Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які засядаў у чэрвені — ліпені 1736 г., урэшце скончыў грамадзянскую вайну. Падчас панавання Аўгуста III гэта быў адзіны сойм, праведзены да канца. Наступныя соймы зрываліся дзякуючы правілу аднагалосся (ліберум вета). У асноўным інспіратарамі зрыву соймаў (ад 1738 да 1752 г.) была «рэспубліканская апазіцыя» на чале з Патоцкімі; яны выступалі супраць караля, а потым і Чартарыйскіх за захаванне так званых рэспубліканскіх вольнасцяў без каралеўскай цэнтральнай улады. Да зрыву соймаў мелі дачыненне таксама расійскі і прускі пасланнікі. Але і ў 1754–1762 гг. соймы таксама зрываліся. Наогул пры Аўгусце III было сарвана 14 соймаў. Ніводнага закону за гэты перыяд не было прынята. Цэнтральная
Сам Аўгуст III гэтай краіны не любіў і не ведаў. Ён так і не навучыўся гаварыць па-польску, ездзіў у Варшаву вельмі рэдка, і то пад прымусам абставін. Каб прымаць дзяржаўныя акты, трэба было знаходзіцца на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Аўгуст III прыязджаў з Саксоніі на некалькі дзён ці тыдняў у памежны горад Усхову, дзе адбываліся ягоныя нарады з Сенатам Рэчы Паспалітай, і намагаўся хутчэй вярнуцца ў Дрэздэн. Прыязджаў таксама на соймы. Двойчы наведаў Горадню, дзе збіраліся соймы ў 1744 і 1752 гг., але не столькі для удзелу ў соймах (дарэчы, сарваных), колькі дзеля паляванняў у Белавежскай пушчы. Аднак ліхалецце Сямігадовай вайны, калі прускія войскі займалі Саксонію, прымусіла Аўгуста III пераехаць у нейтральную Рэч Паспалітую.
Акрамя паляванняў у лясах Саксоніі, недалёка ад свайго замка Губертсбурга, Аўгуст III любіў страляць у сабак, якіх спецыяльна вабілі на двор ягонага замка, любіў выразаць фігуркі з паперы, ахвотна праводзіў час з прыдворнымі блазнамі. А ўвогуле гэта быў апатычны і недаступны чалавек, але вельмі давяраў сваім фаварытам, якіх праз некаторы час мяняў. Акрамя айцоў-езуітаў, спачатку вялікі ўплыў на караля меў ягонага сябра ў маладых гадах Аляксандр Юзаф Сулкоўскі, граф, а потым і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, лоўчы надворны літоўскі і першы міністр саксонскага кабінета (1733–1738), ён жа генерал саксонскай пяхоты. Але ў лютым 1738 г. Сулкоўскі патрапіў у няміласць караля і быў звольнены. Яго замяніў здольны і спрактыкаваны палітык — Генрых фон Бруль, які стаў і ягоным міністрам у Польшчы. Каля Аўгуста III былі ягоныя даўнейшыя прыхільнікі Я. Малахоўскі, Ліпскі, Я. Ф. Сапега, Я. К. Л. Браніцкі, Радзівілы, Вішнявецкія. У 1743 г. на першае месца ў Рэчы Паспалітай выйшлі Чартарыйскія, але ў 1752 г. «першую скрыпку» зноў займеў Бруль і Е. Мнішак (апошні прымірыў караля з Патоцкімі, якія былі ў апазіцыі).
З гэтага спісу трэба адзначыць Чартарыйскіх, якія, карыстаючыся даверам караля, намагаліся правесці неабходныя рэформы ў Рэчы Паспалітай: заснаваць спадчынную манархію, абмежаваць магнацкую алігархію і скасаваць ліберум вета. Але падтрымкі караля і ягонага двара не было, таму гэтая спроба скончылася няўдачай. Увогуле ж Аўгуст III цікавіўся рэформамі толькі ў той ступені, каб з іх дапамогай забяспечыць трон у Рэчы Паспалітай каму-небудзь са сваіх сыноў.
У асноўным магнаты Рэчы Паспалітай у перыяд панавання Аўгуста III падзяліліся на дзве групоўкі, якія аспрэчвалі ўладу ў краіне паміж сабой. Караля падтрымлівалі Чартарыйскія і іх шматлікія прыхільнікі, у тым ліку Радзівілы і Сапегі. Адзін з Чартарыйскіх, Міхал, доўгі час быў падканцлерам літоўскім (1752–1775). Ён меў вялікі ўплыў на падзеі ў Беларускай-Літоўскай дзяржаве. Арыентаваліся Чартарыйскія на Расію, а з 50-х гг. XVIII ст. і на Прусію.
Супраць караля і «прыдворнай партыі» Чартарыйскіх выступала групоўка на чале з Патоцкімі («рэспубліканцы», або «гетманская партыя»). Яны былі супраць абсалютызму, прыхільнікамі «залатой вольнасці» і захавання ліберум вета. Патоцкія атрымлівалі грашовыя сродкі ад урадаў Францыі і Расіі. У 40-я гады сябравалі з Прусіяй, а ў 50-я — сталі яе ворагамі. Менавіта апазіцыя і зрабіла марнымі спробы рэформаў на соймах 1746 і 1748 гг., сарваўшы іх.
