Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Апошнія гады жыцця
Аўгуст III у канцы жыцця займаўся больш справамі сваёй сям'і. Павыдаваўшы дачок замуж за прынцаў каралеўскіх ці княскіх фамілій, ён намагаўся ўладкаваць сыноў. Старэйшы сын Фрыдрых Хрысціян, хваравіты чалавек, паводле законаў саксонскага дому прызначаўся да заняцця трона ў Дрэздэне. Для трона ў Варшаве больш надаваліся каралевічы Ксаверы (якога бацька чамусьці не любіў) і ўлюбёнец Карл. Пачынаючы ад 1751 г. Аўгуст III намагаўся шляхам дамоў з Англіяй, Расіяй і Аўстрыяй, ды нават і з Францыяй, гарантаваць абранне аднаго з іх каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Атрымаўшы згоду імператрыцы Лізаветы Пятроўны, Аўгуст III здолеў зрабіць ленным (васальным) герцагам Курляндыі сына Карла. Але яго дынастычныя планы не здзейсніліся. У 1763 г. Расія патрабавала ад Карла пакінуць трон у Курляндыі, бо Кацярына II
Пасля заканчэння Губертсбургскага міру паміж Аўстрыяй з Саксоніяй і Прусіяй (15 лютага 1763 г.) і адыходу прускіх войскаў з Саксоніі Аўгуст III выехаў з Варшавы ў Дрэздэн, дзе прабавіў некалькі месяцаў выязджаючы на паляванні ці слухаючы любімыя оперы ў тэатры. Жонка яго памерла ў Дрэздэне яшчэ ў 1757 г. падчас акупацыі краю прусакамі. Памёр Аўгуст III раптоўна. Здарылася гэта ў Дрэздэне 5 кастрычніка 1763 г.
Панаванне Аўгуста III у Рэчы Паспалітай было перыядам палітычнага крызісу, дэзарганізацыі дзяржаўнай улады, павелічэння залежнасці краіны ад суседзяў і перш за ўсё ад Расіі. Але ў гэты час пачаўся ўздым гаспадаркі, пераход да чыншу ў панскіх гаспадарках (за кошт паншчыны), будаўніцтва мануфактурных прадпрыемстваў, у тым ліку на Беларусі. Ды і ў асвеце былі зроблены новыя крокі: праводзілася рэформа адукацыі, адчыняліся школы піярскага ордэна, куды прымалі дзяцей бацькоў рознага маёмаснага стану, навучанне было бясплатнае, а прадметы адпавядалі патрабаванням, якія былі ў школах іншых еўрапейскіх краін. Аднак гэта ўсё было дасягнута не дзякуючы палітыцы Аўгуста III, а без ягонага якога-небудзь удзелу ўвогуле.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732–1798)
Апошні кароль.
Апошнім каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ягонае панаванне — гэта перыяд палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны, інтэрвенцыі Расіі і яе саюзніка Прусіі. Гэта час, калі суседнія манархіі — Расія, Прусія і Аўстрыя — дзялілі тэрыторыю дзяржавы (падзелы 1772, 1793 і 1795 гг.), калі патрыятычныя сілы ў Польшчы, Літве і Беларусі на чале з Тадэвушам Касцюшкам узняліся на ўзброенае паўстанне ў 1794 г., каб ратаваць незалежнасць радзімы. Скончылася панаванне Станіслава Аўгуста ў 1795 г. ліквідацыяй Рэчы Паспалітай. Незалежнасць Польшчы і Беларускай-Літоўскай дзяржавы была скасавана Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй: Беларусь і амаль уся Літва далучаны да Расійскай імперыі, а Польшча падзелена паміж Прусіяй і Аўстрыяй.
Паходжанне
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наогул не кранаўся гэтага пытання. Кароль польскі проста замоўчваў сваё паходжанне, бо належаў да дробнай шляхты.
Ужо потым, у час панавання Станіслава Аўгуста, у генеалагічных даведніках гаварылася, што род Панятоўскіх паходзіць нібыта з Італіі, са старажытнай дваранскай сям'і Тарэлі, прадстаўнік якой у XVII ст. перасяліўся ў Польшчу, пераклаўшы сваё прозвішча як Цёлак (цяля, бычок). Дарэчы, гэта герб Панятоўскіх. Але легенда не вельмі стасуецца з генеалагічнымі даследаваннямі, бо гербам «Цёлак» (на якім сапраўды выява бычка) карысталіся да 30 шляхецкіх родаў. У XVIII ст. і пазней хадзілі чуткі, што Панятоўскія з дробнай беларускай шляхты.
А ўвогуле прозвішча Панятоўскі паходзіць ад маёнтка і мястэчка Панятовы (цяпер горад Панятова) у Люблінскім ваяводстве. Першым з гэтага роду (паводле дакументаў) быў Марцін Цёлак Мацяёўскі з Панятовы, які жыў у другой палове XV ст. У XVII ст. Панятоўскія былі сярэдняй шляхецкай сям'ёй, служылі ў іншай, багатай, шляхты, займаючы розныя пасады па кіраванні гаспадаркай, або падстаростамі (г. зн. кіраўнікамі) асобных маёнткаў. Калі былі грошы, то часам нават арандавалі маёнткі. Ян Панятоўскі (памёр у трэцяй чвэрці XVII ст.), прадзед караля, паўставаў менавіта такім дробных шляхцічам.
