Залатая дзіда
Шрифт:
— Стойце, шайтан бы вас забраў! — галёкнуў Бурхан. Базыль схапіў за руку Рамана і пабег назад. Усё-ткі падпільнавалі татары.
Базыль і Раман беглі, зноў прадзіраючыся праз кусты, пералазячы цераз вываратні.
— Ой! — усклікнуў Раман. Базыль стаў.
— Чаго ты?
— Нагу аб сук прапароў.
Ззаду і з абодвух бакоў пачуліся крыкі. "Татары нас акружаюць," — здагадаўся Базыль. Ён ледзь не сілком павалок за сабою Рамана. Паказалася балота. З самага краю балота суцэльнаю падушкаю слаўся белаваты мох, сям-там узвышаліся
— Не прабрацца нам праз балота! — усклікнуў Раман. Базыль, Як і Раман, ведаў: на такім балоце, бывае, ступіш і правалішся, нават войкнуць не паспееш. "Відаць, даўно татары ў нашым лесе аціраюцца. Падрыхтавалі сапраўдную пастку", — падумалася Базылю.
— Братка, што будзем рабіць? — заплакаў Раман. З лесу данесліся чужыя галасы.
— Можа, удасца прайсці праз балота? — прамовіў Базыль і ступіў на белаваты мох. Пад нагамі хлюпнула, мох закачаўся, што жывы.
— Утопішся! — аж прысеў Раман.
Базыль, паваліўшыся на бок, выпаўз з балота, сеў на купіну. Усё-ткі не прайсці праз балота. А ззаду татары. Дамагліся свайго, загналі ў балота. Вось каб дабрацца туды, дзе расце чарот! У чароце схаваліся б з Раманам. Там татары не знайшлі б.
— Братка, татары нас заб'юць, — захныкаў Раман. Базыль устаў і пайшоў паўз балота. Ён і сам не ведаў, куды ідзе.
— Братка, заб'юць нас татары, — паўтарыў Раман. Базыль павярнуўся да брата.
— Не зловяць яны нас. На дрэва залезем, схаваемся.
— І на дрэве знойдуць. Яны хітрыя. Яны Марысю злавілі. Выразней пачуліся чужыя галасы. Зусім блізка татары.
Сапраўды, адно застаецца: на дрэва залезці, схавацца ў гушчыні. Іншага ратунку няма.
— Братка, лісіца! — неспадзявана гукнуў Раман, Сапраўды, з лесу выбегла лісіца. Прыпыніўшыся на імгненне, яна крутнула хвастом і ўскочыла ў куст лазы, які рос на балоце.
— Лісіца ў лазе схавалася! — крыкнуў Раман.
Не, не будзе лісіца сядзець у кусце лазы. Яе ж татары з лесу выгналі. Ведае хітрыца, што хутка з'явяцца. Выходзіць, яна праз балота пабегла. Выходзіць, там, за кустом лазы, ёсць нейкая сцяжынка, якая вядзе праз балота.
— Раман, не адставай! — гукнуў Базыль і прыпусціўся да таго куста. — Ідзі за мною. Не бойся.
— Я пайду, пайду… — таропка азваўся той.
Базыль расхінуў куст і палез уперад. Раман, ціха вохкаючы, сунуўся за ім. Нарэшце яны вылезлі з куста. Так і ёсць. Ледзь прыкметная сцяжынка вядзе праз балота. Сям-там віднеюцца тонкія круглякі. Няйначай, нехта знарок іх тут паклаў, вымасціў імі сцяжынку.
Базыль асцярожна ступіў на слізкі кругляк. Узбоч заварушылася, ціха забуркатала балота. Але ж тут, на сцяжынцы, не правальваецца пад нагамі. Цяпер зразумела, куды пабегла лісіца-хітрыца. Не, не стане яна сядзець у кусце, не стане чакаць, калі прыйдуць па яе шкуру.
— Ідзі за мною, — сказаў Базыль.
Хаціна
Сцяжынка вывела Базыля і Рамана да возера, акружанага чаротам, асакою, касачамі, аерам. Усё возера было пакрыта густой зялёнай цінай. І што самае дзіўнае — каля берага возера стаяў човен, у якім ляжала вясло. Раман адразу ж ускочыў у човен.
— Братка, хутчэй сядай, паплывем, бо татары дагоняць.
— Не бойся. Цяпер яны нас не дагоняць, — супакоіў яго Базыль.
Хіба здагадаюцца татары, што ёсць сцяжынка, якая праз балота вядзе да возера? Калі б не лісіца, то і ён, Базыль, не ўбачыў бы гэтую сцяжынку.
— Базыль, татары нас не заўважаць? — запытаў Раман.
— Не заўважаць. Тут вунь які высокі чарот. Ён нас што сцяною затуляе.
Базыль сеў у човен, глянуў на Раманаву нагу. На ёй бруднымі пісягамі застыла кроў.
— Я зараз адарву кавалак кашулі і перавяжу нагу, — сказаў Базыль.
— Не трэба. Кроў ужо не цячэ. Зараз у вадзе нагу памыю.
Каля балота пачуліся чужыя галасы. "Татары з лесу выйшлі," — здагадаўся Базыль.
— Трэба плысці. Годзе тут сядзець, — прамовіў Раман. Базыль узяў вясло і адштурхнуўся ад берага. Човен, рассякаючы ціну, паволі крануўся, паплыў.
Высунуўшыся з вады, квакалі жабы. Яны нібы пыталіся: "Хто вы? Адкуль сюды зваліліся?" Нарэшце паказаўся бераг.
— Братка, татары нас не зловяць, калі вылезем з чоўна? — занепакоіўся Раман.
— Не. Балота далёка цягнецца. Пакуль яны яго абыдуць, мы ўцячэм адгэтуль.
Човен прыстаў да берага. Раман і Базыль выйшлі з яго і пакіравалі ў лес. Навокал ціша, паўзмрок. Сухое леташняе лісце шамаціць пад нагамі.
Пачалася змрочная, няўтульная лагчына.
— Братка, лясун нас не запыніць? — затрывожыўся Раман.
— Няма яго, — сказаў Базыль, хоць і самому стала не па сабе.
— У лесуна ногі як калоды, сам ён аброс зялёным мохам, а вочы ў яго свецяцца, як светлякі-гнілякі ўначы. Ён дужы. Ён нават дрэвы з карэннямі выварочвае. — Раман тыцнуў пальцам, паказаўшы на вываратні.— Бачыш, колькі тут вывернутых дрэў? Можа, гэта лясун пастараўся?
Базылю ўявілася, як ціха ступае па лесе на сваіх калодах-нагах страшны лясун, як падыходзіць да дрэва, як, нядобра ўсміхнуўшыся, налягае плячом на ствол. Дрэва стогне-плача, трашчаць ягоныя карані, а лясун пнецца з усёй сілы. І вось дрэва, апошні раз застагнаўшы, з гулам падае на зямлю, ломячы галіны, абдзіраючы кару. Лясун ідзе далей, прыглядаецца, думае, якое яшчэ дрэва яму зваліць.
— Братка, чаму лясун дрэвы валіць? — забег наперад Раман.
— Так яму хочацца.
— Не, не толькі таму, што проста хочацца. Ён птушак і звяроў палохае. Калі дрэва падае, то ўсе звяры разбягаюцца. Так?