Знешняя
У знешняй палітыцы Аўгуст III арыентаваўся на Расію, бо дзякуючы ёй стаў каралём. Быў саюзнікам Расіі ўвесь час свайго панавання ў Рэчы Паспалітай і Саксоніі. Таму, маючы ў Пецярбургу падтрымку, Аўгуст III дазваляў сабе часам выступаць супраць Прусіі і Аўстрыі, спадзеючыся атрымаць частку аўстрыйскіх зямель пасля смерці апошняга Габсбурга — імператара Карла VI. Але ў гэтым кірунку актыўнай была Саксонія, якая ўдзельнічала ў еўрапейскіх войнах. Рэч Паспалітая захоўвала нейтралітэт. Але палітыка Аўгуста III ставіла Рэч Паспалітую ў рызыкоўнае становішча. Праз яе тэрыторыю на захад праходзілі расійскія войскі, побач узмацнялася Прусія.
Расія не лічылася з суверэнітэтам Рэчы Паспалітай. Калі ёй было патрэбна, яна ўводзіла войскі на тэрыторыю Беларусі. Так, у 1735 г. па загаду урада Ганны Іванаўны для гвалтоўнага захопу расійскіх стараабрадцаў, якія пасяляліся ў сваім замежным цэнтры — Ветцы і яе наваколлі, сюды праз дзяржаўную мяжу было накіравана 5 палкоў якім было даручана «ачысціць Ветку» і суседнія слабоды. Дамы стараабрадцаў і манастырскія пабудовы былі спаленыя. У Расію вывезена больш як 13 тысяч чалавек. Такая ж акцыя была праведзена пазней (у 1764 г.), калі генерал Маслаў з двума палкамі вывеў у Расію 20 тысяч чалавек. Рэйды расійскіх войскаў на тэрыторыю нашай дзяржавы атрымалі назву «веткаўскія выгонкі». Расія таксама падтрымала паўстанне ў Крычаўскім старостве ў канцы 1743 — пачатку 1744 г., каб мець зачэпку для ўмяшання, калі гэта спатрэбіцца. Па загаду расійскіх улад камандзір расійскага пагранічнага фарпоста (заставы) падтрымліваў сувязь з Васілём Вашчылам.
Падчас вайны за аўстрыйскую спадчыну паміж еўрапейскімі краінамі (1740–1748) Саксонія прыняла ўдзел у вайне на баку Прусіі супраць Аўстрыі, а пасля перайшла на бок Аўстрыі. Аўгуст III хацеў атрымаць ад Аўстрыі «калідор» праз Сілезію ад Саксоніі да Польшчы. Прускі кароль Фрыдрых II у 1745 г. разбіў аўстра-саксонскую армію. Быў заняты Дрэздэн. Згодна з падпісаным мірам, Сілезія адышла ад Аўстрыі да Прусіі (была занята яшчэ ў 1742 г.), а Саксонія не атрымала нічога. Тэрыторыя Польшчы цяпер была абкружана паўколам прускімі валоданнямі на захадзе і поўначы.
Праўда, Аўгуст III пасля падпісання мірнага трактата з Прусіяй (25 снежня 1745 г. у Дрэздэне) падпісаў на пяць гадоў саюзны дагавор Саксоніі з Францыяй, атрымліваючы за гэта субсідыі ад французскага караля Людовіка XV. А калі скончылася дзеянне гэтага дагавора, то ў 1751 г. падпісаў такі ж дагавор з Англіяй, ахвяруючы ёй 6000 саксонскіх салдат за цяпер ужо англійскія субсідыі. Такая палітыка хістання паміж Англіяй і Францыяй прывяла ўрэшце да таго, што падчас Сямігадовай вайны (1756–1763) прускі кароль Фрыдрых II, супраць якога выступіла Саксонія разам з Аўстрыяй, Расіяй і Францыяй, нанёс паражэнне саксонскай арміі (капітулявала 15 кастрычніка 1756 г. каля Пірны). Аўгуст III мусіў ратавацца ў Варшаве, а пруская армія з невялікім перапынкам рабавала Саксонію ажно да вясны 1763 г.
І хаця Рэч Паспалітая заставалася нейтральнай і падчас Сямігадовай вайны, тэрыторыя яе выкарыстоўвалася абодвума бакамі для сваіх мэтаў. Праз яе праходзілі туды і сюды расійскія, прускія, а часам і аўстрыйскія войскі. Дзяржава не ўдзельнічала ў вайне, аднак насельніцтва яе шмат цярпела ад іншаземных салдат. Расія авалодала камунікацыямі, карысталася прадуктамі харчавання і зімовымі кватэрамі на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Пры гэтым расійскія генералы не лічыліся з насельніцтвам, рабавалі яго пад выглядам дапамогі расійскай арміі. У сваю чаргу, прускі кароль Фрыдрых II у 1760 г. накіраваў свае войскі ў Польшчу, у Пазнанскае ваяводства, і абвясціў маніфест, у якім заявіў, што будзе карыстацца ўсімі прывілеямі, якія мелі ў гэтай краіне расійскія войскі.