Да гэтага
Сын Яна Панятоўскага Францішак (памёр у канцы 1697 г.), дзед караля Станіслава Аўгуста, ад 1690 г. меў тытул чэсніка вышагродскага, спачатку служыў у князёў Любамірскіх у іх маёнтках у паўднёва-ўсходняй Польшчы. Выбіўся ў шэрагі сярэднезаможнай шляхты, калі ў 1670 г. быў прызначаны Г. А. Любамірскім на пасаду падстаросты жэшуўскіх маёнткаў князёў Любамірскіх. Гэта было пачаткам узвышэння роду Панятоўскіх. А ганаровы тытул чэсніка толькі пацвердзіў гэта.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Малюнак Яна Матэйкі.
Бацька караля
У Францішка Панятоўскага былі тры сыны — Юзаф (1675–1739), Станіслаў (1676–1762) і Міхал (1683–1716), манах-дамініканец. Найбольш вядомым стаў Станіслаў Панятоўскі (15.09.1676–29.08.1762), бацька караля, які выбіўся ў магнаты, зрабіўшы бліскучую кар'еру.
Атрымаў адукацыю ў Вене. Там запісаўся ў аўстрыйскае войска і ўдзельнічаў у бітвах супраць туркаў пад камандаваннем аўстрыйскага палкаводца, прынца Яўгена Савойскага. Вярнуўся на радзіму дасведчаным вайскоўцам і быў добра прыняты каралём Янам Сабескім. Далейшы лёс Станіслава Панятоўскага звязаны з Беларуссю і Літвой. Падчас канфліктаў Сапегаў з большай часткай беларускай-літоўскай шляхты С. Панятоўскі выступіў на баку Сапегаў. Ён удзельнічаў у вырашальнай бітве пад Алькенікамі 2 лістапада 1700 г., дзе атрады Сапегаў былі разбіты войскамі беларускай-літоўскай шляхты. С. Панятоўскі трапіў у палон, але здолеў збегчы ў Варшаву. Стаў палкоўнікам кароннага войска. Тады ж ажаніўся з Тэрэсай Война-Ясянецкай, з якой праз 10 гадоў развёўся.
Пасля ўваходу войскаў шведскага караля КарлаХІІ у Рэч Паспалітую, падчас Паўночнай вайны, С. Панятоўскі, як і яго былыя кіраўнікі Сапегі, перайшоў на бок Карла XII і стаў набліжаным да новаабранага караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Ляшчынскага. Далей ён дзяліў свой лёс з гэтым каралём і ўдзельнічаў у бітвах з войскамі Аўгуста II і расійскімі войскамі. Ён стаў генералам кавалерыі шведскага войска і дыпламатам Карла XII. Удзельнічаў у бітве пад Галаўчынам (14 ліпеня 1708 г.) і пад Палтавай (8 ліпеня 1709 г.), дзе ўратаваў жыццё шведскаму каралю. Разам з Карлам XII С. Панятоўскі ўцёк да туркаў у крэпасць Бендэры (у Малдове). Потым быў губернатарам у маленькім пфальцграфстве Цвайбрукен (недалёка ад Францыі), якое належала Карлу XII і дзе Станіслаў Ляшчынскі быў часовым уладальнікам паводле паўнамоцтваў шведскага караля.
Пасля таго як Карл XII загінуў на вайне ў 1718 г., С. Панятоўскі вярнуўся ў Польшчу і па просьбе шведскай каралевы Ульрыкі Элеаноры, сястры і пераемніцы Карла XII, атрымаў ад Аўгуста Моцнага свае маёнткі і ўвайшоў у давер да караля. Ён стаў генерал-лейтэнантам войска літоўскага. У1722 г. атрымаў важную пасаду падскарбія вялікага літоўскага (адпаведнік міністра фінансаў у Беларускай-Літоўскай дзяржаве). Але яго кар'ера пачалася крыху раней, калі ён, удавец, у 1720 г. ажаніўся з маладзейшай за яго князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай (1696–1759), дачкой кашталяна віленскага Казіміра Чартарыйскага. Сям'я Чартарыйскіх дзякуючы гэтаму шлюбу ўзмацніла свае пазіцыі пры двары. У пасаг Канстанцыя атрымала 400 тысяч злотых, за якія сям'я Панятоўскіх у 1721 г. набыла ад фельдмаршала Я. Г. Флемінга маёнтак Воўчын і Радванічы (у Берасцейскім павеце). Ад гэтага шлюбу ў 1721–1736 г. нарадзілася 8 дзяцей.
Кар'ера Станіслава Панятоўскага працягвалася. У 1731 г. ён быў прызначаны каралём на пасаду ваяводы мазавецкага, у 1733-м стаў рэгіментарам (намеснікам гетмана) войскаў каронных, у 1752 г. — кашталянам кракаўскім. Ён быў таксама старостам Войніцкім і Люблінскім. Такім чынам, Станіслаў Панятоўскі ўвайшоў у найвышэйшае кола магнатаў Рэчы Паспалітай. Панятоўскія ўжо карысталіся графскім тытулам. Старт для кар'еры сына быў падрыхтаваны.
Маладыя гады