Залатая дзіда
Шрифт:
— Стой, пракляты індзеец! Лінкан стаў.
— Не страляй.
— І мяне хочаш схапіць? Не схопіш! Застрэлю!
— Я хачу з табою дамовіцца. Калі размініруеш хаціны, калі выпусціш маіх людзей, то не стану чыніць табе зла. Завяду цябе ў горад. Даю слова. Мапучэ ніколі не хлусяць.
Санча затупацеў нагамі.
— Не веру твайму слову. Цябе застрэлю і ўсіх узарву! Ха-ха-ха!.. Застрэ-элю-у!..
Я глядзеў на яго і не пазнаваў. Раней ён цярпеў, прытвараўся, хацеў паказаць сябе добрым, калі нават было не даспадобы, мог быць, як кажуць, і ваўком і лісіцаю. А цяпер зусім раз'юшаны.
— Ён
Сапраўды, звар'яцеў. Мабыць, ад страху. Сядзеў і чакаў, што вось-вось Лінкан накінецца на яго.
— На калені! Стань на калені, пракляты індзеец! — пырснуў слінай Санча.
— Размініруй хаціны. Будзеш жыць, — спакойна сказаў Лінкан.
— Стань на калені! Я буду жыць! Буду! Буду! Цябе застрэлю! Стань на калені! Лічу да дзесяці!
— Гляньце! — усклікнула Алеся, задраўшы галаву.
Я таксама задраў галаву і ўбачыў вялізны жоўта-чырвоны шар, які імкліва спускаўся ўніз. Шар на імгненне павіс у паветры, а пасля, падскочыўшы, як мячык, апусціўся на зямлю.
Я паглядзеў на Санча і Лінкана, якія, застыўшы, пазіралі на жоўта-чырвоны шар.
Шар прарэзліва загудзеў. Праз секунду адчыніліся дзверцы, і з шара выйшаў чалавек у блішчастым скафандры, падобным на той, якія носяць касманаўты. Чалавек быў незвычайна высокі, а ягоныя вочы свяціліся, нібы маленькія ліхтарыкі.
— Нгенечэн! — усклікнуў Лінкан.
Ягоны крык быццам разбудзіў Санча. Ён, завішчаўшы, выпусціў па чалавеку ў скафандры доўгую аўтаматную чаргу. Кулі рыкашэтам адскочылі ад яго, як ад бетоннай сцяны. Чалавек у скафандры падняў руку і пайшоў уперад, ступаючы важна, упэўнена. Санча, адступаючыся, усё страляў па ім. Ды кулі, рыкашэцячы, са свістам прарэзвалі паветра.
Санча шпурнуў убок аўтамат і пабег да замініраванай хаціны.
— Узарву-у!
Чалавек у скафандры махнуў рукой-пальчаткай, падклікаючы яго да сябе, і Санча, павярнуўшыся, паслухмяна, што дзіця, пайшоў да яго. Чалавек у скафандры, тыцнуўшы рукой-пальчаткай, паказаў на шар:
— Лезь туды!
Санча пацёпкаў да шара, перавальваючыся з боку на бок, што гусак. Каля дзверцаў стаў.
Чалавек у скафандры ў другі раз тыцнуў рукой-пальчаткай, паказаўшы на шар:
— Лезь!
Санча, сагнуўшыся, палез у шар.
— Нгенечэн! — крыкнуў Лінкан. Чалавек у скафандры падышоў да яго.
— Табе цяжка, правадыр?
— Цяжка, — прамовіў Лінкан. — Мае людзі ў замініраваных хацінах.
Чалавек у скафандры, як здалося мне, засмяяўся. Вочы-ліхтарыкі засвяціліся ярчэй, і два промні, скрыжаваўшыся, пабеглі да тых хацін, у якіх сядзелі мапучэ. Пачуліся два гучныя шчаўчкі. Промні зноў скрыжаваліся, зайчыкамі заскакалі ў паветры і зніклі.
— Правадыр, я размініраваў хаціны. Можаш выводзіць сваіх людзей. Ты не радуешся?
Лінкан апусціў галаву.
