкай крэпасці. Усё навокал, здаецца, было ціха. Нават козы пасвіліся далёка, ля ўзарванай французскай вілы. Хуары асцярожна адсунуў кавалак іржавай бляхі і з хваляваннем зазірнуў у цёмную шчыліну. Але перш чым лезці ў нетры старых руін, Хуары кінуў туды сваю куртку — раптам там стаілася змяя, каб падпільнаваць мышэй ля ўвахода ў сутарэнне.
— Чаго ты? — нецярпліва сказаў Селім. — Лезем. Хуары зірнуў на яго з пагардай: няхай не забывае, хто тут цяпер галоўны.
— Запалкі не згубіў? — спытаў ён. — Даставай свечку.
Сутарэнне дыхнула на хлопцаў холадам і насцярожанасцю. Хуары ўспомніў колішнюю параду Акліля і сплёў на левай руцэ пальцы крыжыкам. У правай ён трымаў кавалак трубы. Селім чыркнуў запалкай і запаліў свечку. Ён часта дыхаў, азіраўся. На ўсякі выпадак Хуары пастукаў трубой па сцяне і асцярожна рушыў у глыб сутарэння. Падобна было, што тут нехта быў: праход быў загароджаны знаёмымі Хуары дзверцамі ад італьянскага грузавіка. Нават і агонь іх не ўзяў, яны толькі крыху пакарабаціліся і пачарнелі. Хуары пачаў паціху адсоўваць нечаканую перашкоду. Селім дапамагаў. Але дзверцы раптам саслізнулі з каменя і так грымнуліся, што хлопцы адхіснуліся, як ад выбуху.