— Я… Я…
Чалавек у скафандры перапыніў яго:
— Не трэба, правадыр. Я ведаю, што ты хочаш мне сказаць. Ты вытрымаў маё выпрабаванне. Ты заслужыў залатую дзіду. І тваё племя яе заслужыла. Залатая дзіда будзе ў вас вечна, пакуль зоркі будуць гарэць на небе.
"Хто ж гэты чалавек у скафандры? Чаму ён даў мапучэ залатую дзіду? Няўжо выпрабоўваў іх? Чаму выпрабоўваў? Няўжо для таго, каб быць шчаслівым, трэба прайсці праз выпрабаванні?" — думаў я.
Чалавек у скафандры, памахаўшы
— Нге-не-чэ-эн! — усклікнуў Лінкан…
Выпрабаванне
Чорная страла
Зацягнуўшы на бераг човен, Базыль узбег на грудок, парослы зялёнаю сакавітаю травою. На грудку сям-там ляжалі трэскі,кавалкі чароту, галіны — след, які пакінула паводка, калі рака напрадвесні, выйшаўшы з берагоў, затапіла не толькі гэты грудок, але і ўскраек лесу (да яго ад ракі, як кажуць, рукой падаць). Туды, у лес, паволі ішлі дзядуля Піліп, Марыся і Раман.
Базыль азірнуўся. Павольна цячэ, шырокаю стужкаю блішчыць на сонцы рака. За ракою — родная вёсачка Нараставічы. На высокім абрывістым беразе стаяць хаты. Іх нават у самую вялікую паводку не затопіць. У Базыля, калі глянуў на вёску, зашчымела на душы, стала трывожна. Чаму ж так? Ён жа не ўпершыню ідзе ў лес, за раку. Не раз у лесе збіраў і ягады, і грыбы, і проста так бавіўся, гуляў.
Яму, Базылю, ужо чатырнаццатае лета пайшло. Брату Раману толькі дванаццатае мінула, а сястрычцы Марысі — дзесятае. Няўрымслівае, упартае дзяўчо Марыся. Сёння, калі дзядуля вырашыў надраць з ліпы кары на лыкі, каб лапці сплясці, прычапілася да яго: "Вазьмі і нас з сабою ў лес". Па пятах за ім хадзіла, прасіла, пакуль ён не згадзіўся. Дзядуля багата ведае: шмат чаго пачуў, пабачыў, калі разам з іншымі воямі хадзіў у паходы на крыжакоў. Многа даведаўся ён ад свайго дзядулі Янкі, які ў самога князя быў дружыннікам. Слаўны вой Янка не толькі ўмеў чытаць, але і сам пісаў кнігу, у якой апавядаў пра сваё жыццё. Але тая кніга згубілася, калі аднаго разу на іхні атрад напалі ворагі.
— Базы-ы-ль! — данёсся да Базыля звонкі Марысін галасок.
Напэўна, дзядуля сказаў паклікаць яго, Базыля. Стараецца Марыся дагадзіць дзядулі: мабыць, папросіць яго рассказаць якую-небудзь цікавую гісторыю. Асабліва любіць яна слухаць пра язычніцкіх ці, як іх яшчэ называюць, паганскіх багоў. Дзядуля казаў, што раней іх было шмат: Ярыла, Каляда, Дажбог, Купала, Пярун і яшчэ многа іншых.
— Базыль! — зноў пачуўся Марысін галасок.
— Бягу! — азваўся ён і памчаўся па пясчаным грудку. Дзядуля, Марыся і Раман стаялі на лясным ускрайку.
Марыся, ухапіўшыся за дзядулеў локаць, сакатала:
— Дзядуля, міленькі, а сонца з неба не ўпадзе на зямлю, не разаб'ецца на многа-многа праменьчыкаў? Га? Скажы!
— Не, — сказаў дзядуля і шпарка рушыў па вузкай, ледзь прыкметнай сцяжынцы, якая вяла ў лес.
Хутка крочыць ён, у Базыля лоб ужо мокры. Сёння сонца добра пячэ — што ж, канец мая. Базыль далонню змахнуў з ілба кропелькі поту. Чаму ж не горача дзядулю? На ім жа світа з белага даматканага сукна, а пад ёю — кашуля з адкладным каўняром, на галаве — магерка. Калі б ён, Базыль, быў так апрануты, то, напэўна, даўно спарыўся б.